• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вуліца Ціхая, шэсьць  Моніка Марон

    Вуліца Ціхая, шэсьць

    Моніка Марон

    Памер: 184с.
    Мінск 2010
    34.37 МБ
    Ты хочаш сказаць, што віна не на злачынцы, а на самой ахвяры, грымеў бацька.
    Калі ахвяра не абараняецца, дык і яна вінаватая, крыкнула я. Я змагалася за віну ахвяры, як за сваё жыцьцё. Напал гэтага вечару глыбока залёг мне ў памяць, аж да сёньня разьбірае, калі раўняюць ахвяру і невінаватасьць, што, зрэшты, часам зводзіць мае думкі на небясьпечныя сьцежкі.
    Але найперш у той дзень я засвоіла, што я толькі тады магла зацікавіць сабою бацьку, калі мае пытаньні яму не даспадобы. Пра
    віну рабочай клясы мы спрачаліся, пакуль не вярнулася мама і не спыніла.
    Як што мне не ўдалося спадабацца яму, думала я з таго часу толькі пра тое, як яму не падабацца. Я больш не пыталася пра гераічныя подзьвігі камуністаў; я сумнявалася ў іх. Мне больш ня трэба было тлумачыць, што гэта значыла, калі я дзе-небудзь чула, што свабоды меркаваньняў няма. Я сьцьвярджала гэта сама. Mae бацькі не маглі растлумачыць спусташальны паварот маіх палітычных поглядаў нічым іншым, як што я падупала варожым уплывам у маім бліжэйшым атачэньні. Падазрэньне ўпала на клясу, і бацька, дырэктар, пайшоў на меры, каб усупрацівіцца ідэалягічнаму разброду ў 7 “Б” клясе.
    Адразу ж увялі ўрок з аглядам газэтаў, і кожны настаўнік, здавалася, зацяўся не аддаваць нам ні ў якім разе часткі сваіх ведаў бяз гэтых палітычных уступаў. Матэматык быў ня проста матэматык; матэматыка ў руках клясавага ворага была інструмэнтам прыгнёту пануючай клясы, гэтаксама біялёгія, хімія і спорт.
    Становішча было жахлівае. Толькі адно само маё існаваньне ўжо рабіла мяне вінаватай, мяне, дачку дырэктара, якая спасобіла ўсю клясу на пэдагагічныя тартуры і толькі таму, што паспрачалася з бацькамі.
    Да таго ж я бачыла недавер у вачах аднаклясьнікаў, якія павінны былі падазра-
    ваць, што я даносіла на іх. Каб рэабілітавацца перад імі, я павінна была больш адназначна, чым іншыя, пратэставаць супраць выхаваўчых мерапрыемстваў, часьцей за іх падкідаць настаўнікам падступныя пытаньні; я павінна была, калі хацела выжыць у сваёй клясе, станавіцца на чале супраціўленьня.
    Мне было трынаццаць. Я дабілася, што бацька цяпер нарэшце зацікавіўся мною. Засынаючы, я часта нават жадала, каб ён памёр.
    У тым годзе вышэйшае школьнае кіраўніцтва ўказала бацьку дэманстрацыю школьнікаў на 1 Мая спачатку пяць разоў прарэпетаваць, гэта было ўказаньне нашай школе, маёй клясе і майму бацьку, школе, якая самым ганебным чынам зьвярнула на сябе ўвагу сваёй недысцыплінаванасьцю і бяздарнасьцю ў ваеннай падрыхтоўцы. Дома бацька бушаваў. Школьная інспэктарка ідыётка, дурная гусачыха, асталопка-каза; у вынаходзтве новай брыдкай лаянкі яго фантазія далёка не сягала, ён увогуле быў без фантазіі. Зрэшты ён вам не які там казарменны гофшляйфэр, гоп-брык-дагарынагамі, ды і школа вам не муштравальны пляц. Ён нешта такое прыдумае. Але нечагась такога ён не прыдумаў. I мы маршыравалі. Па Курт-ФішэрШтрасэ, міма гайка Шэнгольцэр Хайдэ да могілак, на якіх цяпер хавалі Бэрэнбаўма, і назад, кожнага папалудня ад чацьвярга да суботы; у суботу падаў дождж. Падчас мар-
    шыроўкі па Курт-Фішэр-Штрасэ, каля дому, у якім жыве пісьменьнік Штэфан Хэрмлін, рад, на правы флянг якога мяне паставілі, рашыў унікнуць тартураў уцёкамі. Мы дачакаліся невялікай дарожкі, куды выходзіў ледзь бачны пячорападобны ўваход, які прадзерлі дзеці праз густое кустоўе, якое аддзяляла вуліцу ад Шэнгольцэр Хайдэ. Там мы і растварыліся, шпарка і бязгучна, як Вінэту, і калі б Рэнхэн Баўдэ не данесла на нас школьнаму кіраўніцтву, нашыя ўцёкі, падобна на тое, засталіся б без наступстваў. Але Рэнхен Баўдэ накляпала на нас, хай і не таму, як яна, прыціснутая намі да паказаньняў, патлумачыла, што прынцыпова не ўхваляла нашага ўчынку, а таму, што іншых, і яе ў тым ліку, мы пакінулі на пропадзь. Уцекачы дамовіліся, што я, як дачка дырэктара, менш за каго яшчэ мела баяцца, а таму павінна ўзяць на сябе ролю завадатаркі, так сказаць, канавода, даручэньне, якое я ўдзячна прыняла, бо яно давала мне нагоду даказаць, што я сапраўды была адной зь іх, сваёй, іхняй, і срала я на тое, што я дырэктарава дачка, і я ўвогуле мачаіспускала на тую іхнюю школу, і на бацьку, і на маці. Але што я клала з прыборам на ўсё чыста ўсенька гэта ці не залішне падазрона, як на іхнія вочы і вушы.
