Востраў Скарбаў
Робэрт Льюіс Стывэнсан
Выдавец: Юнацтва
Памер: 239с.
Мінск 1993
Вядома, я ні слова не сказаў у адказ. Яны паставілі мяне ля самае сцяны. Я стараўся глядзець Сільверу ў вочы як мага спакайней, але capita маё агарнула роспач.
Сільвер, ані каліва не змяніўшыся з твару, зацягнуўся раз ці два і загаварыў зноў:
— Раз ужо ты, Джым, зайшоў да нас у госці, я скажу табе ўсё, што думаю. Ты заўсёды мне падабаўся, бо ў цябе на плячах галава. Гледзячы на цябе, я і сябе згадваю маладым і прыгожым. Я заўсёды хацеў, каб ты далучыўся да нас, атрымаў сваю долю скарбаў і памёр багатым джэнтльменам. I вось, сынок, ты прыйшоў. Капітан Смолет файны марак, я гэта заўсёды казаў, але вельмі ўжо налягае на дысцыпліну. «Абавязак ёсць абавязак»,— кажа ён,— і мае рацыю. А ты кінуў свайго капітана. Нават доктар незадаволены табою. «Няўдзячны нягоднік»,— так ён сказаў пра цябе. Словам, да сваіх ты ўжо не можаш вярнуцца. Яны цябе не хочуць бачыць, і, калі не хочаш збіраць трэцюю каманду, табе прыйдзецца далучыцца да капітана Сільвера.
Значыцца, зразумеў я, справы нашыя не такія ўжо благія: сябры засталіся жывыя. I хоць я гатовы быў паверыць Сільверу, што яны не мо-
гуць дараваць мне майго дэзерцірства, усё роўна вельмі ўзрадаваўся.
— Я ўжо не кажу пра тое, што ты ў нашых руках,— працягваў Сільвер,— ты гэта сам бачыш. Вось і ўсе мае довады. Я ніколі не бачыў вялікай карысці ў пагрозах. Калі табе даспадобы служба ў нас, далучайся самахоць. Ну, а калі не, Джым, ты можаш свабодна гэта сказаць. Свабодна, прыяцель, нічога не баючыся. Вось як я шчырую з табою, няхай мяне трасца возьме, калі я хітрую!
— Мне трэба адказваць? — спытаўся я дрыготкім голасам, бо адчуў у ягонай насмешлівай балбатні смяротную пагрозу. Шчокі ў мяне гарэлі, сэрца калацілася.
— Ніхто цябе не змушае, хлопец,— сказаў Сільвер.— Падумай як след. Спяшаць нам няма куды, у кампаніі з табою час праходзіць весела.
— Ну што ж,— сказаў я, трохі асмялеўшы,— раз мне трэба выбраць, на чыім баку быць, я маю права ведаць, што тут у вас адбываецца. Чаму вы тут і дзе мае сябры?
— Што адбываецца? — паўтарыў мае словы адзін з піратаў, змрочны, як хмара,— Хацеў бы я сам зразумець гэта!
— Заткніся, прыяцель, пакуль у цябе ні аб чым не пытаюцца! — раззлаваны, абарваў яго Сільвер і зноў спакойна і ветліва загаварыў са мною: — Учора ўранку, містэр Хоўкінс, да нас прыйшоў доктар Ліўсі з белым сцягам. «Вы засталіся на мелі, капітан Сільвер,— сказаў ён,— карабель знік». Пакуль мы пілі ром і спявалі песні, карабля не стала. Тут мы далі маху, нічога не скажаш. Ніхто з нас не глядзеў за караблём. Мы выбеглі на бераг, і, клянуся ўдачаю, наш стары карабель знік.У на.с ледзь вочы не павылазілі. «Што ж, — сказаў доктар,— давайце заключаць дамову». Мы заключылі дамову — я ды ён,— і вось мы атрымалі вашыя запасы,
каньяк, блакгауз, дровы, якія вы так абачліва насеклі, усю, так сказаць, вашу шхуну, ад салінга да кільсана1. А яны пайшлі, і дзе яны цяпер, я не ведаю.
Ён зноў спакойна зацягнуўся.
— А калі ты думаеш, што цябе ўключылі ў дамову,— працягваў ён,— дык вось апошнія словы доктара. «Колькі вас засталося?» — спытаўся я. «Чацвёра,— адказаў ён.— Чацвёра, і адзін з іх ранены. А дзе гэты гіцаль Хоўкінс, не ведаю і ведаць не хачу,— сказаў ён.— Мы нават згадваць пра яго гідзімся». Вось што ён сказаў.
— Гэта ўсё? — спытаўся я.
— Усё, што табе трэба ведаць, сынок,— адказаў Сільвер.
— А зараз я мушу зрабіць выбар?
— Так, зараз ты мусіш зрабіць выбар,— сказаў Сільвер.
