Вуліца Ціхая, шэсьць
Моніка Марон
Памер: 184с.
Мінск 2010
Я шчыра зычыла Тэклі Фляйшэр шчасьця, дзеля якога яна так бяздумна аддалася сьмяхоцьцю, хоць гэта і заступала дарогу майму жаданьню навучыцца іграць на фартэпіяна.
Жанчына ў блюзоне зь ліпава-зялёнымі рукавамі-крылцамі, якая адчыніла мне дзьверы, і з голасам, падобным на шкрабаньне па бляшаным вядры, гукнула гера прафэсара, наліла Бэрэнбаўму кавы, памяшала ў ёй два кавалачкі цукру і паклала кавалак яблычнага торту на талерку. I моўчкі выйшла з пакоя.
Частуйцеся, сказаў Бэрэнбаўм.
Пакой Бэрэнбаўмаў быў падобны на такі самы ў маіх бацькоў. Цёмна фурніраваныя сьценкі шафы зь люстранымі дзьверцамі, за
якімі пабліскваў посуд, абцягнены сынтэтычным аксамітам мяккі гарнітур, грубатканая ваўняная накідка на прамакутным стале, вытрыманы ў цёмна-чырвоных тонах пэрсыдзкі дыван, чорныя парцьеры са стылізаванымі кветкамі, усё мне было знаёмае, свойскае. Баўгарскі кілім быў такога ж самага ўзору, як і ў маіх бацькоў, але болыпы. Хіба што да стракатай лякіраванай рускай драўлянай лялькі, у тоўстым жываце ў якой гадаваліся меншыя, а ў тых яшчэ меншыя лялькі, тут было яшчэ дзевяць іншых, якія шнурам стаялі на паліцы шафы-сьценкі. У ляльку, якую падарылі майму бацьку, калі ён незадоўга да сьмерці езьдзіў у Ленінград, улазіла толькі чатыры.
I яшчэ над канапай не віселі, як дваццаць гадоў таму назад у маіх бацькоў, сланечнікі Ван-Гога, а нейкі постімпрэсіяністычны пэйзаж, на якім можна было разгледзець восеньскі, як бы заржавелы бярэзьнік пад бясхмарным блакітным небам.
Зь дня сьмерці жонкі я тут нічога не мяняў, сказаў Бэрэнбаўм.
Я спыталася, думаючы, што абавязана з далікатнасьці спытацца, калі памерла ягоная жонка.
Тры гады таму назад, сказаў ён; сам якраз ляжаў з сардэчным прыступам і нават ня змог пахаваць яе, пасьля пяцідзесяці гадоў, калі мы належалі адно аднаму.
Ён так і сказаў: належалі адно аднаму, і
я падумала была, што яго жонка, мусіць, ужывала менавіта гэтыя словы. Ён насіў вінна-чырвоную вязаную кофту, пад якой добра выдзяляліся яго крывая сьпіна і абвіслыя плечы, як косьці пад скурай старой жывёліны, і я ўпершыню ўбачыла, які ж ён зьлядашчаны ў гэтым сьвеце. Мне адразу падумалася, што і мой жа бацька насіў такую саму кофту і падобныя пантофлі, бардовыя скураныя пантофлі, і яшчэ падумала, што такую самую хвіліну я ўжо перажывала, так вось сядзела і што я павінна ведаць, як павядзецца гаворка далей, бо была ўжо такая гаворка аднаго разу, але я сядзела і ня ведала, я ўвогуле ня ведала, што мне сказаць.
Яго правая дрыготкая рука спачывала на сьцягне, так сказаць, прысутнічала, як трэцяя асоба. Я паспрабавала не зважаць на сьветлы, як бы трэсены ў працяглай агідзе кавалак мяса, доўга разьмешвала малако ў каве і чакала, рашуча, каб не гаварыць ні пра што, пра што буду спытаная. Ён сказаў звычайнае: ён упэўнены, што мы спрацуемся, абыйдземся адно адным, што патрэбен толькі спрыт маіх пальцаў. Але, само сабой зразумела, калі я заўважу нешта сумнеўнае, вартае крытыкі, дык калі ласка, можна гаварыць, ён будзе толькі ўдзячны за кожную падказку, зрэшты бо ён жа ніякі не пісьменьнік, і толькі абавязак пакінуць будучым пакаленьням сьведчаньне змушае яго
ўзяцца за пяро, ха-ха, сымбалічна, вядома, я ж сам разумею.
Ага, значыцца, яму ўсё-такі патрэбна была і мая галава. Мая думка яму менш крывавая, чым фраза, у якую ён сьлізгануў. Усё адно ён прагне маёй галавы, хай так, хай гэтак, дзе трушком, дзе подбегам верне да свайго, і я зрабіла выгляд, што не заўважыла нічога.
