• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вуліца Ціхая, шэсьць  Моніка Марон

    Вуліца Ціхая, шэсьць

    Моніка Марон

    Памер: 184с.
    Мінск 2010
    34.37 МБ
    Шчыра кажучы, мне можна было б цяпер ісьці. У Брунавым мужчынскім жыцьці мне месца не было. Я спрабавала забыць усіх гэ-
    тых мужчын, якія паміж сабою зваліся Пеці, Шміці, Гайнцы, Андзі, Мані, і якіх Бруна называў “мае піўныя сабутыльцы”, забыць іх і адрозьненьне паміж імі і мною. Я піла зь імі шнапс і піва замест віна, я высьціплівалася, умешваючыся ў іхнія размовы пра паэзію “загазаванай” галавы і сродкі драўлянай абароны, паказала сябе бяз памяці цікаўнай, прагнаю найперш да ведаў, я сьмяялася зь іх жартаў. Але заўсёды адчувала тую напружанасьць, якую ўносіла ў іхнія гаворкі. Яе самая пэўная прыкмета была, калі яны, зьвяртаючыся да мяне, гаварылі ўжо не пабэрлінску, а па-верхненямецку, нібы я была іншаземка альбо дзіця малое, зь якім сьлед гаварыць павольна і выразна. Ты хацець піць, га?
    Кнайпа апошняе прыпірышча мужчынскай свабоды, сказаў Бруна. Да гэтага належала і тое, што ў сапраўднай мужчынскай піўной кнайпе жанчына не павінна падаваць голасу. Жанчыны парушалі парадак, які сталявала ў сябе кожная паважаная кнайпа праз свабодную гульню сілы з часам, бо ж вядома, ніводная кнайпа, як і наогул нішто ў сьвеце, ня выжыла б безь першынстваваньня. У Брунавай кнайпе першынствавалі лаціністы над нелаціністамі.
    У кнайпе, казаў Бруна, калі толькі яна не шарварак сутэнёраў і галаварэзаў, найперш пануе прага да цікаўнасьці. Нішто так не палохае піўнога чалавека, як тупагало-
    васьць. Лаціністы ўнесьлі ў абыход самую цікавую частку, і таму вельмі ж натуральна, што першынства было за імі.
    Я лічыла Брунава тлумачэньне інфэрнальных сілаадносінаў у кнайпе ідэалізаваным, бо Граф, які ня быў нецікаўны, у іншыя дні быў нават цікаўны больш за Бруна, ніколі б не падняўся да стану валадара цесьляроў, артыстаў і кулісьніка ўжо хоць бы за свае абвіслыя плечы і за мяккія, амаль жаночыя сьцёгны. Больш вырашала тут ня так вучонасьць лацініста, як нічым не прыкрытая, шчырая ваяўнічасьць, якая пераходзіла яму ў кроў ужо пасьля першай прынятай кроплі алькаголю. Як замерзлы ў сьцюжу хрушч, які, калі яго адхукаеш, жыцьцярадасна распраўляе крылцы і спрабуе палёту, так Бруна пачынаў нэрвова патузваць каленам, распраўляць карак і высочваць ахвяру.
    Сяды-тады ён задавальняўся тым, што заканчваў расказы іншых асацыяцыямі альбо цытатамі, якія мамэнтам ператваралі ў нішто ўсе намеры расказчыкаў і зысквалі Бруна буру воплескаў і рогат слухачоў. A іншым разам ён шукаў спрэчкі. Тады пагойдваньне сьцягна пераходзіла ў вібрацыю, і ўжо хапала самай дробязнай заўвагі, скажам: Пеці падарыў сваёй жонцы ў дзень нараджэньня гадзіньнік, каб падняць Бруна ў штыкавую атаку супроць дзён нараджэньня, шлюбаў, дарункаў, асабліва супроць дарэньня ўсякіх там гадзіньнікаў, і ўсё гэта магло
    закончыцца філязофскім дыскурсам пра сьвет валоданьня, першы выбух матэрыі і чацьвёртае вымярэньне.
    На памяці няма такога выпадку, каб Бруна ў спрэчках быў пераможаны, нават у самых ідыёцкіх. I ніхто ня меў крыўды ад яго перамогі. Як што пераможаныя ўсяго толькі крыху недаацэньвалі сваю сілу духу, дык ім самім дужа залежала б, калі б Бруна, іхні геній Бруна, паддаўся ім.
    Бруна сказаў: ну, Роза, як табе жывецца, як той статуі свабоды?
    Box, box, box, шаптаў Граф за плячыма ў Бруна і памахаў як веерам рукою, нібы апёкшыся.
    Добра, сказала я і адмовілася ад намеру перагаварыць з Бруна пра Бэрэнбаўма, дзеля чаго я прыйшла ў кнайпу.
