Вавёрка-садоўніца
		 	
		 
		 
		 Азіза Ахмедава
		 
		 
		
		
        
		 
		 
		 
		  
		 		
		 
		 
		 
		  
		 	
		
  
		  
		 
		 
		 Выдавец: Юнацтва
		 
		 
        Памер: 143с.
        Мінск 1987
		 
		 
		
		 
		 
		 
		 
		 
		 
		 
	
      
    
	   
		   
	   
		   
		 
	
Алабаш нічога не разумела.
— Што ты такое гаворыш, сынок? Як гэта раніцай вырас, а цяпер зноў зрабіўся маленькі?
Пачуўшы іх размову, Певень сказаў:
— Сёння Таплана не пазнаць. Што ён такое вярзе? Глупства нейкае!
— Ніякае не глупства. Калі раніцай я выйшаў на двор і ўбачыў свой цень, я зразумеў, што вельмі падрос і стаў нармальным сабакам. А цяпер, самі паглядзіце, мой цень зусім маленькі.
Алабаш і Певень паглядзелі адзін на аднаго і засмяяліся.
— He плач, Таплан,— сказала Алабаш,— пачакай трошкі. Вечарам ты зноў станеш вялікім сабакам.
— Як гэта? — здзівіўся Таплан.
Таплан быў яшчэ вельмі маленькім шчанём і не ведаў, што велічыня ценю залежыць ад таго, дзе знаходзіцца сонца, што ўдзень, калі сонца высока, цені кароткія, а раніцай і ўвечары, на ўсходзе і захадзе сонца, наадварот — цені доўгія.
Калі маці Алабаш растлумачыла яму гэта, Таплан усё зразумеў па-свойму. Ён сеў каля будкі і пачаў чакаць захаду сонца.
— Нічога не зробіш,— сказаў Таплан самому сабе,— пакуль не вырасту, буду глядзець на свой цень толькі раніцай і ўвечары.
ЧЫК-ЧЫК I ГРАНАТ
Шэры натапыраны верабей Чык-Чык прыляцеў у сад. Ён сеў на гранатавае дрэва ў квецені і сказаў:
— Цікава, а чаму гэтыя ружы не пахнуць?
Чырвоныя кветкі, што выглядвалі з пупышак на гранаце, усе разам загаманілі:
— Мы не ружы, мы — кветкі граната, a гранат — плод лекавы, асабліва карысны сок...
— А дзе ж ваш сок, пакажыце,— пацікавіўся верабей Чык-Чык.
— Мы пакуль што кветкі, а калі вырасце і даспее плод, гранат нальецца сокам.
— I калі ж вы зробіцеся гранатам?
— Увосень.
— А гранат смачны?
— Ого, яшчэ які!
— А мне можна пакаштаваць?
— Вядома, але гранат павінеп спачатку паспець. Тады каштуй на здароўе.
3 таго часу Чык-Чык штодзень прылятаў да гранатавага дрэва. Аднаго разу ён заўважыў, што чырвоныя пялёсткі кветак скурчыліся і апалі, а на іх месцы засталіся маленькія шышачкі.
Міналі дні, шышачкі раслі. Адну з іх і аблюбаваў Чык-Чык. «Як хутка расце мой гранат, калі ж ён паспее?»
— He спяшайся, Чык-Чык,— сказаў няспелы Гранат,— я яшчэ не прыдатны для яды. Праўда, я падрос, з’явіліся зярняты, толькі яны сухія, белыя, яшчэ не пачырванелі. Вось калі я ўволю нап’юся сонечных промняў, тады мае зярняты напоўняцца смачным сокам.
Мінула лета, надышла восень. Чык-Чык прылятаў, садзіўся на гранатавае дрэва і цярпліва чакаў. Аднойчы ён спытаў у Граната:
— Гранат, а Гранат, ты ўжо напіўся сонечных промняў?
