Уводзіны ў геаграфію
Юрый Андруховіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 438с.
Мінск 2006
Яны ня ўсіх вывезьлі, трохі нас засталося, трохі нас засталося, яны ня ўсё спалілі, яны ня ўсё
забралі, яны ня ўсіх загрызьлі, яны нас любілі, яны дапамагалі.
Я, канечне, не забудуся, пайду гарою, сьцежка такая ж, як і сорак ці й сто гадоў таму, вунь ужо чутно, як шуміць Рэчка, найчысьцейшая вада ў Эўропе, ніводнага прадпрыемства на беразе, уздымаюся ўсё вышэй, калі адсюль азірнуцца на Чартопаль, ён выявіцца такім, як на старой гравюры, клятыя сабакі, ну што яны так брэшуць, зрэшты, усё навакольле ў гэты час належыць ім, яны маюць права, гэта цудоўныя зьвяры, няхай брэшуць.
“Яны выганялі нас сабакамі. У іх было зь дзясятак лютых сабакаў. Да самай станцыі сабакі беглі па абодва бакі дарогі й несамавіта брахалі на нас. Коні пашалелі ад страху й несьлі як дурныя”.
Mae ногі ня звыклі да ботаў. Я іду толькі якую гадзіну, а ногі ўжо нацёр, напэўна, да крыві. Калі б на мяне зараз спусьцілі сабакаў, я ня змог бы ад іх уцячы. Я проста адбіваўся б ад іх нагамі, я біў бы іх ботамі, пінаў бы ў пашчы, у жывот.
“Усе былі з чорнымі паднябеньнямі. Гэта вельмі лютыя сабакі. Іх немагчыма чымсьці залагодзіць. Яны ведаюць толькі, як драць на шматкі”.
Рэчка пада мною шуміць, як Ніягара. А калі цягам гэтых сарака гадоў нейкая бяда зруйнавала тую кладку? Як я траплю ў Сяльцо? Прыйдзецца пераходзіць Рэчку ўброд. Гэта ня так цяжка вада пераважна плыткая, але й імклівая, як халера, напэўна, можа, зваліць з ног. Але псы ўжо гоняцца за мною дзікі брэх, у іх, напэўна, чорныя паднябеньні. Які дурань сярод ночы спускае такіх дзікіх зьвяругаў? Яны ж могуць горла перагрызьці, разарваць на кавалкі. Адгрызьці чэлес зь яйцамі, гэта ў іх здараецца. Яны любілі зьдзек-
вацца з полавых органаў. Іначай вельмі цяжка прымусіць моцных ганарлівых хлапцоў заплакаць. А ім галоўнае было прымусіць іх заплакаць, я так разумею.
Гэтыя сабакі сапраўды гоняцца за мной. Але я ўжо недасяжны, я ўжо на сярэдзіне Рэчкі, камяні пад нагамі сьлізкія, вада халодная, аж скрозь боты адчуваю, і цяжка захаваць раўнавагу, кожны крок раблю правільна, як чапля, стоячы на адной назе й доўга прымерваючыся, куды б паставіць другую. За сьпінаю шалёна вар’яцеюць абедзьве бэстыі вось вам яшчэ раз! паказваю паўрукі, абярнуўшыся да іх, а як будзеце й далей такія настырныя, дык дачакаецеся ад мяне камяня з рэчкавага дна.
На беразе камяні вострыя, тут можна й бутафорскія боты падраць, і што я аддам таму мянялу з памаранчавага намёту? Уздымацца берагам угару мой найпершы сёньня абавязак, а іначай на чорта я б ехаў у гэтае мястэчка? Вершы чытаць? Піць гарэлку? Танчыць на плошчы?
Вось і лес, радзенькі, штопраўда, а вочы так ужо прызвычаіліся да цемрадзі, што я здаюся сабе агромністым дзікім катом начной пачвараю гэтага лесу. Мабыць, у мяне вочы сьвецяцца. У такую ноч прыемна сесьці дзе-небудзь пад кустом і слухаць саву. Альбо ваўчынае выцьцё. Альбо стрэлы.
