Вуліца Ціхая, шэсьць
Моніка Марон
Памер: 184с.
Мінск 2010
Я напісала: ‘Трэта была арыштавана ўвосень 39-га. Яна трапіла ў канцэнтрацыйны лягер Равэнсбрук. Сыбір недалёка ад Равэнсбрука”.
☆ ☆ *
Скрыпачы склалі інструмэнты ў футаралы, але яшчэ не зачынілі іх. Чалавек іграў на гармоніюме “Інтэрнацыянал”, як піяніст з бара сыгнал вышыбалу “Да сустрэчы, да сустрэчы, не заседжвайся так доўга...” Праз шпалеры жалобнікаў нейкі невялікі чалавек пранёс на далонях чорную аксамітную паду-
шачку з Бэрэнбаўмавым ордэнам. Абапал ордэна ішлі чацьвёра мужчын, далей рухалася труна зь мёртвым Бэрэнбаўмам, за труною вялікія вянкі, кожны несьлі два мужчыны. Малыя вянкі і букеты несьлі жалобнікі ў журботным шэсьці. Я чакала вянка зь незабудкамі. Калі двое ва ўніформах праносілі яго міма мяне, на той палавіне стужкі, якая зьвісала з майго боку, я прачытала: “апошняе прывітаньне ад байцоў нябачнага фронту”.
Натуральна, калясальны вянок, пераапрануты пад летні луг, штазі, хто ж яшчэ. Толькі цяпер я пазнала Міхаэля Бэрэнбаўма, ён быў сярод носьбітаў вянка. Я першы раз убачыла яго ва ўніформе. Скрыпачы сядзелі, гатовыя падхапіцца, інструмэнты гарызантальна, на сьцёгнах, як кульбакі, на якія ім прыйдзецца абаперціся, як толькі апошні чалавек пакіне капліцу. Яны прапіхвалі сваімі вачыма жалобную працэсію праз партал.
Апошняя была я. Калі я ўсьміхнулася ім, двое зь іх кіўнулі мне на разьвітаньне.
Шлях ад капліцы да зямнога простакутніка, які Бэрэнбаўму выкапалі ў тым спэцарэале могілак, пралягаў праз галоўную алею ў кірунку да выхаду. Я пайшла за працэсіяй на адлегласьці трох-чатырох мэтраў. Ніхто гэтага не заўважыў бы, калі б я збочыла і ішла сярод магіл, паклала фрэзіі на магілу забытага нябожчыка і пакінула могілкі праз бакавы выхад.
Цяпер я магла б ісьці дамоў. Самае большае праз паўгадзіны Бэрэнбаўм будзе ляжаць на сваім месцы, пад яшчэ мяккай пух-зямлёй; яшчэ некалькі дзён нагрувашчаная гара вянкоў будзе пазначаць месца новага прыбыльца, пакуль жонка Міхаэля Бэрэнбаўма альбо аплочаны імі садоўнік з могілак не ператворыць сьвежы курган у звычайную магілу, з бляшанымі кветкамі і якой-небудзь хвойнай пасадкай. Тым ня меней я пайшла далей за ўсімі. Я яшчэ недастаткова нагледзелася.
Праз тры дні пасьля візыту Сэнсмана Бэрэнбаўм затэлефанаваў мне. У яго была адна вельмі тэрміновая дамоўленасьць з урачом і заўтра, у аўторак, нашу сустрэчу канечне адмяніць, мы здолеем прадоўжыць нашу працу, на жаль, аж толькі ў пятніцу.
Бэрэнбаўм быў самы сабакамі падшыты стары чалавек, якога я калі ведала. Ён здагадваўся, што я рашуча пастанавіла болып не паяўляцца ў яго доме. А ўтрымаць мяне хацеў. Менавіта мой шал на яго і на ўсё, што ён для мяне ўвасабляў, здаецца, якраз і ажывіў яго, быццам ён толькі дзеля таго і дыктаваў, каб даказаць мне, што мой шал на яго гаўна варты, што ён ім зусім не пераймаецца, што я яму сваім гневам нават паслужылася на добрую дагоду.
Званок застаў мяне зьнянацку. Я ўжо была сабралася пазваніць яму заўтра роўна ў тры гадзіны папалудні і зусім няўзрушана, спакойна, наколькі мяне на тое станецца, паведаміць яму, што разглядаю нашыя працоўныя адносіны закончанымі, і адразу, не даючы яму часу на адказ, пакласьці слухаўку.
Я складала фразу, якая добра ўпасавала б яму; фраза не давалася. Трэба было сказаць проста: я не прыйду і ў пятніцу, альбо: я наогул болып не прыйду, альбо толькі: не. Сказаць “не” і пакласьці трубку, гэта можна было б.
