Востраў Скарбаў
Робэрт Льюіс Стывэнсан
Выдавец: Юнацтва
Памер: 239с.
Мінск 1993
— Здаецца, я ўцяміў,— сказаў раптам Сільвер.— Гэта компас! Вунь тырчыць, усё роўна як зуб, вяршыня Вострава Шкілета. Праверце па компасе, куды ўказвае шкілет.
Праверылі. Ён сапраўды ўказваў у бок Вострава Шкілета. Компас паказваў напрамак на ўсход — паўднёвы ўсход і на ўсход.
— Я так і думаў! — усклікнуў кухар,— Гэта ўказальная страла. Значыцца, там Палярная зорка, а вунь там вясёлыя грошыкі. Клянуся д’яблам, у мяне ўсё халадзее ўсярэдзіне пры адной думцы аб Флінце. Гэта адзін з яго любых жартаў, я-то ўжо ведаю! Ён застаўся тут з шасцю маракамі і прыкончыў усіх. А з аднаго з іх змайстраваў сабе компас, каб я сперунеў! Косці доўгія, валасы рыжыя... Ды гэта ж Алардайс!.. Ты памятаеш Алардайса, Том?
— Як не памятаць? — адказаў Морган.— Ён застаўся мне вінен, апроч таго, прыхапіў з сабою мой нож, калі адплываў на востраў.
— Значыцца, нож павінен быць дзе-небудзь тут,— сказаў другі пірат.— Флінт быў не такі чалавек, каб шнарыць у матроса ў кішэнях. He маглі ж птушкі знесці!
— Праўду кажаш, хлапчына! — усклікнуў Сільвер.
— Але ж тут няма нічога,— сказаў Мэры, абмацваючы зямлю пад шкілетам,— Павінна ж была застацца хоць якая-небудзь манетка, ці табакерка. Падазрона ўсё гэта...
— Слушна! — згадзіўся Сільвер,— Нешта тут не так... Ох, сябры, быў бы Флінт жывы, не гуляць бы нам тут... Нас шасцёра, і тых было шасцёра, а засталіся ад іх адны косці...
— Я на ўласныя вочы бачыў яго мёртвым,— сказаў Морган,— Білі вадзіў мяне да яго. Ён ляжаў з медзякамі на вачах.
— Вядома, ён памёр,— пацвердзіў пірат з перавязанай галавою.— Але хто ўжо будзе бадзяцца па зямлі пасля смерці, дык гэта Флінт. Да чаго ж цяжка ён паміраў!
— Паміраў ён блага, нічога не скажаш,— дадаў другі,— To шалеў, то рому патрабаваў, то
пачынаў спяваць «Пятнаццаць чалавек на куфры мерцвяка». Апрача гэтай песні, хлопцы, ніколі нічога і не спяваў. I скажу вам па праўдзе, не люблю я яе з таго часу... Спякота стаяла страшэнная... Акно было адчынена. Спяваў ён што было сілы... то спяваў, то хрыпеў...
— Хадзем ужо! — сказаў Сільвер.— Досыць балбатаць. Ён памёр і не бадзяецца прывідам па зямлі, можаце не баяцца. А калі б і надумаў выйсці з магілы, дык не ўдзень, гэта ўжо напэўна... Хадзем, нас чакаюць дублоны.
Мы рушылі далей. Але хоць дзень і быў у самым разгары, піраты болып ужо не разыходзіліся веерам і гаварылі напаўголаса: з галавы не выходзіла жахлівае відовішча.
РАЗДЗЕЛ XXXII
Пошукі скарбау. Голас у лесе
Усіх скаваў страх, і адпачыць было трэба, таму на вяршыні пласкагор’я зрабілі прывал.
Пласкагор’е было крыху нахіленае да захаду, і з тае мясціны, дзе мы спыніліся, адкрываўся від у абодва бакі. Уперадзе за вершалінамі дрэў мы бачылі Лясісты мыс, на які накатваўся прыбой. Ззаду было відаць не толькі праліў і Востраў Шкілета, але і — за касою і ўсходняй раўнінаю — прастору адкрытага мора. Акурат над намі ўзвышалася Падзорная Труба, зарослая рэдкімі соснамі. Там-сям віднеліся глыбокія прорвы. Цішыню парушалі адно аддалены грукат прыбою ды гудзенне процьмы ўсялякіх мошак. Пачуццё адзіноты яшчэ болып узмацнялася шырынёю навакольнае прасторы.
Сільвер пачаў рабіць па компасе вымярэнні.
— Тут тры высокія дрэвы,— сказаў ён,— і ўсе яны размешчаны па прамой лініі ад Вострава Шкілета. Здаецца мне, што «Плячо Падзорнай Трубы» — вось гэтая ўпадзіна. Зараз і дзіцёнак знайшоў бы скарбы. Думаю, няблага было б падсілкавацца спярша.
— Нешта не хочацца,— прабурчаў Морган,— Згадаўшы Флінта, які ўжо тут апетыт...
