• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вуліца Ціхая, шэсьць  Моніка Марон

    Вуліца Ціхая, шэсьць

    Моніка Марон

    Памер: 184с.
    Мінск 2010
    34.37 МБ
    ☆ ☆ *
    3 таго часу, як я даведалася, што Бэрэнбаўм быў вінаваты ў арышце Графа, я старалася ўявіць сабе, як распытаюся ў яго пра гэта. Я бачыла сябе за столікам з машынкай, строгую, выпрастаную. Я чакала, пакуль на дварэ трохі пацямнее і Бэрэнбаўм змусіцца запаліць настольную лямпу і я змагу бачыць ягоны твар. Тады я спытаюся: а вы ведаеце Карла-Гайнца Барона, сіноляга? Я задам пытаньне нібы так сабе, зьнехаця, быццам імя ягонае толькі што ўсплыло ў памяці, быццам хацела расказаць пра яго нейкую пацешную гісторыю. Альбо я пагляджу Бэрэнбаўму проста ў вочы, як Жана д’Арк інквізытару, запрысягаючыся загадамі анёлаў, і спытаюся ў яго ясным, няўмольным голасам: вы ведаеце Карла-Гайнца Барона, сіноляга? Альбо адкрыю карты безь ніякіх выкрунтасаў: вы ж ведаеце Карла-Гайнца Барона, сіноляга, і пры гэтым падмяшаю ў свой голас лёгкай пагрозы. Бэрэнбаўм пачне адпірацца, што ніколі ня чуў гэтага імя. Паспрабуе спаслацца на аслабелую памяць. Больш за дваццаць гадоў, дзе ж тут, каб і хацеў, усяго не ўзгадаеш.
    Але я ня дам яму ўвінуцца. Вы, гер Бэрэнбаўм, скажу я вельмі спакойна, сын рабочага з Рура, прафэсар з адукацыяй народнай школы, нелацініст з клясавым інстынктам, у той час упаўнаважаны па ідэалягічных пытаньнях у Бэрлінскім унівэрсытэце, засадзілі філёляга эўрапейскага рангу на тры гады ў турму за тое, што ён з Патсдамскага паштамту паслаў бандэроль.
    Бэрэнбаўм будзе пасаромлены. He за тое, што запраторыў Графа за рашотку. Гэта ён мог бы ўчыніць з палітычнай, хай сабе і жалю вартай прычыны, гэта ўжо, так сказаць, маргіналіі клясавай барацьбы. Яго пасароміць усьведамленьне, што ён з прычыны сваёй недастатковай адукацыі сам ня быў здольны да навуковай працы.
    Я вазьму плашч і, ідучы да дзьвярэй, скажу, больш не азіраючыся на Бэрэнбаўма: вы так баяліся адукацыі, што садзілі і выганялі толькі ад страху.
    Так, рашыла я сабе, я пакіну пераможанага Бэрэнбаўма.
    Я залішне нэрвавалася, каб чытаць, альбо каб праслухаць “Дона Джыавані”, якога набыла два тыдні таму. Дзень быў мяккі, і я рашыла тыя дзьве гадзіны, якія яшчэ заставаліся да ўмоўленай сустрэчы з Бэрэнбаўмам, пагуляць па парку. Парк быў суцяшальным прывітаньнем зь іншага часу. Спачатку гэта быў парк замка, у які Фрыдрых Вялікі, называны Брунам Эф Два, саслаў сваю жонку,
    калі ўжо ня мог трываць яе пры сваім двары. Шырокая вуліца вяла ад Панкаўскай кірхі ў прызамкавыя пасадкі да былой Плошчы Міру, сёньняшняй Плошчы Асецкага ў Нідэршонгаўзэне, пра што ведалі толькі старыя Панкаўцы. 3 часу, калі ў 1949 годзе замак быў абвешчаны ўрадавай рэзыдэнцыяй, вуліца з абодвух бакоў канчалася плотам, які з боку Нідэршонгаўзэна быў цалкам загароджаны, нават засланяў від на замак з Панкаўскага боку, і абаронены ўзброенай вартай ад розных некампэтэнтных разяваў. Каб дабрацца з аднаго трамвайнага канца ў другі, трэба было праехаць усяго толькі пяць прыпынкаў альбо ісьці пеша паўгадзіны. Я жыла ў гэтым раёне ўжо трыццаць гадоў і ніколі ня зьвязвала разам гэтыя трамвайныя канцы. Толькі Бруна, які вельмі цікавіўся гарадзкімі плянамі і картамі, як і сапраўднымі ляндшафтамі і жылымі кварталамі, якія пазначаны на тых картах, надаў нейкі парадак у маёй галаве тым Панкаўскім вуліцам. Кожнага разу, калі мы мусілі падначальваць нашыя прагулкі сваволі валадароў замка, ён праклінаў звар’яцелых носьбітаў улады і пагвалтаваньня вуліц, якія ня толькі замыкалі грамадзкія дарогі, як ім было зручней, але яшчэ і пераназвалі нічым не вінаватую плошчу ў гонар Карла фон Асецкага, каб гэта ўвесь сьвет паверыў, быццам Асецкі быў добры сябар Вальтэра Ульбрыхта.
