Вуліца Ціхая, шэсьць  Моніка Марон

Вуліца Ціхая, шэсьць

Моніка Марон
Памер: 184с.
Мінск 2010
34.37 МБ
Людзей з такім тварам я сустракала на кожнай фазе свайго жыцьця. Такі самы твар быў і ў майго бацькі. Я была амаль пэўная за сябе і сваю праўду. Гэта падбадзёрвала мяне, скарыстаўшыся маімі падыспаднымі ведамі пра старога, зьняпэўніць яго і такім чынам без барацьбы прымусіць здаць свае перавагі ў нашай гаворцы, якія дала яму мая заўсёдная няёмкасьць у паводзінах і гутарках са старымі людзьмі, і ўжо на такіх роўных умовах няхай будзе зноў ваяўнічы. Можна, я адгадаю вашу біяграфію, спыталася я. Ён зьдзівіўся. Але ж, калі ласка, калі Вам даспадобы дазволіць сабе гэта.
Калі збольшага, сказала я, магчыма, дзіця рабочага, маці хатняя гаспадыня. Народная школа. Набытая прафэсія токара альбо муляра, магчыма, нават цесьляра. У васямнаццаць альбо дзевятнаццаць гадоў уступілі ў камуністычную партыю. Пасьля 33-га -
эміграцыя альбо канцлягер. He, канцлягер не, падумала я, у ягоным твары няма канчатковай ірытацыі, якую я заўважала ў тварах іншых, што выжылі. Магчыма, эміграцыя, сказала я. Ён не здаваўся мне падобным на тых, якія ператрывалі ўсё ў Францыі ці Амэрыцы, тыя выглядаюць інакш. Альбо яны яшчэ раней выглядалі інакш, альбо гэта ў іх празь іхняе ўнутранае трываньне. Чалавека з-за майго століка я сяліла ў Маскве, магчыма, нават у слынным гатэлі Люкс, які стаўся сымбалем маскоўскай гасьціннасьці камуністам з усяго сьвету, а многім зь іх і сьмяротнай пасткай. Эміграцыя ў Савецкі Саюз, сказала я, часовае разьмяшчэньне ў гатэлі Люкс. 1945 год вяртаньне. Пасьля гэтага важныя функцыі, дзеля якіх вы былі патрэбны партыі.
Калі я згадала пра гатэль Люкс, ён усьміхнуўся, нібыта засьпеў мяне на махлярстве. Вы ведаеце, хто я такі, сказаў ён ганарліва і расчаравана.
Я пабажылася, што ня ведала і ня ведаю пра яго нічога, апрача таго, што ён паведаміў мне сам сваім зьяўленьнем, але, як што ён ня мог даць веры аж такой маёй празорлівасьці, ня здолела прытушыць ягонага сумненьня. Зрэшты, я памылілася ў адным пункце, сказаў ён, не ў васямнаццаць альбо дзевятнаццаць гадоў стаў камуністам, а ў сямнаццаць.
Неяк зласнавата ён узяўся за відэлец, каб
прыбраць з талеркі апошнія кавалачкі яблычнага торту. Альбо ён думаў, што я прымала яго за дурня, альбо пачуўся несамавіта з таго, што ня мог растлумачыць сабе майго сьціплага веданьня ягонай біяграфіі. Але хоць я цяпер мела над ім неаспрэчную перавагу, мне не ўдалося вызначыць правілы гульні. Яму было прыкра, і я мусіла зрабіць нейкі крок да прымірэньня, калі толькі хацела даведацца, чаму гэты чалавек загадзя дапускаў магчымасьць сваёй вядомасьці. Я адважылася на адкрытае пытаньне, заклікаўшы сабе ў падтрымку шчырую ўсьмешку і шчыры настрой. А ці ня мог бы ён, будучы яўна асобай шырокавядомай, зрабіць ласку і раскрыць сваю ідэнтычнасьць, спыталася я, як што ў магіі я тупая дылетантка, якой сапраўдныя таямніцы недаступныя.
Ён адклаў відэлец, адкінуўся і сказаў, не безь пераможнага бляску ў вачах: мяне завуць Бэрэнбаўм, Гербэрт Бэрэнбаўм.
Прафэсар Гербэрт Бэрэнбаўм, перапытала я.
Замест адказу ён працягнуў мне візытоўку. Ён шукае на два дні штотыднёва пішучую рабочую сілу, гарантуе поўную адсутнасьць працы мазгавой, плаціць можа пяцьсот марак у месяц. Ён быў бы рады, калі б я згадзілася. Ён мае заданьне напісаць мэмуары, і я сама ўбачыла б... Ён дастаў сваю правую руку са схову, яна бязвольна дрыжала ў суглобах. Пасьля адлічыў на стол грошы за яблычны торт, сьмятанку і каву і выйшаў.
