• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вуліца Ціхая, шэсьць  Моніка Марон

    Вуліца Ціхая, шэсьць

    Моніка Марон

    Памер: 184с.
    Мінск 2010
    34.37 МБ
    ючы паміж сказамі столькі месца і часу жонцы ўтачыцца са сваімі ўпоперкамі, калі б яны былі дома на кухні і калі б пікантнасьць сытуацыі не замкнула старой жанчыне рот. Але мужчына, здавалася, ведаў, чым жонка магла б яму падшпіліць у іншых умовах, і таму прымаў замоўчаныя агрызаньні як прамоўленыя, што яшчэ больш падбухторвала ягоны запал і гнеў.
    Я стаяла за ім і ясна адчувала, як яго набрынялае шалам цела скаланала паветра паміж намі, і хвалі яго спачатку краналі маю скуру, пасьля пранікалі ў плоць, даставаліся аж да сэрца, якое ад раптоўнага абурэньня падвоіла свае штуршкі, расшуміла кроў і пагнала яе па жылах, аж я магла пачуць, як яна забрадзіла, заброіла за барабаннымі перапонкамі. I як толькі чужая злосьць прасачылася ў мяне, яна ж і памкнулася зь мяне вонкі скрыпучым зьвяглівым голасам мужчыны. Каб жа ж я ведала, каб жа ж я ведала, як папугай, паўтарала я апошні ягоны сказ, спалохалася свайго чужога голасу і схавала, як толькі мужчына і жанчына недаўмёна азірнуліся на мяне, толькі што сказаныя словы за натужаны кашаль.
    Кельнэр прынёс яблычнага торту і каву. Я закурыла цыгарэту, на хвіліну нейкую як бы выпадкова і вымушана вызваліўшы свае вочы ўчэпістаму старому. Як я і чакала, гэтага беглага позірку яму хапіла, каб адарваць мяне ад далейшага чытаньня.
    Ён адразу спытаўся, ці цікавая кніга, якую я чытала, і калі я адказала адмоўна, яму закарцела дапытацца, чаго ж я так уелася ў яе. Я адказала, што не люблю гэтага аўтара, і тым самым як бы ўхіляюся ад канстатацыі, што чалавеку зноў-такі трошкі не патрафіла, не люблю за недастатковую эстэтычную асалоду ад чытаньня.
    He пасьпела я па ягоным твары пазнаць, ці падзяляе ён маю ацэнку аўтара, як ён пачаў са смакам спажываць свой торт, прычым мне кінулася ў вочы, што карыстаўся ён толькі левай рукой, тым часам як правую зьвесіў, так што рука была схавана ад мяне за абрусам.
    Ці не займаюся я літаратурай прафэсійна, спытаўся.
    He, адказала я.
    Ці ня мог бы ён папытацца, чым жа я займаюся прафэсійна.
    Папытацца можаце, сказала я, і нават намерылася сказаць яму праўду, толькі наўрад ці дагадзіла б яго цікаўнасьці. У гэтым сэнсе я цяпер без прафэсіі, а жыла з друкаваньня і іншых службовых умельстваў, якія не патрабавалі ад маёй галавы спэцыяльнай разумовай працы. Гэта, здаецца, зацікавіла яго. Альбо разварушыла ягоны недавер. Ён глытаў свой яблычны торт і пры гэтым сачыў за мною. Я чакала, што ён зноў задасьць пытаньне, а як што ён усё ж маўчаў, пачала я сама, нават таго не жадаючы, тлумачыць,
    што было закладзена ў маіх словах. Пэўныя падзеі ў маім жыцьці, сказала я, пераканалі мяне, што гэта ганьба, мысьліць за грошы, a ў болып высокім сэнсе гэта нават забаронена.
    Недзе з паўгода таму назад ува мне сапраўды ўзыйшло з начы маё веданьне і стала раніцай неаглядна, як сонца на небе майго банальнага існаваньня, і я пыталася самая ў сябе, дзе яно было раней, дзе магло хавацца; усьведамленьне, бачаньне таго, што я кажнюткі божы дзень насіла маё адзінае жыцьцё ў Барабасаву дасьледчую кантору, як кухонныя адкіды ў бачок са сьмецьцем. Увечары я сустрэла аднаго з тых катоў, якія жывуць у садовым квартале нашых блёчных дамоў, іх там шэсьць-сем, чорна-белых плямаватых катоў, чыя недагледжаная зьдзічэласьць абвастралася ў той меры, у якой чорныя плямы на іх мордах асацыяваліся з маскай злосьці. У аднаго была пляма над вокам, і кот быў падобны на вулічнага панажоўшчыка. Кот быў худзюшчы і палахліванасьцярожаны, поўсьць запылена жоўтым попелам з бачкоў, дзе ён шукаў сабе пракорму; у другога плямы над абодвума вачыма, і кот нагадваў мядзьведзя панду. Гэты быў любімец вуліцы і больш вылежваўся пад адчыненым акном кухні ў піўнушцы-кнайпе на рагу вуліцы, адкуль кухар час-парою выкі-
    даў кавалак мяса ці рыбы. Ката, падобнага на мядзьведзя панду, я сустрэла, калі вярталася дахаты з Барабасавай дасьледні. У кнайпе быў выхадны, і кот, яўна галодны, ішоў за мною аж да самай кватэры. Я дробна нарэзала некалькі сасісак, наліла ў місачку малака і ўсё гэта выставіла яму на кухні. Ён спакойна зьеў, выхлябтаў малако, некалькі разоў удзячна пацёрся аб мае ногі і потым сеў перад дзьвярыма і ня зводзіў вачэй з клямкі, пакуль я не адчыніла.
