Вавёрка-садоўніца
Азіза Ахмедава
Выдавец: Юнацтва
Памер: 143с.
Мінск 1987
— Дзядзечка Заяц, вы што, не чуеце мяне? Я пытаюся, ці не бачылі вы маю маму?
— He, не бачыў,— нарэшце адказаў Заяц.— Паслухай, дзіця маё, калі ў цябе няма дзе жыць, ідзі да мяне. Я буду цябе карміць, выхоўваць. Толькі адна ўмова: калі я не дазволю, ты не будзеш скакаць па дрэвах. Бо я за табою не ўганюся. Мы, зайцы, па дрэвах лазіць не ўмеем. Ты згодна?
— He, я маму хачу! Яна ўмее скакаць па дрэвах. Мы, вавёркі, жывем на дрэвах.
Пакрыўдзіўся Заяц. Нічога не адказаў Вавёрцы, моўчкі зашыўся ў хмызняк.
Пабегла Вавёрка далей. Неўзабаве пад раскідзістай хвояй яна ўбачыла Мядзведзя. На галаве ў яго быў вянок з кветак.
— Які вялізны Мядзведзь! — спалохалася Вавёрка.— А якія ў яго страшэнныя лапы! Каго хочаш растопча, задушыць. Трэба ўцякаць, хавацца, але куды? — I тут Вавёрка раптам успомніла словы маці, якая казала, што Мядзведзь заўсёды абараняе бездапаможных звяркоў. Яго нават Лісіца і Воўк баяцца.
Сеўшы на тонкую галінку, Вавёрка баязліва пазірала на Мядзведзя. Яна так калаці-
лася, што ёй ад страху здалося, быццам галінка не вытрымае і яна паляціць уніз.
— Вай, вай, падаю! — закрычала яна.— Дапамажыце!..
Мядзведзь узняў голаў, убачыў Вавёрку, якая гайдалася на галінцы.
Мядзведзь, які ўважліва сачыў за Вавёркай, сказаў:
— Чаго ты дрыжыш, дзіця маё? Хто цябе гэтак напалохаў, хто пакрыўдзіў цябе?
Лагодны голас Мядзведзя супакоіў Вавёрку.
— Мяне, дзядуля Мядзведзь, ніхто не пакрыўдзіў. Я маму згубіла, не магу знайсці. Вы не бачылі маёй мамы?
Мядзведзь быў у гуморы. Ён сказаў жартам:
— Бачыў я тваю маці. Табе відаць вунь той вялізны дуб? На ім шмат шышак расце. Вось там я, калі міма праходзіў, бачыў, як твая маці збірала шышкі.
Вавёрка радасна падскочыла. Ды тут жа раптам замерла, уважліва паглядзела на Мядзведзя. А той смяяўся. Вавёрка засумнявалася, спытала:
— Дзядуля Мядзведзь, а ты не падманваеш мяне?
— Навошта ж мне маніць, якая мне з гэтага карысць? He, не, кажу праўду. Слова гонару!
— А вы прысягніце!
— Калі сказаў няпраўду, хай зямля праглыне мяне!..
Вавёрка больш не сумнявалася. Мядзведзь жа даў слова гонару. Пераскакваючы з дрэва на дрэва, яна пабегла да дуба. Уважліва агледзела кожную галіну, але маці сваю не
знайшла. Засмучаная, вярнулася назад. Хацела прысароміць Мядзведзя за тое, што не стрымаў ён свайго слова, сказаў няпраўду. Дайшла да таго месца, дзе сустрэлася з Мядзведзем, і спынілася вельмі здзіўленая — Мядзведзя нідзе не было, знік, толькі вянок на зямлі застаўся.
— Бедны Мядзведзь, бедны дзядзечка Мядзведзь!
Пабегла Вавёрка дадому.
Надышоў вечар. Маці ўжо даўно вярнулася і чакала сваю дачушку. Убачыўшы маці, Вавёрка хуценька падбегла, прытулілася да яе і моцна-моцна пацалавала.
— Як добра, дачушка, што ты вярнулася. Я так непакоілася!
— I я, мамачка, хвалявалася. Дзе ж ты гэтак доўга была? 3 самай раніцы шукаю цябе!
— Зайдзі, дачушка, у наш дом, паглядзі, колькі арэшкаў я табе прынесла.
Заўважыўшы, што дачка нейкая задумлівая, маці спытала:
— Чаму ты такая сумная, дачушка? Што здарылася?
— Ведаеш, мамачка, за тое, што Мядзведзь зманіў мне, зямля праглынула яго!
Маці не зразумела. Дачка расказала ёй пра ўсе свае вандроўкі і прыгоды.
I тады маці сказала:
— Вось бачыш, дачушка, што чакае таго, хто хлусіць.
