• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вуліца Ціхая, шэсьць  Моніка Марон

    Вуліца Ціхая, шэсьць

    Моніка Марон

    Памер: 184с.
    Мінск 2010
    34.37 МБ
    Кнайпа была сьвецкая і таямнічая адначасова, антысьвет, Оркус, дзе дзейнічалі іншыя законы і панавала ўрбаністычнае прыроднае права. Хто ўступаў у сьвет кнайпы, вымыкаў сябе зь сілы прыцягненьня верхняга сьвету і падпарадкоўваўся іншаму парадку.
    Кутэ Клюге, пэнсіянэр, колішні кельнэр, з шырокім вузкавокім тварам азіяцкага бо-
    жышча, перавёў, як толькі ўвайшоў у кнайпу, прынамсі пяцёх прысутных у нэрвознае ўзбуджэньне, яны абарвалі свае размовы і з чаканьнем паглядзелі на яго.
    Кутэ Клюге быў ня толькі, як Бруна, кнайпная асоба, ён быў яшчэ шахматная асоба. Зь недакуркам таннай цыгарэты ў куточку рота ён з хвіліну пастаяў у дзьвярах, быццам хацеў даць усім іншым магчымасьць заўважыць ягонае зьяўленьне, тым часам як сам ён шукаў годнага сабе праціўніка, коратка і безь ніякіх там ласкавых авансаў, знайшоўшы, кіўнуў яму, пасьля моўчкі сеў за свабодны столік, куды яму пасьля першага піва безь ніякага заказу была прынесена шахматная дошка, і чакаў, пакуль ягоны выбранец зойме месца. Кутэ Клюге пабіваў лаціністаў і нелаціністаў, проста вучоных і вучоных са ступенямі, усіх, каму ён усё сваё жыцьцё падаваў на стол качак у фламбіры і на заканчэньне дзякаваў за выпіўку.
    Кнайпа, здавалася, спрыяла разьвіцьцю жыцьця да больш высокай справядлівасьці, якая хоць і не ўключала мяне, была, аднак жа, і мне суцяшэньнем. У кнайпе канчалася ўлада Бэрэнбаўма, тут яму не было чаго сказаць, як і ў доме ў Тэклі Фляйшэр, калі яшчэ была жывая яе маці. У кнайпе ён мусіў бы, калі б толькі хацеў выстаяць, дыспутаваць з Графам пра геаграфічныя граніцы паміж рознымі напісаньнямі прозьвішча Шмідт Шмідт з дтп ці Шмід з д ці Шмітт з тт ці
    нават Шмітц з тц; альбо павінен быў бы хітра прайграваць Кутэ Клюге ў шахматы, як Пеці, умець даставаць па блату ванны і ўнітазы.
    Калі Бруна нарэшце прыйшоў, быў ён, на маё шчасьце, ужо не зусім цьвярозы. Відаць, ён скараціў сабе дарогу за сасісачным стаяком каля гатэлю “Сафія” на Фрыдрыхштрасэ на хуткую руку куфлікам піва, зь якога ён ні ў якім разе ня мог захмялець, ня тое каб упіцца, але і ўжо быць ня тое каб зусім цьвярозым, нібы ў роце ў яго клеіўся пыл ад кніг і актаў.
    Бруна ўбачыў перада мною сьветла-зялёны сшытак на канторцы, адкінуўся назад, каб павялічыць дыстанцыю паміж сабой і мною і такім чынам засьведчыць сваё зьдзіўленьне: што з табою сталася, Роза, не магу паверыць, што ты сапраўды цікавісься опэрамі. Можа, тым часам ты і па гарах лазіш, і па акіянах лётаеш?
    Магчыма, Бруна і я маглі б зрабіцца парай як Філемон і Баўкіда, калі б я, ня хлусячы, магла адказаць на Брунава пытаньне “Ага”. Але сама думка, што гэта ж бы я мардавалася, усьпінаючыся на тую гару, можа, зь небясьпекаю для жыцьця, каб дабрацца да вяршыні нават невялічкай горкі, была для мяне такая нехлямяжая, што я западозрыла ў Бруна празь ягоную жарсьць да такога альпінізму нейкі псыхічны дэфэкт. А каб лётаць па акіянах, што было ў Бруна любімым нядзельным заняткам, пакуль мы зь ім не па-
    знаёміліся, дык гэта абсурд і прыніжэньне годнасьці. Нібыта ты з усім палам і калам цісьнесься да лёсу Сызыфа: гадзінамі мардуйся, каб апынуцца там, дзе пачынаў.
    Аднаго разу Бруна паспрабаваў, таемна правесьці мяне вакол возера Зумтэр. Праз паўгадзіны мы раптам апынуліся на прагаліне, адкуль свабодна адкрывалася возера. Калі я зразумела, што плянаваў Бруна, я абурана павярнула назад па той самай дарозе, па якой прыйшлі, хоць другой дарогай было карацей і, як бажыўся Бруна, ляндшафтна намнога прыгажэй. Мне гэта было лішне.
