Уводзіны ў геаграфію
Юрый Андруховіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 438с.
Мінск 2006
Безумоўна, тут жыву ня толькі я. Гэта такі прытулак для пісьменьнікаў. Гэтая цішыня павінна змушаць. У ёй павінны выношвацца мэтафары й парабалы. Гэта месца, дзе нарэшце знойдзены сякі-такі кампраміс паміж мастаком і грамадзтвам, гэтымі монстрамі, што варагуюць не на жыцьцё, а на сьмерць. Грамадзтва да чорта багатае. Яно можа дазволіць сабе такую раскошу: даць табе пакой на трэцім паверсе вілы “Вальдбэрта”. Разам з панарамай Альпаў, хваінаў, вечназялёнымі шатамі й вокнамі на Італію. Разам з гэтаю сьцішанасьцю й заспакоенасьцю. Думай, пішы, глядзі шматсэрыйныя сны пра Эўропу, пі віно, урэшце. Ад цябе ніхто нічога не патрабуе. Ты ня мусіш нікому дзякаваць, пісаць хвалебныя оды. Адно пажаданьне: не пабі сп’яну парцалянавых талерак у буфэце. Бо вы, паэты з Усходу, час ад часу любіце адмачыць нешта такое.
Гэты будынак, на жаль, знаходзіцца ў Фэльдафінгу, Верхняя Баварыя, Нямеччына. He, ня ў Ворахце й ня ў Косаве. А мог бы. Пры трошкі іншых паваротах гістарычнага сюжэту. А зрэшты, навошта гэтыя бязглуздыя перасоўваньні акцэнтаў? Пытаньне нават ня ў тым, ці прыгажэйшыя Альпы за Карпаты...
Абсьледаваньне вілы да самых далёкіх яе закуткоў заняло ў мяне недзе каля дзьвюх гадзін. Я адчуваў сябе так, як, мабыць, павінен пачувацца малады прынц крыві, што наконадні каранацыі аглядае ўласную карлікавую дзяржаву. Зь фіксаваньнем у памяці прыемных тапаграфічных падрабязнасьцяў: паляўнічыя ўгодзьдзі, вадзяны млын, манастырская вінарня, заезны бардэль... I ўсё гэта табе “на заўтра”. Будучае выглядае бязьмежна ясным. Я пакінуў сабе “на заўтра”, то бок на бліжэйшыя тры месяцы, шмат усяго: вежу,
тэрасу, нямецкія кнігі ў каштоўных вокладках, халоднае віно, гарачае віно, міртавыя шаты, паркавы жвір, рыпучыя сходы, студзеньскую паверхню возера й расклад электрычак да Мюнхэна.
Пазьней я выйшаў агледзець мястэчка, аўтаматычна пашырыўшы й на яго межы сваёй на тры месяцы карлікавай дзяржавы. Я зрабіў выснову, што падданыя мае жывуць няблага, атачыўшы сябе з усіх бакоў пэўнаю фармальнаю завершанасьцю. Культура саду й культура агароджы, як і культура бальконаў, дахаў, ганкаў, дзьвярэй, птушыных гнёздаў, комінаў усе гэтыя асобна ўзятыя культуры ўражвалі бездакорнаю вернасьцю стылю. Міжканфэсійная згода давала пра сябе знаць суседзкім разьмяшчэньнем каталіцкай ды лютэранскай цэркваў. Туга па Італіі прачытвалася ў надта кічаватым, але ад гэтага шчырым насьценным жывапісе з, як правіла, эвангельскімі ці агіяграфічнымі (о, гэтыя баварскія сьвятыя, вядомыя адно баварцам! колькі іх?) сюжэтамі. Гэта было г. зв. “люфтмалерай” (жывапісам на паветры), якім кожны местачковы жыхар, што ўсьведамляе ўласную ўнікальнасьць, лічыць неабходным упрыгожыць свой будынак.
Я згадзіўся кіраваць такой краінай.
Першы радок узьнік сам сабою: “Зіма ў Баварыі павольна...” Можна было запісваць верш, які вырастаў бы ў цыкль, які, у сваю чаргу, вырастаў бы ў кнігу. Я ня стаў гэтага рабіць ад банальнасьці сытуацыі. Але ж радок яшчэ некалькі дзён заставаўся побач са мною, час ад часу патаемна намякаючы на магчымы працяг сюжэту: Зіма ў Баварыі панадна... Зіма ў Баварыі паўсюдна... Зіма ў Баварыі падобна...
