• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вялікі беларус Леў Сапега  Анатоль Тарас

    Вялікі беларус Леў Сапега

    Анатоль Тарас

    Выдавец: Харвест
    Памер: 256с.
    Мінск 2017
    101.77 МБ
    Патрэбныя грошы для вайны Густаў атрымаў і прыняўея рыхтавацца да яе. У Галандыі набываў зброю і порах, у Нямеччыне
    набіраў жаўнераў. Увесь пафас абаронцы Швецыі прыкрываў простую мэту — заваяваць Лівонію. I не Жыгімонт, а Густаў пачаў першым вайну. Вясной 1617 года шведскае войска на чале з каралём высадзілася з караблёў каля Віндавы. У Лівоніі знаходзіліся нешматлікія літвінскія аддзелы пад зверхнасцю польнага гетмана літоўскага Крыштофа Радзівіла. Галоўныя сілы Літва трымала супраць Масковіі, а Польшча — супраць Порты.
    Крыштоф Радзівіл скардзіўся Сапегу: «Што тут з такой горсткай будзеш рабіць, куды кідацца?» Чым мог дапамагчы Сапега? Прасіў ён у караля грошай на войска і чуў адно і тое: «Пенедзей няма».
    Лівонію не выпадала як бараніць. Так што лёгка быць пераможцам, калі ўдарыць у спіну, ды яшчэ і нечакана. Поспеху шведаў спрыяў і пераход на іх бок палкоўніка Фарэнсбаха. Ён здаў шведам 8 жніўня Пернаў. Яшчэ адзін замак узяў Густаў Адольф — Саліс. Пасля чаго прыняўся за аблогу Дынамюндэ, які ахоўваў подступы да Рыгі. Тут яго чакала няўдача. Паход на Рыгу сарваўся. Густаў Адольф вымушаны быў пры пасрэдніцтве дацкага караля Хрысціяна IV заключыць з Жыгімонтам двухгадовае перамір’е.
    Жыгімонт не надаў належнай увагі гэтаму выступу стрыечнага брата і спадзяваўся з часам расправіцца з ім. А пакуль займаўся больш важнымі справамі: выправіў па царскі вянец у Маскву каралевіча Уладзіслава. Так што для Лівоніі не хапала ні войска, ні грошай, ні часу. Затое Густаў Адольф не ставіўся так лёгкадумна да Лівоніі, папаўняў і войска, знаходзіў і грошы, даражыў і часам. Завёў шведскі кароль сяброўства з Галандыяй, выдаючы сябе за абаронцу пратэстантызму. Як і шведаў, так і галандцаў Густаў пужаў намерам каталіцкіх уладароў расправіцца з пратэстантамі. Варта Рэчы Паспалітай перамагчы Швецыю і ўзяць пад кантроль балтыйскі гандаль, як Галандыя пазбавіцца галоўнай крыніцы багацця і падзе лерад Іспаніяй.
    Такой была дыпламатыя Густава, і яна прыносіла плён. Пратэстанцкія краіны дапамагалі шведскаму каралю. Гэтак, з Галандыі дастаўлялі зброю, порах, караблі, вайсковы рыштунак. Галандыя дала Густаву і вялікую пазыку і абяцала абвясціць Рэчы Паспалітай вайну. Жыгімонт па-ранейшаму недаацэньваў сілу стрыечнага брата і не прызнаваў яго шведскім каралём, а таму не прадоўжыў з ім перамір’е. Недальнабачны, выкліканы самалюбівымі намерамі крок Жыгімонта зноў стаў бядой для Рэчы Паспалітай. Густаў Адольф нанёс удар, калі войска Рэчы Паспалітай стаяла супраць турэцкіх
    полчышч. He паслухаўся і англійскага караля, брандэнбургскага электара і галандскіх саюзнікаў не ганьбіць сваю славу нападам на краіну, якая ў гэты час абараняла Еўропу ад мусульманскага нашэсця. Здрадніцкі ўдар, варты не вялікага палкаводца, а звычайнага злодзея, дарма што карону насіў на галаве.
    Летам 1621 года шведскі флот болей за сто караблёў прыстаў да берагоў Лівоніі. Кароль павёў 17-тысячнае войска (3125 конніцы і 14 700 пяхоты) пад Рыгу. 1 жніўня пачалася аблога горада. Рыжане мужна адбілі штурм. Жыгімонт безразважліва адносіўся да просьбаў рыжанаў дапамагчы. Кароль і яго дарадчыкі лічылі Рыгу непрыступнай — вытрымае аблогу. Адна Літва прыйшла на дапамогу рыжанам. Але ў польнага гетмана Крыштофа Радзівіла яўна не хапала войска. Усяго тысяча чалавек. Ён адступіў ад Рыгі.
