• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вялікі беларус Леў Сапега  Анатоль Тарас

    Вялікі беларус Леў Сапега

    Анатоль Тарас

    Выдавец: Харвест
    Памер: 256с.
    Мінск 2017
    101.77 МБ
    Калі б панствы вашы з царствам праваслаўнага ўладара нашага злучыліся б, дык усе паганскія ўладары апуспілі б свае рукі; давялося б ім тады ўжо сябе захоўваць, а не хрысціянства няволіць; Малдавія, Валахія, Боснія, Сербія і Угорыя, якія за туркамі, засталіся б Польшчы і Літве, а што бліжэй да нас — Крым, Азоў, Чаркасы і другія орды — дасталіся б Маскве [30].
    Такі смелы план цара пужаў. Ваяваць супраць самай моцнай у Еўропе дзяржавы — Турэцкай імперыі — ні палякі, ні літвіны не адважыліся. Пагрозлівым папярэджаннем ім прагучала заява турэцкага пасольства, калі яны выберуць варожага султану кандыдата, дык ён лічыць неабходным парваць з Рэччу Паспалітай. Так што праграма цара не сустрэла шырокай падтрымкі. I ўсё ж той карыстаўся значнай падтрымкай і ў Літве, і ў Полыпчы. Перш за ўсё за яго выступалі праваслаўныя, а таксама малазямельная шляхта, якая спадзявалася атрымаць уладанні ў Масковіі. I літвінскія дыгнітарыі па-ранейшаму ставілі на Фёдара Іванавіча. Слабавольны манарх іх задавальняў.
    Гэтак, Мікалай Сіротка дзяліўся сваімі меркаваннямі з Крыштофам Радзівілам:
    Праўда, паводле чутак, цар не здольны да кіравання, але з гэтым можна і змірыцца, калі ўдасца вырашыць пытанне, хто будзе апекуном, і літвіны не пасварацца на гэтай глебе з палякамі, якія жадаюць усім запраўляць [31].
    Толькі ці згодзіцца цар выканаць патрабаванні? Фёдар Скумін у гутарцы з паслом Ржэўскім раіў паведаміць цару, што ён павінен «тры калоды перакрочыць»: каранаваццаўКракаве, пісаццаўтытуле перш каралём польскім і вялікім князем літоўскім, перамяніць веру. «Калі мы гэтыя тры калоды, дасць Бог, перавалім, дык будзем з вамі ў вечным злучэнні»[32]. Як высветлілася, аб гэтыя калоды і спатыкнуўся цар. На элекцыйным сойме царскія паслы паведамілі, што
    ўладар застанецца ў праваслаўнай веры, вянчацца на каралеўстве будзе ці ў Маскве, ці ў Смаленску, карона польская будзе пад царскай шапкай Манамаха, тытул будзе: цар і вялікі князь усёй Русі, уладзімірскі і маскоўскі [33].
    Маскоўскі ўрад імкнуўся да першынства ў будучай федэрацыі і дамагаўся кіраўніцтва ў яе знешняй палітыцы. Дыгнітарыі добра разумелі, што задумаў цар, — такая унія іх не задавальняла. Аднак сярод шляхты кандыдатура Фёдара Іванавіча карысталася папулярнасцю. Літвіны нават падчас элекцыі 1 жніўня 1587 года пастанавілі
    не жадаць друтога караля, апроч маскавіта, пад пагрозай страты маёмасці, гонару і жыцця [34].
    Элекцыйны сойм пачаўся 30 чэрвеня 1587 года каля Варшавы. Польскія паны прыехалі, нібыта на вайну, на чале шматлюдных почтаў. Збароўскія, падтрыманыя імператарам і папскім нунцыем Анібалам, нанялі 10 тысяч нямецкіх, французскіх, італьянскіх, чэшскіх жаўнераў і прывялі з сабой гэтае воінства. Замойскі са сваімі прыхільнікамі таксама абапіраўся на ваярства. Так зброяй спадзяваліся яны падтрымаць сваіх кандыдатаў. Абодва сталі асобнымі лагерамі, як два непрыяцельскія войскі. Літвінская дэлегацыя спынілася на супрацьлеглым беразе Віслы каля сяла Каменка. Пра нейкую агульную згоду ніхто і не марыў. I калі для палякаў сойм стаў полем змагання за ўладу, дык літвіны абаранялі сваю дзяржаву.
    Як бы ні склаліся падзеі, хто, у рэшце рэшт, ні перамог бы, літвінам важна было, каб новы манарх выканаў іх волю: вяртанне аднятых ад Лігвы на Люблінскай уніі зямель, прызнанне за імі Лівоніі і зацверджанне Статута, якім і адмяняліся артыкулы уніі. накіраваныя на скасаванне самастойнасці Літвы.
