Уводзіны ў геаграфію
Юрый Андруховіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 438с.
Мінск 2006
- Пінга! крычыць кароль і пляскае ў далоні.
Тады двох даўгавязых сэнэгальцаў хапаюць мяне за рамёны, за рукі й шпурляюць зь лёджыі долу. Я лячу й зьнянацку прыгадваю, што праўдзівае яго прозьвішча “Анжуйскі”. Абдзіраючы пысу аб вечназялёныя зарасьці, я чую, як сівачубы сьляпы бандурыст горка зарыдаў дый заплакаў.
Крывячыся й адплёўваючыся, і самога сябе люта ненавідзячы, ты згадваеш гэты вось сон, покуль вымучваеш на падлозе свае сілавыя практыкаваньні. Гэта ж трэба так прадавацца! Беспардонна, нахабна, цынічна. “Дайце мне стыпэндыю, Вашая Сувярэннасьць, дайце мне сты...”. Якое подлае й нізкае лёкайства духу, якая ўнутраная прастытуяванасьць!
Нарэшце зь цягліцамі скончана. Цяпер варта сабраць неабходныя для душавой манаткі й трыюмфальна зьехаць ліфтам у інтэрнацкае сутарэньне, дзе брыгада пасінелых ад кіру прыбіральнікаў (Саша, Сірожа й Аруцюн) мае сваю безадмоўную “капцёрку” ня столькі для працы, колькі для адпачынку. Але пры чым тут яны?
У калідоры ты здалёк махаеш рукою камусьці незнаёмаму (то бок знаёмаму, але неідэнтыфікаванаму, бо ён ажно ў канцы супрацьлежнага крыла, мэтраў за дзьвесьце ад цябе), незнаёмы адказвае табе такім самым памахваньнем, таксама наўрад ці распазнаўшы цябе, настрой паляпшаецца. Ліфта чакаць ня так ужо й доўга хвілін пяць максымум. Едучы долу, ты разглядаеш на сьценах і падлозе ўсялякія надпісы, малюнкі, драпіны даўнія й нядаўнія, зусім новыя, кроў спарторга Яшы, адлупцаванага ўчора чачэнамі за тое, што мае “жопа балшой” ці за нешта такое.
Ліфты гэта асаблівая нагода для насельнікаў інтэрнату павыдзёўбвацца й адмачыць якуюнебудзь арыгінальную штуку. Пра тое, што чачэны любяць нішчыць у ім сваіх ворагаў, вядома ўсім, з раённай мянтоўкаю ўключна. Пра тое, што трох рэцыдывістаў, адзін зь якіх студэнт паэтычнага сэмінару, а другі духоўнай сэмінарыі, адперылі ў ім здольную драматургіню-пачаткоўку з Навакузьнецку, вядома таксама ўсім, за выняткам раённай мянтоўкі. Але пра тое, што ўчыніў якуцкі пісьменьнік Вася Мачалкін, ведаюць адно далучаныя. Вось жа, Вася Мачалкін, заснавальнік якуцкай савецкай літаратуры, студэнт чацьвертага курсу й ганаровы аленегадовец, неяк нажлукціўся бухла пад самую завязку й на першым паверсе ступіў у ліфт. Націснуўшы гузік з нумарам патрэбнага паверху (а Васі Мачалкіну было, уласна кажучы, па цымбалах, на якім паверсе сыходзіць, бо паўсюль яго прымалі як брата й любілі), ён квяціста выславіўшыся паляцеў угору. Аднак пад уплывам непазьбежных пры гэтым кінэтычных зьменаў ня тое каб не ўтрымаўся на нагах, а хутчэй нават наадварот бразнуўся, ці, як сказаў бы паэт Ежавікін, ё(...)нуўся. Адбылося гэтае а дзявятай вечара, але ж а дзявятай раніцы Вася ўсё яшчэ перабываў у тым самым ліфце, паколькі, ная(...)ўшыся а дзявятай вечара, адразу ж шчасьліва заснуў і так праезьдзіў угору-ўніз цалюсенькую ноч. А палове на першую ночы, што праўда, не цьверазейшы за Васю беларускі навэліст Ермалайчык зрабіў быў спробу выцягнуць сябра зь ліфта й пакласьці дзе-небудзь па-хрысьціянску, але спроба скончылася тым, што Вася добраткі рыгануў на Ермалайчыкавы каўнер, і той, махнуўшы рукою на якія-колечы маральныя прынцыпы, пацягнуўся начаваць да Алкі з адрэзанаю
праваю грудкай. I толькі зранку, недзе так а палове на дзясятую, Васю Мачалкіна ўрэшце ўдалося раскатурхаць. Гэта адбылося на першым паверсе, дзе й пачынаўся мінулага вечара яго казачны маршрут па вэртыкалі. Ачомаўшыся пасьля цяжкога сну, аленегадоўца Вася ўсё-ткі выпаўз зь ліфта й пачыкільгаў новы дзень сустракаць у піўбар на Фанвізіна.