Што яго штурхнула зрабіць мне такую прапанову, можа, мая заява, што я не хачу больш мысьліць за грошы, альбо, можа, маё загадкавае веданьне пэўных акалічнасьцяў ягонага жыцьця, гэтага я і пазьней не магла нічым патлумачыць.
Адных толькі грашовых цяжкасьцяў было недастаткова, каб здаць сябе пад юрысдыкцыю Бэрэнбаўму ў якасьці замены яго дрыгатлівай правай рукі і служыць яму, гэтаму прафэсару Бэрэнбаўму, які яшчэ тры гады таму назад быў магутным чалавекам у лягеры іншых магутаў, пра якога пошаптам казалі, быццам ён сваім часам і то быў сапраўды ягоны час вызначыўся як бліскучы рыторык і непахісны сталініст. Хоць я і дапускала, што ўзрост і бег часу злагодзілі ягоныя погляды, што як рыторыка, так і сьлізістая ягонага горла тым часам добра падсохлі, а непахіснасьць разам з прасалелым хрыбетнікам стала крохкая і падатная, так і вялікая ўлада па меры выміраньня яго непахіснага пакаленьня паступова адыходзіла ў нябыт. Але тым ня меней ён заставаўся Бэрэнбаўмам, і я пыталася ў сябе, што ж такі рухала ім, калі ён наважыўся даверыць такую адказную працу менавіта мне. Ясна ж, ніякіх праблем з пісальнай рабочай сілай у яго не было, ён мог узяць сабе зь любога інстытуту каго хацеў, нават аплачваць мог ня сам. Чаму ж акурат я, якая канчаткова адыйшла ад сьвету карыснасьці і мэ-
тазгоднасьці, чаму я павінна сваёй рукою запісваць ягоныя ўспаміны.
Магчыма, гэта была натура палемічная, чалавек, думкі якога артыкулявалі не па яго волі, а толькі ў сутыкненьні з думкамі іншых людзей, і ён спадзяваўся, што я паслужу яму люстрам у яго фэхтавальнай залі, такім, ведаеце, тарэра, які, памахваючы чырвонай мантыльяй, будзе выбрыкваць, вытанцоўваць перад быком і разьвярэджваць у ім бычыную ятру; і ён, калі заўважыў, што я ня мерылася ні люстраваць яго, ні выдыгацца перад ім, мог бы з большай карысьцю прыстроіць свае пяцьсот марак і абыйсьціся фінансаванай за дзяржаўны кошт сакратаркай. Альбо ж на чалавека найшло, і ён хацеў быць добрым. Але нават неправаверны хрысьціянін, які спадзяецца на збавеньне праз добрыя чыны, а тым болып не такі атэіст, як Бэрэнбаўм, мог дапусьціць, што гэта будзе добры чын, калі ён за пяцьсот марак у месяц зафрахтуе мяне, якая ў ягоных вачах была ніхто і нішто аніякае.
Пахаваньне Бэрэнбаўма было назначана на дзьве гадзіны дня. Было холадна, і я пайшла подбегам і ўжо за чвэрць гадзіны да часу стаяла каля брамы могільніка. Групкі старых людзей зь вянкамі са штучных кветак ці букецікамі ў руках, сьцякаліся па алеі да
капліцы. Стомленае, старанемачнае шэсьце ў гонар Бэрэнбаўма. Я была б радая правесьці рэшту часу за могілкамі, каб уберагчыся ад датклівага прыгнечаньня, якое зыходзіць ад людзей, што чакаюць жалобы. Дарога жальбы ў нівеч, на якой ня ўгледзіш нічога, апрача доўгага мура, які канчаўся толькі там, дзе сама дарога правільным вуглом паварочвала ў Шэнгольц і дзе кавалак другога, адзінага сапраўднага мура рэзка падымаўся абапал і празь некалькі сотняў мэтраў губляўся за фасадамі дамоў. Я доўга думала, ці ісьці мне на пахаваньне, ці ня можа быць успрынята мая прысутнасьць там як недарэчнасьць альбо нават як правакацыя, і якія ёсьць на тое падставы, каб мець да мяне такія падазрэньні.