    Я ахвотна цікавілася б опэрамі, сказала я, але я не магу, яны не цікавяць мяне.
    Роза, табе пазайздросьціш, сказаў Бруна, аднаго разу, калі ты будзеш старая і разумная, ты зацікавісься опэрамі. Тады ты зможаш адкрыць сабе ў дадатак яшчэ цэлы сьвет, а я буду нудзіцца, і так ужо ведаючы ўсё.
    Пра знуджанасьць у старасьці Бруна любіў пагаварыць, калі заўважаў, што я ведала ня ўсе кнігі Дастаеўскага, Бэкета альбо Джойса. Тады ён уздыхаў і казаў, ах, табе пазайздросьціш, Роза, тым часам як я чырванела, бо я, хоць мы з Бруна і былі равесьнікі, і палавіны таго не чытала, што ён.
    Бруна пагартаў сьветла-зялёны сшытак. Раптам ён падняў руку, нібы трымаючы дырыжорскую палачку, напучыў жывот, як опэрны сьпявак, і засьпяваў:
    “E non voglio piu servir
    i я больш не хацеў бы служыць
    е non voglio piu servir
    i я больш не хацеў бы служыць”.
    Пасьля ён апусьціў руку на стойку і ўзяў куфаль зь півам.
    Што ж ты будзеш рабіць, калі ня будзеш служыць, спыталася я.
    Viva vita contemplativa, усклікнуў Бруна міма мяне на ўсё памяшканьне, туды, дзе якраз Граф нязграбна сядзеў на краёчку крэсла і чакаў, што Бруна папросіць яго падыйсьці да нас.
    Viva vita contemplatissima, крыкнуў яму Граф у адказ, падхапіўся, аж расплюхалася рэшта яго піва, і пачаў прадзірацца да нас. Мадам Разалія, ён пацалаваў мне руку, Брунох, я не хацеў заважаць, сказаў Граф, каб паказаць свой такт.
    Роза хоча ведаць, што мы рабілі б, калі б ня мусілі болей служыць.
    Граф уздыхнуў. Я сказаў вам, Брунох, з гадамі гэта забываецца. Часам я думаю, я рабіў бы тое, што раблю кожны дзень: шукаў бы словы ў слоўніках, за цэлае жыцьцё гэта робіцца натурай чалавека. Да таго ж узрост, Граф трымаў руку каля вуснаў, каб прыглушыць голас, гэта, ну Вы ж разумееце, Брунох, пардон, мадам Разалія, жах. Ён у роспачы паглядзеў на столь. Бруна, які быў на пятнаццаць гадоў маладзейшы за Графа, зась-
    мяяўся. Я засьмяялася таксама. Вам сьмех, сказаў Граф. Ужо і не бярэсься выпіць куфаль піва. Дрэнь, дрэнь, дрэнь.
    Здавалася, ён зараз заплача, а мы праглынулі рэшту свайго сьмеху зь півам.
    Што робіць твой пісучы ранцье, спытаўся Бруна.
    А ты ведаеш Гербэрта Бэрэнбаўма, спыталася я. Бруна адступіў на крок. Разалінд Палькоўскі, сказаў Бруна, ці не хацела ты мне толькі што паведаміць, што пэнсіянэр, якому ты замяніла правую руку, прахвост, оберпрахвост Гербэрт Бэрэнбаўм, якога назначылі прафэсарам, бо ён на памяць ведае таблічку множаньня. Разалінд Палькоўскі з бургундзкім гонарам, якая лепей будзе курыць танныя цыгарэткі, чым пацягне на сабе нягоднае канцылярскае жыцьцё, як вы і я, Граф, як пісарчук у заплечнага майстра.
    У гэты момант, таму што Бруна загаварыў зь ім, мы абое паглядзелі на Графа, які, пабялелы ў твары, стаяў паміж намі і яўна хацеў нешта сказаць, але толькі тупа мыляў губамі. Бруна забыўся пра свае паклёпы, падняў Графа на табурэт і ўсунуў яму ў руку куфаль. Граф нядбалым жэстам правёў па сухіх вачах, нібы хацеў ацерці сьлязіну.
    Пардон, шапнуў ён, невялічкая хворасьць, але гэтае імя, мадам Разалія, ён схапіў мяне за руку, не, гэта ж бо менавіта вы...
    Ён уткнуўся тварам у далоні, так што пасмы валасоў, якія ён прылізаў памадай на
    голым чэрапе ад аднаго вуха да другога, упалі збоку на плечы. Бруна і я стаялі зьлева і справа ад яго, паляпалі яго па плячах і сказалі, што ў такіх выпадках гаворыцца, калі трэба каго суцешыць, а ня ведаеш, як і чым.
