• Часопісы
  • Вершы, балады, прытчы  Янка Сіпакоў

    Вершы, балады, прытчы

    Янка Сіпакоў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 399с.
    Мінск 2010
    57.44 МБ
    I дзівіўся — і дні, і гады На касцёр ідуць, бы ахвяры.
    Ну, ці быў жа шчаслівы, скажы? Быў! — усім адкажу я натхнёна... Той шчаслівы да скону, хто жыў На зямлі на нашай зялёнай!
    Нават той, каго лёс не грэў, Высвятляе жыццё, нібы свята...
    He варушацца кроны дрэў — Там, у гнёздах, спяць птушаняты.
    * * *
    Сядзім, смяёмся за сталом
    I весялімся, нібы дзеці.
    Тады для нас на цэлым свеце Няма бяды, не тхае злом.
    А недзе там, а недзе там Віруе подласць хваляй бруднай, I чалавеку дужа трудна — Так, недзе там. Так, недзе там.
    А мы частуемся. Спяваць Спрабуем шчыра і бадзёра, Нібы няма на свеце гора I сіл няма куды дзяваць.
    А недзе плач, а недзе мор. Наш незнаёмы друг распяты, Укленчыў хтосьці перад катам, А той — шукае ўжо тапор.
    Як птушанё, душа крычыць — Ты ў свет уключан, бы ў разетку.
    I боль чужы — калючы гэткі...
    Як памагчы, чым памагчы?
    I лекаў для душы няма: Ці падзяліцца словам шчырым, Са светам — падзяліцца мірам, Ці песняй праўду падтрымаць?
    Сядзім. Спяваем. Спеў — пад столь. Мы весялімся, нібы дзеці...
    А болю — цесна болю: ў свеце Перанаселенасць на боль.
    * * *
    Я выходжу з раба пакрысе, 3-пад пачцівасці выбіраюся. Выпрамляюся, выпраўляюся I дзіўлюся: я ж як і ўсе.
    Дык чаго ж я хадзіў па зямлі Яе ўгнутым, няродным сынам;
    Mae вочы — дарогі мялі, Mae рукі — у пыле, у гліне.
    Як прыемна плечы размяць
    I адчуць іх напятую сілу, Песню тую на свет заспяваць, Што даўно ўжо выйсця прасіла.
    Ах, як хораша йсці ў повен рост, Калі ўпэўненасць душу агорне: Галаву — аж да самых нябёс, Ногі — ў травы. Па самыя корні.
    Як імя, сваю годнасць знаць, Ад ліслівасці межавацца, Сарамлівасць рабскую змяць I не ўкленчвацца, не прыніжацца.
    Бог з ім, з даўнім табою,— з рабом! Рабалепства, бы скуру, скідаю, Разагнуцца, узняцца жадаю, Сонца, неба напіцца нагбом.
    Шчырым быць не баяцца ў жыцці I не думаць ніколі: «Што потым?» Па зямлі — поўным ростам — ісці I на свята, і на работу.
    А калі давядзецца дагнаць I калі дазволіць дарога, Як бы добра раба вось такога, Як сябе, з каленяў падняць.
    * * *
    Спатыкнешся аб чэрвень, бывае —
    I зімою захочацца піць...
    Быццам спёка, як смага, даймае, Быццам сонца, як задуш, вісіць.
    Разамлееш сярод завірухі,
    I травою запахнуць снягі.
    I сняжынкі, як лёткія мухі,
    I сумёты, нібы мурагі.
    I, здаецца, як летам — успомні!— Ты пад сонцам на лузе ляжыш.
    А цябе паказытваюць промні, Бы нядократкі ці мурашы.
    Спатыкнешся аб чэрвень зімою —
    I забудзеш на ўсе халады...
    Ты пабудзь, маё лета, са мною...
    Ну, куды ж ты па гурбах, куды?
    * * *
    I прыйдзе смутак нечакана, Падсядзе ціха да цябе;
    I у абдымкі, госць нязваны, Бы лепшы сябра твой, зграбе.
    I ты сядзіш — не павярнуцца, Клянеш даверлівасць сваю.
    He для цябе ўжо там смяюцца, He для цябе ўжо тут пяюць.
    Затое — вырвешся на волю —
    Зноў весялішся, як дзіця, I ловіш, радасны да болю, Малыя ўсцешынкі жыцця.
    Ідзеш у свет — як на малебен,
    I ўжо зусім не помніш зла... Таму і смутак нам патрэбен, Каб радасць большаю была.
    * * *
    Кожны дзень прачынаешся з прагаю цуду, А яго ўсё няма — як будзёніцца ціш!
    I дарэмна чакаеш нязвыклага гуду, Пры якім, нібы ў космас, у свет паляціш.
    Так, звычайна усё, як заўсёды — без свята.
    I будзёняцца ў шэрані вочы твае,
    I зашоргалі ў снежных сумётах лапаты, I пад кранам вада, як пад лёдам, пяе.
