Вялікі беларус Леў Сапега  Анатоль Тарас

Вялікі беларус Леў Сапега

Анатоль Тарас
Выдавец: Харвест
Памер: 256с.
Мінск 2017
101.77 МБ
Пасля перамогі 4 ліпеня 1610 г. войска гетмана Станіслава Жулкеўскага, якое складалася з польскіх і беларускіх коннікаў і ўкраі-
нскіх казакоў (6525 чалавек) над 35-тысячнай арміяй князя Дзмітрыя Шуйскага (брата цара) над Клушынам кая Гжацка, Жулкеўскі пайшоў наМаскву. Калі там даведаліся аб паразе, цар Васіль Шуйскі быў скінуты з трона і створаны баярскі ўрад (так званая «сямі-
баяршчына»),
Гэты ўрад падпісаў у жніўні 1610 г. дагавор з С. Жулкеўскім аб перадачы маскоўскага трона 15-гадоваму каралевічу Уладзіславу, які быў афіцыйна абвешчаны царом Масковіі. Яму цалавалі крыж і далі грамату жыхары Масквы і іншых гарадоў. У Маскву быў запрошана польска-беларускі гарнізон. С. Жулкеўскі адправіў да караля
пад Смаленск вялікае баярскае пасольства—прасіць адпусціць сына ў Маскву, панаваць. У пасольства гетман уключыў усіх магчымых прэтэндэнтаў на царскі трон. Перамовы з імі вёў Л. Сапега. У той жа час ён пераконваў Жыгімонта III хутчэй адпусціць Уладзіслава ў Маскву. У гэтым ён бачыў здзяйсненне свайго даўняга плана аб дзяржаўнай уніі Варшавы, Вільні і Масквы.
Па загаду караля ўмовы дагавору з маскоўскімі прадстаўнікамі былі перагледжаны, аднак маскоўскія паслы на ўступкі не ішлі і адмовіліся пераканаць ваяво-
Ян Караль Хадкевіч (1560—1621)
ду М. Шэіна, які абараняў Смаленск, капітуляваць. Тады, зноў-такі па загаду караля, 12 сакавіка 1611 г. Л. Сапега абвясціў маскоўскім паслам, што яны арыштаваныя, іх адсылаюць у Польшчу да канца вайны.
Пасля ўзяцця Смаленска каралеўскімі войскамі ў чэрвені 1611 г. Л. Сапега разам з каралём Жыгімонтам вярнуўся ў Вільню і пачаў рыхтаваць скліканне сойма. На павятовых сойміках, на якіх выбіралі паслоў на сойм, і на перадсоймавым з’ездзе дэпутатаў ад ВКЛ ў Слоніме (верасень 1611 г.) ён прапанаваў далучыць да Рэчы Паспалітай занятыя польскімі і літоўскімі войскамі тэрыторыі Смаленшчыны (вярнуўшы, такім чыгам у склад ВКЛ), і Севершчыну, якую прапанаваў далучыць да ўкраінскіх зямель Польшчы. 3 такой жа прапановай ён выступіў і на сойме. Пры гэтым ён настойваў на
далучэнні Смаленскай зямлі да ВКЛ і, згодна са Статутатам ВКЛ, пратэставаў супраць надання маёнткаў там польскай шляхце.
У канцы 1611 г. Л. Сапега ў Варшаве ўдзельнічаў у перамовах з маскоўскім пасольствам князя Юрыя Трубяцкога і баярына Міхаіла Марозава, якія прыехалі з просьбай маскоўскага ўрада хутчэй адпуспіць цара Уладзіслава Сігізмундавіча ў Маскву. Сапега быў супраць таго, каб адпусціць юнака на царства ў няпэўнай сітуацыі ў Маскву, і кароль пагадзіўся з гэтым. Аднак восенню 1612 г. Сапега ўдзельнічаў у новым паходзе на Маскву, адначасова з гетманам Янам Каралем Хадкевічам і разам з каралём і каралевічам Уладзіславам, якога цяпер ужо хацелі пасадзіць на маскоўскі трон. Але час быў страчаны. Войскі апалчэння, якім камандаваў князь Дзмітрый Пажарскі, не дапусцілі невялікае войска Хадкевіча да Крамля, дзе засеў польскабеларускі гарнізон, і пасля баёў у самім горадзе Хадкевіч вымушаны быў адступіць. Мара Сапегі не здейснілася.
