Вершы, балады, прытчы
Янка Сіпакоў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 399с.
Мінск 2010
— Вы ж пастраляеце,— ды вас і не відаць, А туркі вернуцца і тых пачнуць страляць, Хто вам валоў даваў на дапамогу...
He, я не дам.
— О, бедная радзіма,— бачыць Бог! — Як здзекуюцца туркі, чарбаджыі!
Для рэвалюцыі б я ўсё аддаў, што мог, Паўстанню б я крывёю дапамог, А ён шкадуе і валовай шыі...
Пайшлі хутчэй!
I Хрыста Боцеў, задушыўшы гнеў, Павёў юнакаў пешых у Балканы — Там падалі сябры, там бой грымеў... Ён рэвалюцыі аддаў усё, што меў,— Там з куляю ён стрэўся гэтак рана На Вол-гары...
Шыбеніца
Беларуская балада. XIX стагоддзе
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь. — Так узаемна!
Пароль паўстанцаў 1863 года
Як вецер над плошчай прагуў кірмашовай, Аж снег ад дыхання, здаецца, растаў.
Спакойна прыйшоў пад нядрэмнай аховай I горда сам-насам з пятлёю ён стаў.
Канечне ж, сябры па паўстанню ў народзе Стаяць і спакояць бунтоўную кроў.
I сам ён на плошчы таксама прыходзіў, Калі там каралі вось гэтак сяброў.
Стаяў між людзей, нібы смяг ачышчэннем, Хоць бегчы ад жуду хацелася прэч, Нібыта ў вачэй ён прасіў прабачэння, 3 якімі ніколі не будзе сустрэч.
Цяпер і ў самога ўжо доля такая — Ён пойдзе к сябрам, пакарыўшыся ёй...
А вісельня ў Вільні чакае, чакае, Нявернікі-каты гуляюць з пятлёй.
Жывога хутчэй збыць у мёртвыя хочуць, А можа, і ў іх страх знайшоўся на дне? — Мне так замінаюць ягоныя вочы...
— Ты знаеш, яны замінаюць і мне...
Ах, каты! I вам ужо вусцішна стала. Нялёгка і вам дастаюцца харчы.
He толькі мы кормім вас хлебам і салам, Мы ўмеем і праўдзе мужыцкай вучыць.
Вось так цэлы край узялі і забілі,
I вырвалі мову з глытніцы жывой, I памяць забралі, каб казкі і былі Навек зараслі бадылём, крапівой.
Са школаў павыгналі роднае слова, У світцы мужыцкай не ўлезці туды. На шчырых, сумленных наладзілі ловы, Як воўчыя ямы — царовы суды.
Нянавісць, што доўга пад стрэхамі спее, Рабам за жыццё нават стане важней.
Той жне, хто пасее, той жне, хто пасее, Хто праўду пасее, той волю пажне.
Мне блізкая цемра выстуджвае грудзі, А катам, здаецца, акропна ўдвайне... — Мне так замінаюць сагнаныя людзі. — Яны замінаюць, ты знаеш, і мне.
Бывай, мой народзе! Жыві ж ты, багаты!
Спакойна памру я, крывіна твая — Зямлю атрымае, гавораць, араты, А шляхты паменела як не ўдвая!
Яшчэ не прасохлі паўстання скрыжалі Ад дымнай крыві і няскораных слёз.
Мяне ж, як асочніка, каты змушалі, Каб я на сяброў па змаганню данёс.
Вось так маю чэсць і мой гонар караюць, Ды к самапавазе і тут я прыйду.
Я быў пракуратарам цэлага краю, Ці ж мне апускацца ў такую брыду?!
3 дзяцінства прыстойнасці знаю прычыны
I сам ненавідзець прывучаны зло.
Звычайная шчырасць — заўжды дабрачыннасць,
Шпіёнства — заўсёды агідным было.
Усё, што жывецьмець,— навечна мінае, У вочы магільнае цемрыва тхне...
— Ты знаеш, а мне цішыня замінае.
— Яна замінае, ты чуеш, і мне.
Нялёгка і горка зямельку пакінуць, Але ж, мой народзе, за праўду тваю Дазволь твайму шчыра-трывожнаму сыну Памерці на вісельні, нібы ў баю.
А ты не чакай дабрадзеяў, народзе, Ніхто табе волі не дасць самахоць.
Пасейся ў свабодзе, радзіся ў свабодзе
I здзейсні сваю векапомную хоць!
I нашых з табой намаганняў не сцерці. Сказаць я хачу пасля столькіх нягод, Што большага шчасця няма, як памерці За вольную волю і вольны народ.
Марознае, ясна-халоднае ранне. Абражаны вісельняй злюднелы пляц. Вось-вось, касінеры, змаганца не стане. Кастусь Каліноўскі...
Вяроўка...
Пятля...
