Выгнаны патрыцый
Кніга пра Міхася Стральцова
Выдавец: Лімарыус
Памер: 432с.
Мінск 2017
Галоўнае ж — пасля пасляваенных гаротных нашых пайкоў у прамым і ў пераносным сэнсе, было чым жывіцца. Стаўся ўжо нейкі харч, наедак, і — хлеб духоўны: пасля ўсіх «Кавалераў залатой зоркі», «Кубанскіх казакоў», усіх класных і пазакласных «вальналюбных і патрыятычных матываў», пасля рэпрадукаваных «шэдэўраў» выяўленчага мастацтва накшталт «Ленін і Сталін у Горках», пасля па сутнасці суцэльнай забароны жывога слова і жывой думкі — Хэмінгуэй і Рэмарк, Олдынгтан і Дос-Пасас, Салжаніцын і Залыгін, Брыль і Быкаў, займелі зноў літаратурныя і чалавечыя правы Уладзімір Дубоўка і Ян Скрыган, Анна Ахматава і Марына Цвятаева... Пачалі з’яўляцца і згадвацца творы Сент-Экзюперы, Сартра, Камю, Ануя, Гамсуна, Както... З’явіліся фільмы Дэ Сіка, Феліні, Уайлера, Фішэра, Стэнлі Крэмера, Марселя Карнэ, Лукіна Вісконці... 3 цэлым гуртам зорак: Жан Габэн, Ален Дэлон, Жэрар Філіп, Жан Марэ, Сімона Сіньярэ, Бэт Дэвіс, Анук Эмэ, Марлен Дзітрых, Марына Уладзі, Віўен Лі, Одры Хэпбёрн, Грэгары Пэк, Максіміліян Шэл...
Мы глядзелі «Ляцяць журавы» Р. Калатозава і «Баладу пра салдата» Р. Чухрая, «Гамлета» Р. Козінцава і «Звычайны фашызм» М. Рома. З'явіліся новыя творы А. Твардоўскага. Усіх скалануў «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» А. Салжаніцына. Пачалі друкаваць I. Буніна... Пісаў сваю новую прозу В. Катаеў: «Святы калодзеж», «Трава забыцця»...
Пасля бясконцых рэпрадукцый «Раніцы ў сасновым лесе» (на ўзроўні клішэ на цукерачных абгортках) мы захлыналіся «Гісторыяй імпрэсіянізму», кнігай Ліянела Вентуры «Ад Манэ да Латрэка», публікацыямі пра Пабла Пікаса і Сальватора Далі... Хапалі, як гарачыя піражкі, польскую прэсу, пільнавалі «Мностранную лнтературу» і «Новый ммр».
У Саюзе візітавалі замежныя зоркі Іў Мантан і Жэрар Філіп... А Гелена Лаўбалава ў Мінску, у атракцыйнай чырвонай сукенцы, фацэтна какетавала галаском з мілым акцэнтам: «Крьасную рьозочьку, крьасную рьозочьку я тебье дарью...» На рэнтгенаўскую плёнку запісвалі Булата Акуджаву і Уладзіміра Высоцкага... Зачытваліся Максімам Багдановічам, адкрываючы сабе наноў гэтага «хрэстаматыйнага» паэта. Даведваліся пра тое, што ў беларускай культуры былі Браніслаў Тарашкевіч, Мікола Шчакаціхін, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Ядвігін Ш., Зоська Верас, Антон Луцкевіч, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Лёсік... Але тут дзверы зачыняліся. Нельга, не дазволена, не пажадана.
Каней 50-х — пачатак 60-х... Ілюзіі, надзеі, спадзяванні...
Было вернута права на лірыка-філасофскую прозу. На інтымную тэму. На камернае, так бы мовіць, светаўспрыманне. Хаця ўвесь час афіцыйная перавага аддавалася эпахальнаму, маштабнаму, падкрэслена сацыялагічнаму. I ўсё ж... З'явіліся новыя творы Янкі Брыля, Юрыя Нагібіна, Валянціна Катаева. Пачыналі пісаць Юрый Казакоў, Георгій Сямёнаў, Андрэй Бітаў, Міхась Стральцоў, Уладзімір Караткевіч.
Падавалі — упэўнена і па-ранішняму свежа — галасы Рыгор Барадулін і Анатоль Вярцінскі, Яўгеній Еўтушэнка і Андрэй Вазнясенскі, Бэла Ахмадуліна і Вера Вярба (славутых сёння Іосіфа Бродскага, Уладзіміра Сакалова мы прачыталі пазней).
Было вернута права на скепсіс. На іронію. На парадаксальнае мысленне. Абнаўлялася рэчаіснасць, рабілася іншай літаратура. Дарэчы, не толькі ў разварушаным ідэёвымі віхурамі Савецкім Саюзе. 1 там, на Захадзе, з’явілася так званае раз’юшанае пакаленне: Джон Уэйн, Джон Осбарн, Джон Портэр. Там быў абвешчаны антыраман: Наталі Сарот, Алан Роб-Грые, Мішэль Бютор. Зноў па ўсім свеце пайшла мода на парадоксы Бернарда Шоў і Оскара Уайльда, усе сцэны былога сёння Soviet Union бралі ў палон «Варшаўская мелодыя» Л. Зорына (пра нешчаслівае каханне полькі і рускага) і «Двое на арэлях» У. Гібсана (таксама — гісторыя кахання), праўда, гэта крыху пазней.
