• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вуліца Ціхая, шэсьць  Моніка Марон

    Вуліца Ціхая, шэсьць

    Моніка Марон

    Памер: 184с.
    Мінск 2010
    34.37 МБ
    Вы не давяраеце яму, спыталася я.
    3 мастакамі трэба быць асьцярожным, яны лёгка заводзяцца, калі заходзіць пра іх мастакоўскую свабоду. Вы што-небудзь ведаеце пра яго?
    Я чытала дзьве яго кнігі, лёгкія, на лёгкую ж пацеху палітычныя раманы, якія абавязаны сваім посьпехам непаразуменьню, сваёй крыклівасьці. Сусьветна вядомыя ісьціны Сэнсман пераказаў так спаважна, аж можна было падумаць, што сярод іх крыецца ягоная, асабістая, гэтым разам ужо самая ісьцінная ісьціна. Я сказала, што сама хоць і чула пра Сэнсмана, але каб чытаць, дык нічога ягонага не чытала.
    Бэрэнбаўм папрасіў дапамагчы накрыць стол на каву. Левай рукой ён адчыніў шкляныя дзьверцы шафы, у якой стаяў мэйснэраўскі кафейны сэрвіз, дэкараваны вінаградным лісьцем. Тры кубачкі і ўсё, што да гэтага яшчэ патрэбна, сказаў ён і пайшоў, болып шпарка і спаважна, больш напружана, чым звычайна, у кухню, паставіць вады на каву.
    Бэрэнбаўм і я разам накрылі кафейны столік для госьця, якога мы разам чакалі. Я адзначыла свае руцінныя, звыклыя рухі. Рабіла ўсё машынальна. Сподачкі, кубачкі, дзе, калі ласка, лыжачкі. Вось гэтак сама я з мамаю, калі яшчэ жыў тата, кожнае нядзелі накрывала стол на каву. Нешта фамільярнае пайшлося паміж Бэрэнбаўмам і мною, нейкая забароненая нармальнасьць.
    Нарэшце пазванілі. Бэрэнбаўм трошкі памарудзіў, ідучы да дзьвярэй, нібыта не хацеў стварыць уражаньне, што чакаў госьця нецярпліва.
    Віктар Сэнсман выглядаў як і на фота, якое я бачыла: бледны твар, на якім рэзка праступалі шырокія косьці сківіц, маленькія, нібы агорнутыя вечнай усьмешачкай вочы, высока ўскінутыя бровы пад наўскаса змаршчыненым лобам, усё выдавала намаганьне кожнае хвіліны рабіць уражаньне цікаўнага і разважлівага чалавека. На ім былі джынсы і зямлістага колеру ваўняны жакет са скуранымі налокатнікамі. Бэрэнбаўм прадставіў мяне як сваю правую руку і
    ў доказ таго паклаў на стол дрыготлівы кавалак мяса, які я мела замяняць яму.
    Ён не давярае мастакам, сказала я, каб растлумачыць маю прысутнасьць.
    Законна, законна, пасьпешліва сказаў Сэнсман, з чаго ніяк не вынікала, ці ён ухваляў Бэрэнбаўма, ці яму пагражаў.
    Я наліла кавы. Сэнсман падзякаваў лёгкім мігам вачэй. Што прывяло яго сюды гэта непаўторна яркая біяграфія Бэрэнбаўма, сказаў ён. Мне здалося гэта залішне, але даравальна, зрэшты ж ён мусіў неяк дагадзіць Бэрэнбаўмаваму настрою, пры патрэбе, можа, нават улесьціцца, калі ўжо хацеў нешта выкалупаць зь яго. Мне нават хацелася ягоную перабольшаную ветлівасьць амаль кожны свой сказ ён пачынаў з “гер прафэсар” прыняць да ведама як іронію альбо знак сувэрэннай пагарды. Бэрэнбаўм жа, праўда, ня даў сабе клопату распазнаць у гэтым нешта іншае, чым толькі высокі рышпект. Ня трэба было быць Сэнсманам, каб ведаць, што ён ніякі не агітатар, не “патрасацель умоў і ваабражэній”. У ягоных кнігах таксама не было ніякіх мяцежнікаў духу, толькі нейкія безабаронныя стварэньні з высахлымі душамі, так што я, чытаючы, пыталася ў сябе, як ён мог на працягу ўсяго пісаньня дабравольна вытрымліваць кампанію гэтых герояў, не зрабіўшыся мяцежнікам за іх ці супроць іх. Ён быў танчэйшы, чым я думала, сухашчавае цела бяз плоці і
    мышцаў, перад якім ён накрыж і вуглавата трымаў свае верхнія канечнасьці, чым вельмі нагадваў садовае крэсла-складанчык. Ён крануў мяне, і хоць кволая постаць і яе адбітак у ягоных кнігах хутчэй адгіджвалі, я не магла выносіць самога дапушчэньня, што ён думае пра мяне, як я думала пра хатнюю служанку, што менавіта яна і была Бэрэнбаўмава крэатура. Мне падціскала і падпірала намякнуць яму, што ён, калі хоча займець хаўрусьніцу супроць Бэрэнбаўма, можа мець памянёную ўва мне і што ён мог бы разьлічваць на мяне.