А каты ізноў апусцілі галовы, Як быццам нявідзежны нехта іх гне. — Ты знаеш, мне чуюцца нейкія словы. — Яны замінаюць, ты чуеш, і мне.
Над плошчаю — ціша.
На плошчы — маўчанне.
I ўсё ж, аж, здаецца, хістае зямлю, Маўкліва грыміць,
Нібы кліч да паўстання:
— Люблю Беларусь!
— Узаемна люблю!
Арыштант
Украінская балада. XIX стагоддзе
I зноў марозна доўгая дарога, Наскрозь прамерзлі нават кайданы. Ім да Табольска грукаць яшчэ многа, I вёрсты будзяць, як званы, яны.
Мяне зноўку разлучылі 3 роспачным Падоллем — Мусіць, гэткая ў Кармеля Гараватка-доля.
Шлях на катаргу пачаўся Ад кузні вясковай, Дзе мяне заланцужылі, Закулі нанова.
Твар нанова стаўравалі, Хоць таўро ўжо тое He было дзе нават ставіць На чало крутое.
He тужыце, дабралюдзі: Я і тут вас бачу.
Як успомню гвалт над вамі, Дык і сам заплачу.
Гэта ж трэба, каб у раны Столькі ўцёрлі солі, Каб для вас мачылі доўга Розгі у расоле.
Каб прыгонныя красуні, Быццам бы панятак, Малаком, грудзьмі кармілі Панскіх цуцанятак.
I ў дарозе чую — мною Страшыце вампіраў: «Пачакайце, Кармалюка Вернецца з Сібіру.
Ён тады вам і пакажа, Як загляне ў «госці».
Вы за ўсё, за ўсё плаціцьмець Кроўю, ягамосьці!»
А вось і лета па Сібіру крочыць. Нагрэліся, спацелі ланцугі.
Цяжкія стомадні і стоманочы Матаюць кайданы ў клубок тугі.
I раней плаціў спаўна ім Я за вашы болькі.
Як над дурнямі глуміўся, Каб вы зналі толькі!
Жабракам у торбы сыпаў Панскія дукаты
I за беднага аднога Лез на сто багатых.
Я круціў над галавою I на пасавішча
Так кідаў, бывала, пана,— Што аж вецер свішча.
Піў гарэлку ў корчмах з імі, Піў і на вяселлі,— Дазнаваліся назаўтра, 3 кім яны сядзелі.
Пра мяне ў мяне пыталі, Знаць, дзе я, хацелі.
I я сам ім — сам! — падказваў, Як злавіць Кармеля.
Мне ж таксама давялося Слёзамі давіцца, Як з сынамі і Марыяй Быў на вачавідцы.
Горнуцца сыны да бацькі
3 радасцю дзіцячай. Я ж піхаю ад сябе іх, Хоць душою плачу.
А яны не разумеюць — Зыраць вачаняты, I спалоханыя вусны Шэпчуць:
— Тату!
— Тату!
Я ж кажу:
— I іх не знаю,
I іхняга енку!
Вы ўзялі за Кармалюка Ваську Гаўрыленку.
На мяне глядзяць малечы, Потым зноў на маці...
He, няма цяжэй нічога За слязу дзіцяці.
Дарога чвякае, пад ногі лезе, I сам у твані тонеш да вушэй, Набракла восенню і холадам жалеззе I ад гразі зрабілася цяжэй.
Што ж, чакайце мяне, людзі, 3 катаргі чакайце, На свайго Кармалючэньку Зноў надзею майце.
Бізуны, батогі, плёткі, Канчукі, нагайкі...
На спіне не зажываюць Іх шрамы і спайкі.
Колькі ў вежах насядзеўся, Да слупоў прыкуты!
Ды ўсё роўна вырываўся Я з жалезных путаў.
Пад канвоем быў я вольны, He баяўся гаўя,
I чым болей было варты, Тым лягчэй збягаў я.
На сцяне ў турме як толькі Лодку намалюю —
Мы з сябрамі ў яе сядзем
I з-за крат вяслуем.
Тройчы з катаргі ўцякаў я — Дагані Кармаля!
He, няма такіх кайданаў, Каб мяне стрымалі!
Зноў дамоў вярнуся скора...
Дам я радасць глотцы — Крыкну так, што цар пачуе: — Ну, здаровы, хлопцы!
I ўжо свабода, блізкая такая, Казыча твар, знабкі ад ледзяшоў.
I ў думках ён, шчаслівы, уцякае Адтуль, куды пакуль што не прыйшоў.
Клетка
Руская балада. XVIII стагоддзе
I гэта ўсё? Канец усім надзеям?
Твой шлях папаўся ў клетку, нібы воран, I ў роспачы балюча ў ёй забіўся Крыламі аб жалезныя пруты.
Дарога... Ноч...
