Вялікі беларус Леў Сапега
Анатоль Тарас
Выдавец: Харвест
Памер: 256с.
Мінск 2017
зман апакрыфічнай генеалогіяй, якую далі яму Сапегі. Выводзілі ж сябе Радзівілы ад яшчэ аднаго князя Нарымунта. Такая ўжо мода існавала тады — падвышаць знатнасць свайго роду і выводзіць яго ад вялікіх мужоў.
Рэальнасць Сунігайлы засведчана яго подпісам пад актам Гарадзельскай уніі. Вядома, што атрымаў ён герб «Ліс», які стаў родавым гербам Сапегаў. Пры хрышчэнні названы быў Сымонам. Але ўзнікае пытанне, калі Сунігайла прыняў каталіцтва, дык чаму ўсе ягоныя нашчадкі праваслаўныя? Можна пагадзіцца, што ўвесь гэты радавод — прамая фікцыя, і прызнаць услед за некаторымі гісторыкамі Сапегаў нашчадкамі смаленкіх баяраў[5]. Прынамсі ў доказ гэтага прыводзяцца звесткі, што Сунігайла не пакінуў дзяцей. А Сапегі, якія разам з многімі родамі карысталіся гербам «Ліс», вывелі сябе ад Сунігайлы. Гэтым і можна растлумачыць тое, што Сапегі не насілі княжацкі тытул.
Сапегі займалі ў дзяржаве высокія пасады. Па сямейнай традыцыі служылі пры двары пісарамі. Падымаліся і да ваяводстваў. Гэтак, Іван Багдановіч* стаў віцебскім ваяводам, а пасля і ваяводам падляшскім. А ягоны сын Іван ажаніўся з княгіняй Багданай з слаўнага роду князёў Друцкіх-Сакалінскіх. У гэтай сям’і і нарадзіўся 2 красавіка 1557 года ў маёнтку Астроўна Віцебскага ваяводства хлопчык, якога хрысцілі па праваслаўнаму абраду і назвалі Леонам.
Нават калі і прыдумалі Сапегі радаслоўную ад Віценя, дык якая тут бяда. Паднялі планку для сябе высока і ніжэй апускацца не дазваляў гонар. Лепшай школы патрыятызму, чым прыклад слаўных продкаў, не прыдумаеш. Юны Лёва ганарыўся іх справамі дзеля Айчыны і не ўяўляў для сябе іншага шляху, як і самому з годнасцю працягваць сямейную традыцыю. Жыццёвым дэвізам для Льва Сапегі стала перакананне:
He толькі я, але і жыццё маё належыць Айчыне [6],
Гэтак праз сямейную хроніку юны Лёва пазнаваў гісторыю сваёй Радзімы. А пасля навучаўся ў прыватнай школе пры нясвіжскім двары князя Мікалая Чорнага. Аддалі хлочыка ў навуку дзесьці ў сямігадовым узросце. Хаця школа і была пратэстанцкай, але праваслаўных Сапегаў гэта не бянтэжыла. Выкладалі там дасведчаныя настаўнікі. Сама атмасфера нясвіжскага двара, дзе сабраліся светлыя галовы з усёй Еўропы, дзе на філасофскіх і багаслоўскіх
* Дзед Льва Сапегі.
дыспутах пазнавалі ісціну і сэнс быцця, дзе друкаваліся кнігі, насычала ўражлівую душу і цікаўны розум хлопчыка новымі пачуццямі і новымі думкамі.
Можа, гэта і было для Лёвы занадта спакуслівым, бо, пакуль не пасталеў, ён лёгка паддаваўся чужым уплывам, пра што пазней шкадаваў. Але веды ў нясвіжскай школцы атрымаў ён добрыя, вывучаў і мовы, і філасофію, і багаслоўе, і літаратуру. Можна толькі
дзівіцца ягоным здольнасцям.
Па заканчэнні ведаў польскую, нямецкую, лацінскую і грэчаскія м’овы, а меў ён трынаццаць гадоў. Зайздросны набытак. Толькі Льва гэта не задавальняла, прагнуў пашыраць свае веды. А калі ёсць магчымасць, грэх не выкарыстаць яе.
У сяброўстве з сынамі Чорнага Юрыем і Станіславам ён паехаў у Германію і паступіў у Лейпцыгскі універсітэт. Пачалося студэнцкае жыццё. Досвед вёў Сапегу туды, дзе, здавалася, нараджаецца нешта новае, праўдзівае.
Лёгка захапіўся ён ідэямі творцаў Рэфармацыі і нават перайшоў у пратэстанты. Так вось малады чалавек спасцігаў святло ісціны.
