Востраў Скарбаў
Робэрт Льюіс Стывэнсан
Выдавец: Юнацтва
Памер: 239с.
Мінск 1993
Усхваляваны гэтымі трывожнымі думкамі, я ледзь паспяваў за піратамі. Я вельмі часта спатыкаўся аб камяні, і тады Сільвер зноў і зноў кідаў на мяне красамоўны позірк. Дзік цягнуўся ззаду, мармытаў малітвы і лаяўся — яго ўжо калаціла. Ад гэтага я адчуваў сябе яшчэ больш няшчасным. А тут яшчэ мне стала ўяўляцца трагедыя, што разыгралася колісь на гэтым пласкагор’і. Бачыўся пірат з ссінелым тварам, які памёр у Саване, ён гарлапаніў сваю жудасную песню і патрабаваў рому. Гэта тут ён адзін забіў сваіх шасцярых памочнікаў, менавіта ў гэтым гаі, такім ціхім цяпер, гучалі некалі перадсмяротныя крыкі. Мне здавалася, што зараз я пачую такія ж енкі ў яве.
Мы выйшлі з зараснікаў.
— За мною, хлопцы! — крыкнуў Мэры. Тыя, што ішлі ўперадзе, кінуліся бегчы.
Але не паспелі яны прабегчы і дзесяці ярдаў, як раптам спыніліся. Усчаўся гвалт. Сільвер скакаў на сваёй драўляшцы як ашалелы. Неўзабаве мы дагналі нярэдніх і спыніліся побач з імі.
Перад намі была вялікая яміна, выкапаная, напэўна, досыць даўно, бо яе краі ўжо абваліліся, а на дне расла трава. У яміне мы ўбачылі дзяржанне жалезняка і некалькі дошак ад скрыняў. На адной дошцы быў выпалены гарачым жалезам надпіс: «Морж» — назва карабля Флінта.
Мы ўсё зразумелі. Нехта апярэдзіў нас і выцягнуў адсюль скарбы — семсот тысяч фунтаў стэрлінгаў.
РАЗДЗЕЛ ХХХШ
Падзенне важака
Мажліва, з тае пары, як існуе свет, людзі не перажывалі яшчэ такога краху. Усе шасцёра здранцвелі, яны ніяк не маглі паверыць сваім вачам. Першы ачомаўся Сільвер. Як імкнуўся ён да гэтых грошай, нёсся да іх толькі што бы ўтрапёны — і вось у адно імгненне прыйшоў канец усім ягоным спадзяванням і марам. Але ён не страціў розуму, хутка ўзяў сябе ў рукі і змяніў свой план, перш чым іншыя зразумелі, што засталіся ні з чым.
— Джым,— прашаптаў ён, працягваючы мне двухствольны пісталет,— будзь напагатове.
Затым ён паволі перайшоў на другі бок яміны і стаў насупраць піратаў. Пасля паглядзеў на мяне і кіўнуў, нібыта кажучы: «Становішча цяжкае» — не згадзіцца з ім было нельга. Цяпер ён зноў пазіраў на мяне па-прыяцельску, і мяне так абурыла гэтая раптоўная перамена, што я не ўтрымаўся і прашаптаў:
— Які ж вы здраднік!..
Але адказаць ён не паспеў. Піраты, з гвалтам і лаянкаю, адзін за адным скочылі ў яміну і пачалі разграбаць яе рукамі, адкідваючы дошкі ўбок. Морган знайшоў залатую манету. Ён падняў яе і выбухнуў самымі брыдкімі праклёнамі. Манета была ў дзве гінеі. Нейкі час піраты перадавалі яе з рук у рукі.
— Дзве гінеі! — зароў Мэры, кінуўшы манету Сільверу.— Гэта і ёсць твае семсот тысяч фунтаў, га?.. Ты, здаецца, мастак заключаць дамовы? Тыж кажаш, што табе заўсёды ўсё ўдаецца, драўляная твая галава!
— Капайце, хлопцы, капайце,— сказаў Сільвер з халоднай усмешкаю,— Можа, і выкапаеце па два-тры земляныя арэхі. А я пагляджу.
— Земляныя арэхі! — ашалела крыкнуў Мэры.— Хлопцы, вы чулі? Кажу вам: ён ведаў усё загадзя. Гляньце яму ў вочы: ён усё ведаў!
— Эх, Мэры! — усміхнуўся Сільвер.— Зноў хочаш пралезці ў капітаны? Настырны ты, бачу я, хлопец.
Цяпер ужо ўсе, вядома, былі на баку Мэры. Піраты сталі вылазіць з яміны, раз’ятрана паглядаючы на нас. Але што добра, усе яны выбраліся на процілеглы бок.
