• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вуліца Ціхая, шэсьць  Моніка Марон

    Вуліца Ціхая, шэсьць

    Моніка Марон

    Памер: 184с.
    Мінск 2010
    34.37 МБ
    А вашы таварышы не казалі вам, што Грэта жывая і была ў горадзе, спыталася я.
    Я прыбыў у Бэрлін у суботу і заначаваў у Панкаве ў таварыша з групы Грэты, але ён ня ведаў, дзе яна жыла. Было якраз так, як я вам і расказаў. Грэце было трыццаць тры, а мне сорак. Паверце, я плакаў, зноў убачыўшы горад. Куды ні гляну, толькі разваліны, разбураныя дамы, разбураныя людзі, кожны другі нацыст, рэшта прысьпешнікі. I мы, жменька паўгалодных разьбітых камуністаў і антыфашыстаў павінны былі выцягваць зь дзярма тачку. Паўстаць з руінаў насустрач будучыні, так, так яно было.
    Тады, як і пры маім першым візыце ў дом Бэрэнбаўма, найшло на мяне ачмурэньне, якое прымусіла мяне паверыць, што я ўжо гэта раз перажыла, што ведала кожную фразу, якая пойдзе за толькі што сказанай, a нават і тон, у якім будзе сказана. Усё гэта амаль слова ў слова я ўжо чула.
    Гэта быў цудоўны, але цяжкі час, сказала я, бо я ведала, што менавіта гэты сказ мае быць зараз сказаны.
    Так, сказаў Бэрэнбаўм, гэта быў цяжкі, але цудоўны час. I мы многага дасягнулі.
    I вы будзеце бараніць гэта ад кожнага, хто...
    ...хто хоча павярнуць кола гісторыі. Вядома, мы будзем бараніць, сказаў Бэрэнбаўм. Толькі пасьля гэтага ён зьдзіўлена паглядзеў на мяне.
    Я і не падазраваў, што ў гэтым мы такія аднадумцы.
    Я толькі працытавала свайго бацьку, сказала я.
    Ваш бацька камуніст?
    Ён быў дырэктарам школы. Цяпер ён мёртвы.
    Бэрэнбаўм уздыхнуў, спрабуючы гэтым разам адкаркаваць бутэльку сам. Яго правая рука дрыжала, як хранічна хворы перад каляпсам, але ён даў рады. Па яго твары прабег лёгкі цень болю і страху, нібыта я загаварыла зь ім пра, магчыма, блізкую ягоную сьмерць, а не пра сьмерць майго бацькі. Я часам пыталася ў сябе, як яно будзе, калі яны ўсе перамруць, а Тэкля, Бруна і я пастарэем; што ў нас было б абараняць і што мы маглі б выдаваць за рух кола гісторыі наперад. Мне было дваццаць чатыры, і я ня вылучыла нічога, што варта было б бараніць. Я таксама ня верыла, што нешта такое было і ў Бруна. Магчыма, Бруна сказаў бы, што ён безнадзейна абараняе правы лаціністаў ад ордаў пладавітых нелаціністаў, Лорэнс Стэрн супраць Пэтэра Гакса, Шапэнгаўэр супраць Лукача, “Дон Джыавані” супраць “Вэстсайдзкай гісторыі”, што ўрэшце толькі азначала, што Бруна рабіў тое самае, што і я: ён
    абараняў сам сябе. У мяне не было чаго абараняць, апрача сябе, тым часам як Бэрэнбаўм разглядаў рух кола гісторыі як сваю справу, якую ён павінен абараняць, калі спатрэбіцца, са зброяй у руках, як часта гаварыў мой бацька і як, можна меркаваць, сказаў бы і Бэрэнбаўм. У гэтую хвіліну я зразумела, што ўсё ўзалежнілася ад сьмерці Бэрэнбаўма, ад яго і ад ягонага пакаленьня. I толькі калі іхняя справа іншым не сьвятая, толькі калі яе патрэбнасьць вырашыць яе існаваньне альбо пагібель, толькі тады і я зразумею, што я ў сваім жыцьці рабіла б з ахвотай. Але тады было б запозна. Часам мне прыходзілі на памяць фразы, якімі я ня мысьліла. Яны падымаліся з таемнасьці, якая гнездавалася недзе ў маёй печані, касе ці ў іншых вантробах, дзе яна ўначы, калі я спала і сьніла, бушавала. I вельмі мала калі, неспадзявана, яна пасылала ў маю чуванасьць фразы, як па бутэлечнай пошце.