Апошні варыянт прывабліваў неабходнасьцю перакінуць моўную плынь у наступны радок. На
гэтым мяне й заклініла канчаткова. Некаторыя вершы ня маюць права быць напісанымі. Іх трэба замаўчаць хай баляць вечна. Зіма, дарэчы, скончылася недзе так праз тыдзень, і я ўжо сапраўды пераймаўся, што буду рабіць са сваім анахранічным палітонам на фоне гзтай сьвежай (вечнай) паркавай зеляніны. Але потым зіма неаднаразова й надоўга вярталася, бо з поўдню былі Альпы, зіма абвальвалася празьмернымі, нейкімі каляднымі сьнегападамі ў лютым і ў сакавіку, і нават у красавіку, на каталіцкі Вялікдзень, было некалькі добрых жменяў сьнегу, прынесенага ветрам аднекуль з ваколіцаў Мітэнвальду, можа, з Карвэндэльскага хрыбту, ня ведаю.
Блізкая прысутнасьць гор наагул вырашае многае. I сутнасьць ня толькі ў геаграфічных назвах, хоць не забудзьма й пра іх. Качэўнік (не скажу “захопнік”) інстынктыўна пазьбягае гістарызму. Назваць пэўны край “Галіччынаю” для яго азначае прызнаць, што тут нехта быў перад ім. Быў у сэнсе быцьця, а не перабываньня. Яму зручней назваць гэта ўсё “Прыкарпацьцем”. Гэта ні да чаго не абавязвае, бо ёсьць простай канстатацыяй факту. Прычым з гледзішча ўсходу, паколькі з боку Эўропы мы знаходзімся за Карпатамі. To бок называць гэтую тэрыторыю варта “Закарпацьцем”.
Што мог бы прыдумаць уяўлены намі “качэўнік” для Баварыі? Які заменьнік знайшоў бы? Перадальп’е? Магчыма. Аднак ці пераканаў бы ён усіх маіх тагачасных падданых?
Я зьвярнуў увагу на іхную любоў да саміх сябе. Яна пачынаецца з капялюшаў і гетраў, а заканчваецца Рыльке й Вагнэрам. I паміж гэтымі полюсамі любові яшчэ безьліч іншых каштоўнасьцяў, напрыклад, Сьвятая Рымская Імпэрыя, вінаград,
піва, духавыя аркестры, “Карміна Бурана”, парцаляна зь Німфэнбургу, лебядзінае каралеўства Людвіга Другога, яшчэ раз піва, шмат піва, піва й барока, і тысяча кавярняў, і нарэшце паўсюднае, як паветра, “Грус Гот!” “вітай Бога!”, нешта накшталт нашага “Слава Ісусу”.
Блізкая прысутнасьць гор вырашае амаль усё.
2
Эўрапейскага чалавека (куды, аднак, мяне пацягнула?) стварылі горы й лясы.
Прырода падказала, што быцьцё мусіць імкнуцца да дыскрэтнасьці, разнастайнасьці й фармальнай завершанасьці. Горна-лясны ляндшафт быў відавочным увасабленьнем усяго пералічанага. Ён прывучваў да суіснаваньня з Каменем і Расьлінай.
Вандроўныя казаньнікі, рыцары, акрабаты ды камэрсанты гэты рухава-цякучы фэрмэнт Старога Сьвету штодзённы свой шлях вымяралі адоленымі гарамі й пройдзенымі ляснымі сьцежкамі. Краявід вымагаў уважлівасьці й засяроджанасьці. У стэпах яны б ня здолелі столькі прайсьці.
Паглыбіўшыся ў нетры Чорнага лесу дзесьці наўпоблізь, скажам, Тысьмяніцы, самотны вандроўнік мог ужо ніколі зь яго ня вынурыцца. Ці вынурыцца, скажам, ажно ў паўднёванямецкім Шварцвальдзе (што, зрэшты, у перакладзе той самы Чорны лес). Старая Эўропа была суцэльным лесам, умяшчальняй сьвятыняў і жудасьцяў. Несумнеўна, гэта яе ўратавала. Качэўнікі Вялікага Стэпу маглі й сапраўды жахнуцца гэтага акіяну.
Абмежаванасьць краявіду вымушала любіць кожную пядзю зямлі. Калі маеш да сваіх паслугаў Вялікае Нішто, а менавіта голую раўніну, па
якой скачы хоць дзесяць тыдняў нічога ня зьменіцца, пачынаеш верыць у марнасьць марнасьцяў, у нікчэмнасьць усіх намаганьняў, у поўную чалавечую няслушнасьць. Застаецца імчацца зь дзікім посьвістам у колькісоттысячнай масе гэткіх самых абязьлічаных адзінак, паліць і руйнаваць, прыносіць крывавыя ахвяры сваім незразумелым багам. I разьвеяцца попелам па спустошанай раўніне усё адзіна!
Калі ж наўкола цябе зялёныя схілы й лагчыны, пачынаеш верыць у трываласьць. Зьяўляецца ўсьведамленьне дому. Ён такі й толькі такі, ён тут.