— Добра,— сказаў я.— Я не такі дурны і ведаю, на што іду. Рабіце са мною што хочаце, мне ўсё роўна. Занадта шмат смерцяў я ўбачыў з тае пары, як сустрэўся з вамі. Але спярша хачу вам сёе-тое расказаць,— працягваў я, хвалюючыся.— Становішча ў вас паганае: вы страцілі і карабель, і скарбы, і сваіх людзей. Гіблая ваша справа. I калі хочаце ведаць, хто ва ўсім вінаваты, дык ведайце: я. Я сядзеў у бочцы з-пад яблыкаў той ноччу, калі мы ўбачылі востраў, і чуў усё, што гаварылі вы, Джон, і ты, Дзік Джонсан, і Хэндс, які ляжыць цяпер на дне мора. I ўсё, што я падслухаў, я адразу ж расказаў. Гэта я перарэзаў у шхуны якарны канат, я забіў Хэндса, я адвёў шхуну ў такое месца, што вы ніколі яе не знойдзеце, ніхто з вас не знойдзе. Перамога за мною, а не за вамі, і я баюся вас не болей, чым мух. Можаце забіць мяне ці злітавацца,
1 К і л ь с а н — брус на дне карабля, які ідзе паралель-
на кілю.
ваша воля. Але скажу вам вось яшчэ што,і нічога болып: калі вы злітуецеся, я забудуся на ўсё, што было, і, калі вас будуць судзіць за пірацтва, паспрабую ўратаваць вас ад пятлі. Зараз вашая чарга выбіраць. Можаце забіць мяне, але гэта не прынясе вам ніякае карысці. Калі ж пакінеце ў жывых, я пастараюся, каб вы не трапілі на шыбеніцу.
Я змоўк. Я задыхаўся. Дзіўна, але ніхто з іх нават не зварухяуўся. Яны глядзелі на мяне як авечкі. He дачакаўшыся адказу, я загаварыў зноў:
— Мне здаецца, містэр Сільвер, што вы тут лепшы чалавек. 1 калі я загіну, раскажыце доктару, што я памёр годна.
— Буду мець на ўвазе,— сказаў Сільвер такім дзіўным тонам, што я так і не зразумеў, ці то ён смяецца з мяне, ці то ўхваляе маю мужнасць.
— He забудзьцеся...— выкрыкнуў стары марак з цёмным ад загару тварам, той самы Морган, якога я бачыў у карчме Цыбатага Джона ў брыстольскім порце,— не забудзьцеся, што гэта ён пазнаў тады Чорнага Пса!
— I гэта яшчэ не ўсё,— дадаў кухар,— Ён, трасца на яго, і ёсць той самы хлопец, што выцягнуў карту з куфра Білі Бонса. Нарэшце ты папаўся нам, Джым Хоўкінс!
— Пусціць яму кроў! — крыкнуў Морган, вылаяўся і ўскочыў з такой лёгкасцю, нібыта яму было дваццаць гадоў.
— На месца! — крыкнуў Сільвер,— Хто ты такі, Том Морган? Можа, ты думаеш, што ты тут капітан? Клянуся ўдачаю, я навучу цябе слухацца! Пасмей толькі пярэчыць! Апошнія трыццаць гадоў кожны, хто заступаў мне дарогу, кожны, ты чуеш, боўдзіла, трапляў альбо на рэю, альбо за борт, рыбам на пракорм. He было яшчэ чалавека, які б не паладзіў са мною і ўбачыў назаўтра сонца! Запомні, Том Морган!
Том прыціх, але забурчалі астатнія.
— Том правільна кажа,— сказаў адзін.
— Хапіла з мяне камандзіраў! — дадаў другі,— I няхай мяне лепш павесяць, чым я дазволю табе вадзіць мяне за нос!
— Джэнтльмены,— зароў Сільвер,— хто з вас хоча мець справу са мною?
Ён па-ранейшаму сядзеў на бочцы. Падаўшыся ўперад, ён адвёў руку з люлькаю ўбок.
Ну, чаго ж вам трэба? Кажыце, што думаеце. Ці ў вас мову адняло? Выходзь, хто хоча, я чакаю. He дзеля таго я пражыў столькі гадоў, каб які-небудзь п’яны індык станавіўся мне ўпоперак дарогі. Вы ведаеце наш звычай, вы лічыце сябе джэнтльменамі ўдачы. Ну што ж, я гатовы. Няхай той, хто насмеліцца, выме свой корцік, і я, хоць і на мыліцы, убачу, якога колеру ў яго вантробы, перш чым згасне гэтая люлька!
Ніхто не паварушыўся, ніхто не прамовіў ніводнага слова.
