Вавёрка-садоўніца
Азіза Ахмедава
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 143с.
Мінск 1987
Дрэва Алычы ўсміхнулася і больш нічога не сказала. Куст Ажыны быў яшчэ зусім малады. У гэтым годзе ён упершыню павінен быў даць плады і вельмі хваляваўся.
Аднаго разу Дрэва Алычы ўбачыла на Кусце Ажыны маленькія зялёныя кропачкі. Радуючыся, яно сказала:
— Я віншую цябе, сусед! У цябе такія цудоўныя плады!
Пачуўшы гэтыя словы, Куст Ажыны пачаў разглядаць сябе. Увесь ён зверху быў прыбраны ў маленькія гузічкі.
— Якія, і праўда, цудоўныя плады! — з гонарам прамовіў Куст Ажыны.— Як добра, што вы нарэшце з’явіліся. Яшчэ б трошкі, і сэрца маё не вытрымала б!..
Маленькія зялёныя гузічкі паціху загайдаліся. Навакольны свет, дзе так многа сонечнага святла, ім вельмі спадабаўся.
Для Куста Ажыны пачаліся поўныя клопатаў дні. Як толькі прачнецца, так з ранку і
да вечара працуе без перапынку. Маленькія карэнні паглыбляюцца ў зямлю, смокчуць яе сокі. Зялёныя гузічкі паружавелі. Кожную сваю галінку Куст Ажыны падстаўляе сонечным промням.
— Дзякуй табе, Сонейка! — кажа ён.— Без цябе няма жыцця!
Калі Сонца хоць на якую гадзінку схаваецца за хмары, Куст Ажыны сумуе, маркоціцца.
— Чаму не відаць Сонейка? Навошта хмары засланілі яго цудоўны твар? Што цяпер рабіць? Mae ж плады пазбаўлены жыватворных промняў! Ці ж гэта справядліва?
Усміхаюцца суседзі — Кусты і Дрэвы, супакойваюць:
— He журыся, Сонца хутка з’явіцца.
Так міналі дні. Гузічкі Ажыны наліваліся сокам, паступова чарнелі.
Аднойчы Дрэва Алычы сказала:
— Малайчына, Ажына, праца твая была недарэмнай. Плады твае такія буйныя, сакавітыя. Усе, хто пакаштуе іх, скажуць табе дзякуй.
Куст Ажыны спалохаўся гэтых слоў, занепакоена сказаў:
— Як гэта будуць каштаваць мае плады? Нікому не дазволю, чуеце, нікому! Гэтага яшчэ не хапала!..
Куст Ажыны апусціў свае галінкі з ягадкамі ўніз, схаваў іх. Сэрца яго напоўнілася трывогай і хваляваннем.
Надышоў канец лета. Прыйшлі ў лес людзі збіраць ягады і плады. Убачыўшы гэта, Куст Ажыны выставіў свае калючкі і калоў усіх, хто блізка падыходзіў да яго. Плады так і засталіся некранутымі.
Надышла восень. Лісце дрэў пажаўцела. Плады з іншых кустоў ажыны, што раслі ўздоўж дарогі, былі сабраны. Уздыхнуўшы з палёгкай, кусты пачалі рыхтавацца да зімы. Іх агарнуў салодкі сон, яны адпачывалі.
А Куст Ажыны ўсё ахоўваў свае плады. Убачыўшы, што ўсе яго браты вызваліліся ад сваіх ягад, не вытрываў і спытаў у Дрэва Алычы:
— Ніяк не магу зразумець, навошта яны так лёгка і неабдумна раздалі свае ягады. Іх жа так цяжка было расціць?!
— А што ж ім было рабіць? Хіба ж яны вырошчваюць ягады для сябе? Я таксама раздала свае плады.
— He, не, я не разумею, як гэта, навошта?
— Паглядзі вакол. Восень прыйшла! Усе мы вызваліліся ад сваіх пладоў, усю зіму будзем спаць пад снежнай коўдрай. А ўвесну прачнемся, зноў заквітнеем, зноў прынясем плады, раздадзім іх людзям. Няма большага шчасця на свеце!
— Як сабе хочаце, а я свае ягады не збіраюся нікому аддаваць! Гадуеш іх, гадуеш, a нехта прыйдзе на гатовенькае і забярэ! He бачу ў гэтым ніякага шчасця!..
— А што ж ты збіраешся рабіць?
— Прыцісну іх да грудзей, буду трымаць у сваіх абдымках!
Дрэва Алычы засмяялася:
— Ты ж іх усё роўна не ўтрымаеш. Пачнуцца халады, плады твае зробяцца чорныячорныя, скурчацца, высахнуць і пападаюць на зямлю. Ды яны пачалі ўжо асыпацца, паглядзі!
— He, не, яны не асыпаюцца,— пакрыўджана адказаў Куст Ажыны,— яны ніколі не
скурчацца і не высахнуць. Сваім дыханнем я сагрэю іх.