— Удосталь, мае чырвоныя зярняты поўныя соку.
Чык-Чык узрадаваўся і дзеўбануў гранат. У роце зрабілася горка-горка.
— I гэта твой хвалёны сок, ён жа горкі!
— Гэта скурка мая горкая, яна ідзе на лекі, а чырвоныя зярняты салодкія.
Замаркоціўся Чык-Чык. А калі зноў прыляцеў назаўтра раніцай, дык убачыў, што на дрэве не засталося ніводнага граната.
— Куды ж яны ўсе падзяваліся?
Гранат, які здолеў схавацца сярод лісця, сказаў:
— He бядуй, Чык-Чык, я тут. Убачыў, што людзі пачалі збіраць нас, і схаваўся.
Раптам узняўся вецер, ён сарваў гранат і шпурнуў яго на зямлю. Скурка граната лопнула, і Чык-Чык, не помнячы сябе ад радасці, пачаў дзяўбці чырвоныя зярняты.
— Ах, якія смачныя! Ніколі ў жыцці не каштаваў нічога падобнага! I як іх многа, цудоўных зярнят! Браткі-вераб’і, вавёркі, мура-
шы! Ідзіце сюды, пакаштуйце гэты смачны гранат!
Чык-Чык не быў скнара, ён падзяліўся салодкім гранатам са сваімі сябрамі.
ЯК МЯДЗВЕДЗЬ ПАСВАРЫЎСЯ 3 ЛЕСАМ
Мядзведзь, які ўсю зіму праспаў у сваёй бярлозе, прачнуўся раптам ад гучных галасоў. Высунуў галаву, паглядзеў наўкол, убачыў Вожыка і запытаўся ў яго:
— Гэй, Вожык, што за крык і гоман? Спаць не даюць!
— Дзядзька Мядзведзь, гэта птушкі спяваюць, Вясна прыйшла! Вылазь хутчэй са свае бярлогі, a то Вясну праспіш!
— Дык чаму ж мяне не пабудзілі? Паслухай, а Вясна даўно прыйшла, я не спазніўся?
— He, не, дзядзька Мядзведзь, ты прачнуўся ў самую пару.
— Які ж я галодны! Разумееш, усю зіму толькі лапу і смактаў. Зусім аслабеў, аж галава кружыцца!..
— Ну, дык вылазь хутчэй, пашукай сабе яды, тады і сілы набярэшся,— сказаў Вожык і пайшоў па сваіх справах.
Доўга блукаў па лесе Мядзведзь, вярнуўся дадому з вялізным букетам кветак.
Убачыла яго Варона, закаркала:
— Што з табою здарылася, дзядзька Мядзведзь? Навошта ты кветкі пачаў збіраць?
Мядзведзь засаромеўся, схаваў кветкі за спіну.
— Так, збіраю кветкі, вельмі яны мне падабаюцца.
Раптам Мядзведзь радасна зароў:
— Глядзіце, груша! Як хутка яна расцвіла! Гэта маё дрэва! I амаль побач з маім домам. Нікога і блізка да яе не падпушчу! Люблю сакавітыя, смачныя грушы! Цяпер толькі трэба дачакацца, калі яны паспеюць!..
3 тае пары Мядзведзь пачаў пільна вартаваць грушу. Мінуў месяц, другі. У лесе расцвілі іншыя дрэвы. Іх белыя, ружовыя кветкі былі такія прыгожыя!
Мядзведзь бурчаў:
— Маё дрэва ўжо даўно расцвіло, а плады на ім ніяк не паспеюць.
У гэты час на дрэва сеў Шпак і спытаў у Мядзведзя:
— Чаму ты, дзядзька Мядзведзь, не адыходзіш ад дрэва? Я ўжо шмат часу назіраю за табою і ніяк не магу зразумець гэтага.
Убачыўшы Шпака, які сеў на ягонае дрэва, Мядзведзь абурыўся:
— Ты адкуль такі ўзяўся? Чаму без дазволу сеў на маё дрэва? Ану, выбірайся адгэтуль!
