• Газеты, часопісы і г.д.
  • Востраў Скарбаў  Робэрт Льюіс Стывэнсан

    Востраў Скарбаў

    Робэрт Льюіс Стывэнсан

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 239с.
    Мінск 1993
    67.62 МБ
    — Сэр, я з усяе сілы буду старацца адцягнуць гэтую справу,— сказаў Сільвер.— Але, выбачайце, я магу ўратаваць жыццё і сабе і Джыму толькі пошукамі скарбаў, можаце мне паверыць.
    — Добра, Сільвер,— адказаў доктар,— калі так — шукайце. Тады я дам вам другую параду: як будзеце шукаць скарбы, звярніце ўвагу на крыкі.
    — Сэр,— сказаў Сільвер,— скажу вам як мужчына мужчыну: вы паведамілі мне ці залішне
    8. „Востраў скарбаў”
    шмат, ці залішне мала. Што вам трэба? Навошта вы пакінулі блакгауз? Навошта аддалі мне карту? Я гэтага не разумеў і не разумею. Аднак я выканаў усё, што вы мне прапанавалі зрабіць, хоць вы аніводным словам не далі мне ніякай надзеі. I вось цяпер зноў... Калі вы не хочаце растлумачыць мне ўсё, як ёсць, так і скажыце, і я выпушчу румпель.
    — Не,— сказаў доктар задумліва,— я не маю права сказаць вам болей: гэта не мая тайна, Сільвер. Інакш, клянуся вам, я расказаў бы ўсё. Я і так настолькі далёка зайшоў у размове з вамі, што калі скажу яшчэ адно слова, то лепш мне і не паказвацца на вочы капітану. I ўсё ж я дам вам маленечкую надзею, Сільвер: калі мы абодва выберамся з гэтае воўчае ямы, я зраблю ўсё, што змагу, каб уратаваць вас ад шыбеніцы, хіба толькі мне не прыйдзецца ісці на клятвапарушэнне.
    Твар у Сільвера заззяў.
    — Нават родная маці не магла б усцешыць мяне болей, чым вы,— усклікнуў ён.
    — Гэта першае, што я магу вам сказаць, — дадаў доктар.— А зараз другое: трымайце хлопца ля сябе, і калі спатрэбіцца дапамога, паклічце мяне. Я пастараюся вас выручыць, і тады вы ўбачыце, што я слоў на вецер не кідаю... Бывай, Джым.
    Доктар паціснуў мне руку, прасунуўшы сваю праз шчыліну ў частаколе, кіўнуў галавою Сільверу і хуткімі крокамі пайшоў да лесу.
    РАЗДЗЕЛ XXXI
    Пошукі скарбаў. Указальная страла Флінта
    — Джым,— сказаў Сільвер, калі мы засталіся ўдвух,— я ўратаваў тваё жыццё, а ты — маё. I
    я ніколі гэтага пе забуду. Я ж бачыў краем вока, як доктар угаворваў цябе ўцячы. ІПто ты казаў, я не чуў, але бачыў, што ты адмовіўся. За гэта, Джым, я табе заўсёды буду ўдзячны. Пасля няўдалай атакі для мяне ўпершыню бліснула надзея — і даў яе мне ты. Скарбы, Джым, мы пачынаем шукаць усляпую, і гэта мне дужа не даспадобы. Але мы з табою будзем трымацца адзін аднаго і ўратуемся, нягледзячы ні на іпто.
    Адзін з піратаў — тыя ўсё яшчэ завіхаліся ля агню — крыкнуў нам, што сняданак гатовы. Падышоўшы да іх, мы ўселіся на пяску ля агню і сталі есці гарачую свініну з сухарамі. Вогнішча было такое, што можна было б і быка падсмажыць. Падыходзілі да агню асцярожна і толькі з падветранага боку. Гэтаксама неруяліва расходвалі піраты і правізію: згатавалі свініны разы ў тры болей, чым было трэба. Адзін з іх, засмяяўшыся па-дурному, кінуў няз’едзеныя кавалкі ў агонь, які, заглытнуўшы незвычайнае паліва, запалаў яшчэ ярчэй. Ніколі ў сваім жыцці я не бачыў, каб людзі так бесклапотна жылі адным толькі сённяшнім днём. Усё яны рабілі абы-як, ні ў чым не былі ашчадныя, засыналі на варце. Яны былі здатныя адно на кароткую ўснышку імпэту, надоўга іх у справе не хапала.
    Нават абачлівы Сільвер, які сядзеў убаку са сваім папугаем, аніразу не папракнуў іх за марнатраўства. Гэта вельмі мяне здзівіла, і калі ён загаварыў, я здагадаўся, што гэты спрытнюга хітруе, каб рассеяць падазрэнні піратаў.
