Вялікі беларус Леў Сапега
Анатоль Тарас
Выдавец: Харвест
Памер: 256с.
Мінск 2017
У1590 годзе Леў Сапега атрымаў ад караля новыя землеўладанні. У абмен на пабудаваную ў час Лівонскай вайны наземлях яго бацькі Суражскую крэпасць кароль дазволіў яму і яго братам далучыць да іх двароў Паланай, Брэшаў, Беражвечы, Цеплякі, Чарэя, Лемніцы, Алексінцы і Басея, частку земляў стрыечнай бабулі, нябожчыцы Ганны Сапегі-Скаруцінай (сястры дзеда Яна Багданавіча Сапегі, пра якога згадвалася раней) (Sapiehowie 1890: 151). У той жа час ён атрымаў дазвол уладара пераняць Здзітаўскае стараства ад яго былога ўладальніка Смаленскага кашталяна Астафія Тышкевіча і, разам з жонкай Даротай, Ёсвайнскае стараства, заплаціўшы яго былому гаспадару Яроніму Квілецкаму 2000 коп грошай закладу (Sapiehowie 1890: 151).
Таксама было пашырана і яго дзяржанне Маркава, калі зямянін Мінскага ваяводства Станіслаў Садоўскі перадаў яму правы на дзве суседнія вёскі. Аўдавеўшая каралева Ганна, якая, як ужо згадвалася, заўсёды спрыяла Льву Сапегу, таксама перадала яму Блудзенскую «дзяржаву» ў Берасцейскім павеце (Sapiehowie 1890: 151—152, 394).
У тым жа 1590 годзе ў Аршанскім, Берасцейскім і іншых паветах ад Берасцейскага ваяводзіча Яроніма Гарнастая ён атрымаў долю Друцкага замка і двары Талачын, Славены, Ябланкі, Кіевец, Стараселле, Коханаў, Басея, Шышаў, Везніца, землі двара Радча і такой жа назвы фальварка (LMAB RS. F. 1—208). Акрамя таго, дзейнічаючы энергічна, ён праз суд «вызваліў» ад даўгоў і адсудзіў
ад Мыслініцкага падараваны яму дзядзькам Андрэем Сапегам вялікі двор Замошша (VUMB RS. F. 59—13. L. 13).
Невычарпальная энергія Льва Сапегі, выдатнае веданне законаў, разуменне працэсуальнага права, здольнасць ужыцца са сваякамі, пасада падканцлера, а з 1589 года і канцлера, палітычная праніклівасць і тонкая дыпламатыя ва ўзаемаадносінах з каралеўскай уладай і панамі-радай, выгадны шлюб з багатай удавой далі яму магчымасць праз некалькі год стаць уладальнікам незлічоных скарбаў, неабсяжных землеўладанняў. Аднак ні высокія пасады, ні сабраныя скарбы, ні бязмежныя землеўладанні не маглі выратаваць яго, як і ўсякага іншага смертнага, ад бязлітасных удараў лёсу. 14 сакавіка 1591 года ў Міжрэчанскім двары памерла яго любая жонка Дарота, пакінуўшы Льву Сапегу іх двухгадовага сына Яна Станіслава і дзевяцігадовую падчарку Барбару. Тэстамент Дароты, напісаны за дзевяць дзён да смерці (Prochaska 1892:65—66. Dok. № 86; Sapiehowie 1890: 381— 391. Dok. № XXV), вызначаецца глыбокім смуткам і болем. Яна асабліва перажывае за сваю дачушку Барбару (Басю), якая застаецца круглай сіратой і якую аддае пад апеку сваёй кузіне Катрыне Радзівіл, віленскай ваяводзіне:
Каб толькі пан Бог маю дачушку па маёй смерці да канца не асіраціў [тут і далей курсіў у транскрыбіраваным тэксце тэстамента — С. Л.]. Таму я жадаю таго, каб ад дзяцінства свайго да пары сталасці, або да таго часу, пакуль пан Бог прызначыць выбраць сябра, яна атрымала добрае выхаванне і развіццё, прашу віленскую ваяводзіну, Міласцівую пані і сястру, ад якой заўсёды вялікую ласку да сябе адчувала, каб Яе Міласць той жа ласкай магла адарыць маіх дзетак, асабліва тую дачушку маю Басю, каб тую Яе Міласць нашла магчымым з ласкі сваёй да сябе ўзяць і яе пры сабе гадаваць, таму што той прыстойней і найлепей за ўсё было б пры Яе Міласці (Sapiehowie 1890: 382. Dok. № XXV).