    Пад акном неразвіднелым сварыцца хтосьці, I машыны спрабуюць па веі паўзці...
    Ну, а цуд? Ну, а свята?.. Нячастыя госці! — Ля цябе неяк збоку спяшаюць прайсці.
    I сягоння зноў будзе усё, як і ўчора, Будзе дзень, што на памяць, бы ўрок, завучыў.
    I знаёмы аўтобус, і праца — да зморы,
    I знаёмая крыўда — як стрэмка ў душы...
    Ну, а можа, той цуд, як заўсёды, з табою, Можа, лепшага свята на свеце няма — Калі сонца, ўзыходзячы, ў гурбе прыстоіць, Калі б’ецца, як мятлушка, ў шыбу зіма...
    * * *
    Пасівела душа, пасівела...
    Дзе ж ты, коткая весняя радасць? Зайздрасць нечая — зазімак белы Атрасае лісты з майго саду.
    I шукае завішна між лісця Нечапаных пладоў пераспелых...
    I дажджы мае быццам імглісцей, I душа, як сады, пасівела.
    Пасівела душа, пасівела
    Ад балючай сяброўскай спагуды, Што, здаецца, каб толькі прымела,— За табой бы няславіла ўсюды.
    А сняжынкі спяшаюцца збочыць,— Мітусіцца завеіна злая, Нібы сябра нядаўняга вочы, Што цябе ў завуголлі аблаяў.
    Ёсць такія — нічога святога, Яны ўгразлі і ў плётках, і ў змане... He дай бог вам дажыць да такога, Калі сябра ваш ворагам стане.
    Пасівела душа, пасівела, Але ёсць і ў сівой свая радасць: Гэты чысты спакой заінелы, Гэта ціша зімовага саду...
    * * *
    Абнаўлення, хлопцы, абнаўлення Прагнем, нібы ліўня, мы ў цішы. Абнаўленне — гэта ўжо наўленне У дарозе стомленай душы.
    Абнаўленне — гэта калі промень Ловіш, як някемлівы хлапчук.
    Абнаўленне — гэта калі ў громе Прагнеш прыручэння гул пачуць.
    На ўвесь свет павінен сам іначай Паглядзець, рассунуўшы галлё...
    I сябе самога збоку ўбачыць — Як чужога, іншага — здалёк.
    Абнаўленне вырашае многа
    I змывае бруд, нібы рака... Ці вярнуцца да сябе малога, Ці сябе ў старым ужо шукаць?
    Абнаўленне, хлопцы, абнаўленне, Абнаўленне кожнае пары.
    Нашых крыл здарожаных наўленне Нам гады паможа прымірыць...
    * * *
    Зноў мяне прыручаюць дарогі, Зноў спрабуюць да тлуму змушаць. He стамляйцеся ўражвацца, ногі, He стамляйся здзіўляцца, душа!
    Прыручайце, любімыя, смела — Я і сам вашай памяці рад.
    Колькі шчыра — душою збалелай Сумаваў я без вашых прысад.
    Быў адрокся ад вас — як зняважыў. Зараз зноў трэба сцежкам гадзіць. Я выходжу на ростані вашы, Як малое, вучуся хадзіць.
    Цяжка бачыць дарогі праз вокны, Што шукаюць круты небакрай.
    Так і хочацца ў пыльныя скокнуць I пайсці — толькі кій свой трымай!
    Дык прымайце, шляхі, мае ногі
    I адразу — у пыл іх, у грунт: Хай пазнаюць смакоту знямогі, Хай успомняць загоены гуд.
    А дарогі — заўсёды сустрэчы, «Добры дзень» незнаёмых людзей, I усмешка, як радасны вечар, I размова, што ўрунены дзень.
    А дарогі — заўсёды трывогі, Насцярожаны крыху пагляд.
    Так, прыемна збірацца ў дарогі, Ды прыемней вяртацца назад.
    А вярнуўшыся з дальняе далі, Пасадзіўшы ўспаміны на ўлонь, Ты прыпомніш, як сам на прывале Прыручаў, бы вавёрку, агонь.
    Там, у дзяцінстве
    Там дарагое ўсё такое, Там заўжды цёплая зямля, Бо для дзяцей адно і тое ж — Жыць і гуляць...
    * * *
    Калі з выраю птушка вяртаецца ў свой небасхіл — У яе ўжо не два, а мільёны крыл.
    Калі лань уцякае — далей ад няўвыклых трывог:
    У яе не чатыры — мільярды ног.
    А калі чалавек у свой вечар няблізкі ідзе, Колькі ног ён вядзе, за сабою вядзе!
    Іх пазнаць можа столькі стаптаных сцяжын і дарог, Што хапіла б для ўсіх ненатомленых ног...
    Маладых яшчэ ног.
    Пералёт дажджу
    Калі дажджуеш у самоце Пад шэпт суцішаны дажджын, Здаецца, з імі ты ў палёце, А не вось тут — адзін, адзін.