У наступныя гады Л. Сапега цалкам узначаліў усходні кірунак
Альбрыхт Станіслаў Радзівіл палітыкі Рэчы Паспалітай, дбаючы (1593—1656)	перш за ўсё пра інтарэсы ВКЛ. На
сойме 1616 году ён выступаў з прапановай аб падрыхтоўцы новай вайсковай экспедыцыі на Маскву і абяцаў шляхце надзяліць яе далучаныя падчас вайны землямі на Усходзе. Дзеля гэтага ў красавіку 1617 года на канвакацыйным з’ездзе прадстаўнікоў шляхты ВКЛ Сапега разам з іншымі сенатарамі пераканаў шляхецкіх дэпутатаў ухваліць новыя падаткі на два гады. Матывамі неабходнасці новай вайсковай экспедыцыі былі ўзвядзенне на царскі трон (дзе малады цар Міхаіл Раманаў яшчэ не замацаваўся) каралевіча Уладзіслава і замацаванне Смаленскага ваяводства.
Урэшце ў ліпені 1617 г. каралевіч рушыў у паход. Шлях войска на чале з гетманам Я.К. Хадкевічам праходзіў праз Беларусь. Л. Сапега наладзіў прыём каралевічу ў сваіх рэзідэнцыях у Ружанах і Слоніме. Канцлер выставіў са сваіх уладанняў у войска Уладзіслава Вазы дзве роты: гусарскую (200 коннікаў) і пяхотную (100 чала-
век). Л. Сапега суправаджаў каралевіча. Былі заняты Дарагабуж і Вязьма.
Аднак войска было невялікім, а справа з грошамі была вельмі кепскай. Частка галодных жаўнераў пакінулі войска. Каб узмацніць войска Уладзіслава і Хадкевіча, Сапега вярнуўся ў Вільню і сабраў грошы для войска. Адначасова ён дамовіўся з казацкім гетманам Пятром Канашэвічам-Сагайдачным аб паходзе ўкраінскіх казакоў наМаскву. Сойм 1618 г. грошай на працяг кампаніі не даў і выказаўся за перамовы з Масквой. Сапега вымушаны быў з гэтым пагадзіцца. Аднак выслаў на дапамогу Уладзіславу вайсковыя падмацаванні, у тым ліку эскадроны беларускіх татараў.
У кастрычніку 1618 г. каралевіч Уладзіслаў, гетманы вялікі літоўскі Ян Караль Хадкевіч і ўкраінскі гетман Пётр Сагайдачны падышлі да Масквы. Каралевіч знаходзіўся ў сяле Тушына, Сагайдачны з казакамі — каля Данскога манастыра. Аднак штурм Масквы вынікаў не даў, не былі ўзяты таксама Мажайск і ТроіцкаСергіеў манастыр. У тэты час Л. Сапега вярнуўся да каралевіча пад Маскву.
Вычарпаныя баявыя рэсурсы і значныя страты ў людзях прымусілі абодва бакі пайсці на перамовы. У гэтых перамовах Сапега быў адным з чатырох паслоў. У выніку перагавораў 11 снежня 1618 г. паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай было заключана ў сяле Дэуліна перамір’е на 14 з паловай гадоў. ВКЛ афіцыйна вярнула сябе Смаленскае ваяводства, за выключэннем Вязьмы, а Польшча атрымала Ноўгарад-Северскія і Чарнігаўскія землі з адпаведнымі гарадамі. Каралевіч Уладзіслаў захаваў тытул «цара маскоўскага», але на троне застаўся Міхаіл Раманаў. Пытанне аб канчатковым міры было адкладзена.
* * *
У 1621 г. канцлер Сапега займаўся размяркавнням паспалітага рушэння ВКЛ. Ён накіраваў розныя харугвы на вайну супраць Турцыі ў Малдавію, супраць шведаў у Інфлянты, на Смаленшчыну і ўсходні бераг Дняпра — на выпадак абароны ад магчымага нашэсця маскоўскіх войскаў.
Потым Сапега знаходзіўся ў Варшаве і займаўся справай адпору шведам у Інфлянтах. Шведскія войскі захапілі Рыгу і Мітаву (Елгаву), сталіцу Курляндскага герцагства, васала Рэчы Паспалітай.
На пачатку 1623 г. Л. Сапега ўдзельнічаў у Варшаве ў працы сойма Рэчы Паспалітай. 6 лютага 1623 г. ён атрымаў ад Жыгімонта Вазы прызначэнне на самую ганаровую ваяводскую пасаду ў ВКЛ —
ваяводы Віленскага і адначасова адмовіўся ад пасады канцлера вялікага на карысць падканцлера Альбрыхта Станіслава Радзівіла. Адмовіўся Л. Сапега і ад пасады старосты Берасцейскага.
ВІЦЕБСКІ БУНТ (1623 г.)
У гэты ж час яму прыйшлося займацца і спрэчкамі паміж іерархіяй уніяцкай царквы і праваслаўнымі вернікамі. На Украіне ўжо ў 1620 годзе была ўзноўлена праваслаўная іерархія на чале з мітрапалітам (адначасова з існаваннем уніяцкай царквы і каталіцкага касцёлу). Аднак Украіна была ў складзе Польскага каралеўства, там дзейнічалі польскія законы. У ВКЛ заканадаўства было сваё.