    Недзе праз паўгадзіны я ўжо стаяла паміж люстранымі дзьверцамі шафы і абцягненым аксамітам гарнітурам, вішчала і палівала як магла Сэнсмана, называла яго сьмярдзючым дрыстуном, а Бэрэнбаўма вузкалобым бонзам, чыёй падручніцай я ні хвіліны болып быць не хачу. Прычына майго шалёнага прыпадку, дзіцячай неабмежаванасьці якога я засаромелася ўжо ў момант самога выбуху, была сьмешная; ня менш сьмешная, як і дапушчэньне, што такому чалавеку, як Віктар Сэнсман, хай сабе ён і худзюшчы, бы Хрыстос на крыжы, патрэбна маё заступніцтва.
    Сэнсман расказаў, што працуе над раманам пра жыцьцё ў Бэрлінскім унівэрсытэце на пачатку шасьцідзясятых гадоў, і як што Бэрэнбаўм у тыя часы ва ўнівэрсытэце чыніў важныя функцыі, ён спадзяецца атрымаць меркаваньне гера прафэсара пра пэўныя да-
    кумэнтальна мала зафіксаваныя падаплёкі. Яшчэ пакуль Сэнсман гаварыў, на твары ў Бэрэнбаўма расплылася амброзія боскай шчырадушнасьці, міласлаўя і гатоўнасьці шчодра і любадушна ўзычыць таго, падзяліцца чым ён ласкава папрошаны. Гэта быў хвалюючы час, як вы можаце сабе ўявіць, і так неяк адразу пасьля пабудовы нашага антыфашысцкага абарончага вала, сказаў ён.
    Адно толькі запрашэньне ўпісаць гэтыя словы, нібыта былі яны як словы, скажам, “кветка, сабака і мур”, абурыла мяне. Я занатавала: Б.: час пасьля збудаваньня “антыфашыву” быў хвалюючы.
    Сэнсман сказаў, што тады яму было чатырнаццаць, гэта мела азначаць, што ён быў занадта малы, каб нешта цяпер успомніць, альбо што ён быў недастаткова дарослы, каб асьмельвацца цяпер успамінаць адназначна дакладна. Толькі паведамленьне, што Сэнсман у той час быў на дваццаць чатыры гады маладзейшы, чым цяпер, здалося мне банальным, залішнім для пратаколу.
    Тады, сказаў Бэрэнбаўм, перад гістарычным жніўнем 61-га, яму, калі раніцай, перш чым увайсьці ва ўнівэрсытэт, ён глядзеў на ліпы, часта бывала ўява, быццам ён бачыць, як патокі жыцьцядайнага соку маладой рэспублікі чырвона-пульсіўна выліваюцца з Брандэнбурскай брамы проста на прагныя, драпежныя целы ворага.
    Сэнсман маўчаў, запаліў цыгарэту; выпус-
    каючы дым першай зацяжкі, ён глядзеў на мяне. Гэты позірк, ды яшчэ і разнапружанае, падобнае на ўздых, выдыханьне дыму, справакавала мяне на подумку, быццам ён хоча пасыгналізаваць мне пра палёгку, якую ён, глянуўшы на аднадумніцу, мог бы атрымаць. Я падумала нават, што разгледзела просьбу ў Сэнсманавых вачах. Сэнсман ня мог адважыцца на адкрыты пратэст ці нязгоду, і я павінна яму дапамагчы.
    I тады Вы самі рашылі, што лепей пускаць кроў, і пабудавалі мур, каля якога маглі б дзюравіць людзям целы, сказала я.
    Дзьве-тры сэкунды было так ціха, нібыта ўсім дух перахапіла. Тады выступіў Бэрэнбаўм, усьміхнуўся Віктару Сэнсману: але ж бо так,, фраў Палькоўскі, і з такімі поглядамі, як у вас, мы тады ва ўнівэрсытэце мусілі змагацца.
    А Сэнсман сказаў Бэрэнбаўму тонам, які гучаў, быццам разумныя дарослыя паразумеліся за плячыма ў недальнабачнага дзіцяці: я таксама думаю, што гэта было неабходнае рашэньне.
    Я шпурнула аловак у мэйснэраўскае чарэп’е зь вінаградным дэкорам і закрычала.