Але і тут лес вырашыў інакш: праз год памерла і Катрына Радзівіл, а Барбара, дачакаўшыся паўналецця, з вялікім пасагам, які ёй у тэстаменце пакінула маці, выйшла замуж за польскага магната, сандамірскага ваяводу Габрэля Тэньчыньскага (Sapiehowie 1890: 382. Dok. № XXV). Астанкі Дароты пасля заканчэння Львом Сапегам будаўніцтва касцёла Св. Міхаіла былі ў ім перазахаваны (Sapiehowie 1890: 152—153).
Чалавек бяссільны перад смерцю, але і смерць слабая перад неадольным рухам жыцця. Леў Сапега не толькі старанна і мудра
служыў далей на сваіх высокіх дзяржаўных пасадах, але і энергічна ды паспяхова памнажаў свае ўладанні і скарбы. Па жончынаму тэстаменту да яго адышла значная доля яе земляў, каштаваўшых, як ужо было згадана, 30 тысяч злотых. Хутка па смерці жонкі ён прыдбаў новае, можна сказаць, вялізнае землеўладанне і звязаныя з ім даходы і правы. Яго дзядзька Мікалай Сапега ў дароўным акце адпісаў яму ўвесь свой набытак. У рукі Льва Сапегі перайшла значная доля ўладанняў яго дзеда Яна Багданавіча Сапегі і адпаведных важных правоў.
Напрыклад, гэтым дароўным актам яму было дадзена права курыраваць (зразумела, і атрымліваць даходы) Чарэйскі манастыр Св. Троіцы з прыналежнымі яму вёскамі і дзвюма царквамі (LMAB RS. F. 2—61, 71, 72; VUMB RS. F. 59—13. L. llv). Цікавыя матывы Міколы Сапегі ў гэтым дароўным акце:
[...] я, Мікалай Янавіч Сапега, ні чым-небудзь не запалоханы, ні кім-небудзь з людзей не прыняволены, а па сваёй добрай волі, усё абдумаўшы і ведаючы Яго міласці пана Льва Сапегу, канцлера Вялікага княства Літоўскага, Слонімскага, Есвайнінскага, Маркаўскага і Мядзельскага старасту, майго любага пляменніка, прыхільнасць да мяне і дабрадзейнасць, бо мяне ва ўсіх цяжкіх выпадках заўсёды аберагаў і дапамагаў мне, за гэта...» запісаў пералічаныя двары, цэрквы і ўсе велізарныя даходы (LMAB RS. F. 2—72).
I гэта не апошняе сведчанне пра дапамогу і паслугі канцлера Льва Сапегі сваім шматлікім родзічам. У тым самым 1591 годзе ён здзейсніў некалькі неабходных абменаў і атрымаў дазвол выкупіць Капыскае стараства, праўда, выкупіць яго яму не пашчасціла.
У вогуле 1591 год — гэта своеасаблівы размежавальны рубеж у пашырэнні Львом Сапегам сваіх магнацкіх абшараў. Асноўныя спосабы, дзякуючы якім Леў Сапега сабраў у сваіх руках неабсяжныя землеўладанні, — гэта падзелы вотчынных земляў, выгадныя шлюбы, звязаныя са службовай кар’ерай дараванні надзелаў вялікім князем і аўдавеўшай каралевай Ганнай у поўную ўласнасць або на пажыццёвае валоданне, а таксама дароўныя акты шматлікіх сваякоў.
У той час ён ужо быў старастам або пажыццёвым дзяржаўцам такіх вялікіх і багатых старастваў, як Слонімскае, Мядзельскае, Маркаўскае, Здзітаўскае, Блудзенскае і Есвайнінскае, спадчыннікам мноства вотчынных двароў у Полацкім і Віцебскім ваяводствах, Браслаўскім і Лідскім паветах, уласнікам дамоў і
ўчасткаў у Вільні, куратарам некалькіх касцёлаў ды цэркваў, а некаторых і фундатарам. Аднак сквапнасць і прага да багацця ў чалавека часцей за ўсё бывае неабмежаванай. Леў Сапега быў яскравым прадстаўніком буйнай знаці свайго часу: адукаваны гуманіст, эрудыт, выдатны дзяржаўны дзеяч, але разам з тым і заўзяты набытчык скарбаў, у іншых выпадках нават сквапнік, які злоўжываў, як цяпер скажам, сваім высокім службовым становішчам, веданнем законаў, шырокімі сувязямі ў вышэйшых колах Рэспублікі і нарэшце прыхільнасцю каралеўскага палаца.
Набыццё скарбаў працягвалася. Выдатна ведаючы права ВКЛ, Леў Сапега ў 1593 годзе ў Варшаве заключыў пагадненне з Гродненскай старасцінай Ганнай Валовіч, па якому амаль задарма завалодаў двума вялікімі дварамі ў Гродненскім павеце — Харошчай і Далідамі (Sapiehowie 1890: 155, 394). Актам ад 9 жніўня 1594 года жонка нябожчыка Стэфана Баторыя, аўдавелая каралева Польшчы Ганна Жыгімонтаўна яму як канцлеру ВКЛ падарыла двор у прадмесці Варшавы, які раней быў прыватнай маёмасцю Жыгімонта Аўгуста (LMAB RS. F. 1—215).
