• Газеты, часопісы і г.д.
  • Востраў Скарбаў  Робэрт Льюіс Стывэнсан

    Востраў Скарбаў

    Робэрт Льюіс Стывэнсан

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 239с.
    Мінск 1993
    67.62 МБ
    Раптам капітан зароў сваё вечнае: Пятнаццаць чалавек на куфры мерцвяка — Ё-го-го, і бутэлька рому!
    Пі, і даканае цябе д’ябла рука — Ё-го-го, і бутэлька рому!
    Дарэчы, у той час я думаў, што «куфар мерцвяка» — гэта той самы куфар, што стаяў наверсе, у капітанавым пакоі. У маіх страшных снах я часта бачыў гэты куфар разам з аднаногім мараком. Але спакваля мы да таго прызвычаіліся да гэтае песні, што перасталі зусім зважаць на яе. Тым вечарам яна была навіною толькі для доктара і, як я заўважыў, не выклікала ў яго прыемнага ўражання. Ён якраз загаварыў са старым садоўнікам Тэйларам пра новы спосаб лячэння рэўматызму і, збянтэжаны дзікім ровам, перш чым распачаць гутарку, з гідкасцю паглядзеў на п’яніцу. Капітан тым часам, разгарачыўшыся, ударыў кулаком па стале. Гэта азначала, што ён патрабуе цішыні.
    Усе ўмомант змоўклі, адзін толькі доктар спакойна працягваў сваю дабрадушную размову, часта пыхкаючы люлькаю. Капітан працяў яго сваім лютым позіркам, пасля зноў ударыў кулаком па стале, пачакаўшы трохі, глянуў на доктара яшчэ больш люта і ўрэшце зароў, непрыстойна лаючыся:
    — Гэй, там, на палубе, маўчаць!
    — Гэта вы мне, сэр? — спытаўся доктар. — А каму ж? — зноў вылаяўся капітан.
    — У такім разе, сэр, скажу вам адно,— адказаў доктар,— калі вы не кінеце гэтак піць, дык хутка пазбавіце свет ад аднаго з самых агідных нягоднікаў!
    Капітан ашалеў ад злосці: ускочыў, выхапіў з кішэні і адкрыў свой матроскі складны нож. Правёўшы лязом па сваёй далоні, ён прахрыпеў, што ўгоніць нож праз доктара ў сцяну.
    Доктар нават не зварухнуўся. I павярнуцца
    да капітана не падумаў, загаварыў з ім цераз плячо, тым самым голасам, што і раней — можа, трохі гучней, каб усе маглі чуць яго, але спакойна і цвёрда:
    — Калі вы зараз жа не схаваеце нож у кішэню, я клянуся сваім гонарам, вас павесяць пасля бліжэйшай сесіі нашага раз’язнога суда.
    Капітан утупіўся ў доктара вачыма, але неўзабаве здаўся — схаваў нож і апусціўся на крэсла, як пабіты сабака, адно прабурчаў нешта.
    — А зараз, сэр,— дадаў доктар,— раз ужо мне стала вядома, што ў маёй акрузе пасяліўся такі чалавек, як вы, я ўстанаўліваю за вамі самы пільны нагляд— і ўдзень і ўначы. Я тут не толькі доктар, але і суддзя. I калі да мяне дойдзе якаясьці скарга, хоць бы на тое, што вы некаму нагрубілі, я прыму самыя рашучыя меры, каб вам было вынесена заслужанае пакаранне. Я словамі на вецер не кідаюся.
    Неўзабаве доктару падалі каня, і ён паехаў. Але капітан увесь вечар быў спакойны і ціхі і заставаўся такі яшчэ шмат вечароў.
    РАЗДЗЕЛ II
    Чорны Пёс з' яўляецца і знікае
    Неўзабаве здарылася першая з тых загадкавых падзей, дзякуючы якой мы пазбавіліся нарэшце ад капітана. Але ж не пазбавіліся, як вы самі ўбачыце, ад ягонае спадчыны.
    Стаяла сцюдзёная зіма з доўгімі траскучымі маразамі і бурнымі вятрамі. Ужо было відаць, што мой няшчасны бацька наўрад ці прычакаецца вясны. 3 кожным днём яму рабілася ўсё горш, упраўляцца з карчмою даводзілася мне і маці. Спраў у нас было не абабрацца, і мы амаль ужо не зважалі на нашага непрыемнага пастаяльца.
