Вершы, балады, прытчы
Янка Сіпакоў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 399с.
Мінск 2010
Гэта ж песня гукае свой сціплы народ, Каб у ім прарасці хоць на дзень, хоць на год.
Роднае слова
У1697 годзе сейм Рэчы Паспалітай забараніў складаць дзяржаўныя дакументы на беларускай мове.
У 1867 годзе царскі ўрад спецыяльным загадам забараніў беларускую мову.
Цябе забаранялі, як скрыжалі,
I адбіралі, быццам бы сцягі,
А крэслілі,—
здавалася, збівалі:
Як ад шпіцрутэнаў сінелі пісягі.
Цябе забаранялі, быццам свята, Нібы злачынцу заціскалі рот.
А ты i з-за выкрэсленняў, нібы з-за кратаў, Глядзела на знямелы свой народ.
Бы ў цэлях, у архівах думкі вязлі... А ўчуўшы покліч вольнае сурмы, 3-за кратаў словы, нібы тыя вязні, Сцягі жаданыя выносілі з турмы — Да нас, пакуль нямых...
* * *
Зразумець, што ты — народ, I ад радасці ўзвінуцца, На любы яго зварот, Як на імя, адгукнуцца.
Са сваёй Радзімай ты — Назаўжды адно і тое ж; I маленькай свалаты Ад яе ты не прытоіш.
Зразумець, што ты — народ, Які ў свеце часта хваляць. Жыць за племя, жыць за род, Што схавалі часу хвалі.
Памагчы араць і жаць Нетаропкаму ратаю. Яго ніву паважаць, Бо яна ў яго — святая.
Нібы маці, берагчы Працаўніцу нашу — мову, Бо яна — жыцця зачын I пачатак песні новай.
За народ ісці на бой, Помніць, правячыся боем, Што стагоддзі за табой I стагоддзі — прад табою.
Твае раны ўсім баляць.
Нас ратуюць, як ад смагі,
I спрадвечная зямля, I раскрыленыя сцягі.
Зразумееш, ты — народ, Крык, як радасць, не стрымаеш, I падыме, нібы ўзлёт: Я народ свой, людзі, маю!
Да біяграфіі майго народа. II
Хто мы такія і ці многа мы перажылі?
Спытайце пра гэта
Нават у нашых птушак.
Ды і мы самі можам расказаць,
Як нясмела пасля войнаў вяртаюцца
ў спаленыя вёскі Першыя ластаўкі;
I як потым —
Нечакана і нязвыкла —
Кідаюцца ў вочы іхнія гнёзды на папялішчах:
Светлыя —
На чорных, абгарэлых бёрнах-галавешках,
Iчорныя —
На светлых,
Яшчэ не дарубленых вянцах
Новых хат...
Да біяграфіі майго народа. III
Народзе мой, народзе!
I як ты толькі выжыў!
Ты ж мог звар’яцець.
Зайсціся ад плачу і гора.
Задыхнуцца ад крыку.
Памерці ад нянавісці Пасярод звар’яцелага агню, Які, з паразяўлянымі пашчамі, Вартуюць аўчаркі, аўтаматы і... Людзі.
Народзе мой, народзе!
Жудасна ўявіць нават,
Што рабілася у тваіх спаленых вёсках, У дымных хатах, хлявах і стадолах?
Што гаварылі дзеці, Задыхаючыся полымем і дымам?
(Відаць, прасілі адпіхнуць ад іх агонь.) Што рабілі дарослыя?
(Відаць, яны абгарэлымі рукамі Трымалі палаючыя стрэхі — Каб тыя не абваліліся
На дзіцячыя галоўкі,
I, мёртвыя, паміралі яшчэ раз —
У агні.)
Народзе мой, народзе!
Ты ж мог пасля гэтага
Зрабіцца чалавеканенавіснікам. Здавалася б,
Хіба можна пасля такога смяяцца?
Жахліва!
Цалавацца?
Блюзнерства!
Сябраваць?
Немагчыма!
А ты застаўся дабрадушны, Шчыры і ветлівы —
Такі, як і да вайны.
Ты зноў сябруеш з людзьмі,
Запрашаеш іх у госці,
I нават немцам гаворыш:
— Калі ласка, суседзі, паедзем у Хатынь...
* * *
Ты кінуў слова ў мяне.
Цяжкое, нібыта камень,
Сагрэты ў даланях
Ці, можа, нават запазухаю...
Вось яно ляціць —
Чуеце, як свішча, гэтае слова-камень?!
Твае зубы сціснутыя.
Вочы — аж узрываюцца ад нянавісці.
А твар задаволены...
Ты з асалодаю абтрасаеш рукі,
Як чалавек, што ўрэшце
Паспяхова здзейсніў штосьці даўно-даўно задуманае — Няхай сабе і брыдкае.
