Вуліца Ціхая, шэсьць  Моніка Марон

Вуліца Ціхая, шэсьць

Моніка Марон
Памер: 184с.
Мінск 2010
34.37 МБ
Цяжкія, поўныя нягодаў часіны эміграцыі, сказаў мужчына. Hi слова пра гатэль Люкс. Пакуль ён гаварыў, двайное падбародзьдзе калыхалася і трапятала як у расклохтанага індыка. Я без адрыву глядзела на гэты вальляк, і чым даўжэй прыглядалася, тым большы, здавалася, ён рабіўся. Што калі зараз лопне, падумала я, як надзьмутая жаба; ці было калі такое лопнутае двайное падбародзьдзе; і што там было ў ім, у сярэдзіне гэтага напятага, чырвонага двайняка. А тады табе: празь месіва тлушчу, крыві і скраўкаў скуры вывальваюцца чэрві з труны маёй бабулі па бацькавай лініі. Я заплюшчыла вочы, адкрыла, зірнула на музыкаў, спадзеючыся, што іх абыякавасьць прагоніць агідную ўяву, я старалася не глядзець на прамоўцу нічога не памагала: з разяўленага падбародзьдзя сыпаліся тлустыя, укормленыя, белыя трупныя чэрві.
Мой страўнік захваляваўся. Спазматычнымі падачамі ўгору ён спрабаваў вызваліцца ад свайго зьмесьціва. Я выцерла з лоба халодны пот. Пад пальцы ўлезла пакамячаная газэта ў кішэні паліто. Але ж не магла я на Бэрэнбаўмавым пахаваньні адкрыта бляваць у газэту толькі з той прычыны, што ў прамоўцы двайное падбародзьдзе. Чым бы гэта адагнаць мляўкую млосьць агіды. Трэба неяк адкараскацца, але як. Я расшпіліла паліто, заціснула далоняй жывот.
“Era gia alquanto avanzata la notte, quando nelle mie stanze, ove soletta mi trovai per sventura...a”
Я, праўда, ня ведала сэнсу гэтых вершаў, але затое так многа наслухалася “Дона Джыавані”, што амаль усе арыі магла падцягваць па-італьянску.
“...entrar io vidi
in un mantello avvolto
un uom che al primo istante
avea preso per vol;
ma riconobbi poi
che un inganno era il mio..."
Я моўчкі сьпявала, аганяючыся ад двайнога падбародзьдзя і млосьці ў страўніку. Я сьпявала, і я чула, як сьпявала. У мяне быў голас Біргіт Нільсан. Мой сьпеў струменіўся як кроў па маім целе, у рукі, ногі, галаву і страўнік, так гучна, так настырліва, што ўжо больш нічога чуць не магла, акрамя майго ўласнага цудоўнага Нільсанаўскага голасу і плачу Донны Анны.
Я прачнулася, і мне балела галава, і даціналі нейкія дыфузныя ўспаміны пра пагрозьлівы сон. Была пятніца, базарны дзень і
дзень Бэрэнбаўма. Ужо шэсьць тыдняў я працавала ў Бэрэнбаўма, і гадзіны, калі я шкадавала, што дапусьцілася да такой справы, множыліся. Праўда, я строга трымалася сваёй пастановы выключыць галаву зь любой вытворчай дзейнасьці, змаўчаўшы тым часам Бэрэнбаўму, што я думала пра яго і ягоныя мэмуары. Але што я шмат над гэтым думала, што я цэлыя дні і папаўночы сьціналася ў зьвягах з Бэрэнбаўмам, гэтаму перашкодзіць я не магла.
Пры нашай апошняй сустрэчы ён прадыктаваў мне: “Абапіраючыся на багаты скарб вопыту ленінскай партыі і на яе братэрскую дапамогу, наша партыя павяла рабочую клясу да перамогі і назаўсёды збудавала сацыялізм у першай рабоча-сялянскай дзяржаве на нямецкай зямлі”. Нічога асаблівага ў сказе, усяго адзін з тысяч напісаных і сказаных сказаў, якія з часам гэтак жа мала кідаюцца ў вочы, як і колькасьць сівых валасоў на галаве ў чалавека, якога бачыш кожны дзень. Але гэты сказ я павінна была напісаць сваёй рукой. За гэта мне плацілі, каб я пісала. Ня будзь я такая пэўная, што Бэрэнбаўм чакае майго пярэчаньня, я спыталася б у яго пра пяць фальшаў, якія былі ў сказе.
Была пятніца, быў Бэрэнбаўмаў дзень. Сьнедаючы, я як бы перажывала пачуцьцём сон, які пакінуў ува мне нейкую ліпкую няўдобасьць. Успамін пра яго лунаў па пакоі, як фантом, і як толькі я да яго набліжалася, распускаўся ў
нішто. Я выпіла адну таблетку ад галавы. Была палова адзінаццатай. Яшчэ чатыры з палавінай гадзіны да службы ў Бэрэнбаўма.