Рыпяць пад клеткай колы.
I факелы гараць. I мітусіцца Навокал зненавіднае святло, Што болей, чым удзень, у змроку слепіць вочы...
Прэч, прэч, святло! Як бы хацеў астацца Сам-насам ён з глухой чарнотай ночы I з думай чорнаю — такою ж, як і ноч. Згасіце факелы, задзьміце іх, вятры, Заліце ліўнямі, асеннія дажджы,— Ен хоча зліцца з цемраю начною! Што — гэта ўжо не ноч?
Што — гэта дзень, Асветлены, як промнямі, дажджамі? I клетка, зробленая для цябе сумысна, Выстаўлена напаказ, усім на вочы. А ў клетцы — ты?
Яго вялікасць?
Цар, гасудар-надзёжа, прад каторым Укленчвалі казакі і сяляне, Раскольнікі і скітнікі-манахі, Калоднікі, бадзягі, бурлакі... Народ, якога ў царскіх маніфестах Ты мілаваў і морамі, і рэкамі, Зямлёй і хлебам, вераю і воляй, Травою і малітвай. I яшчэ Паднятымі набатнымі званамі. I яшчэ Бародамі ты мілаваў дзяржаву Расійскую, бо люд за іх каралі Бязлітасна ранейшыя цары.
Дзе твой народ? Той, што, бязмоўны, Зімой мяцеліц — босы! — натаптаўся, За плугам летам — голы! — нахадзіўся, Слязамі аж да п’яну панапіўся, Кайданным звонам аглушыў дарогі;
Чыя спіна залашчана хлыстамі, А душа аж садняе — бы рана... Прэч, вочы, прэч!
А вы абселі клетку, Куды ўпіхнулі здраднікі яго, Разнюхаўшы, што іхні цар-надзёжа Ані пісаць, ані чытаць не ўмее...
I вось прыкуты ланцугамі, як сабака,
I зацкаваны, нібы воўк, вачамі, Глядзіць асатанела ён праз краты На здзіўлена-спалоханых паноў, Якіх мінулі шабля і вяроўка.
На тых паноў, што воўчыя капканы Ставілі ў забаве на людзей, Што разам з коньмі ў брычкі запрагалі Жанчын і ўсіх сцябалі на ўвесь скач — Каб паглядзець, хто з іх спрытней на ногі... Глядзіць з нянавісцю.
Але што зробіш?
Калі на дзвюх руках — пятнаццаць фунтаў, На дзвюх нагах — вісіць амаль паўсотні, А на душы,— вядома ж, усе сто...
Калодкі, кайданы і ланцугі. I клетка — і турма яго, і хата, Што зрублена дыхтоўна для цара... Народ, дзе ты, знявечаны народ?!
Судзіў тут граф Панін Пугачова:
«Скажы, скажы, Пугачанька, Аміллян Іванавіч, Ці многа ты перавешаў князёў і баяраў?» — «Перавешаў вашай браціі семсот сямі тысяч. Дзякуй табе, Панін, што ты не папаўся, Я б чыну табе прыбавіў, спіну б тваю выпраміў, На тваю б на шыю — варовіны вожкі, За тваю б за паслугу вышэй за ўсіх бы павесіў...»
А вочы ўсё глядзяць, нібы на звера, Талопяцца, свідруюць — як палююць,
А ён праз іх, праз позіркаў зацьменне Свабодны стэп — яшчэ свабодны! — бачыць, Яік, умёты, дзе харугвы шыюць Для барацьбы і новага цара.
Бярду ён бачыць — Вёску і сталіцу, Якую сам зваў Новаю Масквою.
I нават звон кайданны ў клетцы чуе, Той, радасны, калі ён сам на волі Збіваў ля кузні з вязняў кайданы.
I бачыць Пецярбург, дзе не бываў ніколі, Царыцу бачыць, што не знаў ніколі, I яе вочы, у якія не глядзеў ніколі, Але ў якіх — ён адчуваў — усё яшчэ кусціцца Самім жа і пасеяны ім страх...
Прэч, вочы, прэч!
Яны ж усё разглядваюць Ямельку, I, што таіцца, многія ўжо бачаць У руках чацвертаванца-ката Ягоную цяжкую галаву, За валасы паднятую над целам...
Аміллян ты наш, родны бацюхна! На каго ж ты нас пакінуў?
Краснае сонейка закацілася...
Як асталіся мы, сіроты гаротныя, Няма каму за нас заступіціся, Крэпкую думачку за нас раздумаць...
Без слоў гучала песня. Яе чулі Счарнелыя ад здзеку путачоўцы, Галодныя, раздзетыя, што ў жаху Прайшлі праз рукі многіх кнутабойцаў, Што, павязаныя канатамі ў пляцёнкі, Плоймамі брылі, як здані, У крэпасці, у турмы, у скляпенні.