Спалохаўся Шпак, пераляцеў на другое дрэва.
— Чаго ты, дзядзька Мядзведзь, злуешся, адкуль я мог ведаць, што гэта тваё дрэва?
— Дык ведай, маё, маё ўласнае, і нікому ніводнай грушы я не дам! Думаеш, лёгка столькі часу яго вартаваць?!
— А навошта табе яго вартаваць? Напішы, што яно тваё, і ніхто нават і блізка не падыдзе.
— А што з таго, што я напішу? Ці ж мала мядзведзяў бадзяецца ў лесе. Разумнік які знайшоўся! Нікуды я ад майго дрэва не пайду.
— Як сабе хочаш. Табе лепш ведаць.— Шпак узмахнуў крыламі і паляцеў.
Мядзведзь трохі пахадзіў вакол дрэва і
толькі быў улёгся пад ім зноў, як убачыў шмат мурашак, якія беглі ўверх і ўніз па дрэве. Ускочыўшы, ён зароў:
— Вы толькі паглядзіце на іх! Адкуль вы ўзяліся на маю галаву, чаму залезлі на маё дрэва?! Я знайшоў сабе гатовую ежу, а яны тут як тут, на гатовенькае папрыбягалі. Груш, бач, ім захацелася? А трасцу не хочаце?!
Мядзведзь пачаў раз’юшана скрэбці лапамі кару, скідаць мурашак на зямлю. Перапалоханыя мурашкі разбегліся хто куды.
Надышла восень. А Мядзведзь усё сядзеў пад грушай і нікога да яе не падпускаў.
Завітаў неяк да Мядзведзя Заяц. Былі яны добрымі сябрамі. Мядзведзь не раз ратаваў Зайца ад вострых зубоў Лісіцы.
— Дзядзечка Мядзведзь,— запытаўся Заяц,— чаму ты сядзіш пад гэтым дрэвам?
— Я чакаю,— адказаў Мядзведзь,— калі на ім паспеюць смачныя грушы, каб потым уволю наесціся.
— Дзядзечка Мядзведзь, паглядзі, вунь колькі ў лесе расце груш. Ідзі і бяры колькі хочаш.
— Як, ты праўду кажаш?
— Галавой тваёй магу прысягнуць, што кажу чыстую праўду,— адказаў Заяц і аж папярхнуўся ад страху. Бо як гэта ён асмеліўся вымавіць такое? Гэта ж трэба было сказаць: сваёй галавой. Але Мядзведзь не звярнуў на гэта ніякай увагі, яго зусім іншае турбавала.
— Дык чаму ж мае грушы не паспелі?
— Не-не ве-даю, дзядзечка Мядзведзь,— заікаючыся, адказаў Заяц.
— Тады вось што, Заяц, пачакай тут, а я збегаю наемся груш і хуценька вярнуся.
Пабег Мядзведзь і сапраўды неўзабаве вярнуўся, несучы цэлыя прыгаршчы груш.
— Малайчына, Даўгавухі, праўду сказаў, там поўна груш. Пакуль мае паспеюць, буду есці грушы з тых дрэў.— Мядзведзь аж скакаў ад радасці.
Вось так Мядзведзь кожны дзень бегаў па грушы, потым вяртаўся і вартаваў сваё дрэва, цярпліва чакаў.
Нарэшце плады паспелі. Але што гэта? Яны зусім не былі падобныя на грушы, нейкія чырвоныя, дробныя. Мядзведзь разгубіўся:
— Што гэта за грушы? Я ніколі ў жыцці не бачыў такіх.
Сарваў адну, узяў у пашчу і тут жа зморшчыўся, выплюнуў.
— Фэ, якая кіслая,— прабурчаў ён.— Дзень і ноч вартаваў такую кісляціну.
Мядзведзь раззлаваўся, схапіў камень і кінуў У дрэва. Ён жа не ведаў, што гэта кізіл. Кізілавае дрэва цвіце раней за іншыя дрэвы, a плады яго паспяваюць позна, калі на другіх дрэвах плады ўжо даўно паспелі.
