Вуліца Ціхая, шэсьць
Моніка Марон
Памер: 184с.
Мінск 2010
на стале, дзякуючы нерыкметным зьвівам свайго сьцябла вызвалілася, прадралася і, як зьмяя, пацягнулася да мяне. Папалудні я дала кветкам сьвежай вады і крыху пановаму іх склала, і таму такое непакорлівае вылузваньне кінулася ў вочы. Гэтую незвычайную актыўнасьць кветкі я прыпісала яе парыву да сьвятла і аддалася другой пляшцы віна.
Бывалі ночы, калі ў маім доме гулялі здані. Раптам зашапаціць у адным кутку, то заварушыцца фіранка, і гэта пры зачыненых дзьвярах і вокнах; нешта лёгенька, як бы пальчыкам, паляпае мне па плячы, а нікога ж няма і не відаць. Бывала яшчэ, што я ясна адчувала, што вось нехта сеў каля мяне і ўжо сядзіць ціхенька. Тады я магла быць спакойная; ён прыйшоў абараняць мяне. Калі такая чорная валтузьня адбывалася ў маёй кватэры, я ведала, што была я ні асабліва шчасьлівая, ні цьвярозая.
Я сядзела сярод пяці чорных мужыкоў і спрабавала даўмецца, ці ня мае іх прысутнасьць чаго-небудзь агульнага з Бэрэнбаўмам, быццам яны тут зьявіліся як напамін, каб паказаць мне, чым гэта я зрабілася іхняю. Альбо, можа, гэта яны мне зларадна паказваюць маю начную самоту. Я думала, што лепей бы я не звалакала ў дом чорных пачвараў, што, можа, папытаюся ў Бруна, ці не адкупіць ён іх у мяне.
У гэты момант нешта кранулася маёй ску-
ры, так далікатна, як лапка павучка “касікасы”, так пяшчотна, як матылёк, сеўшы адпачыць. Гэта была касмэя, якая тым часам аж настолькі аддалілася ад сваіх сабукетніц, што дастала да маёй супакоенай на стале левай рукі. Маё першае падазрэньне, што кветка самахоць цягнецца да сьвятла, было цяпер бяз сэнсу, бо яна яўна адвярнулася ад крыніцы сьвятла, каб схіліцца аж да маёй рукі.
Хоць касмэя звычайна расьце кусьціста і дае па дзесяць, дваццаць а то і больш кветак, гэтая, сагнутая да мяне, несла на сабе адну кветку на тонкай, неразгалінаванай сьцяблінцы. Я не адважылася паварушыць рукой, бо краёчкі яе ніжніх пялёсткаў ужо дакрануліся, тым часам як сама яна павярнула да мяне маленькі жоўты тварык у сярэдзіне фіялетавага вяночка. Яна паводзілася дзівосна, як зачараваны чалавек.
Чаго табе, спыталася я і не спалохалася б, калі б яна мне сапраўды адказала. Яна маўчала. Але мне здалося, нібыта яна павярнула галоўку крышачку вышэй, так што мы цяпер глядзелі адна адной проста ў вочы, быццам у яе былі вочы.
Паслухай, сказала я, ты павінна сказаць, чаго ты хочаш. Я магла б пабажыцца, што яна паглядзела на мяне, яна запрашала мяне, клікала, але да чаго. Можа, хацела выпіць чагосьці іншага, а не вады. Я ўмачыла палец у віно і капнула зь яго проста ў
сярэдзіну жоўтага твару. На здароўе, сказала я і сама глынула. Сваім далікатным сьцяблом яна выцягнулася ў адну лінію, аніякіх пакрыўленьняў па ўсёй даўжыні, аж мне здалося, што за апошнія хвіліны яна на некалькі сантымэтраў падрасла. Паступова мне пачало здавацца, што я зразумела: яна хацела да мяне, больш нічога.
Я ўсьведамляла недарэчнасьць майго пытаньня, тым ня меней спыталася: ты закаханая ў мяне? I бегла пракантралявала рэакцыю пяці чорных мужыкоў. Яны стаялі, як пяць нармальных, не асабліва брыдкіх крэслаў вакол стала. Мы былі цяпер адны, касмэя і я. Ты мужчына, спыталася я, цябе завуць касмэя ці космас?