— Вось так вы заўсёды,— працягваў ён, сунуўшы люльку ў рот.— Люба на вас паглядзець... Ад смеласці вы не памраце. Ці вы не разумееце англійскае мовы? Я ж тут капітан, і выбралі мяне вы. Я ваш капітан, бо разумнейшы за вас сама меней на цэлую марскую мілю. Вы не хочаце біцца са мною, як належыць джэнтльменам удачы. Тады, клянуся небам, вы павінны слухаць мяне! Мне падабаецца гэты хлапчук. Лепшага я ніколі не бачыў. Ён больш мужчына, чым пара такіх пацукоў, як вы, разам узятых. Дык слухайце, што я кажу вам: той, хто дакранецца да яго, будзе мець справу са мною.
Запала доўгае маўчанне.
Я, выпрастаўшыся, стаяў ля сцяны. Сэрца маё ўсё яшчэ калацілася, але мільганула надзея. Сільвер сядзеў спінаю да сцяны, скрыжаваўшы рукі, пыхкаў люлькаю і быў спакойны, як на казані ў царкве. Толькі вочы ў яго бегалі: ён упо-
тайкі назіраў за сваёй непакорлівай камандаю.
Піраты адышлі ў далейшы ад Сільвера кут і пачалі шаптацца. Часам яны азіраліся, і барвовае святло галаўні падала на іх узбуджаныя твары. Аднак паглядвалі яны не на мяне, а на Сільвера.
— Вы, здаецца, збіраецеся нешта сказаць? — спытаўся Сільвер і сплюнуў далёка перад сабою.— Дык гаварыце, a то зачакаўся.
— Прашу прабачэння, сэр,— пачаў адзін пірат.— Вы часта парушаеце нашы звычаі. Але ёсць звычай, які і для вас застаецца непахісны. Каманда незадаволена тым, як з ёй абыходзяцца, і ў яе ёсць свае правы, як і ў любой іншай каманды. Я, усе мы маем права сабрацца і пагаварыць. Прашу прабачэння, сэр, бо вы ўсё ж у нас KaniTan, аднак я хачу скарыстацца сваім правам і выйсці на раду.
Элегантна аддаўшы Сільверу чэсць, гэты высокі жаўтавокі матрос гадоў трыццаці пяці спакойна рушыў да дзвярэй і выйшаў. Астатнія выйшлі ўслед за ім. Кожны аддаваў Сільверу чэсць і мармытаў што-небудзь у сваё апраўданне.
— Згодна са звычаем,— сказаў адзін.
— На матроскую сходку,— прамовіў Морган. Мы з Сільверам засталіся ўдвух ля галаўні. Кухар адразу ж выняў з рота люльку.
— Слухай мяне, Джым,— прашаптаў ён ледзь чутна, але цвёрда.— Ты на валасок ад смерці і, што горш за ўсё, ад катавання. Яны збіраюцца разжалаваць мяне. Ты бачыў, як я за цябе заступаўся. Спачатку я не хацеў гэтага рабіць, але ты загаварыў і я перадумаў. Я быў у роспачы ад усіх няўдач, ад думкі пра шыбеніцу. Аднак, паслухаўшы цябе, я сказаў сабе: заступіся за Хоўкінса, Джон, і ён заступіцца за цябе. Ты — ягоная апошняя карта, Джон, а ён, клянуся небам,— твая апошняя карта! Паслуга за паслугу, вырашыў я. Я ўратую сабе сведку для суда, a ён — маю шыю.
Я пачынаў цьмяна разумець Цыбатага Джона.
— Вы хочаце сказаць, што прайгралі гульню? — спытаўся я.
— Менавіта так, клянуся д’яблам! — адказаў ён. — Раз няма карабля, застаецца адна шыбеніца. Я ўпарты, Джым, але, калі я не ўбачыў у бухце шхуны, я зразумеў: гульня скончылася. А гэта хеўра і іхняя рада — няхай раяцца... Усе яны ёлупы і баязліўцы. Я зраблю ўсё, што змагу, каб уратаваць цябе ад іх. Але слухай, Джым, паслуга за паслугу: ты ўратуеш Цыбатага Джона ад шыбеніцы
Я быў збянтэжаны: за які ж маленечкі шанц хапаецца ён, стары пірат, атаман!
— Я зраблю ўсё, што магу,— сказаў я.
— Значыцца, дамовіліся! — усклікнуў ён. — Лёгка ты выкруціўся, дый я, прысягаю небам, маю цяпер шанц.
Ён прачыкільгаў да галаўні і зноў прыкурыў.
— Зразумей мяне, Джым,— працягваў ён, вярнуўшыся.— У мяне яшчэ ёсць галава на плячах, і я вырашыў перайсці на сквайраў бок. Я ведаю, што ты схаваў карабель дзе-небудзь у бяспечнай бухце. Як ты гэта зрабіў, не ведаю, але я ўпэўнены, што з суднам нічога на здарылася. Хэндс і О’Браян — ёлупні. Я ніколі на іх надта не спадзяваўся. А зараз заўваж: я ў цябе ні пра што не пытаюся і іншым не дазваляю нытацца. Я ведаю правілы гульні і разумею, што прайграў. А ты такі малады — разам з табою мы будзем вялікай сілаю!