Яшчэ год таму назад я ня ведала гэтага чалавека, толькі яго імя, як і іншыя імёны, якія часта мільгалі ў газэтах. А потым ён уварваўся ў маё жыцьцё, як пошасьць якая. Трэба было разьвітацца. Я нават у бальніцы наведала яго, бо спадзявалася, што хоць у апошнюю хвіліну ўдасца згладзіць паміж ім і мною жахлівае, патушыць як непаразуменьне. Бэрэнбаўм жыў у спэцквартале, яго і пахавалі на спэцдзялянцы могілак, і ўжо ж, натуральна, ляжаў ён у адмысловай, зачыненай для звычайных людзей спэцбальніцы, у якой нават не сьмярдзела бальніцай. Вакол яго ложка паставілі на паўросту рашотку. За ёю, як у дзіцячым манэжыку, ляжаў
высахлы, скамячаны Бэрэнбаўм; ужо і ня так чалавек, як яго зношаны матэрыял: жэлепадобная субстанцыя запалых вачэй, пэргамэнтная скура, ужо адсталая ад плоці, сінія жылы на празрыстых скронях, косьці чэрапа, якія выпіралі пад завялай скурай і ўжо больш удавалі твар самой сьмерці, чым той, што належаў Бэрэнбаўму пры жыцьці. У яго дасталі штучную сківіцу, магчыма, каб ён у выпадку магчымай страты прытомнасьці не ўдавіўся ёю. Ён спрабаваў усьміхнуцца сваімі запалымі ў рот губамі, калі я паклала кветкі на начны столік. Ен ледзьве ўжо жыў, і было немагчыма ненавідзець яго.
Я хацела прысесьці на крэсла каля яго ложка, але ён паляпаў далоняй па краі ложка і прабулькатаў горлам фразу, якая магла азначаць толькі адно: падыйдзі сюды. Я падумала, што і ён хацеў разьвітацца ў замір’і, і адчула палёгку. Баючыся спрычыніць боль гэтаму хвораму целу хай самай нязначнай неасьцярожнасьцю, я падсела на краёк ложка. Мне вельмі шкада, сказала я, што я так моцна дачынілася да клопатаў ягонага жыцьця за тыя месяцы, калі мы былі знаёмыя. Колькі ночаў ня спала, перажываючы, што і я нечым вінаватая ў ягоным інфаркце. Але тут я схлусіла. Бо ані хвіліны не ня спала празь яго. У гэты момант мне было сорамна за гэта. У гэтую хвіліну я забрала назад усё, што з садысцкай асалодай і зацятасьцю закідала яму раней разьню ў гатэлі Люкс,
ачмурэньне ўладаю высока ўзьнесеных пралетарскіх чадаў, іх страх перад усім, чаго яны не маглі зразумець і таму забаранялі. Кожны дакор, кожны закід цяпер, калі ён паміраў, я забрала б назад дзеля прымірэнчага разьвітаньня. Калі б раптам не Бэрэнбаўмава рука, якая пацягнулася да мяне, як прагны беласкуры зьвер.
3 акна ахоўнай вежы, што ўзвышалася за мурам, салдат глядзеў у бінокаль у мой бок. Я адчула, што за мною назіраюць, і адвярнулася. А перад могілкамі тым часам прыпаркавалася нешта з дваццаць-трыццаць машын, сярод іх некалькі чорных лімузынаў і камазынава-чырвонае аўто Міхаэля Бэрэнбаўма. Я забараніла сабе думаць пра Бэрэнбаўмаву руку. Я была тут, бо мне трэба было разьвітацца, бо я хацела ведаць, што ён сапраўды пахаваны і дэматэрыялізаваўся з гэтага сьвету. Я павінна была ведаць, ці паплача хто па ім, і хто б гэта быў, хто па ім паплача.
На лета я сабе шмат чаго заплянавала, але ні ў чым не пасьпела. Піяніна стаяла ў куце, грацыёзна і бяз толку. А кожны ж дзень я падсядала да яго, падымала века, іграла “сабачы” вальс, у дзьве рукі, але толькі першую траціну, і зноў зачыняла века. Гэта было піяніна, якое Граф у думках сваіх падараваў
сваёй нявесьце Цугіко і якое вось ужо пяць гадоў, захутанае ў прасьціны, аддадзенае ўладзе тэмпэратурных і вільготнасных перападаў вугальнага склепу, пакуль Граф, два гады бязь вестак з Кіота, а таму і без усякай надзеі на прыезд Цугіко і на свой шлюб зь ёю, не рашыўся перадаць інструмэнт мне ў карыстаньне. Толькі на той выпадак, калі Цугіко з добрага дзіва ўсё-такі азавецца, пры гэтай думцы Графу перахапіла голас, цяпер, я б ужо ведала, толькі ў гэтым выпадку ён мусіў бы папрасіць мяне аддаць яму піяніна назад.