У тым жа 1594 годзе Леў Сапега атрымаў каралеўскі прывілей на куратарства манастыром Св. Анупрыя ў Мсціслаўлі (Sapiehowie 1890:157). Магчыма, у той жа час ён стаў старастам Свіслацкага стараства, а таксама дзяржаўцам Доўгелішскай воласці, якую пазней перадаў Яну Пацу і яго жонцы, вядома ж, не за дзякуй (Sapiehowie 1890: 157). У кастрычніку таго ж года ён за 8000 злотых перадаў іншым асобам свае закладныя правы на Гродэкскі (Гарадокскі) двор у Гродненскім павеце (Sapiehowie 1890: 158). Менавіта з таго часу Леў Сапега ўжо не толькі атрымліваў ва ўласнасць за пазычаныя грошы маёнткі вялікага князя, але і сам іх ізноў аддаваў у заклад, зарабляючы на такіх аперацыях вялікія грошы.
У 1596 годзе Леў Сапега пачаў тытулавацца і старастам Рэтаўскім, хоць само стараства ён у сапраўднасці атрымаў годам раней (Sapiehowie 1890: 158—159). Ён прадаваў і абменьваў свае двары, імкнуўся набыць новыя, асабліва вотчынныя. Менавіта такім чынам, пасля мноства судовых працэсаў у 1596 годзе яму ўдалося далучыць да сваёй долі ў згаданым радавым уладанні Чарэі яшчэ і іншыя часткі, якімі валодалі яго сваякі (Sapiehowie 1890: 159). У першыя дні 1597 года Леў Сапега атрымаў каралеўскі прывілей на трыманне Астрынецкай воласці з умовай, што ён выплаціць былым дзяржаўцам належныя ім сумы (Sapiehowie 1890: 159—160).
Замак Сапегаў у Ружанах. Сучасны выгляд
Прыйшла пара, калі Леў Сапега не толькі прымаў дарэнні і міласці вялікага князя, але і сам мог адарыць другіх. Напрыклад, у тым жа 1597 годзе набыў большую частку Цітувенскага двара, які належаў Ганне Сапежанке-Сяняўскай, а застаўшуюся частку — ад Эльжбеты Нарушэвіч, а пасля ўвесь маёнтак «уступіў» Укмергскаму стольніку Даніле Левановічу (Sapiehowie 1890: 160).
Дарыў адным, але ў той жа час адбіраў ў другіх дадзеныя ім у трыманне двары, якія раней належалі Слонімскаму стараству, таму што каралеўскі прывілей даваў яму як старасце на гэта поўнае права (Sapiehowie 1890: 160—161, VUMB RS. F. 59—13. L. 5).
Напачатку 1598 года Леў Сапега як дзяржаўца Есвайнінскага стараства атрымаў права аддаць яго ў заклад. У красавіку таго ж года ён становіцца дзяржаўцам вялікага і прыбытковага Магілёўскага стараства, а ў чэрвені згаданага года атрымлівае каралеўскі прывілей сабраць ў Парнаўскім старастве 15 тысяч злотых нават без прадстаўлення справаздачы, што было вельмі рэдкім выключэннем (Sapiehowie 1890: 161). У 1598 годзе Жыгімонт Ваза адабраў у двараніна Браніцкага некалькі каралеўскіх двароў, якія належалі Слонімскаму стараству, і перадаў іх у пажыццёвае ўладанне Льву Сапегу (VUMB RS. F. 59—13. L. 40v).
У тым жа 1598 годзе Леў Сапега набыў у зямяніна Наваградскага павета Берташа Бруханскага за нечуваную суму ў 30 тысяч злотых два вялікіх двары — Ласосну і Ружаны з фальваркамі Белавічы
і Сідараўшчызна ў Слонімскім павеце (LMAB RS. F. 2—73; VUMB RS. F. 59—13. L. 7—17v).
Такім чынам у Слонімскім павеце ўтварыўся вялікі масіў земляў Льва Сапегі. Яго цэнтрам паступова сталі двор і мястэчка Ружаны. 3 ведамасці даходаў за 1611 год бачна, што Ружаны — гэта вялікі двор, які меў каля 400 валокаў зямлі і немалое па тых часах мястэчка — 316 дамоў (VUMB RS. F. 59—2. L. 5v). Неўзабаве Леў Сапега пачаў будаваць тут раскошны і велічны палац, руіны якога зараз нагадваюць Калізей.