    Усе гэтыя фразы пачыналіся з пасьлязаўтра. Пасьлязаўтра заледзянее пустыня. Пасьлязаўтра затрубяць у ружовыя ракавіны і абвесьцяць царства нябеснае. Пасьлязаўтра разьверзнуцца хлябі нябесныя увага! хто ня ўмее плаваць! Ніколі не гаварылася заўтра. Заўтра не было яшчэ маім днём. Што магло быць заўтра гэта пазначана ў Бэрэнбаўмавым календары тэрмінаў. Пасьлязаўтра было днём пасьля сьмерці Бэрэнбаўма.
    Мы сядзелі насупраць як двое людзей, што
    разам прапускаюць па шнапсіку. Ягоныя вочы ўжо блішчалі. Ува мне алькаголь паступова будзіў той безнадзейны поцяг да спагады, зь якім мы ўсе нарадзіліся і які большасьць нас трацяць, перш чым памерці.
    Я ўявіла сабе, як я яму, асьцярожна і стараючыся не пакрыўдзіць яго, растлумачыла, чаму існуючыя, у тым ліку і ім створаныя адносіны прымусілі мяне жадаць ягонай сьмерці. Я была б радая, сказала б я, калі б вашая сьмерць мне была абыякавая, нават вартая шкадаваньня. Ня думайце, што вашае каханьне да Грэты, якая перажыла дванаццаць гадоў чаканьня, не кранула мяне. Альбо што ваш страх, які ноч у ноч катаваў вас у гатэлі Люкс, я не адчуваю. Больш за тое, я жадала мець права ганарыцца вамі, чалавекам, які выстаяў, які ня быў нацы, які ня быў хітрым крывадушнікам. Тым ня меней, я сказала б яму, я вымушана вітаць вашу сьмерць, бо вы кожны дом, кожны кавалачак паперы, кожную вуліцу, кожную думку, бо вы ўсё, што мне было патрэбна на жыцьцё, укралі і не аддалі назад. Вы вымушаеце мяне рабіць самае агіднае, што толькі магу падумаць: жадаць сьмерці кожнаму. Як магла б я хацець, каб вы жылі далей. I тады я спыталася б у яго: вы разумееце мяне.
    Я не чакала, што ён згадзіўся б на сваю сьмерць. Ён павінен быў бы толькі зразумець, што я яе, як што так склаліся рэчы, мусіла
    жадаць. Немагчыма ўявіць, каб ён сказаў: так, я разумею Вас. Бо што такое мусіў бы ён зразумець, каб згадзіцца. Мне было дзесяць гадоў. Бацькі мае паехалі на канікулы ў Турынгію. Я засталася з Ідаю ў Бэрліне. Бацькам мусова было адпачыць ад цяжкай працы, якою яны займаліся больш года ў школе, сказала Іда, пры гэтым я толькі заважала б ім. Бацьку я ведала і памятала з трох гадоў. Аднаго разу раніцай ён увайшоў на кухню, дзе ў куточку за дзьвярыма стаяў мой ложак, узяў мяне на рукі, і мама сказала: гэта твой тата. Я хацела мець бацьку. Мамаў маюць усе. Але хто мог бы сказаць: гэта забараніў мне бацька, таму, лічыце, пашанцавала, у таго каштоўнасьць у руках. Іда, якая датуль жыла з намі, выбралася, а бацька пераехаў да нас. Маці прайшла паскораныя курсы на настаўніцу, і бацька, які падчас вайны і палону, мабыць, забыў пра свае мары, узяў зь яе прыклад. Улетку, калі мне было дзесяць гадоў, і бацькі паехалі ў Турынгію адпачыць, я ўжо тры гады як ведала бацьку, але яшчэ ні разу не зьвярталася да яго з тым словам, якое вызначала нашыя сваяцкія адносіны. Яшчэ ні разу не назвала яго бацькам, татам альбо яшчэ як, хоць усёй душою жадала зрабіць гэта і толькі чакала хоць якога малюпасенечкага знаку ягонай згоды, каб я, як толькі вымавіла б гэтае слова, не стаяла б перад ім і перад сабою як ашуканка і манюка.
    Тым летам я далася Ідзе паказаць мне, як гатуецца лімонны крэм. Лімонны крэм быў любімым бацькавым дэсэртам, які, як толькі Іда прыносіла яго ў шкляным сподачку, быў здольны вынадзіць зь яго выразныя гукі пахвалы. Кожнага вечара я круціла і зьбівала бялок, цукар, сьмятану і лімонны сок, пакуль нарэшце мне ўдаўся круты крэм, які ўжо нічым не адрозьніваўся ад шматхвалёных Ідзіных ласошчаў і смакошчаў. Да прыезду бацькоў з Турынгскага адпачынку я зьбіла з дваццаці яек вялікую місу лімоннага крэму, такую мой бацька ці бачыў калі за ўсё сваё жыцьцё, і ўявіла сабе, як ён будзе вялікай лыжкай зусім адзін есьці яго, час ад часу кідаючы на мяне ўдзячныя позіркі, адной мне.