Я дапускала, што ён борзьдзенька згорне гаворку, сказаўшыся на сьпех, тым самым запабегне маёй адмове, на якую я пасьля доўгага роздуму ўсё-такі адважылася б, і што ён тады са сваёй рыторыкай: у такім разе, да пятніцы, супроць якой я не пярэчыла, наш дагавор на аўторак застаецца ў сіле, як бы пра тое і пытаньне не стаяла.
Так яно ўсё і праясьніцца. I інакш таксама.
Барацьба з Бэрэнбаўмам была, калі я разам зь ім накрывала стол, ужо ня толькі барацьбой супроць яго аднаго. Калі б я хацела толькі пакончыць зь ягонай уладай нада мною, я б засталася пры сваім не бываць больш у ягоным доме. Але я ўжо пакутавала на той стадыі варажнечы, якая спараджае жарсьць.
На другое папалудне, адразу пасьля трох,
я пазваніла яму, каб праверыць, ці праўда ён пайшоў да доктара. Пасьля чацьвёртага гудка ён зьняў слухаўку, я сказала яму тры разы “алё” і паклала.
Бэрэнбаўм выставіў на стол дзьве чаркі і пляшку вінаграднага віна. На прымірэньне, сказаў ён і сеў насупраць. Паміж намі стаяла машынка маркі “Rheinmetall”. Ён папрасіў мяне расьпячатаць пляшку. Я наліла ў чаркі да палавіны.
Ня так, каб напаўсэрца, сказаў Бэрэнбаўм, інакш і замір’е будзе напаўсэрца.
Фраў Палькоўскі, сказаў ён, альбо дазвольце мне называць вас Разалінд, а яшчэ лепей Роза, як нашую Розу, Розу Люксембург.
Я ня ведала, як мне стаць яму папярок, і сказала, што хай будзе яго праўда.
Апошнімі днямі я многа думаў пра вас, Роза. Вы маладая, прыгожая жанчына ў самых, як кажуць, лепшых гадах. Я ня ведаю вашага жыцьця, толькі вашу дзіўную максыму, што вы ня хочаце мысьліць за грошы. Калі вы напярэдадні такая ўзбуджаная пакінулі гэты дом, я спытаўся ў сябе: чаму яна такая зжарсьцьвелая. Я ведаю, што вы ня хочаце гаварыць са мною пра гэта. Але вы бачыце, я стары, прагны да ведаў чалавек і хацеў бы зразумець, што такое можа вас на-
стройваць супраць мяне. Я адчуваю, каб быць шчырым, што быў несправядлівы з вамі.
Ён скіраваў на мяне свой жабіны твар, чакаючы адказу. Я глядзела ў акно, на дзьверы, як дзіця, якое стаіць перад настаўнікам і ня ведае адказу. Каб выйграць час, я выпіла каньяку. Я хачу быць, як той дасьледчык прыроды, думала я, я мушу качацца ў брудзе, абдзіраць сабе цела аб вострае каменьне, цэлымі днямі напралёт спакойна ляжаць на гарачым пяску, не адчуваючы сябе львом. Цяпер я ня мела права сказаць: такія людзі, як вы, згаўнялі мне ўсё жыцьцё. Я павінна была панадзіць яго, спакусіць гаварыць пра яго, а не пра мяне. Ён сядзеў не за пісьмовым сталом, я нічога не натавала. Я мусіла нешта спытаць, на што ён у легендзе свайго жыцьця, у якую ён тым часам паверыў сам, ня змог знайсьці адказу; нешта, што ляжала па той бок палітыкі.
Размовы, у якіх мужчыны хочуць кожны пераканаць другога ў сваёй значнасьці, робяць мяне вар’яткай, сказала я.
Ён засьмяяўся і паказаў зубы, так цэльна і роўна заякараныя ў штучнае нёба, што я бачыла іх, быццам яны плавалі ў двухфазавым ачышчальніку.
А вы што, хіба яшчэ і праціўніца мужчын, спытаўся ён. Жаночы канчатак не дазволіў яму вымавіць слова “праціўніца” коратка і рэзка, як гэта было ягонай звычкай: вораг, клясавы вораг.
Чаму хіба яшчэ?
Яму спатрэбілася некалькі сэкунд, каб зразумець, пра што я спыталася.
He, не, сказаў ён, толькі дурная манэра гаварыць, вы ня вораг у маіх вачах, Роза, наадварот. Часам вы нагадваеце мне нават Грэту, маю жонку. Я дастаткова бачыў ворагаў за сваё жыцьцё, каб ведаць, што вы не належыце да іх.
