Вуліца Ціхая, шэсьць
Моніка Марон
Памер: 184с.
Мінск 2010
ставалася тою самаю рукою і, аднак жа, з хвіліны на хвіліну, ужо не рукою Іды. Яна пакінула Іду, зьнікла, бязь сьледу, бяз вобразу, і пакінула ад Іды толькі шчэнты. Я павінна была шчэнты Іды ператварыць у попел, бо яна так таго пажадала. Целаспаленьне гэта прагрэсіўна, сказала яна. Я заўсёды падазравала, што вырашала ня вера Іды ў прагрэс, а яе страх перад чарвякамі. Калі б я, як Іда і мая мама, магла ўспомніць пра пахаваньне маёй бабулі па бацькавай лініі, дык бы ж безумоўна ідыёцкі страх перад магчымым апошнім болем на агні напэўна ўразіў бы менш.
Бабуля памерла празь некалькі тыдняў пасьля вайны, у чэрвені ці то ў ліпені, было вельмі горача, расказвала мама, лета 45-га было ўвогуле вельмі гарачае. Дзед і баба жылі ў вёсцы пад Бэрлінам, там бабулю і пахавалі. Труна, расказвала мама, два ці то тры дні паміж сьмерцю і пахаваньнем стаяла ў капліцы на могілках, мабыць, самым халодным месцы, якое можна было знайсьці. Ужо перад жалобаю дзед, зь венічкам і шуфлікам у руках, бегаў вакол труны, усё ніжэй нахіляўся і моўчкі без прыкметнага хваляваньня нешта вымятаў, што Іда і мая мама лічылі нічым. Яны думалі, што гэта вайна і сьмерць яго жонкі скруцілі старому мазгі. Толькі калі ім кінулася ў вочы, што сьвятар падчас казані трымаўся неналежнай дыстанцыі ад труны і пазьбягаў глядзець у бок нябожчыцы і
яе блізкіх, яны пачалі здагадвацца, што ім пры цяпер ужо разбуджанай цікаўнасьці адразу зрабілася задушлівай пэўнасьцю: з труны ўвесь час падалі тлустыя, укормленыя белыя чэрві. Пазьней мама сказала, што яна ніколі не разумела, як маглі чэрві за некалькі дзён, якія жанчына была мёртваю, так распладзіцца і павырастаць.
Квартэт смычковых зрыхтаваў інструмэнты ў пазыцыю пачатку ігры, арганіст ляніва паклаў пальцы на гармоніюм. Тады першая скрыпка дала знак: “Несьмяротная ахвяра, узьнеслася ты” зайгралі яны. Ага, несьмяротная ахвяра Бэрэнбаўма. Чыя ахвяра? Сярод шаўковых падушак пад векам дамавіны ў галубіна-блакітным гарнітуры ляжалі сьмяротныя шчэнты несьмяротнага. Плечы і сьпіны тых, што сядзелі перада мною, выказвалі скрушлівы экстаз, сям-там рука-другая падносіла да твару хустачку. Хто тут плакаў, аплакваў сваю ўласную сьмерць. Кожны другі з жалобнікаў Бэрэнбаўма мецьме такое ж самае пахаваньне, як і ён. Усе, хто ў спэцбальніцах пакутліва выводзіліся ў жыцьці за межы статыстычнага сярэдняга ўзросту сьмерці, усе яны, васьмідзесяцігадовыя, сыйдуць у магілу ахвярамі. Я зьдзіўлялася, што сьмерць устойліва трымалася зь ім супроць любога сьмяховіска нашага абыходу.
Я была радая, што стаяла за гэтымі людзьмі, а не сярод іх сядзела. Хоць я не
магла бачыць іхніх твараў, ад мяне не маглі ўтоіцца ніякія зрухі іхніх целаў і галоў. Апрача таго, мне было б дужа балюча, калі б ня я, а нехта любы іншы ўвайшоў у капліцу апошні і мог бачыць усё гэта. Ніхто ня мог бы так мала належаць да гэтага кола, як я. Нягледзячы на гэта, думала я, нягледзячытакі на гэта я мела поўнае права быць тут. Я ня проста выкрэсьлівала разьвітаньнем Бэрэнбаўма са свайго жыцьця, у якім ён доўга, перш чым мы сустрэліся, займаў месца, быццам гэтае жыцьцё было ягонае.
Бэрэнбаўм сядзеў, пазнавальны толькі контурна, за пісьмовым сталом і дыктаваў. Некалькі тыдняў ён захлынаўся раскошаю свайго дзяцінства, тым часам як я спрабавала даўмецца, чаму ён лічыць гэта вартым паведаміць сьвету. Ён урачыста зьвеставаў пра галечу сваёй сям’і, нібыта хацеў перапрасіцца за позьняе дабрадзенства сваё; мне ўвогуле здавалася, што кожную дэталь з маладосьці ён паведамляў як бы з ракурсу свайго позьняга пакліканьня: яго раньняя цікавасьць да палітыкі, яго прага да ведаў, настаўнік, які распазнаў яго дараваньне, яго ўпор на справядлівасьць і натуральна ж клясавы інстынкт, які, як сказаў Бэрэнбаўм, быў пакладзены “ў калубель” простаму рабочаму хлопцу з Рура.