Яна не адказала, і я аддалася адной з маіх любімых ідэй пра тое, што ўсе мы калі-небудзь павінны ператварыцца ў расьліну, жывёлу ці чалавека, я толькі не магла абгрунтаваць сабе парадку гэтых перамен, пры гэтым я, праўда, прымала за верагодныя толькі два варыянты, першы: расьліна, жывёла, чалавек, другі: чалавек, жывёла, расьліна. Непасрэдную зродненасьць чалавека і расьліны я лічыла фальшам. Падабенства розных людзей з птушкамі, малпамі, жабамі, зайцамі, катамі, сьвіньнямі і рознага роду іншымі жывёламі было такое відавочнае, што ўва мне ўзьнікла падазрэньне пра нейкую поўную таямнічасьці псыхагенэтычную, калі не онтагенэтычную сувязь, якая з гадамі па-
стаянна ўзмацнялася і начамі, як сёньняшняя, зрабілася пэўнасьцю. Бэрэнбаўмавага падабенства да жаб ніхто, нават хто ведаў яго, ня мог бы адмаўляць. Я хоць і ня ведала, як выглядаў Бэрэнбаўм у маладосьці, прыпусьціла, аднак, што бясхвостыя земнаводныя ўжо тады хаваліся ў маршчынках, найперш вакол рота і на падбародку, на юнацкім твары Бэрэнбаўма, як засакрэчаны здымак. Пытаньне было: ці служыла Бэрэнбаўмава чалавечае жыцьцё толькі падрыхтоўкай да яго быцьця як бясхвостай земнаводнай жабы, і ўжо ён зь бегам часу і падвышкай узросту спакваля ператвараўся ў сваю будучую экзыстэнцыяльную форму, ці сам цягнуў за сабою сваё даўно мінулае жабінае жыцьцё безь ніякіх пра яго ўспамінаў і толькі па волі лёсу праз гэтае, як у нас усіх, праз нашае.
Ці была ты ўжо раз чалавекам, ці толькі мусіш ім стаць, спыталася я ў сваёй касмэі, якая цяпер, калі я ёй аддалася, рабіла разнапружанае і задаволенае ўражаньне. Нават адзін лёгкі згін сьцябла дазволіла яна сабе зноў. На здароўе, мая мілая, сказала я, шкада, але ты нешта ведаеш і ня можаш сказаць, я змагла б сказаць, але я ня ведаю.
Гэтая думка была якраз тое, што дало майму п’янаму мозгу ключ да таямніцы.
Вядома, гэта было зусім проста, самы патайны і самы мілы варыянт маюць яны, a ЯКІ прыдуманы для нас. Сьпярша чалавек,
пасьля жывёла, тады расьліна. Чым глыбей мы пранікаем у таямніцу, тым больш маўклівыя мы павінны рабіцца і быць. Так проста. Значыцца, перада мною, у мяне, яшчэ два жыцьці. Хацелася б спадзявацца, што мне не дастанецца жыцьцё хатняй жывёлы, вавёркі ў коле ці сьвіньні на закол. Але і пэрспэктыва банальнага жыцьця капусты ці салаты таксама наводзіла на журбу, і я жадала сабе, каб касмэя не раскрывала мне маёй жахлівай маўклівай будучыні.
Яна лёгка калыхнулася на сьцяблінцы, гэта магло азначаць што хоч, усё магчымае. Я надта стамілася, каб яшчэ і разумець. Дабранач, сказала я, і ўсяго добрага, магчыма, ты станеш ветрам, і мы зноў сустрэнемся. I тады я пацалавала яе.
Першы падняўся сівы масіўны мужчына і дробненька патрухаў наперад, мэтанакіравана, нібы ён дакладна ведаў, у якім месцы яму спыніцца. Ён схіліўся над труной ці то перад партрэтам Бэрэнбаўма: Дарагі Гербэрт. Я зірнула на твары музыкаў, яны, бадай, нічога ня бачылі і ня чулі. Альбо яны лічылі нармальным, што мужчына зьвяртаецца да труны ці то да фатаграфіі са словамі “дарагі Гербэрт”. Я была пэўная, што ўсе жалобнікі Бэрэнбаўма былі атэісты. Тым больш гэты мужчына, якому далі месца ў першым радзе
і які, падобна на тое, будзе гаварыць прамову. Чаму а няўжо ж такі і ён думаў, што Бэрэнбаўмава душа лунае недзе тут паміж альбо над намі, можа, нават рыхтык над сваёй сьмяротнай абалонкай, і прыслухоўваецца да нас, чаму ж бо тады ён кажа адгабляваным дошкам “дарагі Гербэрт”. Містычнаму смактаньню сьмерці, мабыць, ня могуць супрацьстаяць нават найнепахісьнейшыя атэісты. Мужчына павярнуўся да тых, што сядзелі. У яго быў тлусты, выласьнены твар, які напалавіну складаўся з двайнога падбародзьдзя, на якім разьлёгся сам падбародак, як добра залечаны шнар. Двайное падбародзьдзе разраслося ад ніжняй сківіцы праз шыю аж да грудзей. Гэта было самае-такое падбародзьдзе, другога такога я ніколі ня бачыла, хоць і даўно цікавілася псыхалягічнымі аспэктамі двайных падбародзьдзяў. Бываюць натуральныя і ненатуральныя двайныя падбародзьдзі. Натуральныя рабіліся такімі ў выніку ненажэрства, ненапіўства, старасьці альбо прыналежнасьці, я б сказала, такой сваёй канстытуцыі, і часьцей за ўсё выдатна ўпісваліся ў агульную гамонію выразу і формы ўсяго твару; Дантон ці той жа вам Бах без двайнога падбародзьдзя проста непамысныя; гэтак жа непамысным здаецца Ісус Хрыстос з двайным падбародзьдзем. Натуральнае двайное падбародзьдзе ў нашым досьведзе пра чалавечы твар ну ані ж на што не прэтэндуе, часам нават у вочы нам ня лезе. Ненатураль-
нае ж двайное падбародзьдзе, наадварот, адразу схіляе цікаўнага сузіральніка папытацца пра паходжаньне гэтай торбы мяса на шыі.