    Парк быў сплянаваны плоска і ўшыркі,
    так што ва ўсе бакі яго можна было азіраць і кожнага разу ўбачыць там знаёмых, нават калі яны гулялі з другога боку. Цяпер, апалудні, было амаль пуста. На невялікім гарбатым мастку стаялі дзьве старыя кабеты, кідалі ўніз у раку хлебныя крошкі качкам, якія і зімой, і летам насяляюць Панку, вузкую брудную рачулку, якая перасякае парк з усходу на захад і імем якой названы і наш раён. На лужку гарэзавалі тры сабакі. Гаспадары, стоячы зводдаль адзін ад аднаго, цярпліва чакалі.
    Тут гэта ня так кідаецца ў вочы гэтую фразу нейкі час таму назад падчас прагулкі па парку з уздыхам сказаў Граф. 3 таго часу мы цытавалі яе кожны раз, калі адкрывалі які-небудзь хоць напалавіну не ссабачаны аазіс. Там гэта ня так кідаецца ў вочы. Што гэта было тое, што ня так кідаецца ў вочы, не патрабавала ніякага тлумачэньня, нават “так” вычэрпвалася ў намёку: ня так пагана, як усюды. Ужо колькі-колькі я дзіву давалася, што яны нічога ня ўчворылі з паркам, не бетанавалі дарожак, не сьпілавалі яго двухсот, a то, можа, і трохсотгадовых дрэў з мурамікамлямі. Яны ж яго нават не абгарадзілі, як замак альбо “гарадок”. Куды мы ні ўвойдзем, там вяне лісьце, неяк сказала Анна Зэгерс. Нейкім дзіўным чынам гэта Зэгерсаўскае МЫ абыйшло бокам Панкаўскі замкавы парк. Я шукала на кустах бутонаў; як маленькія жывоцікі пузаціліся яны на галінках.
    Ужо шэсьць тыдняў, кожнае серады з трох да чатырох я бяру ўрокі фартэпіяна ў Тэклі Фляйшэр. Як зацятая, практыкавала я абедзьве рукі рухацца рознымі спосабамі, цэлы тон левай, дзьве палавіны правай: “Куку, куку...” Старым вучням, як я, фартэпіянная літаратура ня складзена, сказала Тэкля. Спаўненьне неакрэсьленай страсьці, на якое я спадзявалася, ад фартэпіяннай ігры ніяк не прыходзіла. Але Тэкля лічыла, што я добра матываваная, і магла б расправіць мае застылыя суглобы, да пэўнай ступені, вядома. Кожны дзень я паўгадзіны грала гамы. Ты і праўда думаеш, што будзеш шчасьлівая, калі зможаш сыграць сабе кавалачак Шубэрта, спытала Тэкля.
    Ну, прынамсі, не нешчасьлівая, адказала я, ды большага жанчына ў сорак гадоў і жадаць ня можа, як толькі быць не нешчасьлівай.
    Добра, сказала Тэкля, якраз гэтым самым і мяне суцяшала мама, калі я засмучалася. Дзіця, цяпер ты марыш пра вялікае шчасьце, казала мама, а празь некалькі гадоў ты будзеш лічыць шчасьцем, калі цябе абыйдзе вялікае няшчасьце.
    Для мяне фартэпіянная ігра значыла, нават калі гэта толькі гамы і дзіцячыя песенькі, нешта падобнае на парк. Ня так кідалася ў вочы.
    Вам не званіў таварыш маёр? Ахмістрыня, гэтым разам у сьветла-блакітным фартуху з фальбонкамі на шыі і плячах, прытрымлівала рукою клямку, нібы хацела тут жа зачыніць дзьверы.
    Які таварыш маёр? Я паспрабавала ўвайсьці ў дом, але яна адставіла ўбок нагу і сваім пагрозьлівым клубам прыкрыла вузкую шчыліну ў праёме дзьвярэй.
    Малады гер Бэрэнбаўм, хто ж яшчэ, таварыш маёр.
    Ён жа Вам тэлефанаваў, каб сёньня не прыйходзілі.
    Раней я ніколі не заўважала, што яна мяне цярпець не магла. Яна выцягнула кароткую шыю па-над фальбонкамі і варожа ўтаропілася на мяне. Гер прафэсар пачуваецца блага, і таму таварыш маёр затэлефанаваў вам, каб вы сёньня не прыйходзілі.
    Ен не дазваніўся.
    Х-х-ха, яна перасмыкнула плячыма, што мела азначаць: табе не пашанцавала.