    Была студзеньская халодная раніца. Бухта ажно пасівела ад намаразі. Невялікія хвалі лашчылі прыбярэжнае каменне. Сонца яшчэ не паспела ўзысці, адно кранула сваімі промнямі верхавіны скал і марскую далячынь. Але капітан пайшоў ужо на свой шпацыр: сёння ён прачнуўся раней звычайнага. Пад шырокімі крысамі ягонага падранага сіняга каптана калыхаўся танюткі корцік, пад пахаю была падзорная труба. Капялюш ён ссунуў на патыліцу. Памятаю, з ягонага рота ішла і клубілася, бы дым, пара. Я чуў, як злосна ён чмыхаў, агінаючы вялікую скалу,— напэўна, усё яшчэ не мог забыцца на сваю сутычку з доктарам Ліўсі.
    Маці была наверсе, у бацькі, а я накрываў стол капітану на сняданак. Раптам дзверы карчмы адчыніліся, і ў гасцёўню ўвайшоў зусім незнаёмы мне чалавек.
    У яго быў бледны твар, які блішчаў, быццам выпацканы салам. На левай руцэ ў яго не хапала двух пальцаў. I хоць на поясе ў чалавека і вісеў корцік, выгляд у яго быў не надта ваяўнічы. Я заўсёды пільна сачыў за кожным мараком, на адной назе ён быў ці на дзвюх, і незнаёмец дужа мяне збянтэжыў сваім раптоўным з’яўленнем. На флоцкага чалавека госць быў не вельмі падобны, і ўсё ж такі нешта ў ім падказвала мне, што ён — марак.
    Я спытаўся, чаго ён хоча, і ён папрасіў рому. Я памкнуўся быў выйсці з пакоя, каб прынесці рому, але незнаёмец, сеўшы за стол, паклікаў мяне.
    — Хадзі сюды, сынок,— сказаў ён, як толькі я спыніўся.— Падыдзі бліжэй.
    Я ступіў крок.
    — Гэты стол накрыты для майго таварыша, штурмана Білі? — спытаўся ён. На твары ў яго было нешта падобнае на ўсмешку.
    Я адказаў, што не ведаю ніякага штурмана
    Білі і што стол накрыты для нашага пастаяльца, якога мы ўсе завём капітанам.
    — Ну што ж,— сказаў ён,— майго прыяцеля, штурмана Білі, можна называць і капітанам. Гэта справы не мяняе. У яго шнар на правай шчацэ, і ён вельмі пачцівы, асабліва калі вып’е. Вось ён які, мой штурман Білі. Заўважым, што і ў вашага капітана шнар на шчацэ і якраз на правай. Дык вось, я хацеў бы даведацца, ці тут ён цяпер, у гэтым доме, мой прыяцель Білі?
    Я адказаў, што ён пайшоў гуляць.
    — А па якой дарозе, сынок? Па якой дарозе пайшоў ён?
    Я паказаў чалавеку скалу, на якой штодня бываў капітан, і сказаў, што ён хутка вернецца.
    — А як хутка? — спытаўся госць.
    Я адказаў і на гэтае, і яшчэ на два-тры падобныя пытанні.
    — Думаю, мой прыяцель Білі ўзрадуецца мне, як выпіўцы,— сказаў нарэшце незнаёмец.
    Аднак твар у яго пры гэтых словах быў пануры, і ў мяне былі ўсе падставы меркаваць, што сустрэча з нечаканым госцем будзе капітану не дужа прыемным сюрпрызам. Але я адразу ж сказаў сабе, што гэта не мая справа, да таго ж цяжка было што-небудзь зрабіць пры такіх абставінах. Незнаёмец уважліва сачыў за дзвярыма, прытаіўшыся ля ўвахода, нібыта кот, што пільнуе мыш. Я хацеў быў выйсці на двор, але ён адразу ж спыніў мяне. Паслухаўся я яго не з першага разу, і лаянка, якую я пачуў, была такая брыдкая, што я павярнуўся і, убачыўшы яго скажоны лютасцю сальны твар, спалохана адскочыў назад. Але як толькі я вярнуўся, незнаёмец зноў загаманіў са мною па-ранейшаму — ці то лісліва, ці то насмешліва — і паляпаў мяне па плячы, сказаўшы, што я слаўны хлапчук і што ён адразу мяне ўпадабаў.
    — Ведаеш, у мяне ёсць сынок,— разгаварыў-
    ся госць,— дык вы падобныя як дзве кроплі вады. Ён — гонар майго бацькоўскага сэрца. Але для хлапчукоў галоўнае паслухмянасць. Паслухмянасць, сынок. Вось калі б ты паплаваў з Білі, мне б не давялося аклікаць цябе два разы. Білі ніколі не паўтараў загадаў. Іх не трэба было паўтараць тым, хто плаваў з ім... А вось і ён, мой прыяцель Білі, з падзорнай трубою пад пахаю, блаславі яго бог, ён! Давай схаваемся за дзвярыма, сынок, зробім Білі маленечкі сюрпрыз, блаславі яго бог, майго старога прыяцеля!
