Вуліца Ціхая, шэсьць
Моніка Марон
Памер: 184с.
Мінск 2010
ным Бэрэнбаўме, які з асалодай рэпэтуе перада мною свае перамогі. Яго залішне фанабэрыстая, вальяжная самаўпэўненасьць, падкрэсьленая слабасьцю, якая ў ім была вельмі бачная, раздражніла мяне да самай крыві. ЦІ мо наадварот: гэта была слабасьць, якая непакоіла мяне і будзіла ўспамін пра Бэрэнбаўмаву кроў, якую я бачыла, тады, калі мучыла яго сваімі пытаньнямі пра гатэль Люкс, аж пакуль у яго нарэшце не пайшла носам кроў. Ён усё яшчэ не расплюшчваў вачэй, сядзеў, безабаронна выцягнуўшыся на сваім крэсьле. Я думала пра яго пад’язычную костку недзе паміж падбародкам і глоткай. I тады спыталася: вы ведаеце Карла-Гайнца Барона, сіноляга?
Ён выпрастаўся, ветліва ўсьміхнуўся, не зразумеў, нічога ж не адбылося. Але я спыталася яшчэ раз: вы ведаеце Карла-Гайнца Барона, сіноляга?
Ён адказаў, не марудзячы, толькі расьцягваючы словы, быццам хацеў выйграць часу, так, ён яго ведаў, праўда, гэта было даўно.
Ці ўспамінаеце вы пра вашу апошнюю сустрэчу зь ім?
Іх было дзьве, я памятаю абедзьве. Ён падняў руку, як прамоўца, які запрашае да цішыні; жэст, які паходзіў зь яго мінулага, калі ён яшчэ сядзеў за пярэднімі сталамі на сходах і даваў слова прамоўцам альбо пазбаўляў. Апошні сказ вы запісалі, спытаўся ён. “Выхаваць гэтых людзей задача гіганцкая”.
Я ўявіла сабе, як ён гэтым рухам рукі асудзіў Графа на маўчаньне, калі той нэрвова і крыху неабачліва спрабаваў знайсьці некаральную сувязь паміж беглым здраднікам, ім самім і бандэроляй, якую ён здаў у Заходні Бэрлін на галоўпаштамце Патсдаму.
Успамін пра наступнае даецца мне цяжка, не таму што я ня ўцяміла, што здарылася. Я ведаю гэта так дакладна, быццам двойчы перажыла тыя хвіліны, як глядачка і як акторка. А зрэшты, я нават тройчы была сьведкаю, бо як акторка я таксама была разьдзеленая: на адну, якая нешта рабіла, і другую, якая хацела нешта рабіць. Я ведаю ўсё, нічога ад мяне ня вымкнулася. Вось гэта і робіць успаміны такімі цяжкімі.
Я бачу іх перад сабою, Бэрэнбаўма і Разалінд. Ён за пісьмовым сталом, у жоўтым сьвятле настольнай лямпы. Яна насупраць яго, за два крокі, забарыкадаваная машынкай маркі “Rheinmetall”. Пакуль я яшчэ вагалася, ці дае мне справядлівасьць права помсты за Графа альбо патрабуе скідкі на хваробу Бэрэнбаўма, я ўбачыла, што Разалінд ужо рашылася. Кароткія валасы на руках ніжэй локцяў і сканцэнтраваны, нацэлены супроць любой спагады замкнуты позірк выдавалі агрэсіўнасьць. Я бачыла гэта, і Бэрэнбаўм адчуваў.
Яго апошнюю спробу абараніць размову, калі ласка, Роза, іншым разам, толькі ня сёньня, яна недачула. Чаму ён проста ня
ўстаў і не пакінуў пакой, ня ведаю. Магчыма, нават на гэта яму не хапіла сілы.
Разалінд не пачула яго. Адкуль вы ўзялі сабе такое права? Ці думаеце вы пра сваю віну? Спачатку яшчэ спакойная, царавала яна як багіня помсты за машынкай. Бэрэнбаўм здаўся. Можна было падумаць цяпер, што ён уліваецца ў нешта даўно чаканае. Мяне самога перасьледавалі, сказаў ён амаль бязгучна, Грэта ў канцлягеры. Нялёгка паслаць чалавека ў турму. Мы не недачалавекі. Камуністы змагаліся супроць недачалавекаў. Мы ня мелі магчымасьці вучыцца. Мы плацілі за права іншых вучыцца, заўсёды, спачатку як пралетарыі нашым потам, пасьля грашыма нашай дзяржавы. Грошы рабочых. Гэтая адукацыя была нашай уласнасьцю, хто зь ёю ўцякаў, той злодзей і рабаўнік, ваш сіноляг злодзей, канечне. А злодзею месца ў турме.