    Так я трапіла ў трохкутнік паміж вангогавымі сланечнікамі, бацькам і маці. Усе ўтаропіліся на мяне: тыя раўнадушна, баць-
    ка поўны нянавісьці, маці у роспачы. Усе былі адзіныя ў адным, схаўрусаваліся. Бацька зь інспэктаркай, якая ўжо больш не была дурная гусачыха, нават з Рэнхен Баўдэ, хоць яна і была двоечніца; маці з бацькам, бо то ж ён меў рацыю; сланечнікі віселі на сьцяне і зрасьліся зь ёю. Жалезнае адзінства, якое я нечым, сама ня ведаю чым, закляла, перад якім стаяла бязрадная зь немым крыкам адчаю.
    Гэта было такое самае адзінства, якое я зноў пазнала паміж Сэнсманам і Бэрэнбаўмам: яно спляло поўнае супадзеньне паўсталых з агульных інтарэсаў правілаў гульні. Гэтым разам я была служанка такога адзінства, а не ахвяра. I зноў я стаяла паміж сьценкаю шафы і абабітай мэбляй і крычала. Што ці ж ніхто ня ведае, што ўсе мы разам спакваля, не заўважаючы таго, дурнеем і вар’яцеем, крычала я, ці ж бо ніхто ня чуў апошніх навінаў. Ідзе вайна, ясна ж як божы дзень, што ідзе вайна, вайна паміж чыстымі вар’ятамі, якія ня ведаюць, што яны вар’яты, і хто ведае, чаго толькі яшчэ я ім там панакрычала.
    Калі я бразнула за сабою дзьвярыма, перад домам стаяў кармазынава-чырвоны аўтамабіль, а праз гародчык ішоў худы, высокі чалавек. У яго быў, не на ім быў бледны, амаль белы твар і на ім шэрыя, нерухомыя вочы, тупыя і бліскучыя адначасова, быццам яны не маглі нічога бачыць, альбо бачылі ўсё.
    Ці яно тое залежала ад майго разварушанага настрою, ці ад таго, што балела галава, хай ня ўся, а толькі правая палавіна, ці, можа, гэта былі толькі вынікі Ірмінага візыту, але мне здалося, быццамкі я заглянула ў вочы сьмерці. Гэта была мая першая сустрэча зь Міхаэлем Бэрэнбаўмам.
    Ніякаяга шуму, толькі шалясьценьне апалага жухлага лісьця пад маімі нагамі. Безжыцьцёва ўлёгся “гарадок” у кастрычніцкім туманным чадзе. На флагштоках у прадмесьцях нябачныя жыхары павывешвалі сьцягі, якія абвісла анучыліся ў поўнай бязьветрані. Я ўзьбегла на насыпную дарогу, адразу каля каменнай рыны, куды вецер нагурбаваў сухога лісьця, і шумна павалачыла нагамі праз гэтую ўжо загніласьць, пакуль так ня выйшла з паўкола “гарадка”, дзе шнуравалі машыны. Усё належыць вам, думала я, брук, дамы, дрэвы, сьвятло за вокнамі. Усё належыць Бэрэнбаўму і гэтаму чалавеку зь мёртвымі вачыма, магчыма, нават і Сэнсману. Я таксама належала ім, калі ўвайшла ў іхні дом, пракляты дом нумар шэсьць на вуліцы Ціхай, з пэрсыдзкімі дыванамі і квяткастымі фіранкамі, са сьценкаю-шафай і мяккім гарнітурам і заржавелым бярэзьнікам на сьцяне замест ван-гогавых сланечнікаў.
