Выгнаны патрыцый
Кніга пра Міхася Стральцова
Выдавец: Лімарыус
Памер: 432с.
Мінск 2017
Няхай была за гэтым і хвароба росту, але і тыя пошукі сёння маюць мастацкую вартасць і цікавасць, сваю прывязку да часу. Што датычыць Міхася Стральцова, то ў выніку гэтых пошукаў ім напішуцца хрэстаматыйныя творы беларускай прозы. Пільным вокам пісьменніка падмеціць Стральцоў феномен «сена на асфальце».
Як тонкі лірык, ён адзначыць смутак і журбу развітання з вёскаю і недасягненне душэўнай гармоніі былога вяскоўца, які асуджаны пераехаць на жыццё ў горад. Сам Міхась Стральцоў болей не вяртаўся да гэтай тэмы, якая і на сённяшні дзень не развіта, не прасочана беларускай літаратурай ва ўсіх складанасцях гэтай праявы, у выніку якое атрымоўваецца не толькі «сена», але і звычайная «пацяруха», якою замятае і нашы паўвясковыя гарады, і саму недаабгарадзелую вёску, «пацяруха» душэўнай чэрствасці, эгаізму, страты адчування чалавечай і нацыянальнай годнасці, тых адметных рыс народнага характару, якія, як залацінкі, намываліся пакаленнямі.
Але тады быў толькі пачатак... I лірычнасць, адкрытасць, дакрананне да інтымных бакоў чалавечага жыцця выклікала супраціўленне. Ад «аглаблёвай» крытыкі таго ж Якава Герцовіча перападала і Стральцову за яго «блакітныя ветры», якія класіфікаваліся не інакш як прапаведанне распусты, разбэшчанасці, калі не болей. Таму і ўзнікала ўпартае жаданне пісаць насуперак старым маралізатарам...
Можа, у выніку гэтага і напісалася мной апавяданне «Сок манга», у якім ёсць і маладосць, і цыбатая стоечка ў бары, і дзяўчынка, і хлопчык, і крыху экзотыкі. На маё здзіўленне, Міхась Лявонавіч пахмыкаў, зрабіў некалькі паправак і вынес прысуд: «Нічога, старычок». Аднак гэта яшчэ не было рашэнне канчатковае, бо апавяданне выглядала нейкім незавершаным. Вось з гэтым «завяршэннем» я і папакутаваў. Прыносіў і абзацы, і новыя старонкі, пасля якіх Стральцоў ніякавеў і паўтараў сваё: «Не тое, старычок».
Магчыма, так бы і сканала ў рукапісе тое апавяданне, але ў адзін з маіх чарговых прыходаў, калі была адхілена, перакрэслена цэлая старонка розных варыянтаў, Міхась Лявонавіч урэшце прасветлена ўсміхнуўся, перакрэсліў мае варыянты і сваёй рукой напісаў кароценькі сказ: «Так думала яна». I ўсё стала на свае месцы. Цяпер, перачытваючы тое пачаткоўскае апавяданне, я спатыкаюся на гэтым запісаным з чырвонага радка кароткім сказе, бачу зеленаватыя, вясёлыя і задаволена прыжмураныя Міхасёвы вочы і разумею, што не толькі я, але і ён, рэдактар, таксама шукаў разам са мною і быў рады, што знайшліся патрэбныя словы.
I зараз чамусьці ўслед за гэтай сцэнай у «маладосцеўскім» кабінеце, гарэзлівым агеньчыкам у маладых вясёлых вачах успамінаецца іншая сустрэча.
Быў адзін з тых пагодлівых, ужо не спякотных, але амаль што ласкавых асенніх дзён. Шчодра раскашавала ў парку барвовае, жоўтае, чырвонае лісце. Яго не пачалі яшчэ зграбаць і вывозіць з паркаў і сквераў. Ад гэтага лісця, ад яснасці, сонечнасці дня душу кранала нейкая светлая і адначасна журботлівая радасць.
Угледзеў Міхася Лявонавіча нечакана, адзінокага на лаўцы ў скверыку Янкі Купалы. Ён сядзеў задумлівы, журботны і зусім адзінокі, быццам пакрыўджаны некім у гэты восеньскі святочны дзень. Ён не чакаў угледзець каго-небудзь са знаёмых, мабыць, не хацеў, каб бачылі і яго, каб заміналі самоце. Але ўсміхнуўся сваёй ціхаю ўсмешкаю, неяк пакорліва. He памятаю, пра што мы гаварылі, бо быў я ўсё ж толькі пачатковец, які сустрэў старэйшага таварыша, рэдактара, якому на суд давядзецца насіць не адзін свой твор. Ці не тады ён сказаў, што перайшоў на працу з «Маладосці» на тэлебачанне, і неяк нясмела намякнуў, што такую падзею можна адзначыць. Потым мы ўсё на той жа лавачцы пілі чырвонае балгарскае віно.
Міхась Лявонавіч быццам абудзіўся ці адкаснуўся ад сваіх трывог, вочы яго ажылі, засвяціліся зялёнымі агеньчыкамі, весялей павіўся над цыгарэтаю тоненькі дымок. А потым ён пачаў чытаць на памяць вершы, пачаўшы з вершаў пра прыроду, перайшоў да сваіх найбольш любімых. Чытаў рускую паэзію, якую ён ведаў і памятаў надзіва. У гэтым я пераконваўся потым неаднойчы. А тады быў уражаны і здзіўлены...