    Відаць было, яна намацала нейкую сувязь паміж станам Бэрэнбаўмавага здароўя і мною. Яна была набожная душа і нехта, магчыма Міхаэль Бэрэнбаўм, павінен быў падбадзёрыць яе, каб яна так нахабна і пераможна заступіла мне дарогу. Вугалок анучкі зьвісаў з кішэні яе фартуха. Яна засьмяялася, як пераможца, а я ж зусім ня ведала,
    што ваявала і зь ёю. Што ў дом, пераступіць парог якога мне кожны раз каштавала гвалту над сабою, будзе заслонены доступ вось гэтым цэрбэрам у сьветла-блакітным фартуху зь белымі фальбонкамі, здавалася мне сымбалем самай прыкрай сытуацыі, у якую я сама, як у нешта, уступіла.
    Я ўжо была хацела перадаць празь яе пажаданьні выздараўленьня, калі за яе плячыма ў шарсьцяным халаце паявіўся сам Бэрэнбаўм. Але ж бо не, фраў Карл, сказаў ён, як што яна тут, давайце папросім у дом.
    Яна адсланіла дзьверы і зьнікла на кухні. Сэрвіруючы пазьней каву, яна ўсьміхалася, як звычайна. Цукар зараз прынясу. У яе была цалкам бессыстэмная манэра блытаць усё, што толькі можна зблытаць.
    Бэрэнбаўм быў слабы. Маршчыністая шэрая скура на твары зьвісала і нават дужа залішне на падбародку, нават рука ягоная дрыжала болып чым калі, як бы адмовіўшыся ад апошняга супраціўленьня. Ён прысёрбваў каву, пры гэтым ледзь падымаў кубачак, а бясьсіла апускаў сагнутае тулава яшчэ трошкі ніжэй, пакуль рот не даставаў да беражка кубачка. Я прапанавала яму прыйсьці іншым разам, але ён адмовіўся. Мы зоймемся вясёленькім разьдзелам, над якім нам няма чаго спрачацца, сказаў ён. Пішыце: “Вяртаньне ў Германію. Момант, калі цягнік перасек граніцу Германіі, належыць да самых шчасьлівых у маім жыцьці. Дамоў у вызваленую
    Германію, вызваленую Савецкай арміяй. Таварышы ў цягніку плакалі ў далоні. У гэтую хвіліну мы ведалі: гэта будзе наша Германія, навекі вызваленая ад прагных захопніцкіх імпэрыялістаў і забойцаў-фашыстаў. Мы наперад ведалі, які цяжкі шлях, паліты потам і сьлязьмі, ляжаў перад намі”.
    Мне хацелася б уставіць сюды верш, сказаў ён, верш Ёганэса Р. Бэхера, які ад шчырага сэрца сказаў нам цудоўныя словы.
    Ён прачытаў так патэтычна, як толькі, памойму, мог:
    Вы знайце адно:
    Хапіла сіл змагацца, Хоць па ўсіх шляхах Праз кроў і сьмерць ішлі. Мы ведалі даўно: Павінны мы падняцца, Свабоды нашай сьцяг Каб рэяў на зямлі!
    Зьдзяйсьненьняў нашых лёт!
    Народ куе свабоду
    I новы гімн пяе
    I славіць новы край!
    Улада ваш аплот, Яна слуга народу. Народзе мой, яе Больш з рук не выпускай!
    Паветра, якое ён мог назапасіць у лёгкіх, хапала толькі на кароткія радкі, апошнія
    склады іх ужо задыхаліся ад нястачы дыханьня, аж такі слабы ён быў. Занадта слабы, каб я магла распытваць пра ягоную віну ў арышце і асуджэньні Графа.
    Ён дыктаваў: “Страшна, што тварылася ідэалягічна ў галовах людзей. Яны ўсё яшчэ стаялі бліжэй да забойцаў, чым да ахвяр. Глыбока ў сьвядомасьць рабочай клясы ўкаранілася антысавецкая прапаганда. Выхаваць гэтых людзей задача гіганцкая”.
    Ён адхіліўся назад з заплюшчанымі вачыма. Я ўважліва сачыла за ім. Як у тых людзей у мэтро, якія самазабыўна тупа вядуць спрэчку з апанэнтам, шэфам, жонкай, супернікам і прабег размовы напісаны ў іх на твары, часьцей як трыюмф летуценьніка зь перапынкамі на няўзрушлівасьць і спакойную абыякавасьць, калі можа гаварыць другі, пасьля зноў гордая пагарда на вуснах, калі ён сам пярэчыць, так прасьлізнуў цяпер і на Бэрэнбаўмавым твары ўспамін пра былыя перамогі. Пакуль я сачыла за пыхлівымі рэмінісцэнцыямі яго гульні мінаў, раптам адчула, што зусім безь ніякага намыслу, міжвольна пераймаю яго, адцягваючы назад куточкі вуснаў, падымаючы бровы, недаверліва моршчачы лоб, і, як ужо непазьбежная праява ўзьдзеяньня гэтай маскі, ува мне прачнулася адчуваньне, што кожны іншы цяпер можа западозрыць ува мне выведніка і падслухача. Нейкая варожая самаўпэўненасьць сфакусавала мой зрок на зьлядашча-