Уводзіны ў геаграфію
Юрый Андруховіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 438с.
Мінск 2006
Яна стаіць пад душам сьпінаю да цябе, мыльная вада сьцякае па ёй пахучымі плынямі, скуру мае залаціста-шакалядна-ядвабную, а ногі нібы маладыя трапічныя дрэвы. Ты падыходзіш блізка, як можаш, кладзеш рукі ёй на плечы. Сьпеў абрываецца.
Затое лёгенькі здушаны выгук, нібыта выдых. Дарэмна ты перастала сьпяваць, пташка. Бо калі б ты сьпявала й далей, дык мы б з табою зладзілі нешта зусім іншае, нешта нечалавечае, нябёснае й надзвычайнае. Дарэмна ты перастала сьпяваць. Давядзецца цябе за гэта зьесьці.
Ты паліваеш яе зь нейкіх фляконаў шампунь, вадкае мыла, палівеш яе й сябе зь яскравых духмяных паўднёвых фляконаў і намыльваеш яе ўсю, хоць ляткая вада адразу змывае зь яе ўсе твае намаганьні, але гэта робіць яе слізкаю й невідушчаю, і ты занураеш голаў у яе прачорныя валасы. Тады яна, так і не азірнуўшыся ніводнага разу, павольная, але слухмяная, нахіляецца наперад. I гэта запрашэньне. Альбо выклік. Чорная архідэя ўпускае цябе. I ад маланак усярэдзіне твой чэрап ажно разломваецца, бо ты пачаў. Дарэмна яна перастала сьпяваць.
I ў гэтых пякельна-гарачых струмянёх, пад гэтым адвечным вадаспадам вы ўдваіх выкалыхваеце нейкі афрыканскі рытм. Ты не адчуваеш супраціву, але й заахвочваньня не адчуваеш яна аддаецца так, як аддаюцца рабыні, хоць ты ня можаш ведаць, як аддаюцца рабыні, можа, акурат з супрацівам альбо заахвочваньнем. Але ўжо праз хвілінку ты адчуваеш, што да яе вяртаецца голас. Ня той, якім яна сьпявала, але жывы, таямнічы. Можа, нават больш палкі. Штось у ім умольнае, штось нават малітоўнае. I менавіта голас, яго зьяўленьне, яго патрабавальнае трымценьне пазбаўляюць цябе стрыманасьці й вытрымкі, і ты ўжо ня ў змозе ператрываць, спыніць, унікнуць. Гэтая архідэя зьнішчыць, растопіць, скамечыць цябе...
Але яна нешта такое невядомае робіць, нейкі незаўважны ўнутраны рух, нешта такое зьмяняе там, у сабе, яна ведае ўсялякія пракаветныя штучкі, здольная была дзяўчынка, добра вучылася, вытанчаныя ў каханьні жрыцы рыхтавалі яе для чарнаскурага цыбатага прынца на спэцыяльным забароненым абтоку, яны кахаліся на пальмавым лісьці, і ты знаходзіш у ёй магчымасьць
для трываньня. Але ж голас, голас! Ён усё-ткі даканае цябе, ён ня дасьць прабегчы гэтую савану да канца, як належыць. Ён уваходзіць у цябе, як пара, у тваю скуру, значна сьвятлейшую сярэднеэўрапейскую скуру. I цяпер як апошні паратунак заплюшчыць вочы, бо й для вачэй усяго зашмат: зорак у чэрапе, маланак і гэтага шакаляду, і гэтых гарачых струмянёў зь неба. Аднак і ў заплюшчаных вачох усё ажывае, пульсуе. I ты ўздрыгваеш вулканна, і, зноў пачуўшы ўладны голас, разумееш: усё. Дарэмна ты пачала сьпяваць.
У распранальні ты зноў замотваесься ручніком. Зьлізваеш рэшткі шакаляду з вуснаў. Выглядаеш у калідор амаль упэўнена, хаця й адзначаеш мімаходзь са зьдзіўленьнем, як лёгка й уладна вярнулася рэчаіснасьць. Тулісься да сьцяны й так некалькімі скачкамі вяртаесься ў мужчынскую зону сусьвету. Хоць скачаш ты ня толькі з асьцярожнасьці. Хутчэй як паляўнічы, які толькі што пераможнай стралою паваліў залатую лань.
Ты другога разу вітаесься з Навакаінам, які зноў кудлата вылазіць з свайго логавішча й прапаноўвае “стіхі”. Вешаеш ручнік на калок. У душавой тым часам зьявілася некалькі манголаў. Яны пырхаюць, як коні, змываючы пыл Вялікага Стэпу з жылістых плячэй. Яны скакалі цэлы тыдзень, везьлі ханскую грамату, маладыя зубастыя вершнікі. Крываногія лучнікі.