Пасьля кавы мы пайшлі ў кабінэт, квадратнае памяшканьне, асуджанае на вечны змрок магутным букам па той бок акна. Ён сеў за пісьмовы стол каля акна. Вельмі цьмянае сьвятло і раньні прысьмерак надвячэр’я рэдукавалі Бэрэнбаўма ў цёмны контур, падобны на кардонную мішэнь на стрэльбішчы. Мне ён паказаў месца за невялікім круглым столікам, на якім стаяла машынка, пачварына, ад якое струменілася сівая гісторыя, маркі “Rheinmetall”.
Ён пачаў, як я і чакала. Бэрэнбаўм быў з Рура, бацька гарняк, дзед гарняк, маці прававерная каталічка, бабка прававерная каталічка. Бэрэнбаўм нарадзіўся ў 1907 годзе ў беднай сям’і. Усе пралетарскія сем’і былі тады бедныя, мая таксама. Мяне ня дужа цікавіла, што там дыктаваў Бэрэнбаўм і што я ўрэшце мусіла занатоўваць рукою, каб прачытаць пасьля яму дзеля паправак. Хоць я і не магла бачыць ягонага твару, але была ўпэўненая, што Бэрэнбаўм назірае за мной. Я спрабавала прыхаваць сваю нецікавасьць, не прыкідваючыся зацікаўленай.
Пайшло так, што Бэрэнбаўм пачаў распытвацца, якому, гэтаму ці гэтаму, слову аддаць перавагу, на што я адказвала заўсёды нерашуча. Што, ведаеце, сама ня ведаю, альбо што, думаю, можна і так, і так. Ён усё прымаў.
3 таго часу два разы на тыдзень папалудні, у аўторак і ў пятніцу, я працавала ў Бэрэнбаўма. Роўна ў тры гадзіны я званіла ў дзьверы, якія кожны аўторак адчыняла ахмістрыня, а кожнае пятніцы сам Бэрэнбаўм, бо ахмістрыня па пятніцах сыходзіла дамоў ужо а першай гадзіне.
Наша супрацоўніцтва, калі так можна назваць маю зь ім працу, фармавалася амаль гарманічна. Калі не зважаць на тое, што Бэрэнбаўм увесь час назіраў за мною, дык у астатнім ён карэктна трымаўся нашай дамоўленасьці. Я павінна была пісаць і больш нічога. Аднаго разу ён прадыктаваў мне пяць старонак, з чаго я зрабіла выснову, што ўсе астатнія дні тыдня з дысцыплінай мужчыны, які прывык лічыць сваю працу важнай, ён рыхтаваўся да нашых пасядзелак. Зрэшты, я была радая, што прыняла прапанову Бэрэнбаўма.
Хоць нікому пра гэта і не гаварыла, але прывыкала я да жыцьця па той бок прыдатнасьці і абавязку даволі цяжка. Я ўсё яшчэ прачыналася кожнае раніцы а палове сёмай, а калі ўвечары заседжвалася позна, дык мне вельмі рэдка ўдавалася заснуць адразу. Усё
ў маім жыцьці пачыналася а восьмай раніцы: дзіцячы садок, школа, нават унівэрсытэт, праца ў інстытуцыі Барабаса. Нягледзячы на гэта, гадоў дзесяць-пятнаццаць да таго ў адпачынку альбо ў канцы тыдня да абеду я магла паспаць. Потым гэтая прывычка ўзьвялася ў закон, які, калі парушаўся, нязьменна цягнуў за сабою пакараньне ў выглядзе кашмарных сноў. Адразу пад самай паверхняй сну прабівалася я праз свае альпійскія мроі, як тапелец праз ваду. I ледзь толькі мой балючы мозг вымыкаўся з блытаніны падзейнасьці ў ратавальнае пазнаньне таго, што няма чаго па-сапраўднаму баяцца толькі што сасьнёнай небясьпекі, як ужо наплывала новая хваля сну, які адразу замыкаў мне рот і нос і не даваў дыхаць. Я гэтаму не супраціўлялася (хай будзе што будзе), пакуль праз пэўны час, працягласьць якога ня я сама вызначала, разамлелая і вычарпаная да дна, не вынырвала ў дзень.
Цяжар сноў навальваўся на мяне тым больш, чым менш я іх запамінала. Нават калі ўдавалася, прачнуўшыся, неяк уратаваць у памяці самы апошні, ад папярэдніх заставалася нейкае дыфузнае прыгнечаньне, якое часта не адставала ад мяне цэлы дзень, як цень, я нават больш хацела ўставаць а палове сёмай ці самае позьняе ў сем і пераносіць увесь дзень ва ўсёй яго працягласьці. Часам я сядзела да палудня за сталом са сьняданкам і разважала, што б такое зрабіць з сэн-
сам. Што я павінна вывучаць мовы і чытаць сусьветную літаратуру, гэта разумелася само сабой. Але найперш мяне цягнула да дзейнасьці, я толькі ня ведала, да якое. Прага да дзейнасьці існавала ўва мне супроць маёй волі і не сьціхала. Я лічыла яе сьмеху вартай, а часам прыпісвала ёй сакральную значнасьць, быццам аднаразовае дзеяньне магло надаць цэльнасьці ў галаве таму, што раней бясформна адклалася зь безьлічы выпадкаў і цяпер ляжала ўва мне вялікай часткай біяграфіі. Мая першая думка пра дзейнасьць была заўсёды зьвязана з вобразам уздыбленага белага каня, падшпоранага верхаўцом на скачок цераз прорву, якое ён баяўся. Карціна была з маёй кнігі казак, якую мне нехта, я думаю, што гэта была мая цётка Іда, падарыў для разглядваньня.
