Выгнаны патрыцый Кніга пра Міхася Стральцова

Выгнаны патрыцый

Кніга пра Міхася Стральцова
Выдавец: Лімарыус
Памер: 432с.
Мінск 2017
105.66 МБ
Мінск «Лімарыус» 2017
УДК 94(476)(093)
ББК 63.3(4Бен)
В92
Серыя заснавана ў 2011 годзе
Укладанне, прадмова, каментары Міхась Скобла
Навукова-рэдакцыйная рада: Валянцін Голубеў, Ганна Запартыка, Аляксей Каўка, Вітаўт Кіпель, Адам Мальдзіс, Мікола Нікалаеў, Генадзь Сагановіч, Алесь Смалянчук, Лявон Юрэвіч
Укладальнік і выдавецтва выказваюць шчырую падзяку Алене Дзмітрыеўне Стральцовай за дапамогу ў выданні кнігі
ISBN 978-985-6968-56-6
© Скобла М.. укладанне.
прадмова, каментары, 2017 © ТАА «Лімарыус», 2017
ЁН БАЧЫЎ СВЕТ БЕЗ БРУДУI ХАМСТВА
Задума гэтай кнігі ўзнікла два гады таму ў Слаўгарадзе (колішнім Прапойску), на радзіме Міхася Стральцова. 3 Анатолем Вярцінскім, Міхасём Шавыркіным і Юрыем Несцярэнкам, які ахвотна далучыўся да нашай сталічнай кампаніі ў Бялынічах, мы ў Слаўгарадскай раённай бібліятэцы прэзентавалі «кнігазбораўскі» том Стральцова. На століку пабліскваў золатам стос свежавыдрукаваных кніг, наш творчы квартэт стараўся як мог, і праз гадзіну-паўтары, здавалася, класікі на бібліятэчнай сцяне былі гатовыя дружна пасунуцца і прыняць у свой шэраг яшчэ аднаго роўнавялікага творцу.
Пасля прэзентацыі гасцінныя гаспадары зладзілі для нас экскурсію па мясцовым краязнаўчым музеі. Маўляў, ён толькі што адкрыты, прасторныя залы з клімат-кантролем, у экспазіцыі — уся гісторыя Слаўгарадчыны з данашаэрных часоў да дзён сённяшніх. I сапраўды, у музеі экспанатаў хапала — кулямётаў і калаўроткаў, эпалетаў і партбілетаў, мамантавых біўняў і карцінаў самадзейных мастакоў, што былі развешаныя ў прасторных залах...
Мы дарэмна імкнуліся знайсці залу Стральцова. Мы да апошняга спадзяваліся пабачыць прысвечаную яму экспазіцыю. Мы няўцямна азіраліся ў апошняй зале — дзе ж тут Стральцоў, пісьменнік № 1 для Слаўгарадчыны? Але ў Слаўгарадскім краязнаўчым музеі Стральцова не было зусім — ні радка ягонага, ні хоць бы здымка ў шматлюднай галерэі заслужаных слаўгарадцаў. I гэта прытым, што пісьменнік — усё ж лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, што адказнымі за культуру чыноўнікамі ва ўсе часы ўспрымалася як своеасаблівы пропуск.
Заўважна памаркотнеў разважліва-мудры Анатоль Вярцінскі, які ў свой час радасна вітаў у «ЛіМе» з’яўленне Стральцовапаэта. Пасумнеў заўсёды энергічны заснавальнік і шматгадовы
рэдактар часопіса «Роднае слова» Міхась Шавыркін, які калісьці падпісваў у друк зборнічак стральцоўскіх афарызмаў. Зніякавеў і таленавіты бард Юры Несцярэнка, які ўсяго гадзіну назад натхнёна выконваў песні на вершы Стральцова...
На падворку музея дырэктарка збянтэжана апраўдвалася — маўляў, мы тут у правінцыі і не ведалі, што Стральцоў у сталіцы ў класікі залічаны, ды і экспанатаў адпаведных у музейных фондах няма... Я спытаўся ў дырэктаркі, ці была яна ў недалёкім Сычыне, дзе і экспанаты можна было б пашукаць. Маладзіца прызналася, што не ведае, дзе знаходзіцца родная вёска Стральцова...
