Вершы, балады, прытчы
Янка Сіпакоў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 399с.
Мінск 2010
Дык як мы юрца пакараем За здзек, бессаромнасць абраз?
Злачынец, здаецца мне, воўкам Між нас жыць не можа і дня,— I ён булаву-трыснягоўку, Каб бачна была ўсім, падняў.
Што ж маем, панове-малойцы, Мы з вырадкам гэтым рабіць? Былі ў нас зладзеі, забойцы, А гэты надумаў любіць.
Хоць войска у нас і не слаба — Бы ў лузе зялёнай травы, Ды толькі пакуль што з-за бабы He страціў ніхто галавы.
Бо лёс беражэ беражоных — За слодыч плаціцьмець крывёй.
Усе ў нас у Сечы без жонак, А ён, бачыш, бабу прывёў.
А баба як прываражыла — Бяжы, Сеч любога жане.
I колькі так патаку шылам Хадзіла ўжо есці раней!
— Ды што ты ў нас, бацька, пытаеш, Павінен і сам разумець — Абраза мужчынам такая Адно заслугоўвае: — Смерць!
А бацька павінен пытацца —
I слухаць пачціва гатоў,
Бо «бацьку» — ўсяго толькі дваццаць, А «сыну» — паўсотні гадоў.
— За смерць! — загудзела наўкола.
— За смерць! — заскакала наўпрост. Крычалі Сярдун, Згубікола
I Зноўзадзярыўгорухвост.
Яны ўсе жанчын пакідалі, А ён, бач, разумны які!
Каменне, бы ў звера, кідалі I хлопцы-маладзікі.
Ён грэшны, і ён вінаваты — Ды з ім жа жанчына была!
Жанчыны ж, малодкі, дзяўчаты — Пакоўні спакусы і зла.
Спаднічнік — і ў гэтым бяда ўся! — Каханне задумаў займець...
Ды ён жа жанчыне прадаўся — Смерць!
Казак сам быў дужа спакойны.
Ён знаў: ганьбаванне — мана.
Ён ведаў: паміж усіх войнаў I гэта таксама вайна.
Ён ведаў: пачуцці ніколі Нікому віной не былі,
А страсць руйнавала юдолі На нашай на грэшнай зямлі.
Ен толькі ціхмяна ўсміхаўся: Каханне — хіба ж то віна?!
I ўрэшце ледзь чутна спытаўся: — Са мною памрэ і яна?
I тут казакі закрычалі Раз’ятрана, нібы звяры: — Бяры ты з сабой сваю кралю! На той свет, як маеш, бяры!
I потым жахнуліся самі — Ой, жуд нарабілі які!
А ён страсянуў валасамі: — Я дзякую вам, казакі.
Хто ласкі не зведаў да п’яну, Хай той над жыццём век дрыжыць. Памерці адразу з каханай — To значыць для нас з ёю жыць!
...Ен — вырадак. Ды не за тое, Што аж да вар’яцтва кахаў. Ен вырадак: жыцце другое, Прыгожае і маладое, 3 сабою ў магілу забраў.
Акадэмія
Беларуская балада. XVII стагоддзе
Ох, нялёгкая работа, Гэта лёгкая навука! Атрасаешся ад пота, Бубен бухае на вуха.
Душна, быццам канец света У жалезнай гэтай клетцы, А падлога разагрэта Аж да чырвані, здаецца.
Бо пад бронзаваю ёю Аж трашчыць галлё-ламачча, А між бронзай і зямлёю Агніво спякотна скача.
Па-за клеткай студзіш вочы, Ды ратунак гэта слабы.
I ты хочаш ці не хочаш,— На адны ўзвінешся лапы.
Дужа горача пярэднім — He стрымаць такой пакуты. Заднім меней увярэдна — На іх лапці наабуты.
Ды ўсё роўна грэе пяты — Беражэ абутак скупа.
На патэльні той праклятай I ў лапцях ты мусіш тупаць.
Хоць з вачэй і слёзы льюцца — Муку ён прыняў такую! — Людзі ўбачаць, засмяюцца, Скажуць: бач, дзівак, танкуе.
Стане ён, нібы ануча,
I забудзецца на волю... Танкаваць мядзведзя вучаць У мядзведжай гэтай школе.
Людзі ў ельніку злавілі Земляка, ляснога брата.
Быў ён вольны. 3 гэтай хвілі Есці просіць вінавата.
Вось падвучыцца на рухі, Акадэмію завершыць I хадзебшчыку у рукі Пападзе — ужо не першы.
Кіпці і клыкі падпіляць, Адбяруць у смелых вочы, На губу кальцо засіляць, Павядуць такім на плошчы.
I калі праз гулкі гоман Плошча зойдзецца ад смеху, Шкода стане, што яго мы Аддалі ёй на пацеху.
Але й ён смяяцца будзе, Дабрадушлівы няўмека,— 3 нас смяяцца будзе, людзі, 3 недахопаў чалавека.
