• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вуліца Ціхая, шэсьць  Моніка Марон

    Вуліца Ціхая, шэсьць

    Моніка Марон

    Памер: 184с.
    Мінск 2010
    34.37 МБ
    А не хапала мне, як тое даказаў мой выбух, духоўнай дыстанцыйнасьці дасьледчыка прыроды, які можа спакойна назіраць, як леў задзірае зэбру, бо яго цікавіць толькі адно: як леў задзірае зэбру, як ён яе высочвае, як цікуе за ёю, за што найперш хапае, ці адра-
    зу забівае, ці спакваля. Што леў задзірае зэбру гэта ў яго, дасьледчыка, натуральна і не падлягае ніякім маральным ацэнкам. Калі б мне ўдалося пацікаваць за Бэрэнбаўмам вачыма натураліста, а яшчэ лепш, бяздушным вокам кінакамэры, я ні ў якім разе не магла б пачуцца ягонай ахвярай, ня больш, чым той дасьледчык пачувае сябе ахвяраю льва. Дасьледчык не ненавідзіць ільва; а я ненавідзела Бэрэнбаўма.
    Калі яго ногі, успамінаючы свае колішнія самастойныя крокі, сымулявалі юнацкую выхадку, я ненавідзела яго; калі ён, каб падумаць, эфэктна адкідваў галаву і заплюшчваў вочы, я не магла адвесьці позірку ад яго напятай шыі, на якой пад маршчыністай скурай выразна праступаў гарляк, і мне запомнілася, быццам я часам чула, што чалавеку, каб яго хутчэй задушыць, трэба запхнуць у горла пад’язычную костку. Мяне гідзіла далікатная, завялая скура на яго моцных руках; мяне раздражняла пэўная ўзьнёсласьць у ягоным голасе, нейкая падхалімская мяккасьць, якую ён укладваў, пачынаючы гаворку са мною па-за межамі нашай дамовы. Я ненавідзела нават заняпаласьць яго цела, якое ён спрабаваў схаваць пад дарагой вязанай куртай і якое мне, калі б тады я мела адназначна растлумачыць сваю бязьмежную агіду, хутЧэй павінна было б даць пачуцьцё задаволенасьці Мне было так, быццам я ненавідзела Бэрэнбаўма ў натуры, быццам ува
    мне існаваў нейкі генэтычны код, які перасьцерагаў ад Бэрэнбаўма, як певень ад шуляка. Певень баіцца шуляка, ён не ненавідзіць яго. Я пыталася ў сябе, што ж гэта такое, чаму ў чалавеку страх перарастае ў нянавісьць. Я не павінна была ненавідзець Бэрэнбаўма, калі б я яго не баялася.
    Пазьней, калі я ўбачыла ўжо бадай сьпісанага Бэрэнбаўма ў ложку за рашоткай, як ён там ляжаў, падначалены нейкай іншай уладзе, перад якою Бэрэнбаўмава ўлада ў жыцьці выключалася, як лямпачка перад сонцам, я магла б зь ім замірыцца. Ён быў пераможаны, хай ня мною, але я чулася ў тыя хвіліны пераможцай. Тады, прагны і бессаромны, Бэрэнбаўм працягнуў да мяне сваю трупнабелую руку. Нават надмагільнага Бэрэнбаўма я баялася, і сапраўды, ён быў пераможаны толькі калі сканаў.
    Увечары пасьля візыту Сэнсмана я рашыла ніколі больш не бываць у доме на вуліцы Ціхай, шэсьць. Я больш не хацела працаваць на Бэрэнбаўма. Я хацела вучыцца на фартэпіянах.
    Тэкля Фляйшэр аж лёгенька сумелася і ўскрыкнула, убачыўшы мяне ў сваіх дзьвярах. Якая неспадзяванка, сказала яна, прычым засталося няясна, парадаваў яе мой візыт ці не. Яна правяла мяне ў пакой з баль-
    конам, дзе на авальным стале сьвяціўся чайны падагравальнік. Праз акно лілося белае сьвятло вулічнага ліхтара. Прабачце, сказала Тэкля Фляйшэр і ўключыла таршэр, я тут трошкі залетуценілася. Яна паставіла на стол другі кубачак, падставіла мне крэсла, а сама села на сафу, дзе яна, відаць, упоцемках і летуценіла. Яе вочы за тоўстымі шкельцамі акуляраў блішчалі трошкі больш вільготна, чым звычайна. Яна, мусіць, плакала, ад шчасьця або зь няшчасьця. Яна прагрэбла пальцамі валасы, нібыта хацела закруціць іх у куклу, якою ўжо даўно ахвяравала свайму каханьню, да чаго рукі яе ніяк ня могуць прывыкнуць і толькі зьбянтэжана тузаюць завіўку.