новы год
Навокал ляжаў снег. Галіны дрэў ад яго цяжару прыгнуліся аж да зямлі. Толькі-толькі развіднела, і першыя промні ранішняга сонца серабрылі белы з блакітным адлівам снег.
Заяц — ён змяніў сваё футра на новае — у добрым гуморы скакаў па лесе.
— Як добра,— гаварыў ён сам сабе,— што я памяняў сваё бруднае футра, a то ўсе пачалі абзываць мяне мурзам. Хай цяпер паглядзяць, якое ў мяне чыстае, мяккае, як шоўк, футэрка, які я ўвесь белы-белы, нават хвост! Шкада вось толькі, што ён такі кароткі. Ды нічога не зробіш, ва ўсіх маіх родзічаў гэтакі ж хвост. Сам бачыў!..
Раптам Заяц заўважыў чалавека, які нёс на плячах елку. Заяц, як звычайна, спалохаўся і на ўсякі выпадак схаваўся ў кустах, нават вочы прыжмурыў. Потым адплюшчыў адно вока, другое, паглядзеў уважліва і пазнаў чалавека з елкай на плячах. Гэта быў ляснік.
— Нашто лесніку елка, чаму ён ссек яе?
Цікаўны быў Заяц. Крадком ён паскакаў следам за лесніком. Ляснік занёс елку ў сваю хату. Заяц, счакаўшы крыху, падкраўся і зазірнуў у акно. Тое, што ён убачыў, вельмі яго здзівіла. Лесніковы дзеці хадзілі вакол елкі, якая стаяла пасярод хаты, і навешвалі на яе звяроў і птушак.
— Вай, як цікава! — льшаў вочкамі Заяц.— Я такога ніколі не бачыў. А гэта ж яны мяне на елку зацягнулі. He, гэта не я, я ж тут, на двары. Выходзіць,гэта другізаяц, мой брат.
Заяц не разумеў, што дзеці лесніка ўпрыгожваюць елку цацкамі.
— Вай! — Заяц ад здзіўлення ажно рот
разявіў, адно вуха ў яго апусцілася, другое стала тырчком.— I Дзяцел з’явіўся, Верабейку пасадзілі. Ого, нават Мядзведзя! Во, і свечкі запалілі! I сняжком елку пасыпалі!..
Дзеці, узяўшыся за рукі, пусціліся ў скокі, заспявалі:
— Стаяла ў лесе елачка,
У засені расла,
Зімой і летам стройная, Зялёная была.
— Якая цудоўная песня! Вунь як ім весела. Пабягу раскажу сябрам, мы таксама ўпрыгожым елку і будзем песні спяваць.
Прыбег Заяц дадому і ўжо зусім інакшымі вачыма паглядзеў на елку, што расла побач. Цяпер сярод іншых дрэў яна яму здавалася самай лепшай. «Чым жа яе ўпрыгожыць?» — падумаў Заяц. Нічога не знайшоўшы, ён пабег да суседа Вожыка.
— Братка Вожык! Дай мне трохі лісця. Бачыў я, што ўвосень ты шмат назбіраў яго.
— Назбіраў. А навошта табе лісце?
— А я яго паразвешваю на елцы.
— Я нешта цябе не разумею.
— Ляснік прынёс елку да сябе ў хату, a ягоныя дзеці панавешвалі на яе звяроў і птушак. Я таксама хачу ўпрыгожыць елку, што расце каля майго дома.
— Нарэшце, братка Заяц, я зразумеў. Гэта яны ўпрыгожылі елку, таму што да нас Новы год ідзе!
— To няхай ён і да нас прыйдзе!
— Праўду кажаш. Хадзем!
Вожык набраў лісця, і яны пайшлі да Зайца. Калі развесілі лісткі на елцы і адышліся ад яе, Заяц ад здзіўлення доўга маўчаў, а потым сказаў:
— Ах, як прыгожа!
Неўзабаве тут сабраліся іншыя звяры і птушкі, што жылі зімою ў лесе.
— Чым нам яшчэ ўпрыгожыць елку? — звярнуўся Заяц да лясных жыхароў.— Няма ў нас ні Вавёркі, ні Мядзведзя.
Пачуўшы гэтыя словы, Вавёрка паклікала сваіх дзяцей, і яны паселі на елцы.
— Як добра яны глядзяцца, праўда, братка Вожык? Яшчэ лепш, чым на лесніковай елцы.
— I гэта не дзіўна,— адказаў Вожык,— там жа яны цацачныя, а тут сапраўдныя, жывыя!
У гэты час падышоў Мядзведзь.
— Што за вэрхал, чаму гэтак шумна ў лесе?
— Гэта мы елку ўпрыгожваем, дзядзечка Мядзведзь, будзем сустракаць Новы год! — адказаў за ўсіх Заяц.
— I я хачу сустракаць Новы год, зараз таксама залезу на елку.