    Здаецца, з імі — ёсць патрэба! — Ляціш, вяртаешся здаля 3 халоднае краіны Неба У краіну цёплую — Зямля.
    Вяртаешся дамоў, як птушкі, Ляціш, як вырай, на сады;
    I вольным лётам пазагушканы, Вясеннім небам пахнеш ты.
    Дажджыны шэпчуцца наўкола, Паспешна крыллем шапацяць. А з імі ты ляціш, вясёлы, Да ніў — зялёнага жыцця.
    * * *
    He вернуцца годы — мая радня, Жыццё, нібы лета, міне...
    Нашу настальгію па тых па днях, Калі ўжо не будзе мяне.
    А хто ў тым далёкім леце, чужым, Як я, вось так прыйдзе на луг I будзе ісці асцярожна — як жыць, Каб не наступіць на пчалу.
    I хто залюбуецца — гэтакі дзень! —
    I ўсцешыцца святам маім: Вось апляла травінка прамень I лезе да сонца па ім...
    * * *
    Іду звычайнаю сцяжынай Па лузе звыклым да ракі. Звычайны ветрык лашчыць дрэвы, Звычайны веташок вісіць.
    Кусты срабрацца — як заўсёды, Звычайна шэпчацца трава.
    Нагою звыкла адчуваю Тугія кропелькі расы.
    Вось-вось узыдзе сонца звычна, Птушыны грымне звыкла грай...
    А я іду такі шчаслівы — Нібы вяртаюся з вайны.
    I думаю: о Божа мілы, За што, звычайнага мяне, Ты так адорваеш багата Вось гэтай радасцю, зямля?!
    Уваходзячы ў мора
    Ах ты, мора, бяскрайняе мора, Столькі хваль — не злічыць на вяку. Я ж пазнаць хачу ў хвалі каторай Свае рэкі, што ў мора цякуць.
    Можа, Свіслач мне тут адгукнецца, Прыпяць плясне,— як рыба амаль... А Аршыца да ног прыгарнецца — Як заб’ецца ад радасці сэрца: Я пазнаю яе паміж хваль.
    Вада
    Вада — бясколерная, празрыстая вадкасць без паху і смаку.
    3 даведнікау
    Хто сказаў — вада без паху? Хто сказаў — вада без смаку? Той, відаць, не смяг у спёку I ад смагі ў суш не млеў.
    Той, відаць, вадой не трызніў, He хапаў яе у жмені — Калі боязна рассыпаць Нават кропельку ў траву.
    Той не мроіў ёй — да тлуму, I не прагнуў — да трымцення, Калі п’еш і ўсё, здаецца, He спатолішся ніяк.
    Той, відаць, не поўз пустыняй, He ўсыхаў у акіяне, Калі пахі ўсе і смакі — У глытку пітной вады.
    У глытку, што як дажджынка, У глытку, што як расіна, На лістку, бы на далоні, Гэтак зманліва дрыжыць.
    I ўжо ў гэтай нават кроплі — Усе колеры вясёлкі.
    Хто ж яе знаў бескалёрнай? Божа мой, які дзівак?!
    Хто ваду наспех пакрыўдзіў, Хто ваду спрытна абразіў? Хто сказаць мог так будзённа Пра таемнасць — пра ваду?..
    Веру я: і ён, сасмаглы, Толькі ўбачыўшы расіну, Закрычыць, бы звар’яцелы, 3 дзікай радасці:
    — Ва-да-а!
    Малітва прашчура
    Бог ураджаю, Я цябе шукаю, Я цябе запрашаю, Я цябе малю — Сыдзі на зямлю. Зірні на нівы, Зірні на колас: Хай хмары грывы Распусцяць наўкола. Зямля просіць дажджу, Чым я яе напалашчу?.. Пашлі ты нам Лівуна, Пашлі нам Церабуна, Пашлі хоць Цурчана, А нельга — дык хоць Каплюна, А ў засушы нас не пакінь.
    Амінь...
    Каб коласу даць напіцца — I я згодзен так маліцца.
    Ручай
    Сачу празрыстыя струмені Сярод сутоння серабра.
    Санлівай сіні сум асенні Спяшаю ў песні пасабраць.
    Звініць званком звонкагалоса, Задумна зойдзецца здаля.
    Ад звону зумкага, здалося, Загалубілася зямля.
    Булькоча балаўнік без стомы — Бы бесядзь будняя бабуль.
    Булькоча, быццам будзіць бомы: Буль-буль, буль-буль...
    За ім скакаў я бесклапотна — Куды ж, пястун, мяне завёў?.. Баюся здацца старамодным: Няма ўжо гэткіх ручаёў!
    Мелодыя на званах
    Прысніўся мне звон дзіўны ў сне.
    Прыйшоў я ў гай — мой жоўты край.
    Дзе звон травы — як бронзавы.
    I звон лістоў — да сонца зноў.
    Чубы відны,
    нібы званы.
    Паглядзь, любы — звіняць чубы!