Так стаялі мы, двое з аднаго боку яміны, пяцёра з другога, і ніхто не рашаўся нанесці першы ўдар. Сільвер нават не паварухнуўся. Абапіраючыся на мыліцу, ён спакойна назіраў за сваімі цяпер ужо ворагамі — ніколі яшчэ я не бачыў яго такім вытрыманым. Гэта і праўда быў вельмі смелы чалавек.
Нарэшце Мэры вырашыў пачаць з прамовы: трэба было раз’юшыць таварышаў дарэшты.
— Хлопцы! — сказаў ён.— Іх жа ўсяго двое: стары хрыч, што прывёў нас сюды на пагібель, і шчанюк, якога я даўно хачу прыдушыць. Цяпер мы...
Голас яго набіраў сілу. Мэры ўзняў руку, гатовы павесці сваю хеўру на нас, як раптам — бах! бах! бах! — у гушчары грымнулі тры мушкетныя стрэлы. Мэры паляцеў у яму дагары нагамі, пірат з перавязанай галавою, закруціўшыся ваўчком, упаў побач. Трое астатніх кінуліся ўцякаць.
У той самы момант цыбаты Джон стрэліў з абодвух ствалоў свайго пісталета ў Мэры, які выкараскваўся з ямы. Паміраючы, той зірнуў свайму забойцу ў твар.
— Вось мы і разлічыліся, Джордж,— сказаў Сільвер.
Тут з зараснікаў мускатнага арэха выйшлі доктар Ліўсі, Грэй і Бэн Ган. Мушкеты ў іх дыміліся.
— Уперад! — крыкнуў доктар,— Спяшайце, хлопцы! Трэба адрэзаць іх ад шлюпак.
I мы рушылі ўперад, прадзіраючыся скрозь кустоўе, якое даходзіла нам дзе-нідзе да грудзей.
Сільвер намагаўся не адстаць ад нас. Ён так узмахваў мыліцаю, што здавалася, мускулы на ягоных грудзях вось-вось разарвуцца. Як сказаў доктар, і здаровы чалавек не вытрымаў бы такога напружання. Калі мы дабеглі да адхону, Сільвер адстаў ад нас ярдаў на трыццаць і зусім знясілеў.
— Доктар,— крычаў ён,— гляньце! He спяшайце!
Спяшацца і праўда не было куды: мы выскачылі на прагаліну і ўбачылі, што ўцекачы бягуць у бок Бізань-мачты — мы былі цяпер паміж піратамі і лодкамі і маглі спакойна перадыхнуць.
Цыбаты Джон, выціраючы з твару пот, паволі падышоў да нас.
— Сардэчна вам дзякуй, доктар,— сказаў ён.— Вы паспелі своечасова, а то б нам з Хоўкінсам цяжка прыйшлося... А, гэта ты, Бэн Ган! — угледзеўся Сільвер у астраўляніна.— Ты, я бачу, малайчына.
— Так, я Бэн Ган,— сумеўшыся, адказаў былы пірат, выкручваючыся перад Сільверам усё роўна як вугор. Ён доўга маўчаў, насля спытаўся: — Як вы маецеся, містэр Сільвер?.. Здаецца, няблага?
— Бэн, Бэн,— прамармытаў Сільвер,— падумаць толькі, як ты з мяне насмяяўся!
Доктар паслаў Грэя па кірку, якую кінулі, уцякаючы, піраты. Пакуль мы, не спяшаючы, спускаліся па адхоне да шлюпак, ён коратка расказаў пра невядомыя нам падзеі, галоўным героем якіх быў Бэн Ган. Сільвер слухаў гэты аповяд, як дзіця казку.
У час сваіх самотных блуканняў па востраве Бэн адшукаў шкілет, а пасля і скарбы. Гэта ён абабраў шкілет і выкапаў Флінтава золата. Заступ, дзяржанне якога мы ўбачылі ў яміне, быў ягоны. Ён перанёс скарбы на сваіх плячах з-пад сасны ў пячору двухгаловае гары ў паўночнаўсходняй частцы вострава. Закончыў Ган гэтую цяжкую шматдзённую працу ўсяко толькі за два месяцы да нашага з’яўлення на востраве.
Ган расказаў яму гэта ў той дзень, калі піраты напалі на форт. Назаўтра ўранку, убачыўшы, што карабель знік, доктар паўшоў да Сільвера, аддаў яму карту, цяпер ужо зусім непатрэбную, і саступіў блакгауз з усімі запасамі: у Ганавай пячоры было багата назапашанай ім салёнай казляціны. Дзякуючы гэтаму мае таварышы атрымалі магчымасць, нічым не рызыкуючы, перабрацца на двухгаловую гару, далей ад малярыйных балот, каб ахоўваць там скарбы.
— Вядома, я разумеў, Джым,— сказаў доктар,— што з-за нашага перасялення ты апынешся ў цяжкім становішчы, але перш за ўсё я мусіў падумаць пра тых, хто выконваў свой абавязак. Урэшце, хто ж вінаваты ў тым, што цябе не было з намі?