    Палякі, зразумела, не пагадзіліся з літвінамі і прапаноўвалі поўнае злучэнне Кароны і Княства пад агульнымі законамі і трыбу-
    налам. Адпор літвінаў, якія папярэдзілі, што яны не прыступяць да каралеўскай элекцыі, пакуль палякі не вьшравяць усе парушэнні, учыненыя Літве уніяй, прымусіў польскі бок на ўступкі.
    Акт ад 4 жніўня 1587 года ад імя польскіх і літвінскіх станаў дэклараваў падзел Лівоніі паміж Літвой і Польшчай. Літвіны на гэта не пагадзіліся і адклалі свае патрабаванні на разгляд каранацыйнага сойма.
    Тым не менш да адкрытага разрыву Княства з Каронай, як гэтага палохаліся палякі, справа не дайшла. Леў Сапега непасрэдна ўдзельнічаў у перамовах з польскім бокам. Трэба адзначыць, што падканцлер уплываў на пазіцыю паноў рады. Яшчэ ў 1585 годзе ён прызнаваўся Крыштофу Радзівілу:
    Ад таго часу, як пачалася вайна за Лівонію, палякі і гарэлага шэлега не далі нам у дапамогу... Яны хочуць нас адпіхнуць не толькі ад заваяванага намі цяпер, але і ад таго, што мы трымалі раней [35].
    Відавочна сувязь гэтага даўнейшага меркавання Сапегі з цяперашняй праграмай літвінаў.
    Элекцыя ператварылася ў аблудлівую гульню — хто каго перахітрыць. Hi адна з партый не сабралася разам для абмеркавання кандыдатур на гаспадарскі пасад.
    У лагеры Замойскага выступалі за Жыгімонта Вазу. За галоўны довад прызнавалі магчымасць уключэння ў склад Рэчы Паспалітай Эстоніі. Адзначалася, што саюз з Швецыяй дазволіць стварыць моцны флот на Балтыйскім моры, забяспечыць мір з Турцыяй. Прываблівала заява шведскіх паслоў:
    Кароль Швецыі абяцае, і гэта з Боскай дапамогай, пэўна, так і будзе, калі палякі дапамогуць, дык ён спустошыць і разрабуе маскавіцкія землі [36].
    I «абяцанне» знаходзіла шчыры водгук у палякаў:
    Маскавіты ледзь супрацьстаяць моцы гэтых двух народаў паасобку, а калі яны аб’яднаюцца, яны не вытрымаюць [37],
    Літвіны, якіх «знясілілі» войны з Масковіяй, выступалі супраць уладара, які прагне вайны. Так што шведа падтрымалі толькі паплечнікі Замойскага. Яшчэ менш шанцаў меў Габсбург. Збароўскія без асаблівага поспеху агітавалі за імператарскі дом. Лагер іх прыхільнікаў не вызначаўся шматлікасцю. Літвіны засталіся вернымі сваёй кандыдатуры — цару Фёдару Іванавічу.
    Праўдападобна, што літвінскія, украінскія, мазавецкія палітыкі дамовіліся пра сумесныя дзеі на аднаўленне ў былых межах Вялікага княства. На такі смелы план літвіны маглі адважыцца пры гарантыі уніі Літвы з Масковіяй. Паны рада ўступілі з маскоўскімі пасламі ў сепаратныя перамовы. Іх цікавіла, ці захоча Фёдар Іванавіч стаць вялікім князем літоўскім, ці здолее хутка дапамагчы Літве войскам, грашыма і ці пакрые зямельныя страты літвінаў у Польшчы. Рада адкрыта паведамляла пра сваю задуму:
    Хочам мы, Літва ды Падляшша, ды Мазоўша з Кіевам, і Падолле, і Валынь... ад Польшчы адарвацца і унію з імі, па вашаму даканчанню, хочам разарваць [38].
    Цар не прадбачыў такога варыянта і таму не даў наказу паслам, што чыніць у гэтым выпадку. Вось і адказалі на літвінскую прапанову маўчаннем. Ну а калі паслы паведамілі: цар адмаўляецца каранавацца ў Кракаве, застанецца ў праваслаўі і не прызнае першынства польска-літвінскага тытула, дык некаторыя з літвінскіх дыгнітарыяў адступіліся ад яго. Нясвіжскія Радзівілы перайшлі ў лагер Габсбургаў, канцлер Астафій Валовіч і жамойцкі староста Ян Кішка схіліліся да Вазы.
    Замойскі наўмысна зацягваў выбары, каб шляхта, прыціснутая грашовымі выдаткамі, раз’ехалася з сойма. Чаго ён і дачакаўся.