Я першы раз убачыла, што ён піў. Рух, якім ён падымаў да вуснаў чарку, крыху вывернутая вонкі рука, пругкі суглоб локця, ці не такі, як у звычайнага выпівохі. Альбо яшчэ з маладосьці завучыў і з таго часу ўсё так і засталося, альбо яшчэ і цяпер ён піў больш, чым я думала. Ён кульнуў чарку шнапсу ў рот, і вадкасьць па языку роўна палілася ў горла, бяз бульканьня. Я б вельмі хацела ведаць, чым такім у ягоных вачах я адрозьнівалася ад ворага, але не спыталася, бо падазравала, што, можа, ён якраз і хацеў справакаваць пытаньне.
А Грэта таксама была праціўніца мужчын, спыталася я.
Ён адкінуў галаву, але не прыплюшчыў вачэй, як у роздуме, а пусьціў позірк паблукаць па столі, быццам хацеў там вычытаць тое, што хацеў мне цяпер сказаць. Грэта, ён вымавіў імя горача, як імя сьвятога, о так, Грэта ўмела ненавідзець, з усёй палкасьцю, як яна ўмела і любіць. Яна была для сваіх ворагаў няўмольная праціўніца, гэтым Кру-
пам, Шэйдэманам, Гіндэнбургам, Гітлеру і іхнім жонкам. Але, сказаў Бэрэнбаўм і зірнуў на мяне, яна любіла сваіх таварышаў Тэльмана, Дзімітрова, Піка і іхніх таварышаў Гербэрта Бэрэнбаўма, бо яна была камуністка, мая таварышка на ўсё жыцьцё.
Бэрэнбаўм схіліў галаву набок, заплюшчыў вочы, сканцэнтраваўся, нібы прыслухоўваўся да ледзь улоўнага голасу, падняў здаровую руку на вышыню грудзей і прадэклямаваў, вібруючы літару р, як Аляксандар Муасі:
Калі, паняволіўшы, зьневажалі цябе, калі айчыну ахуталі ночы, а я на чужыне служыў барацьбе, тады стрэліся нашыя вочы, і ў будучым нам засьвяцілася мэта, Дзякуй табе, таварыш Грэта.
Калі слабасьць ледзь не адужала нас і Масква сьвятая ледзь не гарэла, я думаў пра золата тваіх валос і пра сэрца, што страху ня мела. Толькі мужнасьць твая адолела слабасьць; за гэта Дзякуй табе, таварыш Грэта.
Ён апусьціў руку, якою суправаджаў верш палка-значнымі, рытмічнымі жэстамі, і сказаў, усё яшчэ прыплюшчыўшы вочы: так, я гэта напісаў ёй. Я ведаю, я не паэт, але мае
словы падзякі паклаліся вершам. Вы занадта маладая, каб ведаць, што гэта азначае быць у часы варварства пэўным за шчырага, сумленнага чалавека. Наліце яшчэ раз, Роза, на адной назе стаіцца кепска. Грэта і я яшчэ былі нежанатыя, калі партыя рашыла паслаць мяне ў эміграцыю. Грэта засталася ў Германіі. Перад маім ад’ездам мы паабяцалі адно аднаму: калі толькі перажывём нацызм, мы сустрэнемся ў нядзелю пасьля вайны a палове дзясятай каля Фрыдрыхштатпаласа. Грэта пасыіела туды на шэсьць тыдняў раней за мяне. Яна прыходзіла кожнае нядзелі, у шостую нядзелю прыйшоў і я, зь вялікім букетам маргарытак, які я купіў у садзе разбомбленай вілы. Маргарыткі былі любімыя кветкі Грэты.
Як першы, так і другі каньяк ён рашуча выліў у сябе. Хоць, як на мяне, верш быў агідны, я не магла перабароць сябе і першы раз паверыла яму. Я проста бачыла яго перад сабою, як ён, яшчэ даволі малады чалавек, з адкрытым каўняром і закасанымі рукавамі, з маргарыткамі ў руцэ, бяжыць па горах руінаў унутранага гораду Бэрліна. Я носам чула вапнавы пыл, які падымаўся з руінаў і дамешваў пах вайны ў ранішняе летняе паветра; бачыла, як маладая жанчына, гнаная чаканьнем і сагнутая пад цяжарам страху перад магчымым расчараваньнем, пераходзіла мост па-над Шпрэе; як яны ляцелі насустрач адно аднаму і паверыць не маглі,
што вось яны зноў знайшліся. Усе вобразы закаханых, якія зноў знайшліся, якія я бачыла ў жыцьці і ў кіно, сумясьціліся ў гэтай пары.