    Нібы здань прабегла па пакоі, сказаў Граф. Дастаткова, каб я, непадрыхтаваны, наткнуўся на гэтае імя, каб адразу ж страціў контэнанс. I гэта ж бо ўжо дваццаць тры гады, мадам Разалія, дваццаць тры гады.
    Бруна заказаў яму гарэлкі, пасьля чаго твар і голас Графа спакваля зноў ажывіліся.
    Гэтаму, сказаў Граф, чыйго імя вы з маіх вуснаў апрача як з фэкальным атрыбутам, які я хацеў бы ашчадзіць з увагі на датклівасьць вашага слыху, не пачуеце, заняўдзячаю я тым тром гадам, Брунох, вы ж ведаеце, якія гады я маю на ўвазе.
    Пра гэта вы не расказвалі, сказаў Бруна.
    Граф заўважыў тры тонкія пасмачкі валасоў, якія апалі яму на плечы, памачыў кончыкі пальцаў у піве і зноў прыклеіў валасы паміж лобам і патыліцай. Ах, Брунох, сказаў ён, вы ж ведаеце, я чыстая плісачка вечна хвост ад страху дрыжыць.
    А было так: увосень 1962 году асыстэнту зь інстытуту сіналёгіі і япаналёгіі Т. удаліся ўцёкі праз Прагу ў Заходні Бэрлін. Незадоўга перад тым ён прынёс Графу манускрыпт сваёй доктарскай дысэртацыі, нібыта каб Граф праверыў правільнасьць разьдзелаў пра трэцюю дынастыю Мінь. 3 Заходняга Бэрлі-
    ну Т. напісаў Графу ліст, у якім прасіў даслаць яму манускрыпт. Граф паехаў у Патсдам і здаў там пакунак пад чужым імем адпраўца. А між тым як Т., так і Граф забыліся, што быў і трэці, які выпадкова завітаў у пакой, ведаў пра перадачу рукапісу. Гэты трэці, калі адкрылася пра ўцёкі, данёс Бэрэнбаўму, які тагачасна займаў хай і ня вельмі рашаючае, але даволі ўплывовае становішча ва ўнівэрсытэцкім кіраўніцтве. Графа гукнулі да Бэрэнбаўма і сказалі аддай рукапіс, які ён два тыдні таму назад паслаў з Патсдамскага паштамту. Граф аспрэчваў, што бачыў калі-небудзь той рукапіс на вочы, пасьля чаго Бэрэнбаўм падаў у паліцыю. У той самы ж дзень, не забавіліся, Графа арыштавалі. Пазьней ён даведаўся, характарыстыку з унівэрсытэту, якая зачытвалася на працэсе і якая характарызавала старшага навуковага асыстэнта Карла-Гайнца Барона як рэакцыйнага суб’екта, варожа настроенага да высокіх мэтаў новага парадку, была напісана асабіста Бэрэнбаўмам і паслана дырэктару інстытуту праз паштамт. Графу ўклеілі тры гады.
    Даносчык празь некалькі гадоў улез у аўтамабільную аварыю і памёр, сказаў Граф.
    Раптам, ня будучы вінаватай, я аказалася ўблытанай у Графавыя ліхабедзтвы. Я адчула, што жыцьцё падступна зашчыкнула мяне ў пастку, быццам мне хацелі даказаць, што так проста не вырабісься. Ганьба
    мысьліць за грошы, вядома. Але што ў нас ня ганьба.
    Вы, зрэшты, таксама працуеце ў тым самым унівэрсытэце, сказала я Графу.
    Я быў нават рады, што мяне ўзялі тады назад, чым я абавязаны выключна заступніцтву ня вельмі заплямленай асобы, якая бачыла ў маёй прысутнасьці пэўныя выгоды свайму навуковаму поступу. Я тады гэтай асобе вымушаны быў наплямкаць больш за шэсьцьдзесят працэнтаў дысэртацыйнага матэрыялу. Вы памятаеце, Брунох? Было б неразумна, мадам Разалія, за нешта ўшчуваць.
    Бруна кіўнуў, але ня глянуў на мяне.
    Мы ўсе жылі ў стане ганьбы, працытавала я адзін зь любімых Брунавых пастулатаў, на што Бруна сказаў: ты запамінаеш толькі тое, што хочаш, Роза.
    Вечар быў невясёлы. Бруна паспрабаваў угаварыць мяне кінуць працу ў Бэрэнбаўма. Я абяцала падумаць, хоць ведала, што вытрымаю сваю дамоўленасьць з Бэрэнбаўмам. Хацелася давесьці ўсё да канца. Я хацела перамагчы Бэрэнбаўма. Я ўзялася за яго як за задачу, падрыхтаваную мне самім жыцьцём. Гэта я больш адчувала, чым ведала. Я хацела дадаткова выйграць ужо прайграную бітву з Бэрэнбаўмам.