А ў сярэдзіне 50-х юнака са Слаўгарадчыны, з вёскі Сычын у горадзе Мінску сустрэлі сінкопы яшчэ мала дазволенага ў нас джаза, хаця рытмы класічнага дыксілэнда паўсюдна ўжо рваў на часткі пераможны рок-н-рол. На пляцоўцы ж паміж інтэрнатамі ўніверсітэта на Бабруйскай і хімічным і фізічным карпусамі акуратна вальсавалі «шэрачка з машэрачкай» учарашнія дзесяцікласніцы, смела падтоптвалі падэшвы вальс-бастонамі спрактыкаваныя танцоры, старанна-зухавата пераміналіся з нагі на нагу ўрбанізаваныя «элементы», рытмічна млелі ў танга парачкі. «Домнно, домнно, будь весёлым, не надо печалн», — гнаў распеўна радкі узмацняльнік. «Ты ходмшь в галстуке, ты курншь снгареты», — вясёла ці то папракаў, ці то канстатаваў нехта борздзенькім рытмам; пераможна-няголасна грымела: «Мншка, Мншка, где твоя улыбка...» А на юрфаку, дзе месціўся з канца 50-х і філфак (журналісты былі ў яго складзе), адбывалася нешта і зусім па тым часе забароненае: мясцовы аркестрык жвава «выдаваў» рэпертуар Элвіса Прэслі і Дзіна Рыда. I энергічна куляліся, скакалі юрысты, філалагіні, журналісты — ажно да вялікага гневу мясцовых камсамольскіх уладаў. Якія, дарэчы, у суполцы з рознымі актывістамі вялі цяжкія «ідэалагічныя» баі: якую шырыню павінны мець штаны ў савецкага маладзёна, і як гэная шырыня адбіваецца на ягоным інтэлектуальным узроўні і патрыятычных пачуццях.
А насупраць філалагічна-юрыдычнага корпуса была наша сапраўдная alma mater — Ленінка. Дзе мы і набывалі па праграмах, а больш самапасам, адукацыю. Чыталі класікаў і някласікаў. Здаецца, Міхась Стральцоў Ленінку не вельмі наведваў, любіў спасцігаць мудрасць у больш камфортных хатніх умовах. Як і не быў зацятым танцорам. Але... і ён, і яго героі жылі ў тым часе. Дзе былі тыя ж захапленні, тыя ж гукі, тыя ж кнігі. А магчыма, больш неяк згадваецца ягоны «Свет Іванавіч, былы донжуан», яго герой-равеснік: «Недзе на трэцім курсе я адпусціў доўгія валасы — тады гэта было можна. I падняў каўнер курткі — гэта таксама, здаецца, лічылася, што няблага. Тады катастрафічна, увачавідкі вузелі ў хлопцаў штаны, затое так прасторна было плячам пад шырачэзнымі пінджакамі. Праўда, гэта ўжо мяне не датычыла. Доўгія валасы — няблага. I падняць каўнер — таксама. Я чытаў тады французскія раманы. Эміль Бландэ, Люсьен Рубампрэ... Галантны век, дасціпнасць. I скепсіс».
У кожнага з нас быў свой час спасціжэння «Страчаных ілюзій». Я праглынула 13 тамоў Бальзака, якія толькі што выйшлі з друку, карычневыя асобнічкі адзін да аднаго, недзе ў 9 класе, — прыблізна тады ж Стэндаля, Уайльда, Шоў, герой Міхася Стральцова — на трэцім курсе. Некалі прачытаў іх і сам Стральцоў. Наша пакаленне адкарасквалася ад бабаеўскіх і кочатавых, мы мелі інтарэс да замежных раманаў: Рамэна Ралана, Томаса Мана, Ражэ Мартэна дзю Гара, Джона Галсуорсі... I тыя самыя раманы Філдынга, Дыкенса, дзе «шматпакутныя героі пад эпілог сыходзіліся на ласкавы агонь камінка. За апушчанымі шторамі выў халодны восеньскі вецер. Камінак быў узнагародай. Цаной былой неўладкаванасці і нягод». Ва ўніверсітэцкі і пазнейшы час пра ўсё гэта мы, як і герой Міхася Стральцова, згадвалі з іроніяй. Самаіронія рабілася зброяй самаабороны, пафас быў «прыладай» састарэлай і штучнай.
У польскай перыёдыцы мы чыталі Пруста і Кафку. ТатаХэм, Олдынгтан, Эрых Марыя Рэмарк, Скот Фіццжэральд, — іх героі нішчылі ўсе ўяўленні пра свет і пра нас. Адгортвалі старонку кнігі і чыталі: «А потым што мы рабілі? — спытаў ён».