    Палову месяца шведы здабывалі горад. Штодня гарматы абстрэльвалі гарадскія ўмацаванні, выпускалі па тысячы ядраў за дзень. Калі Густаў Адольф прапанаваў рыжанам здацца, дык яны адказалі, што будуць абараняцца да апошняга чалавека. I ўсё ж бамбардзіроўка зрабіла сваю справу, разбурыла частку ўмацаванняў. Цвёрдасць абаронцаў пахіснулася. Чакаць выратавання не было адкуль. 15 верасня гарадскі магістрат здаў горад шведам.
    Густаў Адольф пакіну ў Рызе яе ранейшыя вольнасці і прывілеі, але прысвоіў сабе гарадскі замак і мытню, выменні, якія належалі каралям польскім і вялікім князям літоўскім. Забраў і маёмасць езуітаў. Рэч Паспалітая пазбавілася свайго важнейшага порта на Балтыйскім моры. Асабліва адчувальнай была гэта страта для Літвы.
    Густаў Адольф спяшаўся на поўніцу выкарыстаць спрыяльны момант. Шведы ўзялі Дынамюндэ, а пасля рушылі ў Курляндыю. Навёў іх сюды брат курляндскага герцага Вільгельм Кетлер — марыў сам уладарыць. Вось і ітрасіў Густава паспрыяць яму. Без супраціўлення на другі дзень аблогі здалася курляндская сталіца Мітава. Занепакоены Сапега папярэджваў караля: «Усім нам патрэбны мір». He да вайны было. I думаў ён пра просты народ: «Так вынішчылі ўбогіх людзей, што не толькі пабораў даць не могуць, але самі не маюць што есці, ад голаду мусяць паміраць»[143]. Аднак Жыгімонт не згаджаўся на мір. А вясной 1622 года Радзівіл на чале трохтысячнага літвінскага аддзела вымусіў капітуляваць шведскі гарнізон у Мітаве. Смаленскі ваявода Гансеўскі разбіў шведаў каля Кокенгаўзена.
    Занепакоены Густаў летам 1622 года прыбыў у Лівонію і прапанаваў Радзівілу заключыць сепаратную дамову паміж Швецыяй
    і Літвой. Гетман адмовіўся ад такой прапановы. Але вось перамір’е ад імя Рэчы Паспалітай заключыў. Чым заслужыў нараканні Жыгімонта, маўляў, учыніў перамір’е без каралеўскіх паўнамоцтваў. Перамовы аб міры закончыліся безвынікова з-за прэтэнзій Жыгімонта на шведскую карону, пагадзіліся на перамір’е. Але трымалася яно нядоўга. Вайна зноў пачалася ў 1625 годзе. Густаў Адольф падзяліў войска на часткі і выправіў іх на Курляндыю, Прусію і Усходнюю Эстонію, а сам рушыў да межаў Літвы. 15 ліпеня пасля гарматнага абстрэлу шведам здаўся Кокенгаўзенскі замак. Перад шведскім войскам скарылася некалькі гарадкоў.
    Аддзел сына Сапегі Яна пацярпеў паражэнне. Малады Сапега так ірваўся ў бой з ворагам, што напароўся прама на яго. He паспеў і воінаў расставіць, як шведы ўдарылі. Вершнікі дык выратаваліся, а вось пешцы — хто лёг на полі забітым, а хто трапіў у няволю. Сам Ян уцёк. Шведы перайшлі літвінскую мяжу і падступілі да радзівілаўскага замка Біржы. Абаронцы пратрымаліся толькі пяць дзён і 20 жніўня запрасілі літасці. Замак разам з арсеналам у 70 гармат дастаўся пераможцам. Адначасова генерал Понтус Дэлагардзі ўзяў Дэрпт, а следам і Нейгаўз. Паспяхова дзейнічаў генерал Горн, які прымусіў здацца Марыенбург і некалькі другіх замкаў. Уся Лівонія і Курляндыя (шведы адваявалі і Мітаву) апынуліся пад шведам. Толькі Дынабург заставаўся вольным. Горн спрабаваў захапіць і гэтую цвержу, але пры штурме атрымаў раненне і адступіў пабіты.
    Як ні падабалася Жыгімонту ўзвышэнне Льва Сапегі, але нічога не заставалася, як назначыць яго вялікім гетманам літоўскім. Да пасады віленскага ваяводы (Сапега атрымаў яе ў 1621 годзе) дадалося і гетманства. Такім чынам, Леў Сапега стаў самым уплывовым і значным дыгнітарыем Вялікага княства. Праўда, яшчэ ў 1623 годзе Сапега добраахвотна склаў з сябе абавязкі канцлера.