    3 гэтымі словамі ён загнаў мяне ў кут, за расчыненыя дзверы. Мне, як вы можаце здагадацца, стала страшна, асабліва калі я заўважыў, што незнаёмец сам баіцца сустрэчы з капітанам. Ён вызваліў рукаятку свайго корціка, выцягнуў яго трохі з ножнаў і ўвесь час рабіў нейкія дзіўныя рухі: можна было падумаць, піто ён глытаў нейкі кавалак і той захрас у яго ў горле.
    Нарэшце ў пакой уваліўся капітан, бразнуў дзвярыма і, не гледзячы па баках, рушыў да стала, дзе яго чакала снеданне.
    — Білі! — сказаў незнаёмец, стараючыся надаць свайму голасу смеласць і цвёрдасць.
    Капітан імкліва азірнуўся і апынуўся акурат перад намі. Загар адразу ж нібыта сышоў з ягонага твару, нос стаў сіні. У яго быў такі выгляд, быццам ён наяаткаў раптам здань, або д’ябла, або яшчэ што-небудзь горшае, калі такое бывае, і, прызнаюся, мне стала яго шкада — такі ён быў цяпер стары і друзлы.
    — Хадзі сюды, Білі... Ну няўжо ты не пазнаеш свайго старога карабельнага таварыша?.. Пазнаеш, Білі...— сказаў незнаёмец.
    Капітан разявіў рот, усё роўна як яму не хапала паветра.
    — Чорны Пёс! — вымавіў ён нарэшце.
    — А хто ж яшчэ? — сказаў незнаёмец, трохі падбадзёрыўшыся.— Чорны Пёс прыйшоў на-
    ведаць свайго старога карабельнага таварыша, што жыве цяпер у «Адмірале Бенбоў». Ах, Білі, Білі, колькі ж часу мінула з тае пары, як я страціў два свае кіпцюры! — узняў ён сваю знявечаную руку.
    — Ну добра,— сказаў капітан.— Ты высачыў мяне — я перад табою. Кажы, чаго прыйшоў.
    — Пазнаю цябе, Білі,— адказаў Чорны Пёс.— Твая праўда, прыяцель. Гэты слаўны хлапчук, які мне так спадабаўся, прынясе зараз мне шкляначку рому. Мы пасядзім з табою, калі хочаш, і пагамонім без хітрыкаў, па-простаму, як старыя карабельныя дружбакі.
    Калі я вярнуўся з ромам, яны ўжо сядзелі за сталом, па адзін яго бок. Чорны Пёс сеў бліжэй да дзвярэй, на самым канцы лаўкі, і адным вокам пазіраў на свайго старога карабельнага дружбака, а другім — на дзверы.
    Госць загадаў мне выйсці і пакінуць дзверы адчыненымі насцеж.
    — Гэта каб ты, сынок, не падглядваў у замочную адтуліну,— растлумачыў ён.
    Я пакінуў іх удвух і вярнуўся да стойкі.
    Яшчэ доўга я, як ні ўслухоўваўся, не чуў нічога, апроч невыразнага гоману. Але спакваля галасы гучнелі, і нарэшце мне ўдалося разабраць некалькі слоў, перш за ўсё капітанаву лаянку.
    I вось раптам капітан закрычаў:
    — He, не, не! 4 досыць пра гэта!
    I потым зноў:
    — Калі справа дойдзе да шыбеніцы, дык няхай усе на ёй боўтаюцца!
    Урэшце пачуўся страшэнны выбух лаянкі, лаўка і стол з грукатам перакуліліся на падлогу, бразнула сталь клінкоў, нехта ўскрыкнуў ад болю — і тут я ўбачыў, як Чорны Пёс што было сілы нёсся да дзвярэй. Капітан гнаўся за ім, іхнія корцікі былі аголеныя, у Чорнага Пса з левага пляча цякла кроў. Каля самых дзвярэй
    капітан замахнуўся корцікам, каб нанесці ўцекачу апошні, самы страшны ўдар, які, напэўна, рассек бы таго напалам, але корцік зачапіўся за нашу вялікую шыльду, на якой і дагэтуль бачны ўнізе, на раме, ягоны след.
    На тым бойка і скончылася. Выскачыўшы на дарогу, Чорны Пёс, нягледзячы на сваю рану, памчаўся з такой хуткасцю, што не прайшло і паўхвіліны, як ён знік за ўзгоркам. А капітан застыў — глядзеў на шыльду, усё роўна як з’ехаў з глузду. Потым некалькі разоў правёў рукою па вачах і вярнуўся ў карчму.
    — Джым,— загадаў ён,— рому!
    Пры гэтых словах ён крыху пахіснуўся і абапёрся рукою аб сцяну.