    — Ваша шчасце, прыяцелі,— сказаў Сільвер,— што ў вас ёсць Кумпяк, які заўсёды за вас думае. Я выведаў усё, што мне трэба. Карабель у іх, гэта пэўна. Дзе яны яго схавалі, я яшчэ не ведаю, але, калі ў нас будуць скарбы, мы абшнарым увесь востраў, і «Іспаньёла» зноў будзе нашая. Ва ўсякім разе, хлопцы, у нас ёсць шлюпкі, а гэта ўжо перавага.
    Ён гаварыў і гаварыў, набіваючы рот гарачай свінінаю. Вяртаў усёй кампаніі надзею і веру ў важака і адначасна, здалося мне, падбадзёрваў самога сябе.
    — А наш заложнік,— працягваў ён,— няйначай, апошні раз спаткаўся са сваім любым старэйшым таварышам. 3 ягонай размовы з доктарам я ўведаў усё і вельмі ўдзячны яму за гэта. Але цяпер кончана. Калі мы пойдзем шукаць скарбы, я павяду яго за сабой на вяровачцы: ён нам такі ж дарагі, як і золата, і мы не будзем яго чапаць: як-небудзь яшчэ спатрэбіцца. А калі ў нас будуць і карабель, і скарбы, калі мы вясёлай кампаніяй выйдзем у мора, вось тады мы і пагамонім з містэрам Хоўкінсам як след, і ён пэўна атрымае сваю долю па заслугах.
    Нічога дзіўнага, што цяпер піраты былі ў добрым гуморы. А мяне агарнула роспач. Калі план Сільвера, толькі што выкладзены ім, здзейсніцца, гэты двайны здраднік вагацца не стане. Няма ніякага сумнення, што ён, калі выпадзе шанц, паміж воляю і багаццем пірата і слабай надзеяй на ўратаванне ад пятлі выбера першае,
    Але калі абставіны і вымусяць яго стрымаць дадзенае доктару слова, нам усё роўна пагражае смяротная небяспека. У любы момант падазрэнні гэтых гіцляў могуць пераважыць Сільвераву хітрасць, і тады нам прыйдзецца змагацца за свае жыцці — яму, калеку, і мне, хлапчуку,— супраць пяцярых дужых і раз’ятраных матросаў.
    Дадайце да гэтае двайное небяспекі тайну, якой усё яшчэ былі ахінутыя дзеянні маіх сяброў. Чаму яны пакінулі форт? Чаму аддалі карту? Што азначаюць словы, якія доктар сказаў Сільверу: «Калі будзеце шукаць скарбы, звярніце ўвагу на крыкі?» Няма нічога дзіўнага, што сняданак не лез мне ў горла і што я панура пасунуўся ўслед за піратамі на пошукі скарбаў.
    Цікава было б паглядзець на нас збоку: усе ў
    выпацканых матроскіх робах, усе, апроч мяне, узброеныя да зубоў. Сільвер цягнуў дзве стрэльбы: адну на спіне, другую на грудзях. На поясе ў яго матляўся вялікі корцік, а ў кожнай кішэні шыракакрысага каптана ляжала па пісталету. У дадатак да ўсяго, на плячы ў яго сядзеў Капітан Флінт, які безупынна выкрыкваў розныя марскія слоўцы — сувязі паміж імі, ведама ж, не было ніякае. Мяне ж абвязалі за пояс вяроўкаю, і я пакорліва цягнуўся ўслед за кухарам, які трымаў канец вяроўкі то свабоднай рукою, то магутнымі зубамі. Словам, вёў ён мяне, усе роўна як нейкага дрэсіраванага мядзведзя.
    Кожны што-небудзь цягнуў: адны — рыдлёўкі і ламы (мяцежнікі выгрузілі іх на бераг з «Іспаньёлы» ў першую чаргу), іншыя — свініну, сухары і брэндзі на абед. Я заўважыў, што ўсе прыпасы былі з нашага склада, і зразумеў, што ўначы Сільвер казаў праўду. Калі б ён не заключыў з доктарам дамовы, піратам, якія засталіся без карабля, прыйшлося б харчавацца падстрэленымі птушкамі і запіваць іх вадою, хоць ваду яны не надта любілі, а паляваць маракі не ўмеюць. I калі яны не запасліся нават ежаю, то пра порах і казаць не прыходзіцца.
    Словам, гэтак вось экіпіраваныя, рушылі мы ўсе чарадою ў дарогу, нават пірат з разбітай галавою, якому лепш было б адляжацца. На беразе, да якога мы нарэшце дабрылі, стаялі дзве шлюпкі. Па іх таксама было добра відаць, якія ж нядбайнікі гэтыя горкія п’яніцы: лодкі ў брудзе, у адной — паламаная лаўка. Вырашылі размясціцца ў абедзвюх шлюпках, каб ні адна не прапала. Раздзяліўшыся на два атрады, мы нарэшце адчалілі ад берага.
