Восень у Вільнюсе
Маргарыта Прохар
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 318с.
Мінск 2014
— Прывітанне,— сказаў ён і пагладзіў яе пухнатую шэрую поўсць.
Паставіўшы кубкі на столік, Марыя нечакана спытала:
— Што з табой, Марцін? Ты сёння нейкі... трывожны. Нешта здарылася?
Ён яшчэ раз здзівіўся таму, як яна ўмела вызначаць яго настрой. Ён яшчэ з першага знаёмства з ёй заўважыў, што яна старалася не глядзець на людзей, не скіроўваць на іх вочы, не паварочваць да іх свой знявечаны твар, але гэта не перашкаджала ёй бачыць і адчуваць іх, як бачыць і адчувае таленавіты мастак. Вось і Даша выдатна малявала... Так, але ж ён не адказаў на пытанне.
— Усё ў парадку, Марыя. Праца, стомленасць.
Для яе ён быў праграмістам-дызайнерам у маленькай пражскай фірме.
— Цудоўная кава. Як пажываюць карціны? Удалося штонебудзь прадаць?
— «Дождж у Градчанах». Памятаеш, ты заганяў яе ў камп’ютар? Аднаму немцу спадабалася, і ён купіў учора, так што месяц я магу працаваць спакойна.
Яна выключыла святло, пакінуўшы толькі няяркую лямпу на століку, так, каб левая частка твару была ў цені. Яна заўсёды так рабіла, калі была магчымасць. Зараз яна магла дазволіць глядзець на сябе, і Марцін, падняўшы вочы, заўважыў, што яна ўсміхаецца.
— Новая карціна! — здагадаўся ён.— Дык што мы сядзім!
— Не-не, не рухайся, яна тут,— і Марыя адкрыла завешанае тканінай невялікае палатно, што было побач, на канапе.
За аблокамі душы
За аблокамі душы
Гэта была простая і адначасова дзіўная рэч: пясчаная прастора і сляды двух людзей, якія ішлі побач,— дзве пары слядоў. Спачатку разам, потым адны з іх растаюць на пяску, другія працягваюцца, але становяцца ўсё больш слабымі, невыразнымі, і ўсё больш расплывісты і нядоўгі іх самотны шлях... Сляды расказвалі больш ясна, чым сказалі б людзі на гэтай карціне.
Да рэальнасці яго вярнуў ціхі голас Марыі:
— Назва?
Гэта была іх гульня: ён павінен быў адгадаць назву новай карціны.
Марцін заплюшчыў вочы, і нібы ўбачыў адчайны шлях дваіх у гэтым пустэльным пясчаным бязмоўі.
— Каханне,— сказаў ён і паглядзеў на Марыю.
Яна моўчкі кіўнула ў адказ.
...Што робіць з намі каханне — па-за часам і прасторай? Што яно пакідае нам, што хоча сказаць? Можа, яно і рухае гэтым жыццём?..
Марцін падышоў да акна, і, павярнуўшыся тварам да халоднага адлюстравання ночы, адчуў, што мог бы ў гэты момант расказаць Марыі ўсё — усё пра сваё жыццё, усё тое, што ведаў толькі ён і ніхто больш. Таямніца прыгнятае душу. Аднак высілкам волі і звычкі вымавіў іншае:
— Гэтая карціна — моцная рэч. Але... Чаму яны абрываюцца — сляды?..
— Усё калі-небудзь заканчваецца, Марцін. Жыццё — пустыня, па якой мы ідзём, і хтосьці ідзе даўжэй, хтосьці — менш, і толькі каханне або ўспамін пра яго застаюцца да апошняга ўздыху.
— Ты не баішся цынікаў? — спытаў ён.
— Яны таксама ведаюць гэта, але гавораць зусім іншае. — Навошта?
— Так прасцей. Прасцей жыць, калі ты хочаш жыць.
Марцін дастаў камеру і максімальна наблізіўся да карціны. Гатова.
— Ну ўсё — зараз у камп’ютар.
— He варта,— запярэчыла Марыя.— Яе ніхто не купіць. Трагедый не любяць. Іх досыць і ў жыцці.
— Ты сапраўды не хочаш, каб яна з’явілася на сайце?
— Я ведаю, што я маю рацыю. Але ты можаш захаваць яе. Для сябе.
— Прабач, я не зразумеў адразу. Ты зрабіла яе...
— He для продажу,— хутка скончыла яна.— Божа мой, котка выпіла тваю каву!..
