Вуліца Ціхая, шэсьць
Моніка Марон
Памер: 184с.
Мінск 2010
Да вялікіх няспраўджаных хаценьняў майго дзяцінства належала піяніна, але, праўда, ня так само, як найперш здольнасьць іграць на ім. Паколькі я, з таго часу, як назаўсёды пакінула інстытут Барабаса, ужо мела поўную волю над часам свайго жыцьця, дык паставіла сабе за мэту навучыцца на піяніна, наколькі мне мой узрост і мой, як я апасалася, мізэрны талент дазволяць гэта. За два паверхі нада мною жыла Тэкля Фляйшэр, дзяржаўна праэкзамэнаваная настаўніца-піяністка, жанчына няпэўнага ўзросту і гэтакай самай няпэўнай, бо ўвесь час задрапіраванай шырокімі палотнамі, гістарычнай элегантнасьці і карпуленцыі. За дзесяць гадоў, якія я ведала яе, Тэклін твар не панёс ніякіх страт, не прывяла яе манаская маладосьць, толькі шкельцы акуляраў на вечна вільготных вачах з гадамі патаўшчэлі.
Але гэтым летам Тэкля Фляйшэр дзівосным чынам зьмянілася. Калі я сустрэла яе ў прысадах каля нашага дому, яна пад праліўным дажджом крыкнула мне: які сёньня цудоўны дзень і кароткім подбегам, як здавалася, у такт нейкай ранішняй песеньцы праскакала міма мяне. Тэкля Фляйшэр раптам пачала насіць вузкія спадніцы і нават джынсы, нібыта ёй нехта сказаў, што самае прыгожае ў ёй шырокая тазабедранасьць. Неўзабаве пасьля гэтага яна зафундавала хімічную андуляцыю сваім гладкім валасам, якія яна, колькі я ведала яе, заўсёды насіла безгустоўнай куклай, а цяпер вось русыя валасы ўздыбіліся вакол галавы, як распушаны дзьмухавец. Тэкля Фляйшэр рабіла ўсё самае бязглуздае, што робяць людзі ў закаханасьці. Хоць я і не магла сабе ўявіць, які такі кавалер мог бы спакусіцца панаднасьцямі позьняй дзявоцкасьці Тэклі Фляйшэр, усё ж яе пацешная, але і кранальная перамена магла быць растлумачана ня чым іншым, як толькі тым, што нейкі рызыкант устрэміўся ў яе жыцьцё, і я лічыла нетактоўным засьціць яе шчасьцю, калі адважуся папрасіць яе навучыць мяне пачаткам ігры на фартэпіяна. Калі б я хацела толькі ўдасканаліцца і калі б магла сваёй інтэрпрэтацыяй Бэтховэнавай “Элізы” альбо Ліставай “Крозы каханьня” ўмацаваць яе ў сьветлых пачуцьцях, дык такая просьба магла б здацца мне нялішняй. Але “Крошка Гансік” альбо
“Ліска, ты ўкрала гуску” для каханьня Тэклі Фляйшэр, якое, відаць, ёй першы раз перапала ў жыцьці, былі б сапраўдным катаваньнем.
Акрамя таго, гэтым летам я хацела заняцца рэчытатывамі з “Дона Джыавані”. Па радыё я чула, што “Дон Джыавані” даецца на сьпевы толькі па-італьянску, бо не было на той час добрага нямецкага перакладу, a рэчытатывы якраз і былі найбольшай праблемай, лічыліся абсалютна неперакладальнымі ў зададзеным музычным рытме. Гэта навяло мяне на ідэю самой зьвярнуцца да праблемы. Я ня ведала італьянскай мовы, не пераварвала опэр, а пра рэчытатывы ведала толькі тое, якія часткі опэр так называліся. Дапусьціўшы, што ўсе людзі, якія марна высільваліся ў перакладах рэчытатываў з “Дона Джыавані”, па-італьянску ўсё-такі Hernia ўмелі, былі экспэртамі па опэрах Моцарта і ведалі ўсё чыста, што да рэчытатываў і іх неперакладальнасьці, мая непрадузятасьць здалася мне шчасьлівай перадумовай да таго, каб, ідучы нязьведаным шляхам, дамагчыся немагчымага. Пры гэтым я разьлічвала на свой талент дакладна ўлоўліваць мэлёдыю мовы іншых людзей і вельмі пазнавальна пераймаць іх. Калі мне ўдасца зразумець італьянскія рэчытатывы ў іх моўнай і музычнай увязцы як гукавае адзінства, дык я, нягледзячы на ўсе правілы і ўзоры, здолею знайсьці нямецкую адпаведнасьць. Ну, a
калі, як і мае папярэднікі, пацярплю няўдачу, дык тады, прынамсі, буду пасьвечана ў толькі нямногім знаўцам даступную таямніцу неперакладальнасьці рэчытатываў з “Дона Джыавані”. Як посьпех, так і няўдача здаваліся мне аднолькава вабнымі, тым болей што мая цікавасьць была выключна гульнёвай прыроды, несапсаваная прафэсійным славалюбствам альбо прымусам.