Вось і ты, Ота фон Ф., ужо на першым паверсе. Цяпер зь ліфта налева й сходамі долу, мо й хопіць яшчэ для цябе гарачай вады ў запляваных і паабдзіраных душавых.
У распранальні, як заўсёды, цёмна, і покуль ты намацваеш ля дзьвярэй замаскаваны павучынаю вымыкальнік, ты бачыш ці, хутчэй, нават адчуваеш, як заварушылася купа старога шкумацьця ў кутку “прылазьніка”. Купа варушыцца ўсё больш нэрвова, энэргічна, нібыта зь дзясятак мэтрапалітэнных пацукоў, пра якіх апошняга часу столькі пішуць у прэсе, знайшлі там сабе прытулак. Але ўскудлачаная барадатая пыса, што зьявілася над лахманамі адначасна з усполахам электрычнага сьвятла, разьвейвае ўсе твае біялягічныя жахі й сумневы: Іван Навакоўскі, зь мянушкі Навакаін, іншая вэрсія Ваня Каін, гнаны й памечаны (ад слова “памёт”) лёсам літаратар, выдавец і культуроляг, бомж, апошніх гадоў пятнаццаць намагаецца нелегальна спаць у інтэрнаце, з мэтаю чаго нават узяў царкоўны шлюб у Мар’інай Рошчы з прапісанаю ў інтэрнаце эпілептычкаю Васілісай (чацьверты курс, сэмінар вар’ятаў), аднак гэты шлюб мае даволі выразныя адзнакі фіктыўнасьці, бо Навакаін збольшага ладзіць сабе начоўкі ў душавой альбо ў сушылцы. Кажуць, што Васіліса біла яго па галаве настольнаю лямпай. Іншыя кажуць, што не настольнаю, а літа-
вальнаю, і ня біла па галаве, а пхала ў задні праход. У кожным разе па вуліцах ён перасоўваецца затузанаю постапаплексычнаю хадой. Аднак амаль заўсёды балбатлівы, цытуе самога сябе цэлымі строфамі й выношвае ўсе новыя й новыя выдавецкія праекты.
Слыш, купі зборнічек, ён выцягвае з-пад купы рызьзя старую руку ананіста, у якой сьціснуты асобнік шэрай ксэракопіі. Веліколепные стіхі, Ніколай Палкін, рупь стоят, із ніх девяносто копеек автору...
Ты разглядаеш зашмальцаваную мяккую вокладку: “Серня “Русская пдея”. Основана в 19... г. Ннколай ПАЛКНН. Расплела косу береза. Новые стпхн. Нздательство “Третпй Рнм”. На вокладцы выяўлена бяроза, перакрэсьленая зорка Давіда й жвавы дзьвюхгаловы арол, які, здаецца, вось-вось узьляціць і паляціць, шугаючы навакольную нябёсную фаўну ўключна з анёламі пачварнаю ненатуральнасьцю свайго іміджу. Покуль Ваня няспынна пра нешта глаголіць, то бок цытуе й жартуе, ты пасьпяваеш прачытаць першую страфу:
Россйя кровью йзошла...
За что, скажйте, Бога радй,
Терзают Русского Орла
Пуды, стервачй й б(...)?!
3 пачуцьцём усё большага кайфу ты пераходзіш да наступнай:
За что, Прйбалтйка, скажй,
Святую Русь так ненавйдйшь?
Замрй, Эстонь! Лйтва, дрожй!
Ты русскіш х(...) еіце увйдйшь!
Але слова “х(...)” чамусьці ад рукі закрэсьлена, а над ім напісана слова “меч”, потым і яно закрэсьлена, і над ім напісана “танк”. Ты моўчкі вяртаеш паэзію Навакаіну. Ідзеш мыцца, асьця-
рожна, па-бусьлінаму пераступаючы брудныя стылыя калюжы на шчарбатай падлозе душавой. Навакоўскі зноўку з галавою залазіць пад лахманы й сьпіць там далей, а можа, так бы мовіць, дапамагае сабе сам.
Якая ж гэта ўзнагарода, што хоць тут, у брудным сутарэньні, засьмечаным пляўкамі, абмылкамі, пасмамі старога валосься, існуе гарачая вада, які ж гэта драйв, абсалютна недаступны разуменьню шматлікіх сялянскіх і пралетарскіх пісьменьнікаў мыцца з мылам, чысьціць зубы! Як хочацца быць тут вечна! Забыць пра ўсё, заплюшчыць вочы й аддавацца вадзе, нібы каханай. Большасьць вершаў ты стварыў менавіта ў гарачай вадзе. Бо ў гарачай вадзе ты здатны быць вялікім, добрым, геніяльным і самім сабою ўвадначас. I пайшлі яны ўсе.
