Вуліца Ціхая, шэсьць
Моніка Марон
Памер: 184с.
Мінск 2010
Гэты мужчына, сказала яна, паўгода таму
назад, папярэдне не назваўшыся, не аказаўшыся, пазваніў у дзьверы і стаяў на парозе, трымаючы за руку сямігадовага ўнука, і спытаўся, ці ня мог бы ён навучыць у мяне хлопчыка іграць на піяніна. Тры разы прыводзіў на ўрок, сам ціха сядзеў на сафе, слухаў і пры гэтым глядзеў, не спускаючы вачэй, аж яна, Тэкля, занэрвавалася. Пасьля трэцяга ўроку ён сарваў хлопчыка, хоць таму яўна не хацелася, на пад’ём, праз тое дзіця нават ноты забылася, па якія праз паўгадзіны вярнуўся дзед. Яны пілі чай і гаварылі пра музыку. Ён, сказала Тэкля Фляйшэр, любіў Шубэрта. Ён быў мастак, жывапісец, які яшчэ замаладзь пазнаёміўся з Куртам Швітэрам. У тую гадзіну ён гаварыў ёй рэчы, паўтарыць якія яна не адважваецца, і не таму, што яны непрыстойныя, не, такія дзівосныя рэчы, што пра іх проста і ня скажаш, іх нават не працытуеш. 3 таго дня яны сустракаліся рэгулярна. Няшчасьце, вочы Тэклі Фляйшэр цяпер нарэшце набегліся сьлязьмі, было толькі, што мужчына, якога Тэкля Фляйшэр называла ЁН, быў жанаты, і што ягоная дачка, маці хлопчыка, жыла на нашай вуліцы, у доме насупраць.
Я цяпер зусім ня ведаю, шчасьлівая я ці нешчасьлівая, яна затуліла твар у свае вялікія, моцныя рукі піяністкі. У шырокім цёмна-чырвоным аксамітным адзеньні яна зашылася ў куточак сафы з ружамі, паблытаныя шэрыя валасы зьліліся са сьвятлом таршэра
ў адзін суцэльны прамяністы вянок на галаве. Я падліла нам яшчэ амарэта і сказала, што ва ўсёй яе гісторыі ня бачу аніякага няшчасьця. Кахаць заўсёды шчасьце, нават непрынятае каханьне шчасьце, меншае, вядома, чым прынятае, але шчасьце таксама.
Я думала пра Бэрэнбаўма, якога я ненавідзела.
Ведаеце, што ёсьць няшчасьце, сказала я, няшчасьце гэта калі ты ня можаш болып бачыць шыю пэўнага чалавека, ня думаючы пра тое, што ў гэтае горла можна было б запхнуць яго ж пад’язычную костку. Калі невядомы страх ператвараецца ў нянавісьць і, як атрутная сьлізь, запаўняе сны і мроі, калі спазнаеш, што чалавек можа быць забойцам і не жахаесься. Вось гэта ўжо няшчасьце.
Я гаварыла горача, а яна глядзела на мяне так спалохана, што я замоўкла. Тады я палічыла, што нагаварыла дужа многа, каб не працягваць далей. Я расказала ёй пра Бэрэнбаўма, як я зь ім пазнаёмілася ў кафэ, што на ім была такая самая вязаная курта, такія самыя бардовыя скураныя пантофлі, як і ў майго бацькі, што Бэрэнбаўм пісаў мэмуары, а я адмовілася аддаць яму сваю галаву.
Спачатку я яго проста не любіла, з часам выявіла, што ненавіджу. Я мушу думаць пра яго, хоць думаць не хачу. Я трызьню ім. Калі ступаю на парог ягонага дому, сэрца маё заходзіцца, быццам я павінна сустрэцца з тым, каго кахаю. Калі выглядае блага, я трыюм-
фую, мне нават прыходзіць на думку, што а што, калі б яго, вось пакуль я так стаю, раптам узяў ды разьбіў паляруш. А ён жа нічога мне не зрабіў. Ён плаціць мне пяцьсот марак у месяц. Ён тое, што я ненавіджу, але што ж я так ненавіджу.
Кінь і забудзь, што ты ненавідзіш, і пашукай, што ты любіш, шаптала яна сама сабе. Мама вечна казала мне так. Мама была моцны чалавек. Я не павінна была ненавідзець фартэпіяна, каб не яно, дык і ён не прыйшоў бы, праўда ж.
Пра Бэрэнбаўма яна раней нічога ня чула, ня чула і пра гатэль Люкс. У палітыцы яна не разьбіраецца, сказала.
Што ў ёй можна разумець, спыталася яна, у той дзень ці іншы, рана ці позна, ты проста ведаеш, што гэта так. Пакуль ты не спытаесься Чаму, толькі пасьля Што ўсё вельмі проста: усюды на вуліцах заўсёды ёсьць нешта, што называецца Ўлада. У скрынках з пляшкамі, у кнайпах, у офісах, у трамваях, у ложках, усюды яна ёсьць. Кожны бярэ сабе трошкі, і многім гэтага мала, тады яны ідуць у паліцэйскія, дворнікі альбо ў палітыкі. Больш зразумець немагчыма.