Разалінд нахілілася наперад, паклаўшы рукі на клявіятуру машынкі. Пад кожны склад слова яна падымала галаву ўгору, як сабака, калі брэша. Канфіскаваць мазгі. Вы канфіскавалі мазгавую масу, бо ў вас яе мала. У наступным стагодзьдзі вы яе ампутавалі б і павесілі б на дроце, каб ашчадзіць турэмныя выдаткі. Свая форма прыгону: ня ўласнасьць на чужое цела, а ўласнасьць на чужыя мазгі, у вас, вызвольнікаў чалавецтва. Цела ў вас хапала ў саміх, мазгоў не хапала. Вы, можа, ведаеце латынь? Латыні вы ня ведаеце, і таму вы забаранілі іншым лю-
дзям вывучаць латынь. А хто ўжо яе ведаў, таму месца ў турме, каб астатнія забылі, што яна ёсьць: латынь, пражывуць без латыні. Усё павінна быць забыта, каб ня выплыла наверх тое, чаго ня ведалі вы.
Абапершыся на здаровую руку, Бэрэнбаўм паспрабаваў яшчэ раз выпрастацца ў сваім крэсьле. Ён гаварыў натужна, ня дыхаючы ці то ад болю, ці то ад шалу: мы нічога не забываем. Ніколі. Мы заўсёды ведалі, што такое голад і холад, сырыя кватэры, рахіт, беспрацоўе, вайна. Наш унівэрсытэт быў клясавая барацьба. Наша латынь гэта Маркс і Ленін. Наперад і не забываць. Вы забылі. Што ж вы ведаеце.
Нічога мы ня ведаем, закрычала Разалінд з такой грымасай, што я сама яе ледзь пазнавала, нічога, бо мы не павінны былі жыць. Вашага ўласнага жыцьця вам не хапала, вы былі ўшчэрбныя, вы спажылі таксама і наша жыцьцё, вы людаеды, рабаўладальнікі з вашым войскам заплечных майстроў.
Я слухала крыкі Разалінд, бачыла, як яна пры гэтым пырскала сьлінай і біла кулакамі па машынцы. Самае горшае я бачыла ў яе вачах, у якіх адлюстроўвалася ўсё, што толькі яна рабіла: Разалінд перад Бэрэнбаўмам, кулак занесены для ўдару, другая рука на Бэрэнбаўмавым горле паміж падбародкам і кадыком. Удар у твар. 3 рота выпала сківіца. Яна зноў ударыла яго, аж ён упаў з крэсла. Шарсьцяны халат расхінуўся на яго-
ных каленях, і вялае сьцягно расьцягнулася на падлозе, пад мяккай бялізнай бачныя вялыя геніталіі. Яна шпыняла яго ў рэбры, у галаву, у яйцы, абедзьвюма нагамі скакала на грудную клетку. Ён ужо не варушыўся. Толькі калі кроў пацякла з вушэй, яна, стомленая, перастала.
Бэрэнбаўм абапёрся на крэсла за машынкай адзінай жывой у яго і асуджанай на вечнае дрыжаньне рукою. Вы вораг, прашаптаў ён.
Хоць яны цяпер маўчалі, паміж абаімі завісла пагроза. Толькі Разалінд, здавалася, ведала, што павінна было адбыцца. Строга зірнула на разгромленага Бэрэнбаўма. Ён павольна падняў галаву, і тады нават я разгледзела сьмяротны страх на ягоным твары. Паўразяўленым ротам ён задышліва хапаў паветра. Здаровая рука сутаргава дрыжала на ягоных грудзях, там, дзе дыханьне канчалася хрыпеньнем. Другая рука хапала, шукаючы апоры, пустату. Разалінд глядзела на працягнутую да яе руку, глядзела на паміраючага Бэрэнбаўма і чакала ягонай сьмерці. Калі я нарэшце зразумела, што яна пальцам не варухне, каб памагчы яму і ўратаваць яго, я зноў здабыла свой голас.
Ахмістрыня ведала, дзе ляжала пушачка зь нітрагліцэрынавымі капсуламі. Я званіла па ўрача хуткай дапамогі. Бэрэнбаўма даставілі ў бальніцу. Пасьля гэтага я бачыла яго ўсяго адзін раз.