Доўга яшчэ лаяў Мядзведзь гэты лес, гразіўся, што больш ніколі жыць у ім не будзе. Пасварыўся Мядзведзь з лесам і пайшоў куды вочы глядзяць.
А лес пра гэта нават нічога і не ведаў.
КРУГЛАГАЛОВЫ
У лісіцы было трое дзяцей: Лапавухі, Пласканосік і Круглагаловы.
Аднойчы раніцай маці Лісіца пайшла на паляванне. Вось і поўдзень ужо, а яна ўсё не вяртаецца. Лісяняты прагаладаліся, пачалі енчыць:
— Чаму наша мама так доўга не ідзе, жывот ужо бурчыць ад голаду...
Час ішоў, і Круглагаловы не вытрываў:
— Пайду пагляджу, можа, і знайду чагонебудзь паесці.
— Ты што, здурнеў! — абурыўся Пласканосік.— Як гэта ты адзін пойдзеш?
— He бойся, нічога не здарыцца. Калі што знайду, дык і табе прынясу,— адказаў Круглагаловы.
— He, не, нікуды не хадзі,— спалохана сказаў і Лапавухі.— Мама загадала, каб ніхто з дому не выходзіў, інакш заблудзім, не знойдзем дарогу назад, нас зловяць і з’ядуць. Пойдзем на паляванне, а самі здабычай зробімся.
— Ты, Лапавухі, вядомы баязлівец, не хвалюйся, я пайду асцярожна.
Круглагаловы, хоць і баяўся, ціхенька ішоў праз лес. Упершыню ён выйшаў адзін у лес. Была вясна, надвор’е стаяла цёплае. Дрэвы і хмызнякі зазелянелі.
— Добра, што я не захацеў чакаць,— гаварыў сам сабе Круглагаловы.— Як тут прыгожа! Колькі вакол кветак! I як усе яны прыемна пахнуць! Шкада, што не ўгаварыў Лапавухага і Пласканосіка пайсці разам са мной. Тады я зусім не сумаваў бы.— Круглагаловы, паглядзеўшы па баках, ціхенька дадаў: — I не баюся. Цікава, а мама наша ўжо вярнулася?..
I тут раптам Круглагаловы пачуў нейкае шамаценне. Ён хуценька схаваўся за куст, выцягнуў шыю і паглядзеў на ўсе бакі. Убачыўшы вожыка, Круглагаловы асцярожна наблізіўся да яго. Той імгненна натапырыў свае іголкі. Лісяня дакранулася да яго носам і тут жа адскочыла.
— Вай, як ён колецца! Лепш не чапаць яго. I мама ніколі не прыносіла нам такую калючую ежу.
Круглагаловы абышоў вожыка і рушыў далей. Вось каб яму трапіўся заяц, гэта іншая рэч!
Паступова пачало цямнець. Круглагаловы, убачыўшы гэта, спалохаўся, заенчыў, нават заікацца пачаў.
— Вай, вай, паміраю з голаду. Мне страшна, я баюся!..
Нарэшце ён падышоў да рэчкі. Успомніў, што ў рацэ можна злавіць рыбу, смачную-смачную. Але як гэта зрабіць? Падумаў-падумаў, апусціў хвост у ваду, павярнуў галаву назад і пачаў чакаць улову. Праз некаторы час блізка да хваста падплыла рыбка. Круглагаловы хацеў злавіць яе, але рыбка спрытна вільнула ўбок, толькі луской бліснула і знікла ў глыбіні. Круглагаловы зноў пачаў цярпліва чакаць. Нарэшце з’явілася яшчэ адна рыбка. На гэты раз лісяня не прамахнулася, злаўчылася і злавіла рыбку.