Вось тады я і паабяцаў слаўгарадцам кнігу пра іх земляка Міхася Стральцова. Пра паэта строга класічнага і надзіва гарманічнага, па якім, як па камертоне, можна правяраць свой паэтычны слых. Пра празаіка, чыя проза напоўненая паэзіяй, як напоўнены сокам даспелы яблык. Выцісніце яго — і атрымаюцца непрыдатныя для спажывы жамяры. Стральцоў мог пачаць і закончыць празаічны твор вершам, як, напрыклад, аповесць «Адзін лапаць, адзін чунь», і як жа арганічна тое выглядала! Мог уласную прозу напоўніць чужой паэзіяй, як гэта зроблена ў бліскучым эсэ «Загадка Багдановіча». Тая «Загадка...» сталася таямніцай і самога Стральцова — як ён, ні разу не пабываўшы ў Крыме, у Ялце, у «белым доме ля сіняй бухты», здолеў так псіхалагічна дакладна апісаць апошнія дні Максіма Багдановіча?
Міхася Стральцова ў паваеннай беларускай літаратуры няма з кім параўнаць, у сваім пакаленні ён глядзіцца непадобным на другіх адзінцом. Магчыма, гэтым сваім непадабенствам ён кагосьці і раздражняў. Але Стральцова любілі і шанавалі тыя творцы, каму не засціла вочы зайздрасць, хто цаніў адметнасць чужога таленту — Рыгор Барадулін, Уладзімір Караткевіч, Янка Брыль. Вось напісаў я пра немагчымасць параўнання і ўспомніў, што Брыль сугучнага Стральцову пісьменніка ўсё ж знайшоў. Праўда, не ў беларускай літаратуры. Прадстаўляючы трыццацігадовага Стральцова тады яшчэ ўсесаюзнаму чытачу (у Маскве ў перакладзе на расійскую мову выходзіла кніга
«Что будет сннться»), Іван Антонавіч параўнаў свайго маладога калегу з... Іванам Буніным («абодвух чытаў на адной хвалі прыёму»). Празорлівы і начытаны Брыль ведаў, што гаворыць, і ўсё роўна словы ягоныя выглядалі як нечувана шчодры аванс, які належала адпрацаваць. I Стральцоў адпрацаваў — колькі паспеў.
Два такія розныя пісьменніцкія лёсы — і адна хваля прыёму? Чым жа яны сугучныя — патомны дваранін з Варонежа і сын настаўніка з Магілёўшчыны? I ў Буніна, і ў Стральцова — вытанчаны псіхалагізм, паэтычнае светаадчуванне, увага да дэталі.
«Прыгадваецца мне ранняя пагодная восень. Жнівень быў з цёплымі дажджамі, быццам наўмысна спорнымі для сяўбы...»
Хто гэта? Мабыць, Стральцоў. Але ўякім ягоным апавяданні такі пачатак? He шукайце — не знойдзеце. Гэта пачатак «Антонаўскіх яблыкаў» Буніна. Думаецца, пры добрым перакладзе стральцоўскай прозы магчымы і адваротны эфект. I як быццам няма тут аніякага дзіва — малодшы мог вучыцца ў старэйшага, як скрозь водзіцца ў літаратуры. Але Бунін — з’ява непаўторная і немагчымая па-за літаратурай расійскай. Проста павінен быў нарадзіцца падобны талент, з гэткай жа чулай, як мембрана, душой. Праўда, тут можна згадаць яшчэ і той факт, што продкі Буніна паходзілі з Беларусі і насілі прозвішча Бункоўскія. Жонка так і называла яго беларускім імем — Ян.
«Мшіый Ваня, мой бог свободен от цензуры, н я лнкую,» — гэтак Яну-Івану Буніну надпісаў свой дарэвалюцыйны здымак Фёдар Шаляпін. Савецкая ўлада хутка разабралася з усімі багамі, і ўжо напачатку 20-х і знакаміты пісьменнік, і славуты спявак, ратуючы свае таленты, апынуліся за мяжой, у Францыі. Эмігранцкі хлеб горкі, але жылі яны ў культурнай сталіцы Еўропы — Парыжы, вандравалі па свеце, ім былі даступныя здабыткі сусветнай культуры.
Грамадзянін другой краіны і жыхар другой эпохі Міхась Стральцоў таксама цягнуўся да сусветнай культуры — наколькі гэта было магчыма ў СССР. «Плач па Гарсія Лорку», «Калі
сын Феба — Фаэтон / памчаў адзін на калясніцы...», «У Анны у Андрэеўны Ахматавай / ёсць невялікі вершык...» — так пачынаюцца першыя, якія прыйшлі на памяць, стральцоўскія вершы.