Дрэва Алычы больш нічога не сказала.
Мінула восень, надышла зіма. Халодны вецер закруціў лістапад. Колькі ні стараўся Куст Ажыны, але ўтрымаць сваё лісце не здолеў. Галінкі яго агаліліся. Засталася надзея на калючкі. Але ў іх ужо не было работы, не было каго калоць. Ягады пачарнелі, скурчыліся, зусім высахлі.
— Вай, вай, што зрабілася з маімі прыгожымі, роднымі пладамі? Няўжо прастудзіліся? Дарагія суседзі, дапамажыце маім ягадам! Я загіну ад гора, не вытрымаю!..
— Чаму не спіць гэты Куст Ажыны? — забурчалі дрэвы ў лесе.— Сціхні, не перашкаджай нам спаць!
Спалохаўся Куст Ажыны, скурчыўся. Дрэва Алычы прашаптала:
— He бойся, суседзе. Я ж табе казала, што час тваіх пладоў скончыўся, яны павінны былі высахнуць і асыпацца на зямлю. Трэба было рабіць, як гэта зрабілі іншыя ажынавыя кусты — раздаць свае ягады птушкам, людзям...
Нарэшце і да Куста Ажыны прыйшоў зімовы сон. Засынаючы, ён раптам пачуў цырыканне вераб’ёў.
— Цырык-цырык, шкада, што яны павысыхалі.
— Цырык-цырык, проста злосць бярэ! — гаварылі яны пра рассыпаныя пад Кустом Ажыны ягады.
— Цырык-цырык, пры нашым голадзе і гэтыя з’есці можна.
— Вай-цырык, якія яны горкія!..
— Нічога не зробіш, голад не цётка...
ЗАЯЦ-ПАДАРОЖНІК
Пястун дамчаў да кустоў, запоўз у самы гушчар і прыціснуўся да зямлі. Сэрца яго ад страху гатова было выскачыць з грудзей. Калоціцца касавокі, дрыжыць куст, пад якім ён ляжыць.
Варона ўбачыла задыханага зайца, уважліва агледзела ўсё наўкол. Хіба хто гнаўся за небаракам? Але нідзе нікога не было. Варона са смехам села на куст, пад якім схаваўся касавокі. Пястун з перапуду аж падскочыў, a потым ціхенька, прытуліўшы вушы да спіны, адпоўз пад другі куст.
Варона пашкадавала зайца, яна ўжо больш не смяялася з яго. Хіба ж можна смяяцца з чужой бяды?
— Чаго ты гэтак, зайчык? Каго напалохаўся, нідзе ж нікога няма? He трэба быць такім баязліўцам.
Варона ўзляцела на высознае дрэва.
— Супакойся, калі будзе якая небяспека, я табе адразу гукну. Паглядзі, як высока я сяджу, вочы мае бачаць далёка.
Пястун, заікаючыся, адказаў:
— Вя-лі-кі вам дзя-куй, цё-тачка Кар-Кар.
— Мяне завуць Чарнушка.
— Ой, якое прыгожае імя! А мяне — Пястун. Такое імя дала мне мама.
—Вось мы і пазнаёміліся. Дык раскажы мне, Пястун, чаго ты гэтак напалохаўся?
— Ведаеце, цётачка Чарнушка, я ляцеў сюды на самалёце. Высока-высока!..
— Паглядзіце на яго,— узлавалася Чарнушка,— такі малы, а ўжо хлусіць навучыўся!
— Ды не, цётачка, не хлушу, я ж не з гэтых мясцін, мяне сюды людзі прывезлі.
— Няўжо на самалёце?
— Ага, ага, на сапраўдным самалёце. Мы з мамай жылі зусім у іншым лесе. Перад нашым домам быў цудоўны лужок, зялёны-зялёны!.. У той дзень ранічкай я, як заўсёды, выбег на лужок. Мама сказала: «Пястун, сыночак, не адыходзься далёка». А я не паслухаўся і пабег куды вочы глядзяць. Бег, бег, аж пакуль не адчуў, што наляцеў на нешта. Падняў галаву, агледзеўся і зразумеў: гэта ж я ў сетку трапіў!.. Хацеў выбрацца з-пад яе, ды заблытаўся яшчэ больш. Напалохаўся, заплакаў, пачаў маму клікаць: «Мамачка, родная, вызвалі мяне адсюль!..» Мяне выцягнулі з той сеткі і пасадзілі ў скрыню.
Пястун горка заплакаў. Чарнушка сказала:
— He плач, даражэнькі, ты ж цяпер на волі. Ну, а што было далей?..
— Я таму плачу, што маму шкада. Яна за мною пабегла, і яе таксама злавілі.
— Адкуль ты пра гэта ведаеш, ты ж у скрыні сядзеў.
— Я праз шчыліны ўсё бачыў. Маму пасадзілі ў другую скрыню. Тады шмат зайцаў злавілі.