— Ох, сын мой, тваё шчасце, што ён памёр,— сказаў Сільвер.
— Але ж і пыса ў яго была — што ў д’ябла! — усклікнуў трэці пірат, і яго ажно перасмыкнула.— Сіняя-сіняя.
— Гэта ён ад рому ссінеў,— дадаў Мэры.— Дальбог, сінейшай ужо і не бывае, я-то ўжо бачыў...
Перад вачыма стаяў шкілет, ажываў у памяці Флінт, і піраты сталі размаўляць гэтак ціха, што перайшлі ўрэшце на шэпт, які амаль не парушаў лясное цішыні. I раптам з бліжэйшага гаю нехта зацягнуў тонкім, рэзкім, пранізлівым голасам добра знаёмую песню:
Пятнаццаць чалавек на куфры мерцвяка, Ё-го-го, і бутэлька рому!
Ніколі болып не бачыў я такога смяротнага жаху, як на твары ў гэтых піратаў. Усе шасцёра ажно ззелянелі. Адны ўскочылі на ногі, іншыя сутаргава схапіліся адзін за аднаго. А Морган аж папоўз па зямлі.
— Гэта Флінт! — закрычаў Мэры.
Песня абарвалася гэтаксама раптоўна, як і пачалася, быццам спеваку заціснулі рот. Дзень быў такі сонечны, ясны, а голас такі выразны, што я не мог зразумець, чаму мае спадарожнікі гэтак спалохаліся.
— Уперад! — сказаў Сільвер, які ледзь варушыў шэрымі, што той попел, вуснамі.— Гэтак справа не пойдзе. Трэба нешта рабіць. Дзіўна ўсё,
№ і голасу я не пазнаю, але іду ў заклад, той, хто так забаўляецца,— ніякі не нябожчык, а жывы чалавек.
Пакуль ён гаварыў, да яго вярнулася мужнасць, твар паружавеў. Гледзячы на Сільвера, астатнія таксама трохі ачомаліся, як раптам зноў пачуўся той самы голас. Але цяпер гэта была не песня, а крык, які гучаў недзе ўдалечыні і разлягаўся па расколінах Падзорнае Трубы невыразным рэхам.
— Дарбі Мак-Гроў! Дарбі Мак-Гроў! Дарбі Мак-Гроў! — роў нехта няспынна, пасля брыдка вылаяўся і завыў: — Дарбі, падай мне рому!
Піраты нібыта ўраслі ў зямлю, вочы ў іх ледзь не вылезлі на лоб. Голас даўно сціх, а яны стаялі здранцвелыя і з жахам глядзелі ўперад.
— Гіблая справа,— выціснуў з сябе адзін.— Трэба ўцякаць.
— Гэта былі яго апошнія словы! — прастагнаў Морган.— Апошнія словы перад смерцю.
Дзік дастаў сваю Біблію і пачаў апантана маліцца. Ён рос у набожнай сям’і, да таго як пайшоў у мора і звязаўся з піратамі.
Адзін толькі Сільвер не здаўся. У яго губы дрыжалі ад страху, але адступаць ён не збіраўся.
— На гэтым востраве ніхто, апроч нас, і не чуў пра Дарбі,— прамармытаў ён.— Ніхто, апроч нас...— Ён узяў сябе ў рукі і крыкнуў: — Гэй, хто там?.. Я прыйшоў сюды, каб выкапаць клад, і мяне не спыніць ніхто — ні чалавек, ні д’ябал. Я не баяўся Флінта, калі ён быў жывы, і, каб я сііерунеў, не пабаюся яго і мёртвага! За чвэрць мілі ад нас ляжаць семсот тысяч фунтаў стэрлінгаў. Ніводны джэнтльмен удачы не павернецца кармою за крок ад такіх грошай з-за нейкага старога марака з сінім лычом, ды яшчэ й дохлага!
Але астатнія ані каліва не асмялелі, наадварот, непачцівыя словы, з якімі Сільвер звярнуўся да прывіда, адно ўзмацнілі іхні жах.
ад
— Маўчы, Джон! — сказаў Мэры.— He абражай здань!
Астатнім дык і зусім ад страху мову адняло. Яны ўжо і ўцякаць баяліся, ціснуліся адзін да аднаго, бліжэй да Сільвера, які трымаўся трохі смялей.
— Думаеце, гэта здань? Можа, й так,— сказаў ён,— Але я не разумею аднаго. Мы ўсе чулі рэха. А хіба ж бачыў хто-небудзь, каб у зданяў быў цень? Дык адкуль тады ўзяцца рэху, калі не можа быць ценю?.. He, хлопцы, так не бывае...
Доказ не здаўся мне важкім. Але ніколі нельга загадзя прадказаць, што можа падзейнічаць на людзей забабонных. На маё здзіўленне, Джордж Мэры стаў пачуваць сябе нашмат больш упэўнена.