Шэрае стварэнне ўрачыста сядзела за столікам і аблізвала лапу. Яе не перавыхаваеш. Яшчэ тады, у дзень іх першага знаёмства, котка была ў Марыі. Ён памятаў яе і аднойчы нават сфатаграфаваў. Яна ела ўсё, што магло быць з’едзена, і заўсёды была худой. Сапраўдная котка беднага мастака.
Трывожна зазваніў мабільны. Ён дазваляў ім карыстацца толькі ў крайніх выпадках. Па нумары вызначыў — Брно. Тэлефанаваў Алег, быў вельмі ўстрывожаны.
— У Алекса госці, нам нельга там заставацца.
Гэта была непрыемная навіна.
— Вы памыліліся нумарам. He, гэта не кафэ.
Гэта быў сігнал, што ён не можа гаварыць. Але тут і без слоў было зразумела: справа пачынала складацца не так, як ён меркаваў. Алегу прыйдзецца ехаць да Яна.
Задумаўшыся, Марцін не пачуў голасу Марыі.
— Што здарылася?
— Нічога, проста памыліліся нумарам. Так, памыліліся нумарам,— паўтарыў ён для пераканання.
Прыкра, але яму трэба было сысці. Праз хвілін пятнаццаць Алег прыедзе да Яна і павінен паведаміць, што ўсё добра або ўсё дрэнна. «Госці ў Алекса» — гэта паліцыя. Толькі б яны не з’явіліся ў Яна!.. Тады прыйдзецца вяртацца ў Прагу, а там ужо ведаюць пра банк, таму ён заўсёды пасля буйной аперацыі адсылаў Алега і Ніну ў Брно.
— Табе трэба сысці? — раптам спытала Марыя.
Ён моўчкі падышоў да шэрай коткі, пагладзіў яе і ўсміхнуўся Марыі:
— Да заўтра.
— Марцін, я хачу аддаць табе грошы. Памятаеш, я пазычала ў цябе, калі...
— He, нічога не трэба. Аддасі, калі я сам буду на мелі.
Цяпер ён мог дазволіць сабе такую фразу, не тое што чатыры гады назад.
За аблокамі душы
За аблокамі душы
Ён узяў камеру і пайшоў да дзвярэй. Азірнуўшыся ў апошні раз, яшчэ раз сказаў:
— Выдатная карціна. Ты малайчына, Марыя.
Але яна нібы не пачула яго слоў. Голас гучаў трывожна:
— Марцін, можа, я магу табе чымсьці дапамагчы?
Ён нявесела ўсміхнуўся. Калі б яна ведала... Калі стаўкі зроблены, ніхто не можа дапамагчы табе, акрамя ўдачы. I ён моўчкі выйшаў з яе кватэры. Адкрываючы свае дзверы, пачуў званок і рвануўся да тэлефона. Але гэта быў Ёзаф — добры дзядок з суседняга пад’езда, з якім яны часта гулялі ў шахматы. Сёння — іншая гульня... I ў яго, відаць, здаюць нервы. Так бывае, калі ты рагтгам усвядоміш, што табе ёсць што губляць, акрамя ўласнага жыцця. Вяртанне — вось пра што ён думаў, і не мог нават на хвіліну выкінуць з памяці. I гэтая карціна Марыі... Яна так жыва нагадала яму яго мінулае, яго шчаслівае мінулае, якое было так даўно, нібы з іншым чалавекам, у іншым жыцці.
Марцін не вытрымаў і дастаў са старой, пашарпанай сумкі ліст. У гэтай сумцы ён калісьці два гады насіў па Празе фотакамеру, а аднойчы, прысеўшы ў парку на нейкую лаўку, не вытрымаў і пачаў фантазіраваць. Ён уявіў, што раптам разбагацеў і можа свабодна прыехаць туды, дзе яго, мусіць, не чакалі. Спачатку трэба напісаць ліст, і ён цэлую гадзіну пісаў яго на нейкім жмутку паперы, і адчуваў, быццам над кожным радком усярэдзіне яго хтосьці ціха, хваравіта плача.
«Мілая Янка!
Калі ты яшчэ памятаеш мяне, то гэта піша табе твой брат Марцін, той Марцін, які так смешна пералазіў цераз плот, каб зрэзаць свежыя астры да твайго першавераснёўскга дня, калі ты гаварыла, што ўжо зусім-зусім дарослая, таму што ідзеш у першы клас...»
А далей... Пра што ён мог напісаць ёй далей, як мог растлумачыць гэтай маленькай дзяўчынцы на некалькіх старонках тое, што ён перадумаў за гэты час — усё яго жыццё, раскладзенае па палічках, пачынаючы з самай цёплай бабулінай лямпы-цюльпана да чужога халоднага вечара ў Празе...