Жахлівыя словы “клясавы інстынкт”, сьмертаносная зброя майго бацькі, калі ён спрабаваў абгрунтаваць, чаму Кафкавы кнігі,
зь якіх ён, падобна на тое, не прачытаў ні радочка, былі дэкадэнцкай і шкоднай літаратурай, калі толькі ўвогуле былі літаратурай. Ужо гэта яму падказаў ягоны клясавы інстынкт. Ён жа, яго клясавы інстынкт, падказаў таксама, што джаз гэта музыка, якая ніяк не дапасуецца да сацыялістычнага адчуваньня жыцьця, бо гэта музыка рабоў, і што мой сябар Ёзаф, худы, даўгалыгі хлопец зь вялікімі ступакамі і інтэлігентнымі вачыма, выраз нязгоды і супраціву ў якіх часам мой бацька лічыў фанабэрыяй, быў мне зусім не кампанія. Словам “інстынкт” мой бацька прэтэндаваў на беспамылковасьць. Інстынкту не патрэбны ніякія аргумэнты, і яго нельга было абвергнуць ніякімі аргумэнтамі.
Мая прапанова паслужыцца Бэрэнбаўмаваму мэмуарнаму шэдэўру нічым іншым як толькі рукамі, абярнулася супроць мяне, стала самай вялікай перашкодай. Пакуль Бэрэнбаўм раўнадушна ўспрымаў мае інтэлектуальныя непрыманьні, неўзабаве нават перастаўшы прыцягваць мяне да выбару таго ці іншага слова, мне з кожнай чарговай сустрэчай рабілася ўсё цяжэй не пярэчыць яму. Накладзенае мною самою на сябе маўчаньне турзала мяне такім чынам, што я сяды-тады не магла ўтрымацца ад міжвольнага лёгкага стогну, што адразу ж падсьцёбвала Бэрэнбаўма пытацца, чым не падабаецца мне ягоны расказ. Я перапрашалася, адчуваючы крыжавую пакуту, альбо сьпісвала злосьць на
нібыта прыкрую памылку ў напісаньні. Хоць Бэрэнбаўм, здавалася, цалкам задавальняўся такімі тлумачэньнямі, але кожнага разу, як я, не стрымаўшыся, дазваляла сабе такія выпады, ён дыктаваў мне сказы, якія, стагні не стагні, пераплёўвалі сваёй агіднасьцю ўсё ранейшае. Аднаго разу гэта быў сказ: “Яшчэ малым карапузам я ведаў, што сэрца пасаджана зьлева, а вораг стаіць справа”. Пакуль я гэта пісала, у мяне пачала нэрвова пацепвацца і тузацца дыяфрагма. Спачатку таму, што расьпірала ад сьмеху, а пасьля, як што я здолела прыдушыць гэты сьмех, дыяфрагма пачала з роўнымі інтэрваламі сутаргава сьціскацца, пакуль у мяне не зрабілася моцная ікаўка, а Бэрэнбаўм сказаў фраў Карле, так звалі ахмістрыню, прынесьці шклянку падсалоджанай вады, ад якое мне, калі ікаўка нарэшце адпусьціла, зрабілася зусім нядобра. Вядома, мая рэакцыя была неадэкватная. Сэрца сядзела зьлева, вораг стаяў у 1914 годзе справа, а Бэрэнбаўм быў тады яшчэ малое хлапчо.
Мабыць, калі б Бэрэнбаўм быў які-небудзь любы іншы стары чалавек, а ня гэты прафэсар Бэрэнбаўм, я абачліва і спагадна перапусьціла б такі жалю варты, нікчэмны пафас. Калі ж Бэрэнбаўм, азіраючыся, саладжава згорнутымі і завостранымі вуснамі назваў сябе малым карапузам, мяне агоўтала агіда. Я ніяк не магла ўявіць сабе Бэрэнбаўма малым хлопчыкам. Бо колькі ні спраба-
вала, усё адно на хлапечым целе Бэрэнбаўма сядзела старая галава зь цяжкімі сьлёзнымі мяшкамі пад вачыма і стомленай, уладарнай рысай каля рота. Пакуль Бэрэнбаўм жывапісаў сваё дзяцінства, мне мала далягалі факты, пра якія ён паведамляў і якія былі альбо агульнавядомымі, альбо бяскрыўднымі да банальнасьці. Амаль заўсёды галоўнае было ў тоне, у самаўпэўненасьці, неаспрэчнасьці сказанага, у замілаванасьці сабою і ў кранальнай прастадушнасьці ягонай мэтафарыкі, быццам у тым сказе, які вывеў з-пад кантролю маю дыяфрагму.