Ты яшчэ раз намыльваесься. А потым чуеш, як там, за сьцяною, яна зноў пачынае сьпяваць...
Расчараваньне навек пасялілася ў гэтых сьценах, якія, дарэчы, ніколі не пакрыюцца мэмарыяльнымі дошкамі. Але рэч ня ў гэтым. Рэч у іншым гэта дом, дзе разьбіваюцца лабы. Тутэй-
шыя сюжэты настолькі аднастайныя й паўтаральныя, што мы, відавочна, маем дачыненьне зь мітам. Альбо з схемаю з двума-трыма варыянтамі. Вось адзін з варыянтаў.
Сямнаццацігадовы лірычны юнак, назавем яго Слава, піша рымаваныя строфы, якія перапісвае ў агульны сшытак і захоўвае ў сакрэтным месцы пад унітазным бачком. Вершы, канечне, носяць назовы, якія паходзяць ад рамантычных жаночых імёнаў: “Аэліта”, “Кансуэла”, “Ангатэя”, “Айсэдора”, “Лаліта”. Бясспрэчна, тут хаваецца адна й тая самая істота, пераважна Люся альбо Нюся, аднаклясьніца, якая й не здагадваецца пра існаваньне ў прыродзе такіх рэчаў, як сублімацыя.
Настае дзень, калі юнак Слава ўпотайкі высылае вершы з жаночымі найменьнямі, гэтыя душэўныя палюцыі, на конкурс у маскоўскі інстытут. 3 надыходам вясны ён пакрываецца прышчамі й рабаціньнем, і менавіта тады з Масквы прыходзіць адказ. Млеючы ад нецярпеньня, Слава рве канвэрт і дазнаецца, што пасьпяхова прайшоў творчы конкурс. Усесаюзных маштабаў прозьвішча, вядомае яму з школьных хрэстаматыяў, у якасьці подпісу, робіць нашага лірыка проста-ткі збаранелым ад шчасьця.
Улетку ён пакідае свой завашыўлены, зачуханы, свой задрыпаны Партызанск ці Мухаморск, горад хімікаў, і рушыць на заваёў Масквы. Фатакартку зь Люсяю-Нюсяю ён захоўвае ў самых неспадзяваных месцах.
Яму, натуральна, удаецца паступіць. Але на гэтым і заканчваецца ўся паэзія. Потым нават ня проза. Вершы пайшлі да халеры, бо так захацеў Той, Хто іх дыктуе. Каханьне да Люсі таксама вычарпалася, бо Слава сьцяміў, што яна так-
сама ходзіць у туалет. На выкладах і сэмінарах мухі дохнуць ад нудоты. Наведваць усякія жыдоўскія тэатры альбо чытаць запырсканага асцою Меражкоўскага ён проста ня створаны. Любавацца Васіліем Блажэнным альбо маўзалеем вечна ня будзеш, да таго ж чым там любавацца? I ён спасьцігае нешта іншае: суворую, як мачаха, інтэрнацкую навуку рэчаіснасьці. Ен тыднямі не парушае межаў свайго паверху, а калі парушае, дык адно каб прытарабаніць для сяброў бухла ад віетнамцаў альбо з удала разьмешчанага побач таксапарку. Сьпіць часам у беспасярэдняй блізкасьці ад сьмецьцеправоду, часам галавою ў мыйніцы, нагамі на поўнач. Алка з адрэзанаю праваю грудкай робіць яго мужчынам, ад чаго ён надоўга страчвае ўсякае жаданьне. Затое Уладзімер з Даўгаўпілса, вэтэран моладзевых рухаў і паломніцтваў на Ўсход, абуджае ў ім бяссонную цягу да анашы. На трэцім курсе лірычны Слава ўжо нагадвае растаптанага лёсам пэдэраста з балючым целам і спустошанаю душой. Часам ён выкрадае кавалак мяса з чужой каструлі на агульнай кухні. Ад яго струменіць трывалы водар мачы й найтаньнейшага тытуню. Да пятага курсу ён яшчэ намагаецца штосьці з чымсьці зарымаваць, але выходзіць з гэтага суцэльнае гаўно. Зрэшты, яно заўсёды было гаўном, як у вядомай показцы пра чукчу. Настае дзень, калі ён гатовы рэзаць сабе вены. Ну, ды нічога, нічога.