Эўрапейскага чалавека стварыла спадчыннасьць.
Ты прыходзіш у сьвет у атачэньні вежаў і садоў, якім безьліч стагодзьдзяў. Ты ўжо бясьсільны чымсьці тут нашкодзіць нават калі б вельмі прагнуў гэтага. Хоць гэтая архітэктура падгледжаная ў ляндшафце, усе яе творцы вядомыя пайменна. Гэта перамога над марнасьцю марнасьцяў, гэтыя каардынаты сталасьці й паступовасьці становяць сабою пэўныя абсалютныя каштоўнасьці, сярод якіх чалавечая індывідуальнасьць, асаблівая, адзіная й непаўторная.
Камуністычны рэжым па волі гісторыі (гісторыі?) змог запанаваць над палякамі, чэхамі, вугорцамі. Але ён заўсёды ўспрымаўся ў гэтых краінах як часовае й абсурднае непаразуменьне. Настолькі ён не пасаваў да іхных пляцаў, аркаў, сабораў, званіцаў, паркаў і садоў. А калі рэжым не пасуе людзям, яго раней ці пазьней скідаюць.
Эўрапейскія гарады будаваліся індывідуальнасьцямі, уладарамі формы. I адначасова слугамі Божымі. Пра Вэртыкаль, пра гэты пагляд згары тут памяталі заўжды. Уласна кажучы, уся забу-
дова зьдзяйсьнялася так, каб задаволіць найпатрабавальнейшы густ Нябеснага Гледача. У гэтым годзе я перажыў цэлую сэрыю такіх узыходжаньняў. Я глядзеў на карнавальны Мюнхэн зь вежы Сьв. Пятра, на неверагодную Флярэнцыю са званіцы катэдральнага сабору Санта Марыя дэль Ф’ёрэ (“Сьвятая Марыя кветак” падобна як “Бэрта лясоў”); разглядаў памежны баварскі горад Пасаў, біскупскую рэзыдэнцыю, з-за скалістага ўцёсу ў ваколіцы Верхняга замку, акурат па-над зьліцьцём у адну трох пасаўскіх рэчак Ільца, Іна і Дунаю, зь якіх кожная мела свой колер, аднак найбольшўю для мяне інтрыгу станавіў сабою ўсё-ткі Дунай не апэрэткава блакітны, як абяцалі даведнікі, а алавяны герой старажытнай украінскай паэзіі; пазьней я меў яшчэ нагоду пабачыць Люблін з узвышша тамтэйшай “староўкі”; на дэсэрт я прыгатаваў сабе Львоў, да якога пэрыядычна маю слабасьць вяртацца, што праўда, гэтага разу ўзыходжаньне было спэцыфічным восьмы паверх гатэлю “Львоў”, з вокнаў якога я адкрыў для сябе цалкам італьянскі ансамбль вакол Замкавай гары.
I вось, калі гэта адбываецца, калі там, далавах, маеш гэты горад лялечнае скопішча дахаў, балюстрадаў, вулічак і пляцаў, гэтае напружанае трымценьне сьцяжкоў на вежах і бялізны, што сохне ў падворках, пачынаеш моцна любіць усё на сьвеце. Да сьціску, да спыненьня сэрца, востра й хваравіта. Бачыш, як яно рухаецца, бяжыць, ляціць, сьпявае, любіцца. Пазнаеш гэтую вялікую Працу Быцьця. Часам бачыш усё да найдрабнейшых дэталяў, усю гэтую матэрыю кожнага надбрамнага анёла, кожны вазонік у акне, кожны прожылак на лістку. Знаходзісься там, з усімі, нябачны для іх, і тут, сам у сабе. Штосьці падоб-
нае мусіць перажываць і Ён, калі згары глядзіць на чалавецтва.
Зрэшты, навошта тут гэтае. За ўсімі гэткага ж гатунку “напаўмістычнымі” настроямі адно ляндшафт. Горы. Лясы. Вежы. Сады.
Але ж як уплывае на яго мова! Наколькі залежны ён ад культуры! Паступовая зьмена краявідаў паўднёванямецкіх паўночнаітальянскімі была для мяне значна большым доказам падарожжа, чым памежны кантроль, якога фактычна не было. Вось жа, за якія-небудзь дзьве-тры гадзіны адбыўся пераезд у іншую культуру зь нямецкай у італьянскую, больш за тое у іншую моўную сям’ю з германскай у раманскую, у іншую паэзію, у іншую мэлёдыку, у іншую сьвядомасьць, нарэшце. Пераход з культуры ў культуру і з мовы ў мову зьдзейсьніўся амаль непрыкметна, празь пераходную тырольскую смугу з разбойніцкімі замкамі на скалістых сьпічаках і дзьвюхмоўнымі надпісамі на дарожных указальніках.