Яшчэ праз дзень ён убачыў мяне ўранку ў па-
лоне ў піратаў. He было ніякага сумнення, што, даведаўшыся пра знікненне скарбаў, піраты спагоняць злосць на мне. Таму ён пакінуў сквайра ахоўваць капітана, захапіў з сабою Грэя і Гана і руіпыў напрасткі цераз востраў, да вялікае сасны. Убачыўшы па дарозе, што піраты іх абагналі, ён паслаў уперад Бэна Гана: я ўжо расказваў, як хутка ўмеў ён бегаць. Астраўлянін, ведаючы забабоны сваіх былых таварышаў, нагнаў на іх страху, а доктар і Грэй паспелі тым часам на месца і схаваліся ў зарасніку непадалёк ад яміны, перш чым туды прыйшлі піраты.
Як добра,— сказаў Сільвер,— што са мною быў Хоўкінс! Каб не ён, мяне б пасяклі на піматкі, а вы, доктар, і пальцам не паварушылі б.
— Вядома! — усміхнуўся доктар.
Тым часам мы падышлі да нашых шлюпак. Адну з іх доктар разбіў кіркаю, каб яна не дасталася піратам, а ў другой мы ўсе паплылі вакол вострава да Паўночнае стаянкі.
Мы праплылі восем-дзевяць міль. Сільвер, нягледзячы на жудасную стому, сеў за вёслы і гроб нароўні з усімі. Мы выйшлі з праліву і апынуліся ў адкрытым моры. Быў штыль. Неўзабаве мы абагнулі паўднёва-ўсходні выступ вострава, той самы, які чатыры дні таму агінала «Іспаньёла».
Праплываючы міма двухгаловае гары, мы ўбачылі цёмнае жарало Ганавай пячоры і каля яго чалавека, які стаяў, абапёршыся на мушкет. Гэта быў сквайр. Мы памахалі яму насоўкамі і тройчы пракрычалі «ўра», прычым Сільвер крычаў гучней за ўсіх.
Прайшоўшы яшчэ тры мілі, мы ўвайшлі ў Паўночную стаянку і ўбачылі «Іспаньёлу». Яна насілася па вадзе: прыліў падняў яе з мелі. Калі б таго дня быў вецер ці калі б у Паўночнай стаянцы была такая ж моцная плынь, як у Паўднёвай, мы б маглі страціць свой карабель назаўжды, або
знайшлі б адны ягоныя рэшткі. Аднак, на шчасце, шхуна была цэлая, калі не лічыць парванага грота. Мы кінулі ў ваду, на глыбіню ў паўтары сажні, запасны якар. Потым паплылі на шлюпцы ў П’яную бухту — бліжэйшую да Ганавай скарбніцы. Там мы высадзіліся, а Грэя паслалі на «Іспаньёлу», каб ён сцярог карабель уначы.
Мы падняліся да пячоры па стромкім адхоне. Наверсе нас чакаў сквайр. Ён сустрэў мяне вельмі ветліва, слова не сказаў пра тое, што я ўцёк з блакгауза, не папракаў мяне, аднак і не хваліў. Але калі Сільвер пачціва аддаў яму чэсць, ён, абураны, пабарвавеў.
Джон Сільвер,— сказаў ён,— вы гнюсны нягоднік і ашуканец. Жудасны нягоднік, сэр! Мяне ўгаварылі не праследаваць вас, і я абяцаў не рабіць гэтага. Але мерцвякі, сэр, вісяць у вас на шыі, як жорны на млыне!
— Сардэчны вам дзякуй, сэр,— адказаў Цыбаты Джон, зноў аддаючы яму чэсць.
— He смейце мне дзякаваць! — крыкнуў сквайр.— 3-за вас я парушаю свой абавязак. Адыдзіцеся ад мяне!
Мы ўвайшлі ў прасторную пячору. Паветра ў ёй было свежае. 3-пад зямлі біла чысцюткая крыніца. Яна ўцякала ў невялікае возера, вакол якога расла папараць. Дно пячоры было пясчанае. Перад распаленым вогнішчам ляжаў капітан Смолет. А ў куце цьмяна ззяла гара залатых манет і зліткаў. Гэта былі Флінтавы скарбы — тыя самыя, дзеля якіх мы прайшлі такі доўгі і цяжкі шлях, дзеля якіх загінула семнаццаць чалавек з экіпажа «Іспаньёлы». А колькі чалавечых жыццяў, колькі пакут і крыві стаяла за гэтымі скарбамі! Колькі было патоплена выдатных караблёў, колькі закатавана добрых людзей, якіх прымушалі з завязанымі вачыма ісці па дошцы! Колькі стрэлаў, колькі хлусні і жорсткасці рабілася ў імя гэтых скарбаў!.. Ніводзін чалавек не мог бы, на-