За многія гады назіраньняў я вывела сабе, што ненатуральныя двайныя падбародзьдзі былі выключна прадуктам ненатуральных прафэсій; а як што ў нас цяпер лічы і няма тых натуральных прафэсій, дык сьлед гаварыць пра адмыслова і асабліва ненатуральныя прафэсіі. Па дарозе ў дасьледчую інстытуцыю Барабаса, якою я хадзіла пятнаццаць гадоў кожны дзень, апрача нядзелі і сьвятаў, уздоўжкі Шпрэе на ніжнім выхадзе з вакзала на Фрыдрыхштрасэ, я сустракала пропадзь такіх двайных падбародзьдзяў ва ўніформах, нават і не спрабуючы растлумачыць сабе гэты псыхалягічны фэномэн. Нішто ў тварах мужчын не паказвала на заганнае эпікурэйства. Яны былі ў большасьці маладыя, іх скура была даволі пругкая, каб утрымаць у сабе крышку залішнюю вагу ў форме. Толькі пасьля паездкі на цягніку ў Баўгарыю мне адкрыўся гэты фэномэн. Гэтакія ж самыя, дзіўна падобныя паміж сабою маладыя мужчыны правяралі пашпарты ў пасажыраў, прычым яны насілі на шыі складныя пісчыя пульцікі, на якія яны клалі пашпарты, калі правяралі і гарталі іх, а ў канцы агляду прастаўлялі штэмпэлі. Іхняя праца патрабавала, каб яны ўвесь час прыціскалі падбародак да грудзей, быццам яны цэлы дзень напралёт пазіралі на наскі сваіх ног.
Калі б яны пры гэтым пакорліва схілялі плечы і каркі, зь імі нічога ня сталася б. Бо іх целы адначасова меліся служыць сымбалямі дзяржаўнага аўтарытэту, яны мусілі, насуперак усякім анатамічным запаведзям, на ўладарна напружаных нагах выпінаць дугою жывот і грудзі і пад прамым вуглом так схіляць над імі галаву, што нават у вельмі тонкіх людзей выпірае вальляк паміж падбародкам і шыяй, які пры больш-менш даўжманым утрыманьні ў гэтай позе паступова як бы застывае ў ненатуральнае двайное падбародзьдзе, такое, ведаеце пыдбарадзьдзе.
Чалавек зь ненатуральным двайным падбародзьдзем, зь якім я аднойчы сустрэлася, расказваў пра Бэрэнбаўмава дзяцінства ў Рурскай вобласьці і яго цьвёрды клясавы інстынкт амаль такімі самымі словамі, якія Бэрэнбаўм дыктаваў мне. Я чакала фразы з карапузам: “яшчэ малым карапузам я ведаў...” Двайное падбародзьдзе туга і ружова ляжала на тулаве мужчыны. Над ім, якраз пасярэдзіне галавы, невялікая, круглая, мускулістая адтуліна рот. Яшчэ малым ён ведаў, што сэрца сядзіць зьлева, а вораг стаіць справа, сказаў ён, “карапуза” ён выкрасьліў.
Я дапусьціла, што чалавек быў Бэрэнбаўмавым настаўнікам ці супрацоўнікам, асабліва пасьпяховы супрацоўнік, магчыма, нават пасьлядоўнік, ва ўсякім разе ён ведаў мэмуары, і таму цяпер сам Бэрэнбаўм гаварыў сваю ўласную надмагільную прамову.