“Два гады, ну можа, трохі менш, год і яшчэ палову, яны вазілі старай дарогаю людзей з чартопальскай турмы. Там, Грыцю, калі казаць праўду, дык пад кожным дрэвам забітыя ляжалі. Такога іншага лесу, напэўна, няма ў цэлым сьвеце. Мы ня мелі права хадзіць у яго яны ўсё пазагароджвалі, таму вартаўнікоў наставілі, каб нават
карова не зайшла. Пару кароваў так і забілі, і ніхто ня меў права што-небудзь сказаць, бо ўжо мог і сам у тым лесе на вякі заснуць. Мы спачатку думалі, што яны там нейкую бяду шукаюць, ці, скажам, нейкія бункеры будуюць. А ўначы толькі пачуеш, як равуць маторы, то рабі выгляд, што нічога ня чуеш, бо едуць, едуць...”
Лес фасфарасцэнтны, сьветлы, белы, ён парахнее, развальваецца, зьнізу яго расьпіраюць трупы. А я толькі паклічу іх і яны ўстануць. Устаньце, гэй, усе ў белым, сьвяцецеся! Стаяць абапал сьцежкі, цягнуць да мяне рукі, нешта кажуць. Але няма іх. Іх пахавалі на могілках яшчэ ў сорак першым, з малітвамі й сьпевамі, і быў на іх магіле вялікі крыж зь вянком з калючага дроту, “таму нашыя ўсе як адзін і пайшлі ў партызанку, каб жывымі ў рукі ня дасьціся”.
Сьцежка робіцца чым далей, тым круцейшаю, ногі аж стогнуць, але што будзе там, за лесам, акрамя парожняга лугу й неба над ім? Няўжо ані коміну, ані бэлькі, ані крыжа? Няўжо я прападу ў гэтай пустэльні, як апошні яе жыхар плоць ад плоці, кроў ад крыві? Хай яны ўсе ідуць за мною, гэй, ня стойце там, каля сьцежкі, хадзем, адсьвяткуем Уваскрэшаньне Духу, памолімся, вып’ем, засьпяваем, бо ў гэты раз ня едуць ад старой дарогі страшныя машыны з чырвонымі фарамі. I яны рухаюцца, кранаюцца сьледам за мною, дыхаюць мне ў сьпіну, хутчэй, хутчэй, гэты лес невялічкі, не пасьпеем і падумаць, як выйдзем зь яго й прыйдзем дадому. Яны сьпяшаюцца навыперадкі, але я ўсё адно буду першы, я вас абудзіў, я жывы сярод вас, мёртвых, дайце мне прайсьці першым, бо іначай на чорта я ехаў сюды, да вас?
Я выходжу зь лесу, перада мною ўжо разьвідне-
лася, сэрца гудзе, як патанулы ў грудзёх звон, “найвышэй была царква, за ёю, бліжэй да лесу, могілкі, а ніжэй схілам да старой дарогі спускаліся хаты з агародамі й садкамі няшмат недзе так шаснаццаць, бо Сяльцо гэта толькі прыселак, але нашых хлопцаў лічылі за лепшае не чапаць, бо яны нават у Чартопалі на Рынку маглі каго хочаш адпісажыць, на танцы хадзілі з нажамі й дзяўчат бралі чужых, а твой дзед як ні навучаў іх ціхмянасьці, паважнасьці й браталюбству, так і не дамогся нічога, толькі вянчаў з чужымі дзяўчатамі, вось і ўсё, чым мог дапамагчы”.
На Данбасе таксама хадзілі з нажамі, і калі пасьля выпускнога мы пабіліся з шахтарскімі пэтэвэшнікамі, я атрымаў пад рэбра, але неглыбока, за два тыдні ачуняў, пачаў хадзіць зь вершамі, яны складаліся самі сабою, але я тады нават не падазраваў, што калі кінуўся ў бойку, каб атрымаць нажом, усё Сяльцо стаяла за мною, я тады пра яго ня ведаў, а яно мяне ўратавала ад нажа, мяне, свайго найменшага.