На гэтай мове я вырасла. На ёй гаварылі мае бацькі, калі аддаваліся больш высокім тэмам, чым хатняя гаспадарка альбо выхаваньне дзяцей. Граніца паміж бытавой і іншымі мовамі пралягала ня вельмі дакладна. Бывала, што маці расказвала бацьку, як у яе маладой калегі Б. зьявіўся новы хахаль, і, расстаўляючы ў шафе талеркі, дадавала: праўда ж бо, добры таварыш, сапраўды, што гучала, як бы яна хацела сказаць: праўда ж бо, мілы хлопец.
Альбо ж бацька вяртаўся дамоў і сварыўся, бо злаваўся на засраныя станцыі мэтро, на “нашых людзей”, якія ніяк не хацелі зразумець, што барацьба за камунізм пачынаецца з цукерачных фанцікаў.
Перада мною бацькі выдурняліся ў гэтай ненатуральнай мове, бо я падлягала выхаваньню. А як што бацька гаварыў са мною
выключна з пэдагагічнымі мэтамі звыш таго ён нічога і ня мог, я зьвязвала гэтую алюрную тарабаршчыну толькі зь ім самім, а калі ўжо я была досыць дарослая для выхаваньня, бацька зьвёў свае вэрбальныя кантакты са мною толькі да формулаў вітаньня і разьвітаньня. Апрача таго, ён раз на год віншаваў мяне з днём нараджэньня і зычыў усяго добрага на Новы год. 3 таго часу мы больш не спрачаліся, і мама сказала, як яна радуецца, што мы нарэшце паразумеліся.
Я падазравала, што Бэрэнбаўм наўмысна правакаваў мяне, каб змусіць мяне да пярэчаньня і такім чынам за свае пяцьсот марак слугавацца ня толькі маімі рукамі, але і галавою. Захаваўшы парадак нашай рассадкі я за невялікім круглым столікам, ён каля адзінага акна за машынкай, ён заўсёды хаваўся ад мяне ў свой цень, таму падазрэньне маё нельга было ні пацьвердзіць, ні абвергнуць чытанымі зь яго твару зрухамі рысаў, яны проста не чыталіся. 3 голасу часам, як мне здавалася, я ўлоўлівала нейкую фарсіраваную лёгкасьць, але пэўнасьці не было. Толькі зрэдзьчасу, калі ён адкідваў назад галаву альбо схіляў яе на плячо, па яго твары прабягаў прамень сьвятла і вырываў са схаванасьці то лоб, то шчаку. Вачэй ягоных я ня бачыла ні разу, бо Бэрэнбаўм, калі думаў, заплюшчваў іх. Мігатлівае сьвятло на колькі сэкунд скажала ягоны твар і ператварала яго ў нейкую гратэскавую хра-
пу, на якой нос раптам падвойваўся альбо падбародак зь ніжняй губой прападаў, альбо паяўляўся рот, як дзірка ў мёртвым чэрапе. Бывалі такія разы, калі ніяк не ўдавалася прыгадаць Бэрэнбаўмаў сапраўдны твар пад храпай. Тады я прыдумляла іншую храпу замест тае, якую бачыла. Чым больш сканцэнтравана шукала я сапраўдны Бэрэнбаўмаў твар у контурах ягонай галавы, тым мацней дзейнічала на мяне гэтае нажніцападобнае, аблямаванае зьвіслымі букавымі галінамі цела за пісьмовым сталом. Як цень, які з набліжэньнем крыніцы сьвятла набывае пагрозьлівыя памеры, абрыс Бэрэнбаўма расшыраўся перад акном да гіганцкіх памераў, што, канечне, было ілюзіяй, бо асьвятленьне ў пакоі не мянялася.
Калі я ўвечары, пасьля чатырох-пяцігадзіннай працы на Бэрэнбаўма, празь нерэальнасьць “гарадка” вярталася дамоў, у мяне часта ўзьнікала жаданьне паглядзецца ў люстэрка і праверыць, ці падобная я яшчэ сама на сябе, ці, можа, я ўжо далучылася да сьвету духаў Ціхай вуліцы і навакольных вулачак. Я запальвала цыгарэту, як гэта рабіла заўсёды, калі начною вуліцай вярталася з кіно, нібыта гэтым самым магла даказаць сабе, што вось ужо жыцьцё ў чужой гісторыі закончана і пачалося жыцьцё сваё, сапраўднае. Завярнуўшы на сваю вуліцу і ўбачыўшы Тэклю Фляйшэр, як яна палівала маленькія елачкі, якія гадавала на балько-