Камень імкліва вырастае
I на вачах павялічваецца ў памерах —
Відаць, так
Імкліва набліжаецца і вырастае Зямля
Для птушкі,
Якая праз секунду разаб’ецца аб засохлую дарогу.
Можа, адхінуцца?
Навошта!
Можа, пераняць гэты, нагрэты злосцю, камень
I кінуць яго назад —
Табе пад ногі?
He варта!
Шкада толькі,
Што я не паспею —
Часу ж адна секунда —
Нават рассмяяцца
У твой пыхлівы твар...
Нічога, ты ўсё роўна абараняйся: Я рассмяюся пасля —
Калі друзам і пылам ападзе ля маіх ног Тваё слова-камень...
* * *
Слухаю песню конікаў.
Слухаю толькі як музыку. Я не хачу разумець іх мову I не хачу дапытвацца, Пра што яны
Так натхнёна размаўляюць...
Бо
Як жа мне будзе балюча, Калі я, спазнаўшы іх мову, Збянтэжаны і абражаны, Зразумею раптам, Што яны зусім не спяваюць, А ўсяго толькі Сварацца між сабою...
Малюнак
Вазьміце шарготкае лісце, Дадайце прыціхлае сонца, Палі цішынёй ахініце, 3 лесу павыганьце птушак, Ваду ўхаладзіце у рэчках, А ў неба, пабляклае неба, Пусціце ключы жураўліныя — Няхай невясёла курлыкаюць...
Цяпер адыдзіцеся крыху — Здалёк на малюнак зірніце: Так, атрымалася восень.
Але ж не стае ёй чагосьці, Распранутай да сарамлівасці. Магчыма, дажджу схаладалага I смела-нахабнага ветру, Што ліпне да кожнай пупышкі.
Ага, не хапае і дрэваў 3 валасамі — галінамі мокрымі, Дзе ад ветру хаваюцца кроплі — Нібы слёзы стабуненых птушак; Дзе, як сцюжа,— збялелыя, белыя — Да малюнка, ужо ўхаладзелага, Падкрадаюцца першыя зазімкі, Без якіх яшчэ восень — не восень...
Што? Малюнак зімовіць вам рукі? Вы на пальцы і пэндзаль падыхайце, Каб закончыць хутчэй карціну Да завей, што завязвае восень.
A то, крый бог, яшчэ памарозіць — Бач, як холад гусцее з’інелы — Тыя веснія, цёплыя кветкі, Што ўзышлі на суседнім малюнку...
Жанчына
Вянок санетаў
Ты — женіцнна, н этнм ты права.
Валеры Брусаў
I
Ад рук, ад вуснаў, ад вачэй тваіх Пачаўся свет — ласкавы і пакорны. А што было, скажыце мне, да іх У заінелай з нелюбі прасторы?
Як грэліся б ад позіркаў цяжкіх Мужчыны у сваім мужчынскім горы, Калі б цябе не выснілі вякі — Цябе, што гэтак шчодра ўсіх адорыць.
Прыйшла ты — кветкі выраслі ля хат, I гнёзды нараджалі птушанят, I цёпла стала ўсюды, нібы ў леце.
Мужчына усміхнуўся сам сабе, Бо зразумеў, самотны,— за цябе Няма нічога ласкавей на свеце!
II
Няма нічога ласкавей на свеце,
Як чуць тваё святочнае імя, Цябе, яшчэ нядократкаю, стрэціць I позірк сарамлівы пераняць.
I са спакусаю змаганне весці,
I зразумець, што свет твой — чысціня,
I лаяць вусны — іх жа не адвесці, Іх, нібы хваляванне, не суняць.
Шаптаць у радасці: «Кахаю» — як замову, I цалаваць у лёце твае словы — Мой дзень пагодзіцца ад іх, ад іх.
I, несучы святло тваё праз годы, Да ісціны дайсці, што назаўсёды З’яднала нас прырода удваіх.
III
З’яднала нас прырода удваіх,
Як два крылы — свайго палёту прыклад, Як два вечназялёныя гаі,
Як хвалі дзве, што абняліся звыкла.
Я да цябе, сасмаглы ўвесь, прынік, Ты да мяне, шчаслівая, прынікла, I радасная тоеснасць, бы крык, На ўсе вякі адна — адна! — узнікла.
I хто сказаў, што наш саюз — палон, Што, нібы крыж, цяжкі і сумны ён? Я ўсё жыццё яго гатовы несці!
3 табою не цяжкі ніякі крыж: На нас, сівых, ты строга паглядзіш — I мы дабрэем пры табе, як дзеці.
IV
I мы дабрэем пры табе, як дзеці, I галаву кладзём табе ў прыпол. Мы, неслухі, даёмся нават песціць I зла не заўважаем навакол.