    Аднак сам сябе перахітрыў. Пакідалі сойм і верныя канцлеру шляхціцы. Затое імператарскія грошы ўтрымлівалі партыю Габсбурга. Замойскі ўжо страціў надзею перамагчы, як нечакана да яго перакінуўся ад Збароўскіх прымас Станіслаў Кранкоўскі. Польскі першасвятар ставіў то на цара, то на імператара і ўрэшце расчараваўся ў абодвух кандыдатах. Стары, вопытны інтрыган, які ўдзельнічаў у трэціх каралеўскіх выбарах, прадбачыў правал і Фёдара, і Максіміляна. Своечасова зарыентаваўся і паставіў на Жыгімонта — як-ніяк, а Замойскі валодаў рэальнай уладай на Польшчы.
    17 жніўня прымас прылюдна абвясціў, што выбар аўстрыйскай і маскоўскай кандыдатур немагчымы. Кранкоўскі прывёў да Замойскага амаль усіх біскупаў і цэлы натоўп сенатараў. Разгубленаму ад удачы канцлеру прымас заявіў, што няма чаго марудзіць, ён гатовы абвясціць каралём Жыгімонта.
    19 жніўня ў лагеры Замойскага выбралі і менавалі каралём польскім і вялікім князем літоўскім Жыгімонта Вазу. Выбар пацвердзіў прымас. Літвіны 21 жніўня апратэставалі незаконную
    элекцыю. Астафій Валовіч, Ян Глябовіч і Леў Сапега прывезлі пратэстацыю да Замойскага. Ян Глябовіч ад імя Літвы ўказаў, што выбранне Вазы парушае прывілеі уніі, але літвіны могуць згадзіцца і на гэтага караля, калі ён заключыць вечны мір з Масковіяй і верне Літве аднятыя землі.
    Калі аб крылах нагадаць, якія нам аднялі, дык разумееце, калі не можам здабыць іншых і лепшых, чым жа нас узнагародзіць, чым жа наш жаль вылечыць? Раю шукаць дарогі, якая б Айчыну не запаліла знутры; над якой з аднаго боку турчын, а з другога боку маскавіт з гатовай шабляй стаяць [39].
    «Жаль» літвінаў Замойскі не вылечыў. Паабяцай ім вярнуць адабраныя землі, як уся польская шляхта ды панства падняліся б на яго. Ды і на мір з Масковіяй не пагаджаўся, пэўна, спадзяваўся, што перад пагрозай вайны Літва кінецца да ног ягонага стаўленіка Жыгімонта. Літвінскія паслы дэманстратыўна пакінулі лагер Збароўскага. Інакш дзейнічалі прыхільнікі Габсбурга. Яны ўслед за літвінамі не прызналі элекцыі Вазы і выключылі яго з ліку кандыдатаў на пасад Рэчы Паспалітай. Гэта нават паспрыяла Замойскаму ўламаць шведскіх прадстаўнікоў прыняць ягоныя ўмовы.
    Шведы, якія баяліся перамогі цара, саступілі патрабаванням перадаць Рэчы Паспалітай Эстонію і дапамагаць у вайне з Масковіяй. Аднак рана канцлер святкаваў перамогу. 22 жніўня ў лагеры Збароўскіх абвясцілі каралём польскім і вялікім князем літоўскім Максіміляна Габсбурга. I гэтую элекцыю літвіны не прызналі. Супраць
    М. Цюнд, Г. Адэлгаўсер. Каралеўскі палац Стэфана Баторыя. Фрагмент афорта «Выгляд Гародні». 1568 г.
    «гвалту і парушэння правоў і вольнасці» яны выступілі разам са сваімі аднадумцамі з Кароны і 23 жніўня звярнуліся да абедзвюх партый з прапановай адмяніць «намінацыю» абодвух каралёў і ўчыніць новую элекцыю. Калі ж прапанову не прынялі, дык трэці лагер выступіў з пратэстацыяй, у якой вы-
    бары Максіміляна і Жыгімонта абвяшчаліся незаконнымі. Шляхце прапаноўвалася правесці павятовыя соймікі для ўстанаўлення месца і часу паўторнага элекцыйнага сойма.
    Ад свайго кандыдата літвіны не адступіліся і паведамілі маскоўскім паслам:
    Замойскі выбраў шведскага каралевіча, ваявода познаньскі Гурка ды Збароўскія выбралі цэсарава брата, а мы ўсе, Літва і палякаў большая палова, жадаем вашага ўладара. Але затрымка толькі за вераю і за прысудам... толькі нам ведаць, як хутка прыедзе ўладар ваш, мы, выбраўшы б яго, у той жа час рушылі б да Кракава і кароны не далі б ні шведу, ні цэсараву брату [40],