    Да мяне ніколі не заходзяць, сказала яна, акрамя вучняў, ніхто не бывае. Раней, калі жыла мама, заглядвалі яе сяброўкі, а ўжо тым часам і яны паўміралі. Яна пагладзіла вышытую настольніцу і ўсьміхнулася, нібыта была абавязана перапрашацца перада мною за сваё адзіноцтва.
    Так гэта добра, што зайшлі да мяне, сказала яна, тонкім голасам забалянсаваўшы гэтае “так” на пачатку фразы.
    Ага, сказала я, мы жывём ужо дзесяць гадоў у адным з вамі доме, а ўсё яшчэ адна адну не наведвалі.
    Яна паглядзела на мяне з чаканьнем, і я адчула сябе мусовай растлумачыць, чаму мне ў гэты дзень аж так зарупела пастукацца ў
    дзьверы да Тэклі Фляйшэр. Яна падазравала, што я проста зайшла ў госьці, а я не магла адважыцца сказаць ёй неверагоднае што прыйшла толькі як вучаніца, а не візытантка, што сапраўды ніхто ў яе не бывае і я таксама.
    Во такі выдаўся дзень сёньня, сказала я. Прынамсі, хоць тут не схлусіла.
    Яна спакойна сядзела на бідэрмаераўскай сафе. Яе цёмна-чырвоны аксамітны касьцюм, шырокі мяккі кітэль з такімі самымі шырокімі штанамі-пірамідамі, быў такога самага колеру, як і невялікія ружы на абшыўцы сафы. Я ніколі не задумвалася, як добра выглядае кватэра Тэклі Фляйшэр. Цяпер, пабачыўшы, не магла сабе ўявіць ніякай іншай. Далікатны сакратэр, камода, стары медны таршэр з пажоўклым шаўковым абажурам, вялізазны мірт каля акна, прыгожы, ужо добра-такі стаптаны дыван каля дзьвярэй, усё ад перастаялае гістарычнасьці, як і сама Тэкля Фляйшэр, пастарэлая Тэкля Фляйшэр у абвіслай вопратцы, заўсёды такой крыху сьмешнай, калі яна з сарамлівым разьлётам сваіх барочных клубоў ішла па нашай вузкай, застаўленай прыпаркаванымі машынамі вуліцы.
    Усё тут спадчыннае, сказала яна, я ўсё тут ведаю, колькі сябе памятаю. Якое шчасьце, што мама нічога не выкідала, пры ўсім тым хламе, які можна купіць. Мне патрэбны рэчы прыгожыя.
    Я згадала свае чорныя крэслы і сказала, што ўсё тут вельмі добра ўпасавана, і яна, і мэбля. Што яна прыгожа глядзіцца на сафе, дадала я.
    Яна запляскала ў далоні, як малая. 0, усклікнула яна, вы робіце мне камплімэнты. Які сёньня цудоўны дзень. Гэта нам трэба адсьвяткаваць, у мяне там драбнютачка лікёру, што прыслала цётачка Хільдзі да дня нараджэньня. Што калі я Вас пачастую.
    He чакаючы адказу, пабегла на кухню і вярнулася зь дзьвюма лікёрнымі чарачкамі і зь непачатай пляшкай лікёру.
    Нешта італьянскае, сказала і потым па складах: а-ма-рэ-та.
    Даволі салодкая штука, нам добра ўсмакавала. Тэкля Фляйшэр расказала, што яна з таго часу, як сорак гадоў таму перабралася з Гюстрава ў Бэрлін, жыла ў гэтай кватэры, спачатку ўтраіх бацька, маці і яна, пасьля, як памёр бацька, удзьвюх, а цяпер вось адна. Яшчэ і маці давала ўрокі па фартэпіяна. Так вось і жывём далей, праўда ж.
    Я сказала, што мне здаецца, быццам чалавек у сваім жыцьці асуджаны рабіць адны і тыя самыя памылкі. Нават радыкальна памяняўшы ўсе вонкавыя абставіны і верачы, што ўжо раз і назаўсёды прадухілены паўтор нейкага пэўнага канфлікту, раптам зноў сутыкаесься зь нечым падобным да перажытага і зноў непазьбежна даесься злавіць сябе.
    Але ж фраў Палькоўскі, яна адставіла на
    стол сваю пустую чарку, вы не павінны гаварыць такога, вы такі моцны чалавек. Як мама. Мама таксама была чалавек моцны. Мне расказвалі, што вы пакінулі добрую пасаду, хоць вы на часе разьлічваеце толькі на сябе. Мне б Вашу мужнасьць, мілы мой Божа, я даўно пасекла б піяніна на дробныя кавалкі і павыкідала б іх у акно.