    Сасіскі былі мне на вячэру. У лядоўні ляжалі яшчэ толькі два лімоны і завязь лівэрнай каўбасы. Хлеб зацьвіў, а крамы ўжо пазачыняныя. Я знайшла кубік булёну і макароны, з чаго і згатавала сабе суп. Хутчэй зь легкадумнай прывычкі, чым сур’ёзна, я падумала, што лепш бы я была кошкай. Так думала-мроіла, гатуючы суп: лепш бы я была сапраўднай кошкай, чым жыла гэтым занудным сабачым жыцьцём, здабывала б сабе ежу, ветліва дзякавала, а тады ішла б да сваіх і рабіла б, што набяжыць пад ахвотку. Я выглянула ў кухоннае акно. Шэсьць чорна-белых катоў сядзелі кружком на газоне і глядзелі адзін на аднаго. Мабыць, у гэтым быў нейкі іхні сэнс.
    Яны сядзелі там дзеля нічога. Калі я сядзела ў сваім васьмімэтровым пакойчыку ў Барабасавай канторы і пераконвала сябе, што цікаўлюся другой партыйнай канфэрэнцыяй саксонскіх камуністаў у 1919 годзе, дык жа
    я сядзела там за грошы. За грошы партыйная канфэрэнцыя мусіла мяне цікавіць, а як жа: грашыма я плаціла за сасіскі, якія скарміла кату, каб ён мог пасьля пасядзець увечары на газоне дзеля нічога, толькі за саму гэту седню, тым часам як я сядзела за кухонным акном адна, хлябтала перасолены суп, а заўтра раніцай, роўна пяць хвілін на восьмую, зноў выйду з гэтага дому, каб ад бяз чвэрці восем да сямнаццаці ў Барабасавай канторы пад наглядам самога Барабаса і ягоных кнэхтаў мысьліць за грошы. Усё тое, што я напачатку думала сама сабе неўсьвядомлена, неахвотна і безуважна трэба быць кошкай, аказалася, як толькі я аддалася поцягу гэтага ўяўленьня, шчырай праўдай абуральнай абсурднасьці. Кожны дзень я замыкала сябе дабравольна ў памяшканьні, якое сваімі памерамі больш нагадвала турэмную камэру, якую мне выдзелілі гэтаксама, як і сфэру, якой я павінна была прысьвячаць восем гадзін маёй мазгавой дзейнасьці штодня. Яны, калега Палькоўскі, адведзены вам на асэнсаваньне разьвіцьця пралетарскага руху ў Саксоніі і Турынгіі, сказаў Барабас, калі я пятнаццаць гадоў таму назад упершыню сядзела перад ім за ягоным пісьмовым сталом. Так яно было: ня мне была выдзелена сфэра дзейнасьці, а я ёй і памяшканьню. Калі б я памерла, дык і тая сфэра і пакой засталіся б, як яны былі і да мяне; ім быў бы адведзены нехта іншы, які, як і я,
    меў бы адну толькі здольнасьць, якая адрозьнівала б яго ад ката, здольнасьць да абстрактнага мысьленьня ў абмежаванай сфэры, каб за грошы, якія яму за гэта плаціцьмуць, забясьпечыць сваё крэатурнае, толькі вельмі мала чым адметнае ад кацінага жыцьцё.