Пачуўся званок, і гэта было так нечакана, так недарэчна, што Марцін нават адразу не сцяміў, хто гэта можа быць. Але потым цвёрдая рука свядомасці вярнула яго да справы.
— Мы ў Яна. Усё пакуль спакойна. Што з Алексам — не ведаю.
— Заўтра я буду ў Брно. Без мяне нічога не рабіце,— адказаў Марцін і паклаў трубку.
Алег і маленькая Ніна прыехалі ў Прагу даўно, яшчэ калі звалілася жалезная заслона СССР, і ўсе, нібы ап’янеўшы ад свабоды, кінуліся туды, куды ім столькі гадоў забаранялі. Шмат каму пашанцавала: яны знайшлі працу. Алегу і Ніне таксама спачатку пашанцавала, але потым збанкруцілася фірма, дзе яны працавалі, і жыццё выкінула іх на вуліцу. 3 вуліцы яны падабралі і іншых няўдачнікаў, у тым ліку і яго, Марціна. I калі яны былі свядомымі эмігрантамі, то ён хутчэй нагадваў залётную птушку, у якой не было іншага выйсця і якому было болыл складана, чым ім, першым, таму што ў яго наогул не было шанцаў: усё ўжо было забіта, захоплена, падзелена... Зараз у яго ўсё ёсць. У тым ліку гэтая кватэра, дзе на вушы давіць цішыня, дзе цяжка ўседзець вечарамі, і адкуль ён так часта ўцякае з цеплыні ў холад вечара — хадзіць у натоўпе, скрозь галасы. Так менш самотна. Можна спяшацца, быццам хтосьці чакае цябе, можна спыніцца і чакаць самому, быццам хтосьці да цябе прыйдзе, кране за руку і скажа: «Прывітанне!» Вечар — час фантазій, жартаў над самім сабой, каб забыцца ўпартае правіла свайго жыцця: неасцярожна сустракацца і заводзіць знаёмствы, неасцярожна гаварыць з чужымі, неасцярожна... Іх шмат, і ён ведаў, што яны справядлівыя, бо ад гэтага залежыць жыццё не толькі яго, але і іншых... I ён проста блукаў па горадзе, фантазіруючы, прымяраючы да сябе розныя «калі».
Сёння, калі б не гэты званок, ён сядзеў бы ва ўтульнай кватэрцы Марыі, але зараз вяртацца нельга: ён можа выдаць сябе, таму што Справа не адпускае яго думкі. Марцін накінуў куртку і выйшаў з кватэры ў халодны восеньскі вечар. Хвіліну пастаяўшы ў нерашучасці, раптам зразумеў, куды ён хоча пайсці. Так, у той рэстаранчык, дзе ён восем гадоў назад пакінуў свае апошнія кроны....
Гэта цікавая ідэя. Хай гэта стане пачаткам яго развітання, і яму будзе цёпла ад гэтай думкі.
Ён перайшоў дарогу і накіраваўся да тытунёвага кіёска купіць цыгарэт. Ля акенца стаялі двое мужчын, відавочна
За аблокамі душы
За аблокамі душы
падпіўшыя. Марцін успомніў: сёння ж вечар пятніцы! У гэты час чэхі адзначаюць заканчэнне працоўнага тыдня ў шынках за куфлем піва. Вечар радасці і шумных гутарак. Ён правёў іх вачамі і працягнуў у акенца кіёска грошы.
«А вось кіяскёру не пашанцавала,— падумаў ён.— Самотна, відаць, сядзець у такі вясёлы вечар у гэтай маленькай будачцы і сузіраць шэрыя гмахі дамоў з маленькай шкляной адтуліны».
Так што яму, Марціну, няма чаго жаліцца: ён можа пайсці куды яму захочацца.
Раптам ён адчуў лёгкія асцярожныя рухі ля кішэні курткі і, інстыктыўна рэзка зірнуўшыся, ухапіў за руку хлапчука ў пашарпанай вятроўцы і кепцы, якая хавала вочы. Хлопец пачаў моўчкі вырывацца, але Марцін быў нашмат мацнейшы. Кіяскёр заўважыў рух і выглянуў са сваёй будкі. Калі ён убачыў хлапчука, яго тоўсты, бліннага колеру твар пабарвовеў.
— Пракляты зладзюжка! — і ён вылаяўся.
Марцін да гэтага часу паспеў схапіць хлопца за рукі і зараз утрымліваў яго перад сабой, твар да твару.
— Я вызаву паліцыю! — расхваляваўся кіяскёр.— Вы не першы, каго абірае гэты маленькі ашуканец! — і ён пацягнуўся за мабільнікам.