Ен пакажа нам, як хціўцы Абрастаюць поўсцю кражы, Як зацятыя зласліўцы Найсумленных граззю мажуць.
Як мяняюць прайдзісветы Свае думкі, нібы скуру.
Як прадажныя паэты Фіміям падонкам кураць.
Танцаваць ён будзе чынна На вялікіх самых пляцах — Будзе і ў людзей прычына Ім, мядзведзем, захапляцца.
I яго жыццё падхопіць, Слава гучная дагоніць... Ён пакажа ўсёй Еўропе, Што наўчыўся у Смаргоні.
Вадзянік
Лужыцкая балада. XVI стагоддзе
На дыбкі ўстае рака Ля жытла вадзяніка: Во віруе, во бушуе — Сам сябе, відаць, не чуе. Жонку гоніць з хаты ён — Жонка вінаватая.
3 ёй, русалкай, лаецца, К дзецям прыглядаецца.
I абнюхае усіх,
I абмацае усіх:
Пяць, як ёсць, вадзянікі, Ну а гэты — не з ракі: Пахне хлопчык горкаю, Дымнаю махоркаю...
— Хто ж русалку цалаваў, Хто на Мінку дым пускаў? — Вадзянік наш прагне буры, Вадзянік жа сам не курыць: У вадзе набухне Папяроска — стухне...
Спамінае грозна: Жонка дужа позна У раку вярталася, Весела смяялася: Мо тады, дарэчы, Мінка йшла са стрэчы? Зноў абнюхае сыноў
I ycix агледзіць зноў... Пяць, як ёсць, вадзянікі, Ну а шосты — не такі: Пахне хатай новаю, Стружкаю смаловаю... А хай яно спрахне — Чалавекам пахне!
Папрыціхлі ў рэчцы ўсе — Вадзянік раку трасе Барадой зялёнаю, Нібы злосць ягоная. — Разбуру я ўсё датла!.. Дзе ж, русалка, ты была I куды хадзіла?
Мінка, з кім блудзіла?.. Мінка ціхенька глядзіць, Мінка плача цененька I спалохана сядзіць, Нібы мыш пад венікам! Вінавата — праз карчы Мінка бегала ўначы, Калі слаўся морак, Вунь на той пагорак. Кіта дом там будаваў, Кіта Мінку цалаваў.
Хлопец ведаў яе змалку — I дзяўчынай, не русалкай. Кіта — нават піва гнаў, На вяселле ўсіх склікаў, Ды... раптоўная замінка — Вадзянік сасватаў Мінку... А цяпер вось вадзянік Аж шалее... Чуеш, крык: — Пакараю я цябе, Праганю я ад сябе — Да сваіх жа — марш! — людзей, Пажыві там у бядзе:
Я цябе караю — Людзям зноў вяртаю. Хай цябе абсушыць неба... Ну а Мінцы гэта й трэба! Мінка к Кіту з рэчкі йдзе, За руку сынка вядзе. Сын глядзіць адкрыта — Выліты ўвесь Кіта... Ад варот рыпучых — Кіта ім насустрач. Пахне ён махоркаю — Дымнаю і горкаю...
Каханне
Кашубская балада. XVI стагоддзе
«А мора — дыбкі, а вецер — валіць, I я не бачу, куды плысці...
Гэй, хваля, хваля, мая ты хваля, Мяне дадому ты адпусці».
«Ты што, мой любы, ты што, рыбача,— Цяпер вяселле нас не міне.
Ты ж столькі ў моры, хіба не бачыш, Што спадабаўся даўно ты мне».
«Вяселле, кажаш? Ці ж гэтак можна — Я ж да жывога ўсяго жадзён.
Я любаваўся табой, прыгожай, Пакуль мой бераг мне быў відзён».
«I ўсё ж са мною хадзем, рыбача, Ты — прытуліся, я — абдыму».
«А дзеці? Сын мой, ці чуеш, плача, Хто слёзы вытра з вачэй яму?»
«А сыну цацку анёл змайструе, Ен і заціхне ў кутку пустым».
«А жонка?»
«Жонка? Ну, пагаруе, Паплача крыху, ды і на тым.
А потым выйдзе другі раз замуж I будзе з новым спяваць і жыць.
3 ім будзе ў рыбу хадзіць таксама, Цябе забудзе — не ўсё ж тужыць».
А вецер енчыць, а мора вые, Кульгае лодка на два вяслы.
Ах, сілы цемры, ах, сілы злыя, Ваш чуцен холад глыбінны, злы.
«Мяне не пусціш, тады на бераг Вярні хоць лодку сям’і маёй».
«Мне й лодка трэба. Я лодцы веру — 3 табой паплаваць хачу на ёй».
«Тады хоць песню вярні на волю, Дамоўкі, к людзям яе пусці».
«I песню возьмем з сабой. Спатолю Урэшце мару ў сваім жыцці.
Як я зайздросціла, вар’яцела, Калі вы ў лодцы плылі дваіх.