Ніякіх табе тлумачэнняў, апісанняў, прэамбул. Мы адчувалі на сабе ўздзеянне таго самага таямнічага падтэксту, разуменне якога пазней зацягалі, заштампавалі, а ў нас, у Беларусі, так і не ўспрынялі, беручы пад увагу як адзіна магчымую, так бы мовіць, нацыянальную школу — апісальна-крытычны рэалізм, падрабязны, непаспешлівы, грунтоўны. Толькі так, усё астатняе ад нячыстага. Праўда, Міхасю Стральцову непадобнасць яго неяк даравалі. Ён пачынаў, не «расцякаючыся думкаю па дрэве»: «У тэлефоннай будцы былі двое, і я ненавідзеў іх». Вы не знойдзеце такога пачатку ні ў каго з ягоных літаратурных равеснікаў. Хаця да ўсіх прыйшла літаратура, якую даўно ці наогул не друкавалі ў Саюзе. Хаця ўсе былі «дзецьмі XX з’езда», «дзецьмі вайны», амаль усе — «з хат».
Але вось гэта было канкрэтнай і агульнай рэаліяй для ўсіх: партрэт «бацькі ўсіх народаў» пыліўся ў інтэрнацкай шафекладоўцы. Рэаліяй, што давала, аднак, магчымасць думаць парознаму, успрымаць па-рознаму. Было такое ўяўленне падчас чытання Стральцова — у нечым гэта аб’ектыўная, а ў нечым суб’ектыўная рэальнасць. Таму што час, палітычныя абставіны Стральцоў пазначаў толькі штрышком. Яны прысутнічалі, і досыць відавочна — скажам, адзін лапаць, адзін чунь з яго аднайменнай аповесці: рэаліі і ваеннага, пасляваеннага часу. Але яны — толькі штуршок для аповеду. Ён экзістэнцыяльна ўспрымаў свет і падзеі — у яго ў цэнтры ўвагі асоба, чалавек. Астатняе — фон: гістарычны, сацыяльны, падзейны. Абставіны рэчаіснасці. Якія ён умеў пазначыць кароценька і трапна. He любіў сумна-сумленна расцягваць на безліч старонак. «Я — малафарматнік», — гаварыўён. Крыху пацвельваючыся.
Хлопец з вёскі Сычын меў прыроджаны тонкі, дыхтоўны густ. Адразу займеў арыентацыю на сучасны ўзровень мыслення і пісьма. Хаця любіў і ведаў і «гудлівыя строфы» Эсхіла і Піндара, і «літургійна суладнае і прыгожае» Сярэднявечча, і высілкі «нястрымнага розуму» новага часу. I, дарэчы, нейкую асаблівую зваблівасць мелі для яго паэты пушкінскай пары, і сам «абраннік сонечнага Феба», і «сядзібная культура» XIX стагоддзя. 3 XX стагоддзем адносіны ў яго былі
ўважліва-складаныя. Ён падоўгу трымаў кніжкі, што браў у мяне: Ж. П. Сартра («Экзістэнцыялізм — гэта гуманізм», «Словы», «П’есы»), Тэяра дэ Шардэна («Феномен чалавека»), Бертрана Расела («Гісторыя заходняй філасофіі»), Ражэ Гарадзі («Рэалізм без межаў»), Самарыя Велікоўскага («Канты «няшчаснай свядомасці»).
Гэта, праўда, было ўжо ў 70-я, 80-я гады. А на тую маладую пару яго не абмінулі, здаецца, усеагульныя «ідалы». Згадаем хаця б у «Дні ў шэсцьдзясят сутак» — «Сцеражыцеся рыбылоцмана!» Назва раздзела «паўночнага дзённіка», увесь гэты раздзельчык, «адступленне літаратурнае» — пра Хэмінгуэя. Пра рыбаў-лоцманаў, што цікавалі і за Хэмінгуэем, і за Чэхавым (Стральцоў прыгадвае тут яго). Мы, мабыць, можам дадаць — і за самім Стральцовым. I пра тое, што «літаратура была для яго, Хэмінгуэя, адным з даступных чалавеку сродкаў сцвярджаць сваю годнасць», і пра тое, як яго «брала ў палон даведзеная да самай звычайнай рэальнасці ілюзія перададзенага словам жыцця». I... і... Стральцоў меўжыццёвыя і літаратурныя прыхільнасці свайго пакалення: той яго часткі, для якой ён пісаў. Ці чытала яна яго? Пытанне няпростае. I пра гэта крыху пазней. А тады, мабыць, і Стральцова, як усіх нас, вабіла нязвычнасць, нязмушанасць, натуральнасць герояў Хэмінгуэя, інтрыгаваў стыль іх жыцця. Жалезная заслона толькі-толькі скрогатна і цяжка адчынялася. А героі Хэмінгуэя сёння — у Парыжы, заўтра — на боі быкоў у Памплоне, паслязаўтра — на сафары ў Афрыцы. I на вайну глядзелі інакш — не так прасталінейна, якбольшасцьнашыхсуайчыннікаў. I стаўленне да высноў жыцця ў іх было іншае. Іх светаўспрыманне было для нас навіной, адкрыццём.