    Выпадак беспрэцэдэнтны, калі вяльможа пры жыцці адмаўляецца ад такой пасады. Прычынай уходу могло стаць расчараванне палітыкай Жыгімонта. Паддаючыся патрабаванням папы рымскага мячом пакараць віцебскіх паўстанцаў супраць царкоўнай уніі, Жыгімонт, у сваю чаргу, патрабаваў жорсткай расправы і ад Сапегі, які ўзначальваў судовую камісію. Сапега чыніў суд насуперак перакананням.
    Людзей каралі за спробу абараніць сваю веру і годнасць. Расправа над паўстанцамі была жорсткай (20 чалавек пакараны смерцю), але сваю нязгоду з Жыгімонтам Сапега выказаў уходам з канцлерскай пасады, каб надалей не станавіцца заложнікам палі-
    Густаў Адольф (1594—1632). А. Ван-Дэйк. XVII cm.
    тычных патрабаванняў вышэйшай улады. Але Жыгімонту зноў спатрэбіўся Леў Сапега. Пасля смерці вялікага гетмана Яна Карла Хадкевіча не было на Літве вопытнага і таленавітага палкаводца. Сапега прасіў Жыгімонта назначыць вялікім гетманам Крыштофа Радзівіла, якому раней дастаў пасаду дворнага маршалка. Але сенатары зрабілі Радзівіла вінаватым у страце Лівоніі. Трэба на кагосьці зваліць віну. Ды і сам польны гетман не вызначыўся перамогамі і вайсковай славай. А Жыгімонт не хацеў давяраць гетманскую булаву кальвіністу.
    He праславіўся подзвігамі на ратным полі і Леў Сапега, але менавіта яму 25 ліпеня 1625 года перадаў вялікі князь уладу над літвінскім войскам. Радзівіл у лістах да Сапегі дакараў яго, маўляў, на зло яму прыняў гетманства. «Не трэба думаць пра мяне, што вам на злосць гэтак учыніў, ніколі і нікому на зло нічога не чыніў», — адказаў Сапега[144]. Відаць, Жыгімонт разлічваў, што паважаны і ўплывовы на Літве дыгнітарый здолее сваім прыкладам павесці за сабой паноў і шляхту.
    Сам Сапега новае прызначэн-
    не прыняў як святы абавязак перад Айчынай: «Калі маім слабым сілам даручана пахіленую сцяну падпіраць і неасцярожна ўчынены пажар гасіць прыходзіцца, дык гадам і здароўю дзеля Айчыны не дам адпачынку»[145]. Так у немаладым веку Сапега ўзначаліў літвінскае войска. Хаця і войска моцнага не было. А сабраць шляхту з-за эпідэміі не выпадала. Тым не менш гетман рабіў усё магчымае, каб спыніць рух шведаў на Літву. Пад Дынабург ён паслаў нанятых за свой кошт сотню пехацінцаў і некалькі соцень казакоў пад началам Аляксандра Гансеўскага. Пасілак падышоў своечасова, і гарнізон адбіў шведскі штурм.
    Выступіў у паход і сам гетман. Літвіны адваявалі ад шведаў Люцын, Рэжыцу, Марыёнгаўз і Зелборг. Густаў Адольф адразу прыняў меры, каб спыніць пераможны рух літвінскага войска. Ён тэрмінова загадаў пакінуць сваім аддзелам Курляндыю, каб захаваць іх ад разгрому. Мітава і Боўск зноў сталі вольнымі. Сам Густаў захацеў
    пераправіцца цераз Дзвіну і ўдарыць на Літву. Сапега ўгадаў гэты манеўр і падсцярог непрыяцеля каля рэчкі Авіншта ў месцы, дзе яна ўпадае ў Дзвіну. Шведскае войска 9 кастрычніка 1525 года спынілася на процілеглым беразе. Сапега ўгледзеў і караля, які красаваўся на кані перад сваімі ваярамі. Праверыў яго храбрасць. Па гетманскаму загаду гарматчыкі далі залп. I ўдача! Ядро трапіла прама ў каралеўскага каня і забіла жывёлу. Густава выратавалі жалезныя пісталеты і сядло, якія захавалі яго ад раны.
    Напужаны кароль адразу ж перасеў на другога каня і на ім панёсся падалей ад смяротнага агню. Шведы падаліся за сваім правадыром. Пасланыя гетманам літвінскія вершнікі на чале з Аляксандрам Гансеўскім пераправіліся цераз рэчку і на плячах шведаў уварваліся ў Даленскі замак. У палон трапіла 200 чалавек.