Самае горшае, калі там, на вуліцы, пануе такая самая ўлада, такі самы закон, як у сваім доме. Мой бацька панаваў над маёй школай, і ён жа панаваў дома. Нават калі мне раніцай ісьці ў ванну вызначаў ён. Супраць яго не было ніякіх абскарджаньняў; не было нікога,
хто мог бы яму запярэчыць. Тут, у вас, сказала я з позіркам, які ўвабраў у сябе і лямпу, і сафу і ўсю астатнюю мэблю, і спыніўся на піяніна, бо ня мог нічога сказаць.
Гэтага мама не дазволіла б, сказала яна.
Мы падзялілі рэшту амарэта, сказалі, што завуць нас Тэкля і Разалінд, што мы з таго часу будзем гаварыць адна адной “ты”, і пацалаваліся ў вусны. Нашыя губы былі клейкія ад лікёру. Я паабяцала ёй, што неўзабаве зноў наведаюся. Пра ўрокі я нічога так і не сказала.
У студзені мы згулялі вясельле Тэклі Фляйшэр. У вёсцы, у дзень, калі выпаў першы сьнег.
Пыдбарадзьдзе села на сваё крэсла ў першым радзе. Скрыпачы зашчамілі інструмэнты падбародкам і плячом, тупа зірнулі адзін аднаму ў вочы, першая скрыпка кіўнула. Гэтым разам гралі “Ave verum corpus”.
Перад труною ляжалі вянкі і букеты, пасярэдзіне самы вялізны вянок, ледзь ня як трактарная гусеніца, усыпаны кветкамі, нябеснымі ключыкамі і незабудкамі. Я была зачараваная. Ігрок на гармоніюме ўзяў, прынамсі, два тоны і перашкодзіў мне высачыць пастаўшчыка халтуры. Жоўтыя і сьветла-блакітныя кветачкі глядзеліся на велізарным коле як заношаная вопратка: ваўчыная мор-
да ў сярэдзіне міленькага чэпчыка бабулі Чырвонай Шапачкі. Я стаяла далекавата, каб можна было расшыфраваць залатыя надпісы на жоўтых, старанна задрапіраваных стужках. Пытаньне было, ці вянок задуманы як сымбаль мёртвага, ці велізарны памер яго ўшаноўваў значэньне нябожчыка, а далікатныя кветачкі павінны нагадваць пра пяшчотлівасьць ягонай душы; альбо, можа, ці ня меў ён за мэту падкрэсліць важнасць саміх венканосцаў. Хоць, праўда, нябесныя ключыкі і незабудкі хутчэй дазвалялі думаць пра жаночага жальбіта, я хутка адкінула гэтую думку. Гэта магла і павінна была быць фінансава моцная, пераважна з мужчын рэкрутаваная інстытуцыя альбо партыя. Вакол Бэрэнбаўмавай труны ляжала дванаццаць вянкоў; дзевяць з чырвонымі, два вельмі малыя зь белымі штучнага шоўку стужкамі, што ўшаноўвала саму сьмерць, і той загадкавы монстар з кідкай жоўтай стужкай, якая не абмяжоўвала сябе ніякімі лішнімі сымбалізацыямі.
Хто адважыўся дзеля разьвітаньня з Бэрэнбаўмам устрымацца ад чырвонай фарбы; зьлева, дзе сядзіць сэрца, чырвонае як кроў. Я бачыла Бэрэнбаўмаву кроў. Яна раптам палілася зь яго правай наздрыны, тры цяжкія, сьветла-чырвоныя кроплі ўпалі на белую паперу перад ім, перш чым яму ўдалося дастаць левай рукой з кішэні хустачку і заціснуць ёю нос. Я ўпершыню спыталася ў
яго пра гатэль Люкс. Ці ведалі яны, ці ведаў ён. Лямпа на пісьмовым стале гарэла і кідала рэзкае бакавое сьвятло на твар Бэрэнбаўма.
Што, спытаўся ён, ведаў, пра што я спыталася, спыталася тым ня меней, нібыта гэтым вэрбальным рэфлексам можна было ўхіліцца ад адказу.
Гэта, сказала я.
Ня ведалі нічога. Ён паглядзеў на мяне. Ён хацеў, каб я яму верыла.
Але падазравалі?
Яго левая рука сьціснулася ў кулак. Мы змагаліся супраць Гітлера. Ён расьцягваў склады і кожны суправаджаў ледзь стрымліваным ударам кулака па стале, нецярплівы, заклінальны, канчатковы.
А перамогшы Гітлера?
Будавалі дзяржаву. Вучыліся, вучыліся і яшчэ раз вучыліся.
I не шкадавалі, што з вамі не было вашых таварышаў, зь якімі вы жылі ў гатэлі Люкс дзьверы ў дзьверы?