— Гэта слушна,— сказаў ён.— Ну і галава ж у цябе на плячах, Джон, нічога не скажаш!.. Усё ў парадку, хлопцы! Мы проста ўзялі неправільны галс, гэта пэўна. Як спярша, дык і праўда голас нібыта Флінтаў, вельмі падобны, і ўсё ж не TaKi... Хутчэй гэта голас... голас...
— Клянуся д’яблам, гэта голас Бэна Гана! — прароў Сільвер.
— Акурат ягоны! — ускрыкнуў Морган. Ён нарэшце прыўзняўся і ўкленчыў,— Гэта быў голас Бэна Гана!
— А якая розніца? — спытаўся Дзік.— I Флінт нябожчык, і Бэн Ган таксама.
Але старэйшыя піраты пагардліва паглядзелі на яго.
— Пляваць нам на Бэна Гана! — крыкнуў Мэры,— Жывы ён ці мёртвы, нам усё роўна!
Дзіўна было бачыць, як хутка падабраліся гэтыя людзі — з іхніх твараў сышоў страх. Неўзабаве яны ўжо спакойна гаманілі між сабою, адно прыслухоўваліся часам, ці не чуваць дзіўнага голасу. Але болып ужо ніхто не спяваў, не крычаў. Тады, узваліўшы зноў на плечы ўсю амуні-
цыю, яны рушылі далей. Уперадзе ішоў Мэры. Ён трымаў у руках Сільвераў компас і няспынна на яго паглядаў, каб не збіцца з лініі Вострава Шкілета. Мэры сказаў праўду: жывы Бэн Ган ці мёртвы, яго не баяўся ніхто.
Адзін толькі Дзік па-ранейшаму трымаў у руках сваю Біблію і спалохана азіраўся па баках. Сільвер нават здзекаваўся з ягонай набожнасці, што гэтак раптоўна абудзілася ў ім:
— Я ж казаў табе, што ты сапсаваў сваю Біблію. Няўжо ты думаеш, што здань спалохаецца Бібліі, на якой прысягнуць нават нельга? Нізаіпто ў жыцці! — і, спыніўшыся на імгненне, ён шчоўкнуў пальцамі перад самым Дзікавым носам.
Аднак Дзіка ўжо нельга было супакоіць. Хутка я зразумеў, што ён цяжка захварэў. Ад спякоты, стомы і перажытага страху ліхаманка, прадказаная доктарам Ліўсі, узмацнілася.
На вяршыні амаль не было дрэў. Паміж соснамі, вялікімі і малымі, нават сярод зараснікаў мускатнага арэха і азалій, былі вялікія іірагаліны, выпаленыя спякотным сонцам. Ісці стала нашмат лягчэй. Цяпер мы спускаліся ўніз, бо, як я ўжо сказаў, пласкагор’е было нахіленае да захаду. Ідучы на паўночны захад, мы набліжаліся да пляча Падзорнае Трубы. Унізе пад намі быў бачны шырокі заходні заліў, на хвалях якога не так даўно я гойдаўся ў Ганавым чоўне.
Нарэшце мы падышлі да першага высокага дрэва. Праверка па компасе паказала, што гэта не тая сасна, якую мы шукалі. Пераканаліся ў тым самым і ля другое сасны. Трэцяя падымалася над зараснікамі амаль на дзвесце футаў. Гэта была сапраўдная веліканша са ствалом у некалькі абхватаў. Пад яе ценем мог бы маршыраваць цэлы атрад. Безумоўна, гэтую сасну было добра відаць і з усходняга боку мора, і з заходняга, і яе можна было адзначыць на карце як мараходны знак.
Думка пра тое, што недзе на гэтай цяністай прагаліне закапаныя семсот тысяч стэрлінгаў, цалкам апанавала піратамі. Як сталі мроіцца грошы, дык зніклі ўсе трывогі. Загарэліся вочы, шпарчэйшыя сталі ногі: якое ж багацце побач, марылі ўжо піраты, якое бесклапотнае, шыкоўнае жыццё наперадзе!
Сільвер, падскокваючы, чыкільгаў на сваёй мыліцы. Ноздры ў яго раздзьмуліся. Калі мухі садзіліся на ягоны разгарачаны, потны твар, ён лаяўся, як вар’ят. Тузаючы вяроўку, кухар з лютай нянавісцю паглядваў на мяне. Было відаць, што ён ужо не хаваў сваіх думак — я мог чытаць іх, усё роўна як у кнізе. Апынуўшыся побач з золатам, Сільвер забыўся на ўсё — і на свае абяцанні, і на доктаравы перасцярогі. Цяпер ужо ў мяне не было ніякіх сумненняў, што ён спадзяваўся захапіць скарбы, затым знайсці ўначы «Іспаньёлу», перарэзаць усіх маіх таварышаў, не забыўшыся, вядома, і пра мяне, і выйсці ў мора, як і збіраўся рабіць раней,— з багаццем у руках і без аніякіх згрызот сумнення.