— Дзядзька Мядзведзь, ты лепш стань пад елкай,— сказаў Вожык.— Будзеш замест Дзеда Мароза.
— Ну, добра, пастаю тут.
А потым на елку паселі Верабей, Сарока і Варона.
На небе выплыў з-за хмар Месяц. У ягоным святле ледзяшы на елцы загарэліся, быццам сапраўдныя свечкі. Усе пабраліся за рукі і закружыліся ў карагодзе вакол елкі.
— Мы прыбралі сваю елку, Зіхацяць на ёй іголкі, I цяпер наш карагод Сустракае Новы год!..
Дзед Мароз яшчэ здалёку пачуў вясёлы гоман.
— Цікава, хто гэта без мяне наладзіў навагодняе свята?
Ямчэй паправіўшы на плячы цяжкі мех з падарункамі, ён заспяшаўся туды, дзе звяры і птушкі сустракалі Новы год.
ЛЮСТЭРКА
Аднойчы Сарока сядзела на высокім дрэве і глядзела па баках. Раптам яна ўбачыла на зямлі яркі-яркі агеньчык.
— Вай, што гэта там блішчыць-зіхаціць? — прамовіла ўголас Сарока, зляцела ўніз і асцярожна падышла бліжэй.
На зямлі ляжаў кавалак пабітага люстэрка. У ім адлюстравалася сонца, таму ён так зіхацеў. Адкуль узялося люстэрка ў лесе, хто яго тут згубіў?.. Ды Сарока пра гэта не думала.
— Якое цудоўнае люстэрка! Я яго знайшла, яно маё! Занясу ў сваё гняздо. У мяне будзе сваё ўласнае сонца!..
Сарока падхапіла дзюбай люстэрка і паляцела да сябе. Але як ні старалася, зацягнуць люстэрка ў гняздо яна так і не змагла,— мабыць, дзверы занадта вузкія былі. Тады CapoKa павесіла люстэрка на галіну дуба, якраз пасупраць свайго гнязда. I тут Сарока заўважыла, што люстэрка больш не блішчыць — гэта цень ад лісця засланіў яго ад сонца.
— Што здарылася з маім люстэркам? — усклікнула Сарока.— Чаму патухла маё Сонца?!
Пачала Сарока мітусіцца вакол гнязда, шукаць сваё Сонца.
Убачыў гэта Вожык, таксама занепакоіўся і запытаўся ў Сарокі:
— Суседка, а суседачка, прыгажэйшая з усіх птушак, скажы, што здарылася, што адбываецца з табою?
Вожык даўно быў закаханы ў Сароку. Ён заўсёды, калі любаваўся яе бліскучымі пёркамі, сарамліва хаваў галаву ў сваё калючае футра. Раніцай ён патаемна назіраў, як суседка з першымі промнямі Сонца ўзлятала ў блакітнае неба, і яму здавалася, што няма на свеце птушкі, прыгажэйшай за яе.
Сарока села на галіну насупраць люстэрка і сумна памахала крыламі.
— He ведаю нават, што і сказаць, мой добры сусед,— уздыхнула Сарока.— Знайшла люстэрка, у якім было Сонца. У гняздзе яно не змясцілася, дык я павесіла на галіну, і раптам Сонца нехта ўкраў.
Вожык засмяяўся.
— Ніхто не ўкраў, мая прыгажуня! Хіба можна яго ўкрасці? Паглядзі, Сонца схавалася за хмары, таму люстэрка і не блішчыць.
— Навошта тады мне такое шэрае шкло? — паціснула плячыма Сарока.
— He трэба тужыць,— сказаў Вожык.— Люстэрка мае яшчэ адну ўласцівасць.
— Пра што ты гаворыш?
— А ты паглядзі больш уважліва ў люстэрка і ўбачыш, што няма на свеце птушкі, прыгажэйшай за цябе.
Сарока паглядзелася ў люстэрка і пачала круціцца перад ім, аглядаючы сябе з усіх бакоў.
— I праўда, якая я прыгожая! Вось дык люстэрка, цудоўная рэч! Паглядзі, братка Вожык, якія ў мяне бліскучыя пёры, які доўгі, элегантны хвост! Проста любата!
Час ішоў, а Сарока ўсё не адыходзіла ад
люстэрка, без стомы круцілася перад ім, любавалася сабой, здавалася, што адарваць яе ад люстэрка аніяк немагчыма.
Вожык нарэшце не вытрымаў:
— Хопіць ужо, суседачка, глядзецца ў люстэрка. Трэба павесіць яго ніжэй, хай і другія звяры і птушкі паглядзяць на сябе, убачаць, якія яны часам бываюць неахайныя.
Сарока паслухалася Вожыка, павесіла люстэрка на ніжнюю галіну, дзе ён паказаў.
Неўзабаве прыбег Заяц, як заўсёды, задыханы, як заўсёды, спалоханы.