Ён паспрабаваў глыбока ўздыхнуць. Губы дрыжалі, твар збарвовеў. А тады пацякла кроў з правай наздрыны, расплылася маршчыністай дэльтай па яго верхняй губе, закапала на запісаную паперу перад ім.
Мне зрабілася млосна. He ад Бэрэнбаўмавай крыві, мяне ніколі не нудзіла ад крыві, нават ад сваёй. Толькі калі я аднаго разу паранілася і мусіла зьлізваць кроў з пальца, каб не запырскаць дыван ці вопратку, мне
замлосьціла ад яе клейкай саладжавасьці. He Бэрэнбаўмава кроў, не, калі яна расьцяклася паўзь ледзь бачных вусікаў па скуры, мяне згідзіла, а таму што ён замест адказу прапанаваў мне сваю старую, затручаную пілюлямі, штучна разьведзеную ад трамбозу кроў, што ён паспрабаваў гэтым жалю вартым трукам ператварыцца ў ахвяру і не адказваць на мае пытаньні. Нарэшце ён знайшоў хустачку.
Ці не хацелася б вам ведаць, што сталася з вашымі таварышамі пасьля таго, як сярод ночы іх пазьдзіралі з ложкаў у гатэлі Люкс.
Я не магла спыніцца. Яго твар быў закрыты хустачкай, відаць былі толькі вочы, поўныя нянавісьці, а то і ўмольныя. Чаму ў мяне ніякай спагады. Вы не баяліся, што прыйдуць і па вас? Альбо па вашу жонку? Як яны схапілі жонку Эрыха Мюзама, як схапілі Алісу Абрамовіч, якую яны выслалі на лесапавал у Сыбір, але яна выжыла і вярнулася калекаю. ЦІ бачыліся вы пасьля таго з вашым таварышам Алісай Абрамовіч?
Ён не адказваў, прыціскаў хустачку да вуснаў і да носа. Настольная лямпа цяпер сьляпіла яго, хворай дрыжачай рукой ён павярнуў абажур да сьцяны.
I што вы ёй сказалі? Вы сказалі, што сказаў ёй і яе сын, калі яна змагла пабачыцца зь ім празь пятнаццаць гадоў. Ён не сказаў ні слова, бо верыў у тое, што яму сказалі ў дзіцячым доме: а сказалі і казаць казалі, што ягоная маці нацысцкая шпіёнка.
Толькі калі хусьцінка зусім прамокла Бэрэнбаўмавай крывёю, я адляпілася ад яго, як насмоктаная п’яўка.
Нібыта нехта трымаў у мяне перад тварам люстра, я ведала, як цяпер выглядала: рот перакрыўлены, сківіцы і шыя перанапружаныя, вочы вузкія. Апошнія сказы гучаць у вушах груба і агульна, як чужыя і аднак жа гэта мой голас.
Ці не магла б я памагчы яму, спыталася я, пачакаўшы. Ён патрос галавой.
Я пакінула яму чатыры папяровыя хустачкі, якія знайшла ў сваёй сумачцы.
Якога колеру была кроў у Бэрэнбаўма цяпер, калі ён васкова-белы, апрануты ў свой галубіна-блакітны гарнітур, ляжаў сярод шаўковых падушак і ніякай фразай нельга было яго параніць да крыві. He чырвонай, як кроў у жывых.
У наступную пятніцу ён прадыктаваў першы сказ: “Мая жонка Грэта была арыштавана ўвосень 39-га году”.
Mae пальцы так зьдзеравянелі, што я не магла пісаць. Ён паглядзеў на мяне, як чалавек, які зрыхтаваўся да ўдару і цяпер фіксуе цэль.
“Яна трапіла ў канцэнтрацыйны лягер Равэнсбрук”.
Ён устаў, узбуджаны, бездыханны, падыйшоў да дзьвярэй, павярнуўся да мяне: і ён не ў Сыбіры, крыкнуў ён і выйшаў з пакоя.
Я ўтаропілася ў тое месца, дзе ён толькі
што сядзеў, за акном сьвятло няпэўнага часу, голыя галіны букаў нерухомыя, усё вакол мяне ціхае і маўклівае, быццам я трапіла на фатаграфію. Вы заўсёды маеце рацыю, думала я, што б я ні казала, усякае няшчасьце належыць ім, шчасьлівым уладальнікам біяграфій. Ледзь толькі я разявіла зяпу са сваімі крыўдамі, як яны адразу запхнулі мне кавалак у зубы Равэнсбрук, альбо Бухенвальд. Глытай альбо задушыся тым кавалкам. 3 аўторка да пятніцы ён рыхтаваў гэтую адну хвіліну, гэтыя тры сказы, ён уявіў сабе, як я, са зьдзеравянелымі пальцамі, безьязыкая ад сораму, буду сядзець тут, няздольная паўтарыць сваё пытаньне пра гатэль Люкс, бо я ў сваім жыцьці ня мела нічым падаткнуць яму, ніякага козыра на права задаць такое пытаньне.