У гэтым рэлігійным канфлікце Л. Сапега выступаў на баку уніятаў. Аднак ён намагаўся неяк улагодзіць канфлікт. Калі ўвосень 1618 г. уніяцкім архіепіскапам Полацкім стаўся Іасафат Кунцэвіч, у новага архіепіскапа пачаўся канфлікт з праваслаўнымі магілёўскімі мяшчанамі, якія яму не падпарадкаваліся. 22 сакавіка 1619 г. кароль сваім дакрэтам патрабаваў пакарання смерцю бунтаўшчыкоўмагілёўцаў. Аднак Сапега, дзяржаўца Магілёўскай эканоміі, пакараў магілёўцаў буйным грашовым штрафам і загадаў гарадскім уладам перадаць цэрквы пад юрысдыкцыю I. Кунцэвіча.
У лютым 1621 г. Л. Сапега як канцлер адмовіўся прыкласці пячатку да універсала Жыгімонта Вазы, якім той забараняў полацкаму магістрату дапусціць у горад праваслаўнага полацкага архіепіскапа Мялеція Сматрыцкага. Такім чынам, універсал караля не меў законнай сілы. 12 сакавіка 1622 г. Л. Сапега накіраваў ліст да I. Кунцэвіча, у якім абвінаваціў уніяцкага архіепіскапа ў рэпрэсіўных дзеяннях супраць праваслаўных і папярэдзіў яго аб трагічных наступствах такой палітыкі.
На сойме 1623 г. Л. Сапега быў уключаны ў склад соймавай камісіі, што павінна была мірыць абодва бакі (уніятаў і праваслаўных) шляхам узаемных уступак. Але 12 лістапада 1623 г. віцебскія праваслаўныя мяшчане жорстка забілі Кунцэвіча. Пасля гэтага Л. Сапега атрымаў асобыя паўнамоцтвы ад Жыгімонта III на правядзенне судовага працэсу ў Віцебску.
Узначальваемая Л. Сапегам судовая камісія ўсебакова разгледзіла справу аб забойстве архіепіскапа і 22 студзеня 1624 г. прыгаварыла 19 мяшчан да смяротнага пакарання. Яшчэ 78 мяшчанам, якія ўцяклі ў Масковію, прыгавор быў вынесены завочна. Камісія
усталявала, што бунт узначальваў праваслаўны non Сцяпан Пасьера, а грошы на падрыхтоўку бунту дала Віленскае праваслаўнаен брацтвап. У Віцебска было адабрана магдэбургскае права, ўсе вялікакняжацкія і каралеўскія прывілеі. Была разбурана гарадская ратуша. Зправаслаўных цэркваў знялі званы.
Аляксандр Гасеўскі (1575—1639)
НА ВАЙНЕ СА ШВЕЦЫЯЙ (1625 Г.)
25 ліпеня 1625 г. кароль Жыгімонт III прызначыў Л. Сапегу гетманам вялікім літоўскім. Галоўнакамандуючаму было ўжо 68 гадоў. Жыгімонт быў настроены варожа да гетмана польнага Крыштофа Радзівіла, швагра Л. Сапегі, і таму аддаў вялікую булаву Сапегу, пакінуўшы К. Радзівіла з малой булавой.
Кароль таксама разлічваў на здольнасць Сапегі забяспечыць фінансамі войска, без чаго працягваць вайну са Швецыяй было немагчыма. Польны гетман пакрыўдзіўся і на караля і на Л. Сапегу. Барацьба паміж дзвюма групоўкамі магнатаў у Вялікім Княстве абвастрылася.
На тэатр ваенных дзеянняў стары гетман не паехаў. Знаходзячыся ў сваім маёнтку Талачыне і выязджаючы ў Магілёў, ён фарміраваў ваенныя атрады. А камандаваць войскам у Інфлянтах замест яго быў прызначаны Смаленскі ваявода Аляксандр Гасеўскі.
Толькі ў верасні 1625 г. Сапега выехаў на фронт на Заходнюю Дзвіну. Дывізія Л. Сапегі дзейнічала асобна ад дывізіі польнага гетмана Крыштофа Радзівіла, і толькі ў лістападзе 1625 г. абодва гетманы сустрэліся і прынялі агульны план ваенных дзеянняў.
Пакінуўшы ў войску свайго сына Яна Станіслава, літоўскага маршалка вялікага, Л. Сапега ад’ехаў на сойм у Варшаву. Хутка пасля яго ад’езду, 17 студзеня 1626 г., малады шведскі кароль Густаў II Адольф нанёс сур’ёзнае паражэнне войску Яна Станіслава Сапегі. Войскам ў Інфлянтах камандаваў Аляксандр Гасеўскі. Ён таксама цярпеў паражэнні ад шведаў.