    Крыху схіліўшы галаву, ад чаго ўпарта выстаўляўся яе круглы, бясконтурны, схаваны ў шыі падбародак, гледзячы па-над міртам кудысьці бязмэтна ў акно, сядзела яна сярод ружаў на сафе.
    I вы ня любіце граць на піяніна, спыталася я. А я вось дык мару іграць на піяніна, нязбытная мара мая, бо бацькі колісь да дня нараджэньня замест піяніна падарылі акардэон, з пэдагагічных меркаваньняў. Сьпярша я павінна была даказаць сур’ёзнасьць сваёй любові да музыкі, перш чым у цесны пакой будзе ўбатавана такая чорная гаргара. Але ж як я магла даказаць сваю прыкіпеласьць да музыкі на акардэоне.
    Яна ня слухала мяне, усё глядзела ў акно, у якое марыла выкінуць піяніна.
    Я б хацела быць тэрарысткай, сказала яна раптам, тэрарысты не адзінокія. Калі яны шпурляюць свае бомбы, дык усё адно не адны, а пазьней, у турме калі, дык цэлы сьвет падымае гвалт, што вось каторы там мусіць сядзець у адзіночцы. А я кожнага дня сяджу адна, і ніякіх табе гвалтаў. Яна выцяг-
    нула ногі на сафе і адным глытком выпіла лікёр. Так, сказала яна, аж вось так далёка ў мяне заехала. Ці ж гэта ня страх. Мама перавярнулася б у труне, калі б ведала, што я кажу такія жудасныя рэчы. Мама была супраць усякага гвалту. Такі моцны чалавек, як мама, можа сабе лёгка дазволіць выступаць супраць любога гвалту. Ну вядома ж, я супраць, каб забіваць людзей, але я і супраць таго, каб чалавек вечна заставаўся адзін, каб ня бачыць нікога, апрача бяздарных гультаёў вучняў.
    Невялікае полымца падагравальніка адбівалася ў тоўстых шкельцах яе акуляраў і надавала ёй нейкага блізыру дзікай адвагі. Калі б не яе цяжкія клубы, я сапраўды магла б уявіць яе тэрарысткай, такой старамоднай рускай анархісткай у прыталеным дарожным строі і зашнураваных высокіх чаравіках, забойцай тыранаў, якая няўмольна дзівіцца ў вочы сваёй ахвяры, цэлячы ёй прамусенька ў лоб.
    Апошнім часам Вы рабілі ўражаньне шчасьлівай, сказала я.
    Калі б я раней не пыталася, ці магу стаць яе вучаніцай, я, прынамсі, магла б абгрунтаваць, што падазравала за дзіўнымі пераўвасабленьнямі Тэклі Фляйшэр. 3 той гарачнай жывасьці, якую я ў ёй назірала ў апошнія тыдні, цяпер я не адчула нічога. Замест бездапаможная ўзрушанасьць, поцяг да забароненых чынаў, якія я вельмі добра веда-
    ла, каб адразу ж не паддацца яе настрою. Але што было з Тэкліным каханьнем, можа, нават адзіным у жыцьці, якому яна ахвяравала свае доўгія валасы, дзеля якога яна раскрыла ўсё тое, што дзесяцігодзьдзі цнатліва хавала.
    Ах, фраў Палькоўскі, сказала яна, і яе тонкі голас затрымцеў, як злоўленая птушка, калі б Вы толькі ведалі. Зараз я зноў заплачу.
    Яна схавалася ў нэрвовы сьмех. А можна, я пакажу вам нешта вельмі прыгожае, сказала яна, нарэшце ўжо зноў з прыдуркаватай усьмешачкай, якое апошнюю гадзіну мне так не хапала на яе твары. Яна падняла падушку, пад якой ляжала чорна-белая фатаграфія, партрэт мужчыны, таямніца Тэклі Фляйшэр. Асьцярожна, каб не пакінуць адбіткаў на блішчастай паверхні, яна ўзяла фота за краі вялікім і сярэднім пальцамі і паклала мне на далоню. Мужчыну на фота было шэсьцьдзесят-семдзесят гадоў, ён нагадваў мне Курта Гёца; зьнешнія краі вачэй былі лёгка ўзьнятыя, пасмы сівых валасоў спадалі на лоб, вузкія, прыгожа ўразьлётныя губы, твар без сьлядоў, якія выклікаюць агіду. Зусім ня тое, што Бэрэнбаўм, хутчэй адзін зь нямногіх сымпатычных старых людзей, колішні мяцежнік, самнамбула, толькі ўжо здольны прымаць жыцьцёвыя ўрокі з аказіі недалёкай сьмерці.