    Чым больш я працавала на Бэрэнбаўма, тым больш мацнела маё пачуцьцё, што я раблю нешта недазволенае. Пакуль я маўкліва запісвала ўсё, што Бэрэнбаўм дыктаваў, я часта сама ў сябе пыталася, ці не раблю я сябе саўдзельніцай, ці не раблюся ягонай хаўрусьніцай, дапамагаючы яму “здойлідзіць” сабе пісьмовы помнік. Што Бэрэнбаўм прывык да мяне, што па аўторках і пятніцах ён, здавалася, нават быў мне рады, гэта толькі пагоршыла справу, прынамсі, я, каб неяк апраўдаць сваё падручніцтва пры ім, павінна была, як шпіён, разумець і ўмець абгрунтаваць Бэрэнбаўмавы прывычкі спаць, яго
    хваробы, яго густ, яго найсмачнейшанькае, яго таемныя подумкі і намыслы, бзікі і далеглівасьці, як нехта, хто заплянаваў хітрае, падступнае забойства і перад тым дасканальна вывучае ахвяру.
    Бруна сядзеў, абапершыся рукамі на канторку, на барным зэдлі і пагойдваў нагою. Роза, сказаў ён, ты павінна быць fair. Ужо каторы год мы дапускаем цябе ў якасьці публікі да нашага жыцьцёвага экспэрымэнту, праўда, пане Графе?
    Ну ж, гэтага не аспрэчыш, мадам Разалія.
    Ты ўсё павінна суперажыць, і тое, як Маер дапіўся да цырозу, і як Курці зьбег да ананімных алькаголікаў... I як Кліфі ўшчэнт скліфіўся і цяпер, во бач, ужо на мяжы, калі ня ў межах, здаровай дэбільнасьці, перабіў Граф.
    Кліфі заўдзячыўся гэтым імем сваім падабенствам да аднаго пэрсанажа з сэрыялу “Далас”, прыдуркаватага Кліфа Барнэса. Граф, якому першаму кінулася ў вочы тое іх падабенства, адразу зь вялікай радасьцю разбрахаў гэтую неверагодную кнайпавую сэнсацыю. Вы ня зьмецілі, які падобны наш В. да гэтага Кліфа Барнэса, шапнуў ён аднаго разу кожнаму, мне таксама, на вушка. 3 таго часу ён гаварыў пра няшчаснага В. толькі як пра Кліфа і адразу ж тым мамэнтам увёў слова “кліфны”, як сынонім слова “дурны”.
    Мушу прызнацца, апошнім часам мне стала проста папярок, які кліфны наш Кліфі,
    сказаў Граф. Ён ужо разьвіўся ледзь не да саслоўнай праблемы, Брунох.
    Кліф, дыплямавана-ўступенены хімік, належаў да лаціністаў, хоць ужо і ня памятаў латыні, але гарой стаяў за свой фах, як і ўсе лаціністы, акрамя Графа і Бруна, па якіх цесьляры і прыкулісьнікі называлі ўсю шоблу рознага падблядзьдзя, што шамшурылася вакол абодвух.
    Чуеш, Роза, сказаў Бруна, ты нават можаш назіраць Кліфава скліфаваньне, толькі ты сама хочаш, выключыўшы грамадзкасьць, экспэрымэнтаваць.
    Нічога ня здарылася, сказала я, мая фартэпіяншчыца ўсё яшчэ закаханая.
    Роза, сказаў Бруна і ўзяўся за трэцяе піва, ужо паўгода як ты вырвалася на свабоду. Што ты там робіш, на той тваёй свабодзе, скажы нам, Роза, што.
    Адзін пэнсіянэр з пасуседзтва дыктуе мне гісторыю сваёй сям’і для сваіх унукаў. Яго разьбіў паляруш, правая рука паралізаваная, сказала я, ужо падазраючы, што Бруна не абыйдзецца адной гэтай даведкай.
    Ён недаверліва прымружыў вока. Што гэта за адзін такі, гэты ваш пэнсіянэр, што аж можа дазволіць сабе такі люксус?
    Ён быў урач, сказала я, астатняе нецікава, толькі такое свайго роду дасьледаваньне продкаў, і, каб зусім зьвесьці Бруна з гэтай дарогі, я спыталася, ці ведае ён, чаму “Дон Джыавані” так рэдка сьпяваюць па-нямецку.
    Бруна ссунуўся са свайго зэдля. Вы чулі, Граф, Роза цікавіцца опэрай. А ніколі ж опэрай не цікавілася. Дык вось як яно ў цябе на свабодзе, якая дзівосіна павялася у опэру уелася. Бруна, падымі свой куфаль, памахай як трафеем. За свабоду. Хай жыве свабода.
    Памыляесься, апошнім часам я дужа як цікавіўся опэрамі, кінуўся Бруна ў вір свабоды.
    Ах, Граф, чаго мы не нарабілі б, вы і я, там, на свабодзе.