    Дома, бадай што, ня мела сэнсу паліць сьвятло. Я сядзела на чорным крэсьле і ўяўляла сабе, якой брыдкай і сьмешнай я павінна была выглядаць, калі ўзьвілася перад Сэн-
    сманам і Бэрэнбаўмам, як разбушаванае дзіця. Усё, што робіцца, фальш, думала я, можна рабіць толькі фальш. Кожны мой крок вядзе да памылкі, кожны рух скранае нешта фальшывае. Што гэта за сьвет, у якім ня зробіш нічога правільна. Напрыклад, мая цётка Іда, якая ўбухала трыццаць гадоў жыцьця, скупаючы нататнікі, маленькія фальклёрныя лялькі, шчаўкунчыкі і насьценныя талеркі, якія таварыства, у якім Іда зарабляла мізэрныя грошы і назва якога гучала так хораша: Таварыства ўзаемаразуменьня ўсіх народаў, раздарвала ўсім сваім сябрам за мяжою. Што магло быць у тым фальшывага купляць маленькія лялькі, каб нехта дарыў іх на знак дружбы. Калі я расказала Ідзе, даведаўшыся, што менавіта Таварыства ўзаемаразуменьня ўсіх народаў было філіялам сакрэтнай службы, яна засьмяялася, сказала, што яна ўвесь час кажа, што людзям мрояцца розныя прывіды, і купляла гэты хлам далей, дзень у дзень, аж пакуль не памерла. I хто мог ведаць, чаго нарабілі тыя Ідзіны лялькі. Іх можна было б падарыць, напрыклад, амэрыканцу нямецкага паходжаньня ў Лексынгтоне, Кентукі. Усе нямецкія амэрыканцы займаюцца дасьледаваньнем генэалёгіі, таксама і гэты, чые продкі дзьвесьце гадоў таму назад перабраліся зь Мекленбургу ў Амэрыку. Чалавек зь Лексынгтону, Кентукі, захаваў да Мекленбургу тайную замілаванасьць, якая празь ляльку, ап-
    ранутую, натуральна, па-мекленбурску, так разьвінулася, што чалавек быў гатовы даведацца пра хаванае ў тайнасьці імя самага надзейнага скакавога каня зь Лексынгтону, Кентукі, і выдаць яго таму, хто перадаваў тую лялечку, аж у выніку баўгарская сакрэтная служба перад адным забегам здолела пусьціць у ход свой парасон з атручаным вастрыём супроць каня-фаварыта, якому прадказвалі будучыню, падобную на будучыню легендарнага Мэна о’Вара і тым самым забясьпечыць перамогу рускаму вогіру Аніліну, кавалеру ордэна Савецкага Саюза, перамогу на вялікім міжнародным дэрбі. Іда не змагла абвергнуць сваёй віны ў саўдзеле ў злачынстве, нават з улікам таго, што яна ня мела аніякага ўяўленьня пра падступныя махінацыі дзялкоў з Таварыста ўзаемаразуменьня ўсіх народаў і ведаць не магла, якое палітычнае значэньне надавалася забойству такога каня як Мэн о’Вар, выявы якога віселі на сьценах у Кентукскіх адміністрацыйных офісах і броварах, як у нас партрэт кіраўніка дзяржавы. Мне выпадкова расказаў пра гэта адзін праязны студэнт-германістыкус зь Лексынгтону, Кентукі, якога аднойчы ўвечары Граф прыгроб з сабою ў кнайпу.
    Калі я мусіла выслабаніць Ідзін пакой ад усяго, чаго яна за сваё жыцьцё паназвалакала, я знайшла тры кардонныя скрынкі, набатаваныя гэтымі лялькамі, якія Іда зьберагала для дэманстрацыі праяваў сваёй, на-
    шай дружбы. Я раздарыла іх дзецям, якія гулялі каля бачкоў са сьмецьцем, туды я выкінула Ідзіну бялізну, стары абутак і ўсякую іншую спадчынную непатрэбшчыну, перш чым Іда сама абярнулася ў попел.
    Я больш не хацела працаваць на Бэрэнбаўма, хоць, калі ўсё як сьлед прыкінула, магла б быць вінаватая ня больш за машынку, на якой друкавала. Хто закіне віну той машынцы толькі за тое, што нейкі забойца на ёй выстуквае сваю споведзь. Але я была не машынка, нават калі ў дачыненьні да Бэрэнбаўма і рабіла так, быццам мною карысталіся менавіта як безгалосай машынкай: надзейная, непасрэдная, гатовая чакаць, нямецкая вартасная праца. Тым часам толькі мной адной правільна зразуметае, разыходзілася, распальвалася, разрасталася ў нейкі бясформны вырост, які аплятаў мае жылы, як ліяна, буяў вакол майго сэрца і шнураваў спазмамі страўнік, аж я нават часам баялася, што маёй грудной клетцы ня хопіць прасторы на дыханьне.