I супакойваемся ў ціхай песні
Ад свету тлумнага, што меле нас на змол. I нават чуем, як далёка дзесьці Спадае ліст, бы мятлушка, на дол.
Калі ж ты і параніш нас, бывае, Сама і лечыш — хутка зажывае, Як ты душы кранешся, ран саміх.
I зноў ля нас засвецяць шчодра промні, I мы тады з удзякаю успомнім: Тваё жыццё — як бліскавіцы міг.
V
Тваё жыццё — як бліскавіцы міг.
Да войнаў — землятрусаў нечаканых — Праводзіш ты мужоў, сыноў сваіх, А сустракаеш — немасць пахаванак.
Свой чорны жаль на свята хоць здымі, Ідзі на хрэсьбіны — у смех гулянак... Хай крэматорыяў жахлівыя дымы Мінаюць новых дзетак і каханых!
Ідзі, прымай жа новых немаўлят: Паболей свят для новых трэба хат — Застолле кожнае цябе прывеціць.
Твая прысутнасць нам спакой дае. Як вочы добрыя і светлыя твае, Твая усмешка век нам цёпла свеціць.
VI
Твая усмешка век нам цёпла свеціць, I мы ідзём на гэтае святло.
Зімою ад яе, збудзіўшы вецце, Давер’е — наша дрэва — скрозь цвіло.
I дзе б мы ні ўмярзалі на планеце — Каханне ўсюды гнёзды ў нас віло.
Праз турмы, голад, холад, ліхалецце Тваё святло дадому ўсіх вяло.
Вярталіся, адвыклыя, мы з войнаў I слухалі, як у цішы спакойнай Твой шэпт ля вуснаў радасна прыціх.
Усмешка плакала твая ад шчасця, Што мы, мінаючы усе напасці, Спяшаем да цябе з нягод усіх.
VII
Спяшаем да цябе з нягод усіх,
Каб бачыць, як твае світаюць вочы, Каб груз нялёгкі радасна насіць — 3 сабой насіць і дні твае і ночы.
Мы не баімся рук тваіх зусім, Калі яны абвіць нас шчыра хочуць. Мы ведаем, ты волю нам дасі I ласку ў сарамлівасці дзявочай.
Каханне — клетка? Дык такой бяды — Хутчэй туды, хутчэй хачу туды, Абы з табой — хай і ў няволю, ўрэшце...
Любіць цябе — як усё роўна жыць, Нібы да сонца ліст, мой век к табе спяшыць, Як на кругі свая спяшае вецер.
VIII
Як на кругі свая спяшае вецер, Так мы спяшаем на твае кругі. Цябе шукаем, дзе сляды ў суквеццях, Дзе ў сонцы і ў дажджынах спяць лугі.
Як хораша, пужлівую, прыкмеціць Там, дзе няма ні сварак, ні тугі, Дзе мы з табой дваіх. Ды яшчэ трэці — Вялікі свет — нам шырыць берагі.
Табою, сарамлівай, любавацца I разумець, што, каб табе прызнацца, He хопіць ва ўсім свеце, мусіць, слоў.
I ўчырванець у гэты міг шчаслівы, Што сам — усё ж нячысты, памаўзлівы, А ты — святая, як сама любоў.
IX
А ты — святая, як сама любоў, Цішэеш ад абуджанай надзеі. Адчула: за дваіх віруе кроў I за дваіх душа ўжо ласкавее.
Цяжарная, нялоўкая ты зноў.
Пакорнасць светліць з-пад дрыготкіх веек. Надзею носіш, ціхая, без слоў, I сама з надзеяй маладзееш.
Хвалюешся і плачаш, можа, ўпотай — Твае не за сябе, а за яго турботы, Хто прыйдзе ў свет наступнікам бацькоў.
Даруй нам, што ў балеснасці вялікай — Заўсёды з плачам і заўсёды з крыкам — Раджала фараонаў і рабоў.
X
Раджала фараонаў і рабоў, Герояў і нікчэмных палахліўцаў, Сама ж ішла ты чыстай між вякоў I толькі чысціні магла маліцца.
Мы ўсе, мы ўсе з тваіх надзей і сноў...
А ты трывожышся, табе не спіцца: Хто ж б’ецца каля сэрца зноў — Сусветны геній ці які п’яніца?
Малодзяць маці ўдалыя сыны,
I стараць — як няўдалыя яны, Хоць і раслі аднолькава як быццам.
I ўсё ж раджай, жанчына, нас раджай, Гадуй, спялі, наш вырай памнажай, Каб жыццядайнасць не магла спыніцца.
XI
Каб жыццядайнасць не магла спыніцца, Ты ў гэтым свеце хараства жывеш.
Пакуль ты ёсць — працяг наш будзе віцца За далеч часу — без канца, без меж.
Ты неперасыхальная крыніца
I поўная заўжды — не перап’еш.