Я якраз хацела прыняць гарачую ванну, калі пазванілі. Ірма прыйшла з рынка. Яна пашлёпала міма мяне на кухню. У цябе яшчэ ёсьць час, сказала яна і паставіла кош з пакупкамі каля лядоўні. Я купіла марынаваныя гуркі, мае дзеці так любяць марынаваныя гурочкі. А ты любіш марынаваныя гуркі, спыталася Ірма, ідучы па калідоры ў пакой. Я прабегла за ёю. Яна з уздыхам упала ў чорнае крэсла. Ірма была няўклюдная, але ня тоўстая. Нягледзячы на гэта, тры крэслы былі занятыя, як яна села. Заўсёды, сядаючы за маім сталом, Ірма займала тры крэслы. Было немагчыма сядзець у адным, калі зьлева і справа ад таго, на якое села Ірма, стаялі яшчэ два. На задняе білца левага яна паклала руку, а над сядзеньнем правага падымалася вострае каленца нагі, костачкі якое спачывалі ў Ірмы на сьцягне. Я лічыла такую позу напружлівай; Ірма не.
Мне трэба зь некім пагаварыць, сказала Ірма, ты не ўяўляеш сабе, якая я разьбітая.
Я падумала, што яна была такая ж разьбітая, як заўсёды, калі званіла мне ў дзьверы. Неразьбітая Ірма не заходзіла. Толькі пры кожнай новай разьбітасьці даведвалася я, што пазаўчора ёй сапраўды страшна добра пасьвяткавалася зь некалькімі страшна добрымі сябрамі.
Я лічыла немагчымым ненавідзець Ірму. Што, спыталася я.
Ты ня слухаеш навін. У навінах яны сказалі, што на руска-кітайскай граніцы зноў стралялі. Ідзе вайна, гэта ж ясна.
Ірма ўзяла адну з маіх цыгарэт.
Мне абсалютна ясна, што цяпер ідзе вайна, сказала яна, разявіўшы пры гэтым толькі ўнутраныя дзьве траціны свайго шырокага рота, куточкі вуснаў трымала амаль закрыта манэра гаварыць, якую я ведала ў Ірмы і якая давала слухачу зразумець, што толькі што паведамленае само сабой разумелася і наўрад ці варта было дзеля таго расхлябеньваць рот на ўсю сьцежу.
Пачатак савецка-кітайскай вайны Ірма аб’яўляла ўжо каторы раз, так што я аж была паверыла, каб устрымацца ад лішніх праяваў зьдзіўленьня, што Ірма зноў упарола дурноту. Яна разявіла рот на ўсю поўніцу дзеля шырокай усьмешкі, якая вываліла верхні рад зубоў разам зь дзяснамі, і сказала: я думаю, ты няправільна разумееш мяне, вайна ёсьць. Рускім цяпер якраз патрэбен вораг. Яны ня могуць пракарміцца, неверагодна, але яны ня могуць пракарміцца, разумееш ты. Ірма ўсё яшчэ выскалялася. У Эўропу сунуцца ня важацца, вось ім і трэба пракруціць вайну з кітайцамі. Гэта ж абсалютна ясна. Ірма пахітала сваёй вялікай галавой, узмацніла ўсьмешку да глыбокага, спачувальнага сьмеху і сказала: значыцца,
я магу табе зусім нічога не казаць, і так усё ясна.
У сваім інтымна-глыбокім веданьні рускай палітыкі Ірма спасылалася на рускую бабулю, якая ў дваццатыя гады прыехала ў Бэрлін артысткаю і там выйшла за немца. Доля рускай крыві ў ёй, сьцьвярджала Ірма, робіць яе здольнай на глыбокі зазірк у рускую душу, як гэта наўрад ці даступна рацыянальным немцам.
Думаеш, гэтым разам сапраўды вайна, спыталася я.
А што ж яшчэ, сказала Ірма рэзка хіхікнуўшы, тады і цяпер амаль сашчаміўшы куточкі вуснаў: значыцца, сапраўды так, калі б у мяне не было дзяцей, я пакончыла б з сабой. Хто гэта вытрывае, каб толькі чакаць, што яна пачнецца. I нельга нікуды зьехаць, ні ў Новую Зэляндыю, ні табе ў Аўстралію. Ужо нават дзеці мае мараць пра вайну.
Я змоўчала, не сказала, што ніколі ня марыла пра вайну.