Багдан Сапега (да 1450 — пасля 1512). Гравюра 1872 года I. Шубелера паводле партрэта XVI cm.
Ужо ў сталым веку ён па-іншаму аднясецца да сваіх духоўных пошукаў.
Кідаўся я тады на розныя спакусы і быў дурны, як авечка, асабліва калі вучыўся ў нямецкіх ерэтычных школах [7].
A то і зусім прама прызнаецца: «Заблудшым быў»[8]. Але ж ліха без дабра не бывае. I ў тым, што Леў не толькі вывучаў працы Платона і Арыстоцеля, але і сам думаў мудра, была заслуга гэтых «ерэтычных школ».
Пакінулі след у душы Сапегі і вольналюбівыя ідэі, якія прынесла ў Германію Рэфармацыя: вызваленне чалавека ад путаў схаластычнага светапогляду на сябе як на аб’ект нечай чужой волі і ўзвышэнне чалавека да ўсведамлення сваёй ягамосьці і прызнанне за сабой права быць чалавекам.
Пасля вяртання на радзіму Сапегу не знайнілося месца на службе. Па маладосці ён перажываў, як яму здавалася, сваю непатрэбнасць і вось не вытрымаў. У лісце да Крыштофа Радзівіла піша:
А я, небарака, яшчэ не ведаю, дзе сесці, і ўжо ўдумаў да кляштара ўступіць, бо нікога за мяне няма на свеце. Да гэтага часу не ўмеў падліслівіць, а вучыцца ўжо позна... [9].
Іван Сапега (1450—1517).
Гравюра 1872 года I. Шубелера паводле партрэта XVI cm.
Хто, як не бацька, дапаможа свайму сыну? Ён і паслаў Льва да Стэфана Баторыя, нібыта бараніць сямейныя інтарэсы па нейкіх дробных маёмасных справах. Малады Сапега ўразіў уладара лацінай, веданнем законаў і разважлівым не па гадах розумам. Такія людзі дзяржаве патрэбныя. А ў людзях Баторый не памыляўся. Будзе з Льва Сапегі вялікі дзяржаўны муж «Iste adolesceusc evadet in magnum virum in Republica» (Гэты юнак стане вялікім дзеячам для Рэс-
публікі. — В. V.)[10].
Баторый у 1580 годзе ўзяў Сапегу да сябе пісарам, а праз год ён
ужо назначаны літвінскім гаспадарскім пісарам. He толькі пяром на паперы махаў Леў, але і зброяй валодаў добра. Надышоў час паказаць Льву і сваё вайсковае зухвацтва.
У паходах Стэфана Баторыя Леў Сапега на чале сваёй почты праявіў сябе як мужны віцязь. Кароль пахваліў Сапегу за гераізм у баях пад Псковам.
Але вось навука, якую ён атрымаў у дзяржаўнай канцылярыі, зрабіла з яго палітыка. У майстэрні палітычных спраў Літвы быў Сапега пакуль што падмайстар. А вучыў яго канцлер Княства Астафій Валовіч, які зацята бараніў самастойнасць Літвы. Ён і ягоныя аднадумцы ні на крок не саступалі Кароне правоў і вольнасцей Княства. Тут зброяй не дапаможаш, тут трэба ўмець палітыку рабіць. Відаць, хутка пераняў вучань настрой свайго настаўніка. Прызнаецца Сапега ў лісце да Крыштофа Радзівіла:
Добра вядома, як нам гэтую вялебнуто унію датрымоўваюць: з радасцю зрабілі б з нас Валынь. Агулам — дрэнная справа з імі, бо яны ахвотна хацелі б мець нас сваімі галдоўнікамі, асабліва тыя, што паходзяць з кузьні гэтага нябожчыка (Стэфана Баторыя. — В. Ч), які зваў нас «gens inimica mihi» (варожы мне род, — В. Ч)[11].
Валовіч займеў не толькі шчырага аднадумцу, але і дзейснага і практычнага спраўцу сваёй незалежніцкай палітыкі. I першай сур’ёзнай справай Сапегі разам з
Валовічам і падканцлерам Крыштофам Радзівілам стала праца над стварэннем вышэйшага апеляцыйнага суда — Трыбунала Вялікага княства.
Астафій Валовіч (1520—1587). XVII cm.
ПАСОЛЬСТВА
Новае выпрабаванне на сталасць чакала Льва Сапегу. Кароль даверыў яму правіць пасольства ў Масковію.