    Ён на маіх вачах упароў паўмісы лімоннага крэму. Гэта зрабіла Розі, ціха сказала Іда. Як незамужняя швагерка яна пачувала сябе ў нас падсуседкай, якую толькі трывалі, і жыла ў вечным страху, што калі-небудзь бацька папросіць-такі яе, як заваду ў доме. Мусіць, ён не пачуў Ідзінага ўказаньня на маё аўтарства лімоннага крэму, магчыма, гэта яго і не цікавіла. Хто ведае, што здараецца зь людзьмі на вайне. Для майго бацькі здавалася зусім нармальным, каб яго любімы дэсэрт у дастатковай колькасьці стаяў на стале, нікому заўдзячацца і ні перад кім перападаць за гэта не зьбіраўся. Ён жэр і жэр. A мяне неўзабаве запхнулі ў ложак.
    Нейкая дзіўная ў вас лёгіка, Роза, сказаў
    Бэрэнбаўм. Я пытаюся ў вас, ці ваш бацька камуніст, а вы адказваеце, што ён быў дырэктар школы і што цяпер ён мёртвы. Дык жа ці быў ён камуніст?
    Ён гэта разглядаў так.
    А вы?
    Я ня ведаю, што такое камуніст.
    Камуніст ёсьць кожны, хто змагаецца за камунізм. А камунізм, сказаў Бэрэнбаўм, ёсьць, як сказаў Брэхт, самае простае, што цяжка зрабіць. Вы хочаце справакаваць мяне, Роза, натуральна, як гісторык вы гэта ўсё ведаеце.
    Я сказала, што камуніст кожны, хто дзіцяці, якое яму дорыць вялікую міску лімоннага крэму, ня дзякуе, бо ён якраз заняты сусьветнай рэвалюцыяй. Гэтая дылема вызначае жыцьцё камуністаў ад пачатку да канца, і я баялася, што камуністы хутчэй падымуць у паветра ўсю зямлю, чым дапусьцяць, каб яна была некамуністычнаю, бо для камуністаў няма нічога больш важнага за камунізм. Зайшло ўжо аж так далёка, што ўсякае сьвінства, якое яны ўчыняюць, называюць камуністычным, бо вытрываць ня могуць, каб нешта заставалася некамуністычным. Магчыма, што мой бацька ўсю гэтую прыгоду зь лімонным крэмам таксама называў камуністычнай, бо ня мог сабе ўявіць нічога іншага і інакш. Па Бэрэнбаўме я бачыла, што ён ня мог прыняць маёй праяўленай шнапсам лёгікі. Лімонны крэм. Што ка-
    мунізму да нейкага там лімоннага крэму. Ён з прыкрасьцю патрос галавой. Відавочна, што ў мяне былі цяжкія адносіны з бацькам, сказаў ён, і ў яго ўсё перамяшалася, прыватнае з грамадзкім, што якраз і ня сьведчыць пра навуковае бачаньне сьвету.
    Я эмпірычка, сказала я. Толькі эмпірыкі мелі б магчымасьць паразумнець пад старасьць, бо вопыт гэта адзінае, што з узростам прыбаўляецца, тым часам як усё астатняе, таксама і здольнасьць мысьліць лягічна і навукова, у старасьці памяншаецца, што закладзена ў дэфэктах нэрвовых канчаткаў і памылковых сувязях у мазгах і што нельга паправіць ніякім трэнінгам і добрай воляй. Я рашыла абгрунтаваць мой вобраз сьвету толькі на сваім вопыце, бо так яно з узростам не мяняецца, вопыт застаецца. I мой вопыт падказаў мне, што камунізм і лімонны крэм вой як жа добра спалучаюцца, як толькі натрапіш на камуніста, які любіць есьці лімонны крэм. Калі той, хто жарэ лімонны крэм, камуніст, дык для дзіцяці, якому ён ня дзякуе, тое і другое навекі зьвязана. I хто напорацца на камуністычнага забойцу, назаўсёды ўведае, што камунізм таксама чалавеказабойчы.
    Жылы на лобе ў Бэрэнбаўма набрынялі і пасінелі. Я не была ўпэўнена, ці магла б я адстойваць сваю тэорыю гэтаксама і ў цьвярозым стане, але ў той момант яна мне здавалася дасканалай.
    Камунізм, сказала я, наліваючы яму, a пасьля і сабе шнапсу, камунізм ня можа быць лепшы за камуністаў, ня лепшы за Гербэрта Бэрэнбаўма і Фрыца Палькоўскі.