    Сярод няшчасьцяў майго дзяцінства было і тое, што мой бацька быў дырэктарам школы, у якую, паводле распарадку пра параён-
    нае разьмеркаваньне школьнікаў, я мусіла хадзіць. Мой бацька некалькі разоў спрабаваў аберагчы мяне, а найперш сябе самога, ад гэтай пакуты. Але па няўмольнай волі ўладаў мы, нават і па-за хатняй сямейнасьцю, дзесяць гадоў заставаліся адно да аднаго прыкаваныя.
    Адсутнасьць бацькі ў першыя сем гадоў жыцьця зрабіла маё выхаваньне справаю Іды і мамы. Бацька ўмешваўся толькі тады, калі ён лічыў патрэбным абараняць маму ад мяне, альбо, што здаралася часьцей, калі трэба было заняцца маім палітычным выхаваньнем. Тады ён падсаджваўся да мяне за круглы стол, засланы белым з блакітнымі гарошынкамі абрусам, і гаварыў пра аплот сацыялізму, які ўсупрацівіўся імпэрыялістычным падпальшчыкам вайны, пра слаўную барацьбу камуністаў за канчатковае вызваленьне чалавецтва, пра апошнія кроплі крыві і сьвятыя ахвяры, якім і ён даў прысягу. Цікавей было, калі ён расказваў, як ён, просты рабочы хлопец, біўся з гімназістамі, што ён азначаў як “мая школа клясавай барацьбы”. Перад словамі “гімназія” і “гімназісты” ён заўсёды рабіў кароткую паўзу, нібыта зьбіраў іх, як сьліну ў роце, каб потым гідліва выплюнуць.
    Ня мела значэньня, пра што ён гаварыў. Толькі што ён сам-насам са мною сядзеў за сталом і свае словы адрасаваў толькі мне, было адзінае, што значэньне мела. Часам я
    ледзьве слухала яго, а больш рабіла так, каб ён паверыў, што я слухала яго, Я намагалася выглядаць разумнай і ўважлівай, час ад часу згодліва ківала, каб ён ня страціў апавядальніцкага імпэту. Нягледзячы на гэта, яго пэдагагічныя высільваньні ніколі не зацягваліся больш як на дваццаць хвілін. Тады ён звычайна прыціскаў абедзьве далоні да канта стала, адціскаўся назад, казаў: так, тады мы яшчэ разок, і ішоў у свой кабінэт.
    Я прыдумвала сабе пытаньні, якія, лічыла, яму падабаюцца. Кожныя колькі гадоў нараджаецца такі геній, як Сталін? Кожныя сто, а можа, толькі кожныя дзьвесьце. Ці будуць пры камунізме забойцы? He, тады забойцаў больш ня будзе. Гэта былі фальшывыя пытаньні, на іх лёгка было адказваць. Я ўсё яшчэ стаяла каля стала, чакаючы, калі ён зноў пакіне пакой.
    Я пачала прыдумляць пытаньні, на якія ён не адкажа адным сказам, разьдзяліўшы яго на чатыры-пяць крокаў каля мяне, і пры гэтым зрабіла адкрыцьцё, безь якога маё дзяцінства, маладосьць і чорт яго ведае што яшчэ, склаліся б інакш. Над гэтым пытаньнем я працавала цэлы тыдзень. Я была ўпэўненая, што яно азадачыць яго, зробіць уражаньне і што яно будзе дастаткова складанае для даўжманай размовы за сталом. Я перачакала адзін вечар, калі мама пазьней вярталася дамоў і я магла спадзявацца, што ніхто не адцягне яго ад мяне і ад майго пы-
    таньня. Ён і я сядзелі за вячэрай. Ён еў памідоры. Калі рабочая кляса самая прагрэсіўная кляса, сказала я, яна, як адзіная такая кляса, магла бы запабегчы фашызм; чаму рабочая кляса не зрабіла гэтага. Ад цынгі ў час палону бацька страціў усе зубы. Калі ён еў хлеб, дык часта высоўваў язык і зьлізваў крошкі. Ён высоўваў ніжні рад дзяснаў над ніжняй губой і гэта выглядала, быццам ён шчэрыць зубы. Праглынуўшы нарэшце такім спосабам адкушанае, ён спытаўся, хто мне набрахаў усяго гэтага глупства.
    Горш і быць не магло. Ня толькі таму, што пытаньне яму не спадабалася, ён паставіў нават пад сумненьне маё аўтарскае першародзтва. Я баранілася, сама ўжо ня ведаю, як. А бацька быў перакананы, што я стала ахвярай варожых падкопаў, але так і ня змог растлумачыць мне, хто ж, апрача рабочай клясы, мог бы заступіць дарогу фашызму.