    Сапраўдная свабода ня мае вобразу, і нідзе яе не знайсьці, хіба што за турэмнымі мурамі, высловіўся Граф тонам, які не цярпеў нічыйго, нават Брунавага, пярэчаньня. Некалькі імгненьняў мы маўчалі, разам падумаўшы пра тры гады, якія Граф, як кол асовы, тырчаў у турме. Гэта было амаль чвэрць стагодзьдзя таму, калі Графа пасадзілі.
    Бруна першы адважыўся зноў загаварыць. Вы маеце рацыю, Граф, свабода ня месца. A калі б яна была месцам?
    Я думаю, сказала я, свабода таксама месца, як і чалавек ёсьць месца.
    Бруна застагнаў. Граф, якому такая рэзкая калдобістасьць яўна была ня ў кайф, сказаў асьцярожна: прычым, натуральна, нельга выпускаць з-пад увагі, што ў чалавека тут ідзецца пра канкрэтум, а ў свабоды, наадварот, пра абстрактум. I Бруна сказаў: кінь сваю філязофію, нарэшце, Роза, перастань.
    Я б яшчэ ахвотна дадала, што ў канкрэ-
    туме чалавека абстрактум свабоды можа існаваць, як бунька паветра ў бурштыне, якая без бурштыну, зрэшты, нішто, толькі паветра, і ні ў якім разе ня бунька, не пузырок, але змоўчала, бо падумала была, што Бруна і Граф толькі сапсавалі б мне гэтую цудоўную думку сваёй чыстай філязофіяй, ды і таму, што, шчыра кажучы, мне было ўсё роўна. Я ані не цікавілася опэрай, не была ў тым месцы, дзе Бруна намацаў нейкую там свабоду. Мяне цікавіў Бэрэнбаўм, а пра гэта гаварыць не хацелася.
    Вернемся да самага ўстаялага, сказаў Бруна. Свабода гэта зазірк у неабходнасьць, з чаго вынікае: яшчэ адно піва, калі ласка.
    Я сказала Бруна, што ў бліжэйшыя дні паяўлюся ў яго, дазволіла Графу пацалаваць мне ў руку і пайшла.
    Дома я ўзяла зь лядоўні пачатую пляшку віна і села ў адно з шасьці чорных крэслаў, адкупленых у Пеці. Нейкі ягоны cousin з захаду падарыў яму да саракагодзьдзя храміраваныя сталёвыя трубкі і мяккія, дыхтоўна абцягненыя грубай бавоўнай падушкі. Ужо праз два тыдні Пеці паскардзіўся на дэпрэсію, якая забрала яго з той самай хвіліны, як у яго ў доме паявіліся гэтыя чорныя прадметы. Калі ж у дадатак ён даведаўся, што крэслы зрабілі на Ўсходзе, а на Захадзе ў ІКЕА яны танейшыя, ён выліў свой шал за Ўсход, на скнару cousin’a і на крэслы, якія ён называў “чорныя пачвары”. Можа, на-
    ват, каб ніхто ня бачыў, шпыняў іх нагамі. Аднаго разу ён спытаўся: калі хто хоча мець гэтыя пачвары, дык дзьве тысячы марак за штуку. I я ўзяла.
    Я сядзела зь пяцьцю крэсламі за сталом, піла віно і больш нічога не рабіла. Пяць чорных крэслаў, як пяць мужыкоў у чорных гарнітурах, у чорных чаравіках і без галавы сядзелі вакол мяне, нібыта зьбіраліся пахаваць мяне. Як мы толькі што пахавалі Бэрэнбаўма. Усе мы ў чорным, у чорных чаравіках. Толькі сам Бэрэнбаўм, нябачны сярод шаўковых падушак пад векам дамавіны, толькі ён там насіў свой галубіна-блакітны гарнітур.
    А ў гэты вечар я сядзела сярод пяці, як шостае крэсла, як адзін зь пераапранутых безгаловых мужыкоў, што зьбіраліся пахаваць мяне, сядзела і піла віно. На здароўе, гер-геры, налівайце за каўнер, калі ўжо горлам не спадоблены.
    Я падняла чарку. Пяцёра заставаліся нямыя і нерухомыя, што мне зусім і не заважала. Я толькі спыталася ў сябе, ці праўда-такі гэта пяць зусім незнаёмых, а можа, нават і варожа натапыраных мужыкоў, якія бачкомбачком, празь Пеці, ушыліся ў мой дом, каб выпрабаваць на мне сваю дэпрэсіўную сілу, пасьля таго як Пеці ўнюхаў засаду. 3 такімі думкамі я спаражніла ўсю пляшку. А калі ўстала, каб пайсьці на кухню па другую, заўважыла яе: бледна-фіялетавая касмэя з букету, часткаю якога яна ў белай вазе стаяла