— Я, здаецца, пачынаю сёе-тое разумець,— задумліва прамовіла Чарнушка.— Ну, расказвай, а што з вамі было потым?
— Скрыні пагрузілі ў самалёт, мы доўга ляцелі, затым зноў апынуліся на зямлі. Скрыні выцягнулі з самалёта. Раптам скрыня адчынілася, і я, доўга не думаючы, даў такога драпака, што вось толькі тут, пад гэтым кустом, трохі і апамятаўся. Сам дзіўлюся, які я адважны!..
Чарнушка засмяялася:
I
I
I
— Цяпер усё зразумела. Ты не ўцёк, цябе людзі самі выпусцілі на волю.
— Як самі выпусцілі? — здзівіўся Пястун.— Спярша злавілі, а потым вызвалілі? Навошта?..
— Я табе зараз растлумачу. Гэты лес, дзе мы з табой цяпер знаходзімся, зусім малады. Тут яшчэ вельмі мала птушак і звяроў. А які ж гэта лес без сапраўдных яго жыхароў?! Вось і я вырашыла тут пасяліцца. Паглядзі, як хораша наўкола! Хадзем, Пястун, я памагу табе знайсці маму, будзем разам абжываць наш новы зялёны дом!..
ХАЗРЫ
Ноччу Хазры адпачываў, схаваўшыся сярод густых галін раскідзістага стогадовага дуба, аглядаў наваколле, ахутанае святлом месяца. Небасхіл паступова святлеў. Чорныя хмары на гарызонце, убачыўшы Сонца, пачырванелі.
— Сонца ўзыходзіць! Вунь, зірніце! — пераклікаліся яны.
Сонца з усмешкай на твары выглянула з-за гор і прагнала змрок. Велічныя горы, стромыя скалы, раўніны, упрыгожаныя кветкамі, цяністыя лясы, крыніцы — усё гэта быццам толькі-толькі нарадзілася на свет пад промнямі сонца.
Вецер агледзеў усё навокал і засмучана сказаў:
— Заўсёды ў гэтай Прыроды нейкія дзівацтвы! Проста зайздрасць бярэ. Вунь гара ўзвышаецца, дрэвы зялёныя — усе іх бачаць. Нават сябры мае, снег і дождж, калі ідуць,— іх таксама відаць. Толькі мяне ніхто
не бачыць! Чаму такая несправядлівасць?
Дуб, пачуўшы яго, здзіўлена сказаў:
— Хазры, ты памыляешся. Вось і цяпер ты схаваўся ў маіх абдымках, варушыш маё лісце, кожны лісцік у далонькі пляскае. I ўсе ведаюць, што гэта твая работа.
— Гэта праўда, я прымушаю дрыжаць тваё лісце. А калі злуюся, магу і галіны твае паламаць. Але я, як і ты, вельмі хачу, каб мяне ўсе бачылі.
— Ты бачны ўсім. Узнімаеш лістоту ў неба, і ўсе разумеюць, што ляціць яна з тваёй дапамогай.
Лісце дуба загаманіла:
— Праўда, праўда. Мы любім Хазры, ён дае нам крылы, нясе нас у неба. А неба вельмі прыгожае, шырокае, глыбокае.
Хазры сказаў:
— Ды не, вы мяне не зразумелі! Я хачу, каб мяне бачылі, каб дзеці гулялі са мной!
Дуб на гэта прапанаваў:
— Хочаш гуляць з дзецьмі, дык ідзі да іх, ніхто ж табе ўпоперак дарогі не стаў.
— Дзеці ўцякаюць ад мяне,— засмуціўся Хазры.
— He ўцякуць. Яны возьмуць цябе ў свае гульні.
Хазры ўзрадаваўся і паляцеў. Ляцеў, ляцеў і сеў на дах, паглядзеў на вуліцу, дзе гулялі дзеці, сказаў сам сабе:
— Якія прыгожыя дзеці, яны падобны на матылькоў!
Ён раптам завыў і падляцеў да дзяцей, узняўшы з зямлі хмары пылу, ажно цёмна зрабілася.
— Вай, які моцны вецер, зноў гэты Хазры!..— закрычалі дзеці.
— Як наляціць, дык ад пяску і пылу вочы слепнуць!..
— Ніколі не дасць пагуляць добра!..
Хазры хацеў сказаць: «Чаму ж вы так, дзеці? ІПто я вам благое зрабіў? Вазьміце і мяне ў сваю гульню!..» — Але не паспеў, бо дзеці разбегліся па хатах.
Пакрыўдзіўся Хазры і паляцеў далей. Убачыў, што на правадах сядзяць вераб’і, шмат вераб’ёў. Хазры хацеў падсуседзіцца да іх, сесці побач, пагаманіць з птушкамі. Але на вераб’ёў павеяла яго халодным дыханнем, шаўковыя пёркі іх натапырыліся. Вераб’і загаманілі: