• Газеты, часопісы і г.д.
  • Востраў Скарбаў  Робэрт Льюіс Стывэнсан

    Востраў Скарбаў

    Робэрт Льюіс Стывэнсан

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 239с.
    Мінск 1993
    67.62 МБ
    Я збег уніз, стараючыся стукаць чаравікамі як мага гучней. Потым зняў іх, пракраўся на дыбачках па запасным калідоры ў кубрык, падняўся па трапе і выглянуў з пярэдняга тамбура.
    Хэндс ніколі б не здагадаўся, што я назіраю за ім, аднак я ўсё роўна быў вельмі пільны. Зірнуўшы, я адразу ж упэўніўся ў сваіх падазрэннях.
    Хэндс стаў на карачкі і досыць спрытна папоўз па палубе, хаця ягоная параненая нага, напэўна, моцна балела, бо пры кожным руху ён глу.ха стагнаў. Праз паўхвіліны ён дапоўз да вадасцёкавага жолаба і выцягнуў з-пад карабельнага каната, складзенага непадалёк бухтаю, доўгі нож ці, дакладней, кароткі кінжал, увесь у крыві. Пасля агледзеў яго, выставіўшы пры гэтым ніжнюю сківіцу, пакратаў рукою вастрыё і, сунуўшы нож за пазуху, папоўз назад да фальшборта.
    Цяпер я ведаў усё. Ізраэль можа рухацца. Ён узброены. Раз ён выправаджваў мяне з палубы, значыцца, вырашыў забіць мяне. Што ён збіраецца рабіць, пакончыўшы са мною,— цягнуцца праз увесь востраў ад Паўночнае стаянкі да лагера піратаў на балоце ці страляць з гарматы, клічучы таварышаў дапамагчы яму,— гэтага я ўжо, канечне, уведаць не мог.
    Я мог давяраць Хэндсу толькі ў тым, у чым нашы інтарэсы супадалі: мы абодва хацелі прывесці шхуну ў бяспечнае месца, адкуль яе можна было б вывесці ў патрэбны момант без асаблівае цяжкасці і рызыкі. Пакуль гэта яшчэ не зроблена, нападаць на мяне ён не стане.
    Разважаючы, я не марнаваў часу: пракраўся назад у каюту, надзеў чаравікі, схапіў бутэльку віна і вярнуўся на палубу.
    Хэндс ляжаў у той самай паставе, у якой я яго пакінуў, нібыта торба, прыжмурыўшы вочы, быццам так ужо аслабеў, што не мог глядзець на святло. Ён зірнуў на мяне, адбіў рыльца бутэлькі — было відаць, што рука ў яго тут напрактыкаваная,— і адпіў некалькі добрых глыткоў.
    — За ўдачу! — сказаў ён, адарваўшыся ад бутэлькі.
    Потым, перадыхнуўшы, Хэндс дастаў з кішэні плітку жавальнага тытуню і папрасіў мяне адрэзаць кавалачак.
    — Зрабі ласку, адрэж,— сказаў ён,— а то ў мяне няма нажа, дый сіл не хопіць. Ах, Джым, я зусім занядужаў. Гэты кавалачак будзе, відаць, для мяне апошні. Мала мне, хлопец, засталося да спачыну...
    — Добра,— сказаў я.— Адрэжу. Але на вашым месцы... пачуваючы сябе так блага, я пакаяўся б, як належыць хрысціяніну.
    — Пакаяўся? — спытаўся ён.— У чым?
    — Як — у чым? — усклікнуў я.— Вы не ведаеце, у чым вам каяцца перад смерцю?! Вы здрадзілі свайму абавязку. Пражылі ўсё жыццё ў граху, у хлусні і ў крыві. Ля вашых ног ляжыць забіты вамі чалавек. А вы пытаецеся, у чым каяцца! Маліце бога, містэр Хэндс, каб ён дараваў вам!
    Я гаварыў залішне горача, бо думаў аб крывавым кінжале, схаваным у яго за пазухаю, кінжале, якім ён хацеў забіць мяне. А ён выпіў занадта шмат віна і адказваў мне надзіва красамоўна.
    — Трыццаць гадоў я плаваў па морах,— сказаў ён,— нагледзеўся і добрага, і благога, і штыляў, і штормаў, і голаду, і панажоўшчыны, і багата чаго яшчэ, але, павер мне, аніводнага разу не бачыў, каб дабрадзейства прынесла чалавеку хоць якую карысць. Рацыя за тым, хто ўдарыў першы, мёртвыя не кусаюцца — вось і ўся мая вера. Амінь!.. Слухай,— сказаў ён раптам зусім іншым голасам,— досыць вярзці лухту. Прыліў падняўся ўжо высока. Выконвай мае каманды, капітан Хоўкінс, і мы выведзем шхуну Ў бухту.
    Нам і праўда заставалася прайсці не больш як дзве мілі. Аднак плыць было цяжка. Уваход у Паўночную стаянку быў не толькі вузкі і мел-
    каводны, але і вельмі звілісты. Прыйшлося пашчыраваць. Але я быў добры падначалены, a Хэндс — выдатны лоцман. Мы так спрытна лавіравалі, абыходзячы мелі, што люба-дорага было паглядзець.
    Ледзь толькі мы мінулі абодва мысы, як нас з усіх бакоў акружыла зямля. Лес на беразе Паўночнае стаянкі быў такі ж густы, як і на беразе Паўднёвай. Але сама бухта была даўжэйшая і вузейшая і хутчэй нагадвала вусце ракі, чым бухту. Акурат перад намі, у паўднёвым куце, мы ўбачылі напаўзгнілы каркас карабля. Гэта было вялікае трохмачтавае судна. Яно так доўга ярастаяла тут, што водарасці абляпілі яго з усіх бакоў, а на палубе расло густое кустоўе, усё ў яркіх кветках. Сумнае было відовішча, але яно сведчыла, што бухта для стаянкі вельмі прыдатная.
    — Паглядзі,— сказаў Хэндс,— вунь неблагая мясціна, каб прычаліць да берага. Чысты, гладкі пясок, ніколі ніякіх хваль, вакол лес, кветкі на тым беразе растуць, як у садзе.
    — А шхуна, калі мы прычалім, не загразне на мелі? — спытаўся я.
    — 3 мелі яе няцяжка будзе зняць,— адказаў Хэндс.— У час адліву працягні канат на той бераг, наматай яго на адну з тых вялікіх соснаў, канец цягні сюды і наматай на шпіль. Потым чакай прыліву. Калі прыйдзе прыліў, загадай усёй камандзе ўхапіцца разам за канат і цягнуць. ! шхуна сама сыдзе з мелі, як лебедзь. А зараз, хлопец, будзь пільны. Мы ля той самай мелі, і шхуна ідзе якраз на яе. Трохі ўправа... так... прама... управа... трохі ўлева... прама... прама!
    Ён аддаваў загады, якія я адразу ж дакладна выконваў.
    — Кіруй да ветру, сынок! — крыкнуў ён раптам.
    Я з усяе сілы налёг на стырно. «Іспаньёла» крута павярнулася і імкліва падышла да зарослага нізкім лесам берага.
    Я так захапіўся ўсімі гэтымі манеўрамі, што зусім перастаў сачыць за боцманам. Мяне цікавіла адно: калі шхуна дакранецца днішчам да пяску. Забыўшыся пра небяспеку, што пагражала мне, я перагнуўся цераз правы фальшборт і глядзеў, як шуміць пад носам вада. I загінуў бы нават не пазмагаўшыся, калі б раптоўнае пачуццё трывогі не прымусіла азірнуцца. Можа, я пачуў якісьці шоргат ці заўважыў краем вока Хэндсаў цень, можа, гэта было нешта накшталт кашачага інстынкту, але я азірнуўся — і ўбачыў боцмана. Ён быў зусім ужо непадалёк ад мяне, з кінжалам у правай руцэ.
    Я закрычаў ад жаху, а Хэндс зароў, як раз’ятраны бык, і кінуўся на мяне. Я адскочыў да носа і выпусціў з рук румпель, які адразу ж выпрастаўся. Гэты вось румпель і ўратаваў мяне: ён ударыў боцмана ў грудзі, і Хэндс упаў.
    Перш чым ён паспеў ускочыць на ногі, я выбег з кута, у які быў загнаны. Цяпер перада мною была ўся палуба, і я мог увільваць ад боцмана, як хацеў. Каля грот-мачты я спыніўся, выняў з кішэні пісталет, прыцэліўся і націснуў на курок. Хэндс ішоў на мяне. Курок шчоўкнуў, але пісталет не стрэліў: порах быў падмочаны. Я праклінаў сябе за нядбайнасць. Чаму я не перазарадзіў раней пісталет, часу ж хапала! Стой цяпер, быццам авечка перад мясніком.
    Нягледзячы на рану, Хэндс рухауся надзіва хутка. Сівыя валасы ўпалі на ягоны твар, чырвоны ад шалу і задышкі. Часу даставаць другі пісталет у мяне не было. Апроч таго, я быў упэўнены, што ён таксама падмочаны. Я разумеў адно: трэба не проста адступаць назад, а адскокваць убок, інакш Хэндс загоніць мяне на нос, як загнаў нядаўна на карму. Калі гэта яму ўдас-
    	ж	 ца, пякучы холад дзесяці вяршкоў акрываўленага кінжала стане маім апошнім пачуццём у жыцці на гэтым свеце. Я абхапіў рукамі грот-мачту, даволі тоўстую, і чакаў. Напружыўся кожны мускул.
    Убачыўшы, што я збіраюся ўвільваць, Хэндс спыніўся. Нейкі час ён рабіў выгляд, што кінецца зараз на мяне. Ён паварочваўся то ў адзін бок, то ў другі — і я рабіў тое ж самае. Наш двубой выдаваў на гульню, у якую я часта гуляў дома сярод скал бухты Чорнага Пагорка. Але, вядома, тады сэрца ў мяне ніколі так не калацілася. I ўсё ж лягчэй было гуляць у гэтую гульню хлапчуку, а не старому мараку з параненым сцягном. Я трохі асмялеў і пачаў нават прыкідваць, чым гэтая гульня кончыцца. Вядома, я мог пратрымацца доўга, але надзеі на ўратаванне ў ёй пакуль што не меў.
    Мы стаялі адзін насупраць аднаго. I тут «Іспаньёла» раптам урэзалася ў пясок. Ад штуршка яна моцна нахілілася на левы бок. Палуба ўстала пад вуглом у сорак пяць градусаў, праз жолабы хлынулі струмені вады — ля фалыпборта з’явілася вялікая лужына.
    Мы абодва страцілі раўнавагу і пакаціліся, амаль абняўшыся, да жолабаў. Мярцвяк, з раскінутымі, як і раней, рукамі, скамянелы, пакаціўся ўслед за намі. Я з такой сілаю ўдарыўся галавою аб боцманаву нагу, што ў мяне ляскнулі зубы. Але ўскочыць першаму ўдалося мне — на Хэндса наваліўся нябожчык. Бегаць па палубе было ўжо немагчыма, трэба было прыдумаць якінебудзь новы спосаб уратавання, прыдумаць, не марудзячы ні імгнення, бо вораг рыхтаваўся ўжо кінуцца на мяне. Я ўчапіўся за ванты бізаньмачты, палез ўверх і, пакуль не ўсеўся на салінгу1, аніводнага разу не перавёў дыхання.
    1 С а л і н г — верхняя перакладзіна на мачце, якая складаецца з дзвюх частак.
    Хуткасць уратавала мяне: пада мною, за паўфута ад ног, бліснуў кінжал. Раззлаваны і збянтэжаны, Хэндс глядзеў на мяне, разявіўшы рот.
    Я атрымаў невялікую перадышку і, не губляючы часу, перазарадзіў пісталет, затым другі.
    Хэндс назіраў за мною з бяссільнай злосцю. Ён пачаў разумець, што ягонае становішча дужа пагоршылася. Разважыўшы, ён з цяжкасцю ўхапіўся за ванты і, трымаючы кінжал у зубах, паволі паііоўз уверх, стогнучы ад болю ў параненай назе. Пакуль ён прасунуўся на трэць адлегласці паміж намі, я меў ужо ў руках два зараджаныя пісталеты.
    — Яшчэ крок, містэр Хэндс,— загаварыў я,— і я выб’ю з вас мазгі! Мёртвыя, як вы ведаеце, не кусаюцца,— дадаў я, усміхаючыся.
    Ён адразу ж спыніўся. Па ягоным твары было відаць, што ён нешта абдумвае. Радуючыся сваёй перавазе, я зарагатаў.
    Нарэшце, праглынуўшы камяк у горле, боцман выняў з рота кінжал. На твары ў яго была ўсё тая ж разгубленасць.
    — Джым,— сказаў ён,— мы з табою здурнелі, хлопец. Нам трэба заключыць перамір’е. Я б прыкончыў цябе, каб не гэты штуршок. Але мне ніколі не шанцуе, ніколі... Мне трэба спусціць сцяг, як ні цяжка мне, старому мараку, здацца табе, карабельнаму юнзе.
    Я ап’янеў ад ягояых слоў і радасна пасмейваўся, надзьмуўшыся, усё роўна як певень на плоце, але раптам Хэндс узмахнуў правай рукою — і нешта стралою прасвісцела ў паветры. Я адчуў удар і рэзкі боль. Плячо маё было прыцвічана да мачты. Ад жахлівага болю і нечаканасці — не магу сказаць, абдумана ці падсвядома,— я націснуў абодва куркі. Пісталеты стрэлілі і выпалі ў мяне з рук. Але ўпалі яны не адны: глуха крыкнуўшы, боцман выпусціў ванты і паляцеў уніз галавою ў ваду.
    РАЗДЗЕЛ XXVII
    « Піястры! »
    Судна нахілілася так моцна, што мачты павіслі над вадою. Я сядзеў на салінгу, бы на кураседле, якраз над залівам. Хэндс, які ўзабраўся не так высока, быў бліжэй да палубы і ўпаў у ваду паміж мною і фальшбортам. Толькі адзін раз вынырнуў ён на паверхню ў крывавым шуме і навек пайшоў на дно. Калі вада супакоілася, я ўбачыў яго. Ён ляжаў на чыстым, светлым пяску ў цяні карабля. 3 мачты было нават відаць, як праплылі над ім дзве рыбкі. Хвалі пакалыхваліся, і часам здавалася, што ён варушыцца і спрабуе ўстаць. Але ж ён быў двойчы мярцвяк: і прастрэлены куляю ці кулямі, і захлынуўся вадою, стаўшы ежаю для рыб на тым самым месцы, дзе збіраўся прыкончыць мяне.