    Па дарозе пачалі спрачацца з-за карты. Чырвоны крыжык быў занадта вялікі і не ўказваў, вядома, зусім ужо дакладнага месца, а тлумачэнні на адваротным баку былі задужа цьмяныя.
    Калі чытач памятае, у іх гаварылася наступнае: «Высокае дрэва на плячы Падзорнае Трубы, накірунак да Пн. ад Пн.ЛІн.-У.
    Востраў Шкілета У.-Пдн.-У. і на У. Дзесяць футаў».
    Перш за ўсё трэба было адшукаць высокае дрэва. Акурат перед намі якарная стаянка замыкалася пласкагор’ем у дзвесце—трыста футаў вышынёю, якое на поўначы злучалася з паўднёвым адхонам Падзорнае Трубы, а на поўдні пераходзіла ў скалістае ўзвышша пад назваю Візань-мачта. На пласкагор’і раслі сосны — і нізкія, і высокія. To тут, то там сасна-веліканша ўзвышалася на сорак — пяцьдзесят футаў над суседнімі, і якое з гэтых дрэў Флінт назваў высокім, можна было вызначыць толькі на месцы з дапамогаю компаса.
    Аднак не праплылі мы і паловы шляху, як кожны ўжо прыкмеціў «тое самае дрэва». Толькі Цыбаты Джон паціскаў плячыма і раіў пачакаць з рашэннямі, накуль мы яшчэ не на месцы.
    Па загаду Сільвера мы бераглі сілы і веславалі не надта хутка. Прайшло досыць шмат часу, перш чым мы высадзіліся ў вусці другое ракі, тае самае, што працякае па лясістым адхоне Падзорнае Трубы. Адтуль, збочыўшы налева, мы пачалі ўзбірацца да пласкагор’я.
    Спачатку было цяжка ісці з-за багністае глебы і густое балотнае расліннасці. Але патроху пад’ём стаў страмчэйшы, глеба больш камяністая, расліннасць вышэйшая і радзейшая. Цяпер мы набліжаліся да лепшае часткі вострава. Замест травы па зямлі слаўся пахучы жаўтазель, квітнела кустоўе. Сярод зялёных зараснікаў мускатнага арэха ўзвышаліся там-сям барвовыя калоны высокіх соснаў, і таму мясціна была вельмі цяністая. Пах мускату змешваўся з пахам ігліцы, паветра было свежае, і дыхалася тут лёгка, хоць і прыпякала ўжо сонца.
    Піраты ішлі веерам і весела перагукваліся між сабою. Усярэдзіне, трохі адстаўшы ад астатніх, чыкільгаў Сільвер, цягнучы мяне за сабою на вяроўцы. Яму было цяжка ўзбірацца па сыпучым жвіры. Часам мне прыходзілася падтрымліваць яго, інакш бы ён спатыкнуўся і пакаціўся ўніз па адхоне.
    Так мы прайшлі нешта каля паўмілі і ўжо дабраліся да вяршыні, як раптам пірат, што ішоў з левага краю, пачаў крычаць, нечага спалохаўшыся. Усе пабеглі да яго.
    — Ды не мог ён тут скарбы знайсці! — сказаў стары Морган, прабягаючы міма нас.— Мы ж не дайшлі да таго дрэва.
    Вядома, ён знайшоў не скарбы:‘ля падножжа высокае сасны ляжаў чалавечы шкілет, аплецены густой павойнай травою, якая зрушыла з месца некаторыя дробныя косці. Сям-там на ім захаваліся рэшткі струхлелае адзежы. Я ўпэўнены, што ў кожнага з нас прабеглі па скуры дрыжыкі.
    — Гэта марак,— сказаў Джордж Мэры, смялейшы за астатніх, ён падышоў да шкілета бліжэй і ўважліва разглядваў шматкі матэрыі.— Адзежа ў яго была марацкая.
    — Вядома, марак,— сказаў Сільвер.— Мяркую, ты не спадзяваўся знайсці тут епіскапа. Але чаму ён так дзіўна ляжыць? Ненатуральна неяк...
    Прыгледзеўшыся, я ўбачыў, што шкілет і праўда ляжаў у ненатуральнай паставе. Ён чамусьці — можа, у тым былі вінаватыя ўжо згаданыя травы, можа, птушкі, якія дзяўблі яго,— ляжаў навыцяжку, прамы, быццам страла. Hori паказвалі ў адзін бок, рукі, узнятыя над галавою, нібыта ў гатовага нырнуць плаўца,— у другі.