Цікава, вядома ж, паназіраць за Фаэтонам на калясніцы ці паразмаўляць з музай, якая калісьці дыктавала старонкі «Пекла» самому Дантэ. Але барабанна-барацьбітная эпоха вымагала іншых тэмаў і герояў. I сапраўдныя паэты, каб не здрадзіць сабе, не могучы эміграваць кудысьці далей (мяжа была на сямі замках), эмігравалі — хто ў перакладчыкі (як Арсеній Таркоўскі), хто ў казачнікі (як Уладзімір Дубоўка), хто ў сумную краіну маўчання або ў вясёлае на першы погляд царства Вакха (такіх лічыць — не пералічыць). Міхась Стральцоў таксама пабываў і там, дзе сум, і там, дзе весялосць. I калі сябры пачыналі дакараць за празмернае маўчанне, паэт абараняўся таленавіта, як умелы фехтавальнік: «Над словам і над гукам, / даўмешыся пары, / спярша на рукі хукай, / пасля ужо твары». Тонкі, дасціпны ўкол тым творцам, якіх прынята называць пладавітымі.
Невыпадкова апошняя кніга Стральцова атрымала назву «Мой свеце ясны» — ён так бачыў свет, без бруду і хамства. Гэты невялікі, густоўна выдадзены зборнік — як эталон чысціні, чысціні пачуццёвай і паэтычнай.
Калі паэт дачасна згас у анкалагічным шпіталі ў Бараўлянах (1987 год), літфункцыянеры спахапіліся і ўзнагародзілі ўжо мёртвага Стральцова Дзяржаўнай прэміяй. Як чатыры гады перад гэтым узнагароджвалі — таксама пасмяротна — Уладзіміра Караткевіча. Але ж — «гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым». Ды што паробіш, калі ўлада, як правіла, заўважае найперш дзяржаўны падхалімаж. Няма яго — няма і прэміі.
А запабягаць перад кімсьці было не ў характары Міхася Стральцова. Памятаю, у рэстаране Цэнтральнага дома літаратара ў Маскве пасля прысвечанай Алесю Адамовічу вечарыны я апынуўся поплеч з вядомым крытыкам Валянцінам Аскоцкім. Ён уразіў мяне веданнем сучаснай беларускай паэзіі і зусім ужо ашаламіў, калі разам з паэткай Рымай Казаковай зацягнуў
беларускую народную песню. «Адкуль гэта ў вас?» — спытаўся я ў Аскоцкага. «Ад Мішы Стральцова», — прагучаў адказ.
Ужо дома ў стральцоўскім аднатомніку я прачытаў прысвечаны сябру-масквічу верш, які заканчваўся радкамі: «Далёкі друг, я даль тваю люблю, / далёкі друг, любі маю таксама». I аніякага табе шапказдымання перад уплывовым крытыкам. Сказана з пачуццём уласнай годнасці і раўнапраўнай дружбы. Чаго сёння так не хапае некаторым беларускім палітыкам. Палітыкі мусяць браць урокі ў пісьменнікаў, у тым ліку ў Міхася Стральцова.
Ён так і застаўся ў айчыннай літаратуры пяцідзесяцігадовым патрыцыем (“Вось тут, далёка ад сталіцы, / ад ісцін новых і старых, / жыву, як выгнаны патрыцый...”), які, аднак, не захінаўся ўтогу высакамернасці, калі, «хукнуўшы на рукі», ціха прамаўляў непачутыя своечасова ісціны, выяўляў сваю захопленасць светам (абавязкова — ясным). Сёння многія стральцоўскія радкі гучаць афарыстычна: «Калі душа маўчыць, не гаварыце лепш», «Павер, што болей чым імгненне / не прыме вечнасць ад цябе», «Хай слова будзе як патрэба, / як у прыпар вады глыток, / але ж бывае слова — срэбра, / маўчанне — золата, браток». I калі афарызмы гэтыя гучаць сапраўды неяк па-патрыцыянску, то ўмеў Стральцоў і пра высокія матэрыі сказаць проста і даходліва, нібы знарок для якога Хведара ці Панаса, якія мільгаюць у адным з ягоных вершаў. Прычым сказаць на папулярнай у народзе ва ўсе часы трасянцы: «Цвічок ва ўласным боце / страшней, чым «Фауст» Гёце».
Прасеяўшыся залатым пяском праз сіта часу, афарыстычна загучала і проза Міхася Стральцова. Вось як заканчваецца ягоная «Загадка Багдановіча»: «Застаўся пасля яго адзін «Вянок». Нестарайцеся ўплятацьтуды новыя кветкі:тыя, штотам, ніколі не завянуць. Сплятайце свае вянкі. He старайцеся адшчыкнуць хоць адзін лісток ад тых лаўраў: тыя лаўры, перш чым стаць імі, былі цернямі». Які годны запавет творчай моладзі, якая часам пнецца самасцвердзіцца праз прыніжэнне старэйшага пакалення. Але не будзем папракаць маладых — звычайна тое адбываецца праз элементарнае няведанне спадчыны.