Я ўвогуле не разумела, чаму людзі больш баяцца ўсеагульнай сьмерці, чым сваёй уласнай. Нібыта яно лягчэй паміраць аднаму. Ноччу прачнуцца, разумеючы, што вось цяпер якраз і маеш памерці, адзін, без разьвітаньня, і каля цябе няма нікога, хто паабяцаў бы нешта манлівае пра той сьвет, нікога, хто сказаў бы, што вось хутка там і пабачымся зноў; гэта была б страшная сьмерць.
Боль у галаве перапоўз на патыліцу і аж да плячэй. Я ня ведала, як суцешыць Ірму. Калі вайна ўжо ідзе, ты заўсёды яшчэ можаш забіць сябе, сказала я.
У цябе што, фантазіі няма, спыталася Ірма, ці гэта зусім цябе не цікавіць.
Я сур’ёзна лічу, сказала я, усё сваё жыцьцё мы ведаем, што мусім памерці, а тым часам жа не забіваем сябе, прынамсі, большасьць гэтага ня робіць. Ірма, сказала я, мне страшэнна баліць галава. Ірма падцягнула калена і руку. Я думаю, усе мы тут павар’яцеем, ты ня думаеш, што ўсе мы тут павар’яцеем. Ці ж ня сьмех: усе мы вар’яцеем, але зусім гэтага не заўважаем, бо ўсе разам памалу вар’яцеем, а таму і ня можам заўважыць гэтага.
А такі ж бо сьмешна, сказала я.
Раптам Ірма прыціхла і ўмасьцілася ў адным крэсьле. Спадніца ў яе закачалася вышэй худых каленяў, на якіх звычайна мясістыя і калёнападобныя ногі лёгка ўбіраліся ў мышцы, занадта вялікія, кранальна дзіцячыя ногі, нязграбнасьць якіх кідалася ў вочы праз Ірміну любоў да ярка-чырвоных ажурных гольфікаў. Мне было шкада яе. Так у мяне было з Ірмай заўсёды: альбо ненавідзела яе, альбо шкадавала.
Хочаш чаю, спыталася я.
Я зраблю марынаваных гуркоў дзецям, мне ўжо й самой палепшала, праўда. Можа, яно было б найлепш, калі б мы ўсе павар’-
яцелі, ня думаеш, што было б самае лепшае.
Я сказала, што і па-мойму гэта было б няблага-такі, і падумала, што я звар’яцею тут, на месцы, калі яна не перастане.
Зачыняючы за ёю дзьверы, я рашыла, што цяпер ужо адчыню не раней, чым калі буду выходзіць на працу да Бэрэнбаўма. Ці магла я рашыцца яшчэ й ісьці на рынак, калі б нарэшце выкінула з галавы Ірму зь яе крутымі ідэямі, і тады не дайшло б да спрэчкі з Бэрэнбаўмам. Але так вось яно склалася з Ірмай, яна пайшла задаволеная, як наедзены вампір, а я засталася, спустошаная і бяскроўная. Ірміна думка, што ўсе мы разам павольна, не заўважаючы таго самі, вар’яцеем і такі павар’яцеем, чаплялася за мяне аж да самага Бэрэнбаўмавага дому. Была пятніца, Бэрэнбаўм адчыніў сам. На ім была сьветла-блакітная кашуля пад цёмна-сіняй, мне яшчэ невядомай вязанай кофтай, шэрыя штаны і ня як заўсёды бардовыя скураныя пантофлі, а чорныя зашнураваныя чаравікі. Ён усьмешліва, у добрым настроі павітаўся, нібыта толькі што перажыў нешта нязбыт якое радаснае альбо нечагась такога чакаў. Мне ўсё яшчэ балела галава, і Бэрэнбаўмаў непрыхавана радасны настрой дражніў мяне.
Такім ён, відаць, бываў раней, калі рука яшчэ ня боўталася на суглобе, калі ён яшчэ падпісваў ёю назначэньні і звальненьні, уладна паляпваў па сталах, засядаючы на нара-
дах, альбо падаваў яе, вітаючы іншых магутаў сьвету гэтага. Неразбуральны, адораны вечным жыцьцём Бэрэнбаўм.
Добра, што Вы тут, сказаў ён, я чакаю незвычайнага госьця. Сёньня мы пачнём трошкі пазьней.
Ён правёў мяне ў пакой, у якім прымаў мяне першага разу і ў які з таго часу я ні разу не заходзіла.
Я мушу сёньня пазлоўжываць вамі, але не палохайцеся, фраў Палькоўскі, ніякай працы галаве, ніякай разумовай працы. Зараз вось прыйдзе пісьменьнік, Віктар Сэнсман, ён, кажуць, напісаў некалькі вельмі цікавых кніг, я іх ня ведаю, не чытаў, але мне дакладвалі. Я б хацеў папрасіць вас пабыць на сустрэчы і занатаваць ход гутаркі.