Існуе яшчэ варыянт “нацыянальных” (то бок нерасійскіх) паэтаў. Нейкім дзівам гэтыя каўказцы паступаюць велізарнымі натоўпамі, і так усе пяць гадоў гэтымі натоўпамі й перасоўваюцца. Што яны робяць напраўду, ня ведае ніхто, але бясконца доўгага рогату варты той, хто падумае, быццам яны пішуць вершы. Яны купляюць: магніта-
фоны, скураныя курткі, дзяўчат, пісталеты, гранаты, адгазьнікі, плашчы, будынкі, джынсы, землі, каньякі, “мэрсэдэсы” яны час ад часу пераганяюць дамоў, за высакагорныя хрыбты, па Ваенна-Грузінскай дарозе. П’янчацца, ніколі не губляючы галавы, але ж і ад маленькіх радасьцяў таксама не адмаўляюцца, прымушаючы стаяць на вушах двухмэтровых папялушак-паталушак з Тэатру мод пад кіраўніцтвам Зайцава. Ува ўсім бездакорныя, спадчынныя джыгіты, падуладныя законам гонару, векавым этычным запаветам аксакалаў ды шарыяту. Калі яны, да прыкладу, усямёх бамбераць у ліфце кагосьці аднаго, русявага, дык ніколі не беспрычынна, а выключна зь меркаваньняў газавату й найвышэйшай справядлівасьці. Але й над імі цяжэе стогн расчараваньня, бо ўсіх русявых не перабамберыш, і ўсіх “мэрсэдэсаў” ня скупіш, і ўсіх манэкеньніц не ператрахаеш. I зялёная магамэтанская туга кладзецца на іхныя стомленыя й сьпярэшчаныя шнарамі лабы.
I такім ёсьць жыцьцё ў гэтай выклятай дзірцы, літаратурным інтэрнаце, прыдуманым сыстэмаю для апраўданьня й самазаспакаеньня, у гэтым сяміпавярховым лябірынце пасярэдзіне жахлівай сталіцы, у спарахнелым сэрцы напаўіснай імпэрыі. Бо, хоць і кажа расійскі паэт Ежавікін, што ён канчае ад аднаго толькі слова “імпэрыя”, аднак усяму добраму некалі прыходзіць хана, і ты, фон Ф., проста хрыбтом адчуваеш, як трашчаць усе яе швы, як разлазяцца ўва ўсе бакі краіны й народы, кожны зь якіх мае сёньня значэннасьць цэлага космасу ці, прынамсі, кантынэнту.
Вось і з гарэлкаю ўсё больш праблемаў. Яе чамусьці упершыню ў расійскай гісторыі не хапае на ўсіх. Яе даводзіцца заваёўваць цаною шматгадзінных стаяньняў у чарзе, піханіны, ка-
латні, цаною самавырачэньняў і самастратаў. Мабыць, усю наяўную ў імпэрыі гарэлку цяпер выпіваюць нейкія крамлёўскія волаты, а можа, яе складаюць у тамтэйшых глыбачэзных сутарэньнях на чорны дзень, тым часам як плебс, то бок народ, хаця ў рэальнасьці не народ і нават ня плебс, атрымлівае вартыя жалю сьлёзы такія сабе харкоты харчовае прамысловасьці. Забойствы ў чэргах па гарэлку сталі чымсьці настолькі сама звычайным, як удзельнікі баёў за Бэрлін не дадуць схлусіць франтавая сьмерць ад варожай кулі. Гарэлка зрабілася абсалютам, сьвятоўнаю мэтай, нябёснай валютай, чашаю Грааля, алмазамі Галконды, золатам сьвету.
Гады паўтара таму, позьняй восені, ты варочаўся ў ложку да трэцяй ночы, ніяк ня могучы заснуць, аднак ня зь нейкіх там прычынаў паэтычных, як, да прыкладу, каханьне, настальгія, сусьветная скруха, зорная туга, самнамбулізм і г.д., а зь нейкіх іншых прычынаў, якія й прычынамі называць нязручна. Але, пачуўшы далікатны стук у дзьверы, вырашыў быў, што цалкам дарэчна не засынаеш. Бо, як інфармавалі цябе свайго часу, у гэтым інтэрнаце, дзе нават сьцены й крэслы прасяклі таннаю сьлізкаю распустай, ёсьць шмат такіх шлю... прабачце, шляхетных, я б нават сказаў, шляхетна блядых дзяўчат, чый шлях праходзіць начамі ад дзьвярэй да дзьвярэй у пошуках каханка. Асабліва ж вабіць гэтых шлюхцянак паверх сёмы, дзе жывуць багатыя члены. Я маю наўвеце, члены братніх пісьменьніцкіх саюзаў, асабліва сярэднеазіяцкіх ды закаўкаскіх, вытанчаных у камасутры. Да таго ж, кожны зь іх мае свой асобны пакой, то бок жыве ў суворай мужчынскай самотнасьці. Так што ўначы няма патрэбы пералазіць у іншы ложак, каб усім было