За сьцяною у жаночай душавой увесь час рогат ды сьмех. Такое ўражаньне, што іх там тысяч сорак. Чаму яны заўсёды так лямантуюць, калі мыюцца, клятыя лесьбіянкі? Ані слова не разьбярэш з гэтага напаўптушынага павіскваньня так, быццам дзяўчаты падчас купаньня набываюць нейкую іншую мову, вядомую адно ім. Таямнічую мову прадаўніх часоў матрыярхату. Споўненую пагардлівай перавагі да подлай мужчынскай пароды зь яе казьлінымі патрэбамі й упадабаньнямі. Таму яны так ня любяць, калі нехта з гэтага рабаўласьніцкага кодла намагаецца падглядаць альбо горш ад таго прабрацца да іх падчас сакральнага амавеньня. Такія рэчы караюцца вельмі сувора, як караецца ў акультызьме нягодна скрадзеная таемная веда. Суздальскі паэт Косьця Сераштанаў, твой аднакурсьнік, нават верш напісаў пра тое, як разьюшаныя дзеўкі аблілі яго хлапечы посік кіпнем за тое, што ён падглядаў,
калі яны хвасталіся ў вясковай лазьні. Ніштаваты выйшаў верш, найлепшы з усёй падборкі. Вершуспамін, вяртаньне страчанага часу. Вельмі яму балела, Косьцю Сераштанаву.
Але вось галасы за сьцяною паступова змаўкаюць, і разам зь імі сьціхае шум вады. Мабыць, рытуал вычарпаны, магічны сэанс завершаны, і пара мяняць мову. Аднак нехта там усё-ткі застаецца, бо ты чуеш, як бяжыць вада, прынамсі зпад аднаго крана.
Потым пачынаецца сьпеў. Самотны жаночы голас і больш нічога. Нейкая дзівосная песьня, ня з тых, што, бывае, напяваюць дзевачкі ў наплыве маладых пачуцьцяў і вясновых мрояў. He, гэта нешта іншае, гэта нават ня песьня, а нейкае ўтрапёнае раскашаваньне голасу, гэтага найдасканалейшага з музычных інструмэнтаў (добра сказана, фон Ф., але гэта Лорка). Ад усяго гэтага гарачай вады, музыкі й уласнай велічы ты занураесься ў звышпрыроднае здранцьвеньне, голас зза сьцяны мучыць цябе сьветлаю мукай, рыхтык філіпінскі масаж, кожную найменшую клетачку, уласна, даўно пара б ужо выходзіць, аднак ты ня можаш, ня можаш! I што там за сырэна такая? Заляпіць вушы мылам, ці як? Але чым далей, тым больш ты адчуваеш, што спаймаўся. Голас не пакідае цябе, не дае спакою, раніць і вабіць. Нарэшце ты ўсьведамляеш: іншага выйсьця ў цябе ўжо няма.
Паўз гару лахманоў, пад якою заціх раздушаны жыцьцёваю “няпрухай” Ваня Каін, ты высьлізваеш у распранальню, вада струменіць зь цябе, a сэрца робіць усе намаганьні, каб выскачыць аднекуль з рота. Ты загортваесься ў вялікі касматы, прывезены з дому, экватарыяльны ручнік. 0 лямбада, мадонна, кетцалькаатль, попакатэпэтль! Камусьці іншаму не паверыў бы...
Дзьверы ў падземны калідор ты адхіляеш як мага абачлівей (а той голас, голас чуваць нават тут, што за манна, мана-мана!). Напаўзмрок, і нікога няма. Таму направа! камандуе з чарапной каробкі, а хутчэй аднекуль з пахвіны, твой пэрсанальны фэльдмаршал. Направа і скачкамі, ня больш як дзесяць скачкоў па калідоры. Ты пакідаеш за сабою босыя й мокрыя сьляды. “Капцёрка” прыбіральнікаў катэгарычна зачынена вядома ж, сёньня субота, і які апошні дэбіл будзе сядзець тут?
А вось і наступныя дзьверы за імі пячора, у якой жыве той голас, увязьнены драконам. Уваходзіш станоўка, як на страту. Потым ужо мала што ўсьведамляеш, хіба толькі пасьпяваеш зьдзівіцца, што жаночая душавая абсталяваная ў сярэдзіне так сама, як і мужчынская, так, нібы жанчыны належаць да таго самага біялягічнага віду. Недзе там, у распранальні, размотваеш і ніяк ня можаш скінуць зь сябе ўласны ручнік. Бо ён трымаецца, ён вісьне на тваім калку, блытаецца між нагамі, у гэтую хвіліну ты ідэальная вешалка для яго, але ўрэшце ты вызваляесься й пераступаеш церазь яго паласатую сэльву, што асела на бэтоннай падлозе.