Хацеў таго кароль, сам паведаў, каб я зірнуў у вочы дэспату і нагадаў яму пераможныя каралеўскія звіцяствы. Былі часы, калі паслы манархаў, стаўшы перад яго абліччам, трупянелі; абавязак мой, павагу да пераможцы абудзіць, можа, тады суцішыцца ягоная дзікасць і жорсткасць», — гэтак успрымаў значэнне сваей місіі Сапега [12],
Невыпадковым быў выбар Баторыя. Сапега вызначаўся ініцыятывай і не баяўся браць на сябе адказнасць у вырашэнні складаных пытанняў. I што важна, Сапега валодаў моцнай воляй.
Паслам у Масковію не пазайздросціш, бо ехалі яны нібыта ў варожы стан, дзе на кожным кроку чакала небяспека. Прамымі пагрозамі ды хітрыкамі маскавіты вымагалі ад іх падатлівасці. «У такую дзяржаву ніхто не захоча ісці ў паслах», — справядліва
лічылі на Літве[13]. Сапраўднае выпрабаванне для 27-гадовага чалавека.
Хаця ў 1582 годзе і быў падпісаны мір паміж Рэччу Паспалітай і Масковіяй, але па-ранейшаму абедзве дзяржавы варожа ставіліся адна да адной. Неабходна было пацвердзіць мірнае пагадненне з Масковіяй. Пасольства адправілася ў Маскву ранняй вясною 1584 года. Сапегу суправаджала 275 чалавек прыслугі і аховы, ды яшчэ да іх далучыліся купцы, якія везлі на 177 вазах тавары. Два гады перад Сапегам па гэтым шляху прабіраўся ў Маскву Антон Пасевін. I вось што ён занатаваў:
У лесе ледзь можна разлічыць шлях, паколькі ствалы дрэваў настолькі шчыльна паміж сабой перапляліся, што шлях усюды трэба было прабіваць сякерамі, вазы даводзілася цягнуць рукамі або нават пераносіць на плячах, а між тым знясіленым людзям трэба было начаваць на мокрай зямлі [14],
Тыя ж цяжкасці выпалі і пасольству Сапегі. Таксама давялося прабівацца праз лясы. Каля Мажайска пасольства раптам затрымалі. Што такое? Таямнічасць паводзін маскавітаў нараджала розныя здагадкі. Ад Івана Жахлівага можна было чакаць чаго заўгодна. Дарма што мір абяцаў. Некалькі дзён прайшло ў чаканні і няведанні. Палягчэла на сэрцы, калі адзін з маскоўскіх вартаўнікоў прагаварыўся, — памёр цар.
У Маскве ў той час бунтаваў чорны люд. Па начах горад азараўся пажарамі. А баяры аж да крыві грызліся паміж сабой. Канечне, выставіць на вочы літвінам сваю ганьбу і слабасць не хацелася. 1 толькі калі на царскі пасад узышоў сын памерлага цара Фёдар Іванавіч і трохі супакоіліся хваляванні, пасольства пусцілі далей. У Маскве паслоў заперлі на пасольскім двары, каб і кроку не ступілі. Высокі плот адгарадзіў ад усяго свету:
He толькі што чалавека нельга бачыць, і ветру правеяць няма куды [15],
Асоба пасла не выклікала ў гаспадароў пашаны.
Тут мяне хавалі, як нейкага вязня, нават дзіркі ў плоце пазатыкалі ды вакол двара паставілі варту, якая сачыла за мною ўдзень і ўначы [16].
Доўті час новы цар не прымаў паслоў. Баяры змагаліся паміж сабой за ўладу, не да перамоваў тут.
Невядомасць і трывожнае чаканне мучылі Сапегу. Азмрочвалі настрой і палонныя суайчыннікі, якіх трымалі пад вартаю каля пасольскага двара. Яны перадалі запіску Сапегу з просьбай аб вызваленні.
Штодня я абліваюся слязамі, калі чую іх енкі, хоць і далека ад іх стаю [17].
Перамовы, надзіва, закончыліся хутка. У нейкай ступені паўплывала заява Льва Сапегі, што пасля смерці Івана IV мірная дамова, заключаная ў 1582 годзе, страціла сваю сілу. Калі ж цар хоча міру, ён павінен прыслаць да караля вялікіх паслоў для падпісання новай мірнай дамовы, але з умовай прызнання за Рэччу Паспалітай правоў на Смаленск і Северскую зямлю. Выклаў Сапега і патрабаванне ўрада Рэчы Паспалітай: вызваліць палонных і выключыць з царскага тытула назву лівонскага ўладара. Цар вызваліў палонных, але ад тытула ўладара лівонскага не адмовіўся. Як абвясцілі баяры Сапегу, гэтую назву цар атрымаў у спадчыну ад бацькі.