Ну, што вы спыніліся на ўскрайку лесу й ня можаце далей ані кроку ступіць? Я, як і вы, адурэў ад бегу, але тое, што я бачу перад сабою, вымушае адурэць яшчэ болып. Навошта гэтая велізарная пабудова бяз даху, з чорнымі дзіркамі, гэтыя траншэі, гэтыя купы цэглы, гэтыя каміны, драўляныя аконныя рамы, гэтыя стосы дахоўкі? Навошта столькі ўнітазаў, ваннаў і мыйніцаў, столькі пяску, навошта гэтыя краны й бэтонамяшалкі, бо тут жа ніхто не жыве, іх пагналі лютымі сабакамі аж на чыгуначную станцыю й там запакавалі ў нечалавечыя вагоны?..
“Центр международного турнзма “Гуцулочка”. Нсполннтель работ трест “Чертопольстрой”, прачытаў Грыць на шыльдачцы перад будаўнічаю
пляцоўкаю. “Будаўніцтва распачатае ў 1947 годзе”, падумаў ён. Райскія мясьціны, маляўнічыя краявіды, пад бокам лес і шыкоўныя суніцы, цудоўнае горнае паветра, напоенае водарам траваў і хвоі, у Рэчцы, воды якой найчысьцейшыя ў Эўропе, водзіцца стронга. Да вашых паслугаў таксама камфартабэльныя нумары з ваннамі й тэлевізіяй, відэатэлефоны, рэстаран, бар, начны бар, казыно, плавальны басэйн, саўна, дыскатэка і ўсё гэта, сьмешна сказаць, за нейкую тысячу даляраў у содні, хіба гэта грошы. Дасьведчаныя кухары прыгатуюць для вас безьліч смачных нацыянальных страваў, а дасьведчаныя прасталыткі зробяць вам добра. У праграме адпачынку конныя паходы за перевал і дэгустацыя вінаў. Фальклёрны ансамбаль “Залатыя дрымбары” выканае для вас гуцульскія мэлёдыі, а малады паэт Грыць Штундэра з казацкім асяледцам пачытае свае вершы. Чакаем вас на нашай гасьціннай зямлі, ласкава запрашаем!
“Са старой дарогі, Грыцю, я пабачыў паміраючы Сяльцо ані душы там не засталося нашых, толькі салдаты выганялі з двара быдла, потым бачыў толькі царкву, бо яна была найвышэйшая, а фуры амаль не пераварочваліся, амаль не развальваліся ад шалёнай гонкі, бо сабакі падганялі нас, ледзь не наскоквалі на людзей, дзе яны такіх набралі, я дагэтуль ня ведаю, а мы ўсе маўчалі, як на пахаваньні, і нават ня мелі сілаў плюнуць ці заплакаць, бо такі даліся ім жывымі, але што мы маглі, адны жанчыны, дзеці й нас некалькі пятнаццацігадовых, казалі, што павязуць у Херсонскую вобласьць, а пасьля нешта там памянялася, і з Шапятоўкі паперлі аж у Казахстан”.
Грыць адчуў, як зямля расступаецца пад нагамі. Ён падаў у нейкую, яшчэ большую цемрадзь,
але нават ня крыкнуў, бо гэта была б натуральная сьмерць менавіта тут, паміж гэтымі купамі цэглы, на будоўлі казачнага турыстычнага цэнтру, легчы ў падмурак і заснуць разам з травою роднага Сяльца, як яго наймалодшы жыхар, равесьнік тых, што хадзілі з нажамі ў лес і на Рынак у Чартопале. Але ўзьняўшыся на ногі, увесь у пяску й гліне, ён пабачыў над сабою тое самае неба. Траншэя была неглыбокая, і ён нават нічога сабе не нарабіў. Але хаця й было цёмна, ён пабачыў побач, на дне, купу нейкіх лахманоў. Нахіліўся, пасьвяціў запалкаю, але зноў ня змог нават крыкнуць, хаця перад ім ляжаў труп, нядаўні, яшчэ нават не схаладнелы, гэта быў масіўны бамбіза з прастрэленаю галавой, чымсьці вельмі знаёмы, відавочна, адсутнасьцю залатога ланцужка на кароткай і тоўстай шыі. Нямірычавай кніжкі пры ім таксама не знайшлося. Як рабаваць, то рабаваць.