    Калі б я магла не належаць да тых, каму гэта наканавана ў сьне воляй Божай, я б хацела, каб пры мне захавалася хоць бы тое, што мяне адрозьнівала. Як я дайшла, свабодна народжаны чалавек, да таго, каб падпарадкаваць сябе на ўсё жыцьцё менавіта нейкаму Барабасу, звычайнаму, шэрага памолу бацьку сямейства, паклікаць якога на функцыянаваньне мог толькі яго недаразьвіты дух супярэчлівасьці, зьвязаны з дэспатычнай пэдантнасьцю. Я нібыта адначасова глядзела два фільмы па тэлебачаньні: вэстэрн і крымінальную сэрыю, папераменна, зноў і зноў; калі па экране прабягаў зьвер, я думала пра ката і пра тое, якія перавагі і выгоды давала яму ягонае кашэчае жыцьцё ў параўнаньні з маім. Усё гаварыла за ката, на яго карысьць. Ноч абняла мяне як гуканепранікальны бункер. Ніхто не хацеў загаварыць са мною да раніцы, і ніхто не хацеў каб я загаварыла зь ім. Мяне чакалі мой пакой і мая сфэра ў мораку Барабасавай дасьледчай канторы. Анішто ў маім жыцьці не здавалася мне разумным.
    Раніцай я ня ўстала. Засталася ляжаць, глядзела, як сонца падымалася над нашай
    вуліцай і прадзіралася праз густое лістоўе дрэў за акном, аж да маёй падушкі. Я пасунулася галавою на сонечную пляму і заплюшчыла вочы. Я бачыла сваю кроў у павеках, такую чырвоную, як кроў каціную. Павольна, як бы зьнехаця, у маёй галаве сфармулявалася рашэньне: я больш ня буду мысьліць за грошы. Рэшту дня я правяла ў ложку.
    Стары чалавек заблякаваў сабе рот кавалкам яблычнага торту, што мяне дужа зьдзівіла, бо ж я пакуль што ўспрымала яго толькі як гаваруна, а ня як слухача. Я зазлавалася, так хутка страціўшы перавагі сваёй пазыцыі, хоць і ведала небясьпеку, якая ідзе ад такіх старых катоў, як гэты. Я заўсёды рэзка адсякала ўсё тое, чаго яны ад мяне чакалі, раней чым яны знаходзілі нагоду і зачэпку падступіцца з прапановамі. Гэта была адна з прычын, відаць, самая важная, чаму яны мяне цураліся. А гэты адкінуўся назад, прыплюшчыў павекі, нібы хацеў пагрэцца. Гэта была поза, у якой ён разважаў, гэта я зразумела пазьней. Я ўзялася за кнігу.
    Пачакайце, сказаў ён і зноў павярнуўся да мяне, я ўжо гаварыў з многімі маладымі людзьмі, але такой нязвыкліны мне яшчэ не казалі.
    Я не маладая, сказала я.
    Можа, яно і так, сказаў ён, але ў параўнаньні са мною вы маладая.
    Усё праўда, і ў ягоным узросьце, лічыла я, ён сьмела мог бы не зважаць на мае несамалюбныя самаацэнкі.
    Вы, значыцца, мысьліце не за грошы, але ж вы мысьліце. А да таго вы зараблялі свае грошы мысьленьнем, спытаў ён і, хоць пастараўся надаць свайму голасу абыякавасьці, ня здолеў прыхаваць, што ўсё-такі раптам пацэліў.
    Я кіўнула і, перш чым ён пасьпеў запярэчыць, спыталася ў яго, чым жа ён сам зарабляў свае грошы. Альбо, можа, усё яшчэ зарабляе, дадала я зь ветлівасьці.
    Ужо сорак гадоў толькі працай, сказаў ён, і пры апошніх словах некалькі разоў моцна пастукаў костачкамі пальцаў сабе па лобе.
    Я давярала сваёй здольнасьці чытаць па рысах твару і жэстах людзей. Што да гэтага чалавека, у мяне даўно ўжо высьпела падазрэньне, яшчэ раней падагрэтае ягонай адмысловай паходкай і нейкай неспатольнай прагай загаворваць з маладымі людзьмі. Яго рукі я ўжо зазначыла, што правая была не падобная на левую, якая ляжала на стале, умацавалі мяне ў маім падазрэньні: вялікія рукі давалі магчымасьць дапусьціць, што яшчэ ў фазе росту яны каменьне варочалі і сякерай працавалі, але ім ужо даўным-даўно не даручалі ніякіх грубых функцый, так што іх сілавая, цягліцавая анатомія ствара-
    ла для мяне прыкметны, правакацыйны для фантазіі кантраст з далікатнай, хай сабе і прывялай скурай. Найперш мяне інсьпіраваў яго твар, а на ім даверлівы і гэтакі ж падазроны выраз, які, калі пагадзіцца з думкай, што носьбіт гэтага твару чалавек добры, горды, самаўпэўнены і валявы, з другога боку сьведчыў за чалавека грунтоўнага і абмежаванага. Да таго ж стомленасьць паміж вачыма і падбародкам, якая, здавалася, была памечана ня так старасьцю, як агідай і ўпарцістай зацятасьцю.