Яшчэ з раньняй вясны я пачала зьбіраць матэрыялы да працы, куды ўваходзіла гукавая кружэлка ўсёй опэры, двухмоўнае лібрэта, партытура і італьянскі слоўнік. Пад KaHep лета мне бракавала толькі партытуры, слоўніка, італьянскай рэдакцыі лібрэта, нямецкае выданьне я набыла ў букініста. Я магла б спытацца ў Бруна, ён усё ведаў пра Моцарта, ён мог нават амаль забытыя кампазыцыі, калі чуў іх па радыё, ідэнтыфікаваць па некалькіх тактах, уключаючы рэгістрацыю ў індэксе Кёхеля. А як што Бруна трываць ня мог “Дона Джыавані” ў нямецкім перакладзе, дык ён адразу ж, каб не параўноўваць тэксты, Фэльзэнштайн жа некалькі гадоў . таму назад паставіў “Дона Джыавані” на нямецкай мове і Бруна некалькі разоў пабываў на прадстаўленьні, зь вялікай верагоднасьцю дапусьціў, што ў яго ёсьць усё, што да гэтага твора, патрэбнае мне.
Але я не спыталася ў Бруна. Я не хацела псаваць сабе прыемнасьць, а Бруна яе сапсаваў бы, гэта я ведала дакладна. Хоць ён і
разумеў па-італьянску, “Дона Джыавані” ведаў на памяць, умеў чытаць партытуры і змалку граў на фартэпіяна, сам ён ніколі не адважваўся замахвацца на рэчытатывы з “Дона Джыавані”. Ён ня толькі пагарджаў дылетантамі, ён лічыў іх небясьпечнымі. Баючыся зрабіцца дылетантам, Бруна абмежаваўся ў сваіх асалодах толькі ўспрыняцьцем і разуменьнем. Ён пазьбягаў нават пісаць пісьмы, бо кожнае напісанае слова, як толькі і паколькі яно пераступае мяжу, устаноўленую для тэлеграм і анкетных графаў, патрабавала ў разуменьні Бруна літаральнага іх ужываньня, гэта было патрабаваньне, пакланяцца якому ён саромеўся, чым сам сябе і асудзіў на пісальную паўстрыманасьць. Акурат гэтаксама Бруна і не сьпяваў, ніколі не скакаў, і на ягоных нататных цэтліках я ніколі не знаходзіла ніякіх пазнакаў, як гэта звычайна машынальна, пры поўнай адсутнасьці любых думак крэмзае большасьць людзей падчас нудных паседжаньняў альбо тэлефонных перамоваў.
Як толькі я ўдасьведчыла Бруна ў свой плян навучыцца іграць на фартэпіяна, ён схіліў галаву на правы плячук і доўга глядзеў на мяне, нібыта хацеў лепш спазнаць мяне сваімі цяпер ужо вэртыкальна пастаўленымі адно супроць другога вачыма. Тады зноў падняў галаву і ўздыхнуў: ах, Роза, шкада, што і ты такі чалавек, які не разумее таго, чаго не спазнаў на сваёй скуры. Чаму
ты проста ня слухаеш фартэпіянныя канцэрты з Рубінштэйнам ці Гленам Голдам, дык не ж, табе мусова самой ва ўсім трэба пакалупацца. Табой завалодала чыстае жаданьне ўласьніка. Чалавеку належыць толькі тое, што ў ягоных руках. Май, замест разумей. Шкада, Роза.
Я магла сабе ўявіць, як Бруна пракамэнтуе мой наскок на рэчытатывы з “Дона Джыавані”, і рашыла лепей пачакаць спрыяльнага моманту, які якраз патрэбен, каб пачаць маю працу.
Як што з фартэпіяннасьці і з рэчытатывамі з “Дона Джыавані” ў мяне нічога не скляпалася, я магла сканцэнтравацца на сваім трэцім праекце. На кніжнай паліцы агнём гарэў чырвоны томік твораў Эрнста Толера. Але не было таго дня, каб я адчула сябе дастаткова моцнай паставіць сабе нарэшце пытаньне, якое я шмат гадоў таму назад вычытала ў Толера і якое тады, непрыкметна, як кухонны прусак, праціснулася ў зьвіліны маіх мазгоў, дзе яно з таго часу ўстойліва супроць усіх спробаў затруціць яго ўвесь час пладзілася.