Два разы на тыдзень папалудні я была занятая, ня маючы патрэбы думаць пра тое, чым жа мне заняцца. Думка пра раўнамерны, хоць і сьціплы прыбытак, таксама супакойвала.
У цішыні могілак гулка гучалі мае тупаткія крокі па цьвёрдай пясчанай дарожцы. Людзі каля капліцы былі ў руху. Малыя групкі, у якіх яны дагэтуль былі разьмеркаваны на плошчы ў дваццаць-трыццаць мэтраў і, агляданыя здалёк, здаваліся амаль
нерухомымі, разьбегліся і цяпер, павольна сфармаваныя ў вялікую чорную грамаду, зь якое яны ператварыліся ў даўжэзны ланцуг і паводле рангу і ступені іх адносін да нябожчыка, зноў выплылі, каб, нібы пацягнутыя нябачнай рукою, пазьвенна зьнікнуць у адчыненым партале капліцы. Я пайшла шпарчэй, ідучы, разгарнула фрэзіі з газэты, бездапаможная, ня ведаючы, што мне рабіць з паперай. Я скамячыла яе, наколькі добра гэта можна было зрабіць адной рукой, і сунула ў кішэню паліто. Чалавек, які меў зачыняць дзьверы капліцы, з настойлівым позіркам прытрымаў іх рукой напалавіну адчыненымі, што змусіла мяне да не адпаведнага гэтаму месцу сьпеху. Усе крэслы былі занятыя. Я мусіла стаяць. Акрамя мяне стаяў толькі брамнік, але ён, мабыць, пры любых умовах ня меў права сесьці, так што не хапала толькі аднаго крэсла, крэсла пад мяне, і я падумала, што гэта, відаць, была мая памылка прыйсьці сюды, што я, каму сьмерць была больш жаданай за ўдаваную жальбу, не належала да тых, якія мелі права на разьвітаньне з Бэрэнбаўмам.
Капліца абагравалася. У куце справа ад уваходу стаяла невялікая жалезная печ, распаленая да чырвонага, труба зь якое на сярэдзіне сьцяны сьвідравалася праз муроўку вонкі, на двор. Паблізу печы ўладзіліся музыкі, квартэт смычковых і арганіст. На ўсіх пяцёх былі зацухмоленай сьвежасьці смо-
кінгі, туга напятыя на жыватах. 3 усёй сур’ёзнасьцю, з адной якой відаць было, што за яе заплачана, яны ўзіраліся ў свае ноты, на брамніка і на мяне. Мне падалося, што ў іх вачах можна-такі знайсьці згоду са мною, бо яны ведалі, што я была хутчэй іхняй кампаніі шарлатанка і экспанэнтка, чым засмучаная журботніца. На сьцяне насупраць дзьвярэй вісеў партрэт Бэрэнбаўма, усьмешлівы Бэрэнбаўм у галубіна-блакітным гарнітуры. Яго белыя валасы фатограф ператварыў у срабрыстыя. Нешта сьветлае струменілася ад партрэта, нейкая міраносная сьветласьць, якая яшчэ больш узмацнялася жалобным крэпам, наўскасяк у куце. Пад партрэтам, на памосьце, аздобленая чырвонымі гвазьдзікамі і белымі каламі, раскашавала труна. Але ўсё выглядала банальна зацяганым і замшэлым, нават аздоба труны зь яе безфантазійнай сымболікай сьмерці і клясавай барацьбы, хоць кветкі і былі самыя сапраўдныя, жывыя. Я ўявіла сабе, як Бэрэнбаўм ляжыць у гэтай дамавіне пад векам сярод шаўковых падушак. Я ня ведала, ці мёртвых усё яшчэ апранаюць у новае, нябожчыцкае, ці Бэрэнбаўма апранулі ў адзін зь яго гарнітураў, можа, якраз у той галубінаблакітны, з партрэта. Бэрэнбаўм у галубінаблакітным гарнітуры сярод шаўковых падушак у зачыненай труне ўжо больш ня быў Бэрэнбаўмам. Так, як Іда на маіх вачах перастала быць Ідай. Яе рука ў маёй руцэ за-