Як ты спяваў ёй — о як хацела Я прыгарнуцца да слоў тваіх!
Дык паспявай жа і мне, каханы, Я, як умею, так падцягну.
Я ў пырскі, нібы ў вянок, прыбрана, He пакідай жа мяне адну».
Накрыла хваля сабою лодку — Ад нецярпення сама дрыжыць.
Далее неба, і дно шарготка
Усё бліжэе праз цень імжы.
I той жа момант рыбачка мужна Нырнула ў мора — назло штармам. «Аддай мне, хваля, вярні мне мужа — Я не напелася з ім сама!»
Зламаўшы хвалі крыло цяжкое, Дагнала лодку на дне сваю.
Забрала мужа. Там, пад вадою, Яны і зараз дваіх пяюць.
Розгі
Польская балада. XVI стагоддзе
Я нічога ўжо не бачу — Б’ю па войкату,
па плачу... Розгі скачуць у вачах — Б’ю за печкай
паніча...
А настаўнік грозна ходзіць.
Ну, калі ён скажа:
— Годзе! Хутка сам я закрычу — Мне ж баліць,
як панічу...
Ах, паніч,—
ты вінен, вінен!.. Розгі свішчуць і ў пуку — Я ж сцябаць цябе павінен 3 усіх сіл, на ўсю руку.
За цябе у школу тата Плоціць.
Ен жа — бач, багаты! Я — бядняк
і сам плачу За навуку, панічу:
Кнігі вам нашу,
паперы, Адчыняю ў класе дзверы, Світкі вашы падаю.
I пры розгах — дайце веры! —
Вашым катам я стаю.
Розгі ўсыпаць вінаватым — Вось мая за школу плата.
А калі вас не караю — Парушальнікаў нямаш! — Сам прысесць магу я з краю, Каб урок паслухаць ваш.
Так вучуся.
А праз словы Вухам чуйненька лаўлю, Ці гараць у печы дровы — Зноў жа ў печы я палю.
А бывае —
недарэчы Тлеюць дымна дровы ў печы; Вы тады
мяне за печ
Вядзеце.
I світку — з плеч...
Вы б’яце са злосцю, бачу, I па крыку,
і па плачу. Весялеюць на вачах Розгі ў ручках паніча...
I настаўнік рады ходзіць, He гаворыць, філін:
— Годзе!
А саб’е паніч аскому — Ледзь вядуць мяне дадому...
Ды калі й не вінаваты Перад печчу я ні ў чым, Жорстка сплоцяць мне паняты Доўг...
Са школы ідучы...
Кароль
Харвацкая балада. XVI стагоддзе
Нарэшце, Мація Губец, Цябе карануюць сёння. Бачыш, колькі сабралася Тваіх засмучоных сяброў... Што ж зробіш — гэта падзея, Хоць сумная, ды падзея,— Калі селянін на троне Вянчаецца на караля.
А табе ж гэты трон ці трэба — Колькі было ў цябе тронаў! На лузе — купіна мяккая, У лесе — цёплы пянёк!
Там, умакрэлы ад працы, Сядзеш, бывала, паважна,
3 полуднем клунак развяжаш — Ясі, як сапраўдны кароль.
А калі ты з угрэтага поплаву Ехаў на возе сена, Тваёй вышыні зайздросцілі, Здавалася, каралі: Галава — высока-высока, За яе аж хмурынкі чапляюцца,— Гэтак, як сена ахапкі Чапляюцца за платы...
Сёння дадуць табе ў рукі Цяжкі каралеўскі скіпетр, Але да яго не прывыкла Твая з мазалямі далонь.
Дайце ёй лепш тапарышча, Цапільна ці нават грабільна! А як яна, Божа, пазнае Высліжанае кассё!
I як абудзяцца рукі, Што так сумуюць па працы, Будуць касіць і грэбці, Грэбці і зноў касіць...
Забярыце свой д’яблаў скіпетр — Селяніну ён не патрэбен: Гэтай парожняй бразготкай Забаўляцца сорам яму!
А табе яшчэ, Мація Губец, I карону на голаў уздзенуць. А навошта? Хіба ў ёй за плугам Босы пойдзеш па баразне?
Як жа гэтай дзіраваю шапкай Галаву ад сонца заслоніш, Ад асцюкоў уратуешся, Звозячы з поля снапы?..
He, ні скіпетр, ні трон, ні карона He былі табе, Губец, патрэбны, He з-за іх ты сяброў на паўстанне Ад касьбы, ад жніва адрываў. Ты хацеў свабоды сялянам, Ты хацеў справядлівасці толькі — Каб селянін на полі
Вольна араў, як кароль.
Вось за гэта цябе й карануюць — Каралеўствам гарачым караюць. Бачыш, вораг як распраўляецца 3 сялянскім сваім каралём: Вунь твой трон стаіць ясны, Разагрэты, нагрэты дачырвана, I карона, і скіпетр