ЦІ можа дзейная асоба стаць вінаватай, заўсёды і ўсюды? Альбо, калі яна ня хоча зрабіцца вінаватай, памерці?
Я напаролася на Эрнста Толера, калі ў Барабасавай дасьледчай інстытуцыі мелася пісаць працу пра Баварскую савецкую рэспубліку. Менш за ўсё ягоная паэзія была тым
самым, што асьляпіла і зачаравала мяне, a хутчэй за ўсё, ягоны лёс, які, здавалася, быў у яго ад роду і ад прыроды, і якому ён быў аддадзены, без магчымасьці высьлізнуцца, да самай сьмерці ў гатэлі “Mayflower” у НыоЁрку, дзе Толер павесіўся на паяску ад свайго ваннага халата. Я ня ведала, чаму менавіта гэтай жыцьцёвай гісторыі я аддала перавагу перад маёй уласнай, але было яно так. Бруна лічыў, што маё ўпадабаньне Толера праява маёй асабістай прагі да дзейнасьці.
Гэтаксама я магла б зацікавіцца Робін Гудам, адказала я.
Ён бы цябе не суцешыў, сказаў Бруна. A вось Толер суцешнік, бо ён няўдачнік.
3 таго часу, як я канчаткова пакінула Барабасаву ўстанову, усё ўва мне перавярнулася. Я адчувала сябе адначасова вылечанай і хворай, як чалавек, якому выразалі з мазгоў распоўзлую пухліну і які цяпер пакутуе ад паўсталай пустаты ў сваёй галаве. Без апэрацыі ён памёр бы напэўна, але ўсе сымптомы хваробы, якія ён адчуў пасьля апэрацыі, галавакружэньне, цяжкасьці з каардынацыяй руху, парушэньне арыентацыі, усё гэта разьвярэдзіла менавіта апэрацыя, і ў чалавека, калі яго добра-такі прыціскала, паўставалі сумненьні а ці сапраўды патрэбен быў той скальпэль, калі да яго ён пачуваўся куды лепей.
Я дапускала, што Бруна меў рацыю са сваім падазрэньнем, я шукала ў жыцьці То-
лера толькі суцехі супроць бязьдзеяньня, на якое я сама сябе выракла, але мяне раздражняў абачлівы тон, у якім ён гаварыў мне пра маю прагу да дзеяньня, нібыта гаворка ішла ўсяго толькі пра нейкае трэцяе вока альбо скалечаную нагу, у кожным разе пра прыродную ненармальнасьць.
Збор твораў Эрнста Толера застаўся нечапаны на кніжнай паліцы. Амаль цэлае лета я правяла ў вёсцы. Дамок у ці ня вымерлай вёсцы паблізу польскай граніцы Бруна і я купілі шэсьць гадоў таму назад і пакінулі яго сабе нават пасьля разводу.
Калі я сустрэла Бэрэнбаўма ў кавярні, было гэта якраз празь некалькі дзён пасьля, як вярнулася ў горад. I каля дому я адразу спаткала Тэклю Фляйшэр з дурнаватай усьмешачкай на вуснах, калі яна садзілася ў таксі, кіроўца якога, нібыта ведаючы, што гэта ён заслужыўся ў Тэкля-Фляйшэрынай душэўнай злагадзе, зь вісклівым сковытам стартаваў і стрэліў з вузенькай вулкі. Я ўявіла сабе, як Тэкля Фляйшэр з разгрукатаным сэрцам і ўсімі астатнімі атрыбутамі ўзбуджанага чаканьня сядзела ў таксі і з хуткасьцю ў шэсьцьдзесят-семдзесят кілямэтраў у гадзіну набліжалася да аб’екта свайго каханьня. Як яна асьцярожна зьняла з носа запацелыя ад нэрваў і хваляваньня (хоць
хваляваньне гэта таксама нэрвы) акуляры і працерла іх лілёвай, абшытай каруначкамі хустачкай. Пры гэтым яна ўсьміхалася, і па ёй відаць было, якой сілавой намогі ёй каштавала змоўчаць таксісту пра сваё шчасьце. Пасьля яна пакапалася ў сумачцы, знайшла там маленькі флякончык, яшчэ раз памачыла пахучай вадкасьцю за вушамі, мабыць, ужо трэці ці чацьвёрты раз, флякончык быў паўпусты. Дрыготкімі пальцамі зноў завінціла і тады ўжо нядбала ўкінула яго назад у сумачку.