Мяне забівае, што я магу радавацца, калі іншыя паміраюць. Другі раз іду за труною і разьвітваюся бяз смутку. У Ф. трыццацідвухгадовы рабочы-падсобнік задушыў сваю нявесту за тое, што яна кінула яго. Што яна будзе жыць далей, не кахаючы яго, гэтага ён ня мог вынесьці. Ён сьцёр яе нелюбоў, як памылку ў кампутары, адключыўшы ад энэргіі саму жанчыну. Бэрэнбаўмаву пад’язычную костку я шукала толькі вачыма. Я не накладвала рук на ягоную глотку, ня ціснула вялікім пальцам на ягонае горла, гэтага я не рабіла. Але як той падсобнік з Ф., адзіным выйсьцем я лічыла сьмерць Бэрэнбаўма. Чаму падсобнік з Ф. не пашукаў сабе іншай жанчыны і не забыў зь ёю нанесенай яму крыўды. Што зьвязвала яго зь ягонай нарачонай, якая больш не захацела мець яго ў сваім жыцьці. Чаму я не пайшла сваёй уласнай дарогай, не вучылася ў Тэклі Фляйшэр фартэпіяннай ігры, не пачала, нарэшце, перакладаць рэчытатывы з “Дона Джыавані”. Чаму не падключылася да адказу, які я падазравала за Толеравым пытаньнем: так, дзейны павінен стаць вінаватым, заўсёды і заўсёды, альбо, калі ён ня хоча рабіцца вінаватым, сканаць. Нібы я толькі таго і шукала: маёй віны. Быць чым хоч, толькі не ахвярай. Гэта ведаў і Гербэрт Бэрэнбаўм, рабочы з Рура: чым і кім хоч, толькі не рабіцца больш ахвярай.
Цяпер толькі, у перадапошнім радзе, я пазнала ахмістрыню. Пад вузкім чорным паліто папераменна падымаюцца і апускаюцца яе шырокія клубы. Клыбаватая хада яе і, у параўнаньні з масіўным тулавам, тонкія, жылістыя ногі нагадваюць у ёй вярблюда. У замерзлых да чырвані руках яна трымае невялікі букецік гвазьдзікоў і насовачку, якою сюд-туд падцірае вочы. Фраў Карл з тых людзей, якія пра сябе саміх гавораць, як пра маленькія маякі: я толькі маленькае сьвяцельца. Фраў Карл паставіла сваё маленькае сьвяцельца на службу прафэсару, якога яна лічыла сьвятлом вялікім. Я падазраю, што фраў Карл ня лічыць сабе за пахібу быць ахвярай. Гэтым яна адрозьніваецца ад Бэрэнбаўма і мяне. Павінны ж быць і маленькія людзі, кажа яна, і праца ня ганьбіць. Раней, калі фраў Карл была маладзейшая, яна некалькі гадоў працавала наглядчыцай у жаночай турме. Гэта не заўсёды было хораша, сказала яна, калі я аднаго разу зь ёю на кухні чакала Бэрэнбаўма.
Пакуль яна трымала руку Берэнбаўму і пры гэтым няспынна гаварыла яму: толькі спакойна, урач скора будзе, толькі спакойна, яна некалькі разоў зь нянавісьцю зіркнула на мяне, забойцу яе гаспадара. Я ж ёй казала, каб сёньня не прыходзіла, шыпела яна, калі Бэрэнбаўма выносілі на насілках у машыну хуткай дапамогі. Цяпер ідзіце сабе,
геру маёру не канечне з вамі бачыцца. I з плачам пабегла ў дом.
Я чулася хворай, мой лоб быў гарачы, у мяне ляскаталі зубы. Я легла ў ложак. I як толькі заплюшчыла вочы, убачыла паўжывога Бэрэнбаўма, які працягваў да мяне руку. Ён шчэрыў зубы, рыхтык як мой бацька, калі языком высмоктваў зубы на ніжняй сківіцы. Я склала рукі пад коўдрай і малілася, каб ён не паміраў, бо я яго не забівала б. Я малілася, як малілася дзіцем, калі суседзкія дзеці потайкам бралі мяне ў нядзельную школку: мілы Божа, зрабі...
Я магла б і не пытацца ў яго. Магла б і не пытацца ў яго? Яму было семдзесят восем. У яго было хворае сэрца.
Калі яму было пяцьдзясят пяць і ён быў у здароўі, ён выдаў Графа паліцыі бясьпекі. Ніхто тады не адважыўся б спытацца, паводле якога такога права людзі, падобныя да яго, пасылаюць другіх людзей за краты. A цяпер ён хаваецца за сваю нямогласьць. Mae зубы стукаталі. Зрабі так, каб ён не памёр, мілы Божа. Я не павінна была б яго так ненавідзець.
Увечары прыйшла Тэкля і згатавала фэнхелевую гарбату з чабаровым сыропам. Так і мама заўсёды рабіла, калі ў мяне была гарачка, фэнхелевая гарбата з чабаровым сыропам і халодны кампрэс на лыткі, казала яна і абвязала мне ногі мокрымі хусткамі.