Грыць захацеў курыць. Ён чыркануў запалкаю па падэшве на боце забітага акурат як амэрыканскі актор Мікі Рурк у фільме “Сэрца Анёла” і, зрабіўшы некалкі глыбокіх зацяжак, пачаў выбірацца з траншэі. Асяледзец падаў яму на вочы. Ноч дасягнула свайго апагею.
...Малы прыцёгся недзе аж пасьля другой, да таго ж не адзін, а яшчэ зь якімсьці кудлатым, казаў, што ён вялікі паэт, але я ўжо ня мела месца, бо ў першым пакоі бавіліся, таму я пасьцяліла яму на сваім ложку, а ён усё пытаўся, ці не валютная я, бо ён мае аж цэлых дзесяць даляраў і можа мне заплаціць за ноч, “але я ўяўляў вас не такой”, чыстая камэдыя, а якой ты мог мяне ўяўляць, былі пэрлы, ды ўсе сьперлі, цяпер толькі шкельцы. Малы мне падміргваў, каб я брала
гэтыя дзесяць даляраў, якімі барадаты размахваў перад маім носам, але мне было шкада яго п’яны мужык робіцца дурны, як бот нават калі ён дзесяць разоў паэт, усё адно, а Малы пайшоў тым часам на кухню і, як заўсёды, пачаў там нешта жэрці. Мы засталіся ў пакоі, палілі, барадаты нешта хацеў пачытаць на памяць, але нічога не памятаў, страшна рагатаў, ледзь ня ўсцаўся са сьмеху, аж ікаць пачаў, “я ведаю, што вы, пані, маеце для мяне што-небудзь выпіць, мне Білынкевіч казаў”, дзіўны нейкі, паняю называе, я яму на гэта, што ў нас паноў даўно няма, “ну дык я буду называць вас каханай”, чыстая камэдыя, у мяне сын ужо дарослы, у войску служыць, “каханая мае дарослага сына?”, пытаўся ды яшчэ больш трэсься са сьмеху, “але я даў бы вам ня больш як дваццаць пяць”, манюка дурнаватая, ледзь языком варочае, але маніць не перастае, я яму наліла сто пяцьдзясят, каб замоўк, але ён яшчэ больш разгаварыўся, “ну дык калі будзе салодкая ўзнагарода”, я пайшла на кухню, так і знала, Малы змалаціў амаль паўкілё кілбасы, а я на Сёмуху трымала, думала, што прыедзе Мікола Кандратавіч, “ня бойся, я табе яшчэ дастану”, сказаў Малы, трэба будзе яму заўтра нагадаць, бо сёньня ён яшчэ й не такое паабяцае, а той барадаты заваліўся на ложак у шкарпэтках і прасіў, каб я яго распранула, “гэтая паслуга ўваходзіць у агульную суму ў дзесяць даляраў”, ды ідзі ты з сваімі далярамі, ледзь не накрычэла на яго, але стрывала, змаўчала, бо ён дурны й п’яны, дый яшчэ малады, я зьняла зь яго шкарпэткі, а ён запхаў мне тыя дзесяць даляраў у ліфчык, “гэта прэзыдэнт Гамільтан”, сказаў, чыстае дзіва, і пацалаваў руку, я яшчэ такога ня бачыла, а ён ні з пушчы ні з поля заплакаў і сказаў, што такі няш-