I калі прачытаў праз некалькі год верш «Пра мудрасць», чамусьці ўспомніў тую сустрэчу ў восеньскім парку, тую Міхасёву адзіноту і прадчуванне нечага нядобрага, пра што тады не здагадаўся, ды і не мог, відаць, зразумець з-за маладосці, што ў жыцці ў пісьменніка пачынаецца новы, вельмі пакутлівы адрэзак лёсу...
Вось сівізна — а мудрасць дзе? А мо пакорлівасць бядзе Завецца словам гэтым?
Бяда ідзе, бяду вядзе: Калі міне, сустрэне дзе, Пасварыць дзе са светам...
А падчас той сустрэчы ў скверыку ў памяці маёй усё стаяла перад вачыма святочная зала Купалаўскага тэатра. Можа, таму, што студэнтам у тэатры бываў не часта, сляпіла святочнае святло залы. Здаецца, ці не быў гэта адзін з першых юбілеяў
Максіма Багдановіча, які адзначаўся на афіцыйным узроўні. Галоўным дакладчыкам выступаў Міхась Стральцоў. Было гэта пасля таго, як была ўжо напісана «Загадка Багдановіча», ці пазней? Ці тады толькі ў Стральцова былі асобныя публікацыі пра паэта і ён рыхтаваўся да напісання «Загадкі»?
Можа, гэта ўжо не так і важна, бо сёння бронзавы Максім Багдановіч вярнуўся ў сталіцу, у якой няма жывога, удзячнага чытача, прадаўжальніка, даследчыка Міхася Стральцова. 3 таго вечара засталася ў душы незвычайная святочнасць, захопленасць прыгожым, у белай рубашачцы пад гальштукам Міхасём Стральцовым за трыбунай, добрая белая зайздрасць да яго, яго таленавітасці, маладосці і прыгажосці, абаяльнасці, адукаванасці і густу.
Быў я яшчэ ў Міхася Стральцова, які апынуўся на раздарожжы. Ён частаваў мяне чаем, мы сядзелі і гаварылі ў пакоі, дзе ляжалі звязкі неразабраных, нерасстаўленых кніг з ягонай бібліятэкі. А потым ён зноў чытаў мне вершы на памяць. Чытаў, ці паэтычным словам вёў роздум пра сэнс чалавечага жыцця-быцця на зямлі, магчыма, пра свой лёс, і шукаў у мудрых радках парады і выратавання? А можа, яму падабалася адкрываць яшчэ раз і перад самім сабой мудры свет паэтычнай класікі? Тады я не ведаў, што такі прызнаны празаік, як Міхась Стральцоў, піша вершы, і што гэта не проста капрыз, а сталы пераход да працы ў новым, самым высокім і ювелірным жанры літаратуры.
Нагадаю, што сустрэча адбылася пасля нашумелага «Света Іванавіча, былога донжуана». Менавіта нашумелага, бо пасля з’явілася аповесць «Адзін лапаць, адзін чунь», светлая і горкая аповесць-роздум пра чалавечы лёс на зямлі, пра абавязак чалавека перад жыццём, замешаная на пасляваенным дзяцінстве. Герой гэтай аповесці, калі можна так сказаць, дзед Міхалка, той дзед, які пачаў, відаць, галерэю вобразаў «старых» у беларускай літаратуры. Гэта цяпер, углядаючыся ў светлы свет мудрага дзеда Міхалкі і яго адносін з унукам, сэрцам перажываеш выпакутаванае пісьменнікам, разумееш крышку інакш, чым проста «лірычную прозу».
Памятаю, як распытвалася ў мяне мама пра Міхася Стральцова. Чытаць кнігі ёй не надта выпадала часу, але здарылася так, што ёй выпадкова трапіўся часопіс «Маладосць», які я студэнтам адвозіў у вёску. Якое ў яе было захапленне і суперыжыванне, і як яна здзіўлялася, што гэтакі малады змог гэтак напісаць.
Потым Міхась Стральцоў напіша сваю «Загадку Багдановіча», якая ўразіла навуковаю грунтоўнасцю, эстэтычнасцю, культураю думкі, разуменнем і пранікненнем у лёс паэта, у значнасць яго асобы, творчасці для нацыянальнай культуры. Урэшце, уся проза Міхася Стральцова — удзячны аб’ект для даследавання навукоўцаў, асабліва праз прызму няхай невялікага, але ўжо прамінулага часу, калі жыццё расставіла свае акцэнты, узняло новыя праблемы і пытанні, адсеяла многае, што прэтэндавала на манаполію, на прыярытэтнасць у беларускай літаратуры.
Апавяданне Міхася Стральцова «Смаленне вепрука» пазначана 1973 годам, у гэтым жа годзе выйдзе з друку і першая паэтычная кніга «Ядлоўцавы куст». Глыбокі даследчык, адукаванейшы знаўца, прынцыповы ў сваіх ацэнках Алесь Адамовіч, якому пры ўсёй яго аб’ектыўнасці болей імпанаваў Міхась Стральцоў-празаік, аўтарытэтна засведчыў: «Я, напрыклад, упэўнены, што сярод таго лепшага, што будзе выразней заўважацца заўтра, хрэстаматыйна загучаць назвы такіх твораў: «На чацвёртым годзе вайны», «Адзін лапаць, адзін чунь», «Смаленне вепрука», «Загадка Багдановіча»...»
Мудры Алесь Міхайлавіч, думаецца, невыпадкова паставіў шматкроп’е ў прадчуванні, што сам час пашырыць пазначаны ім спіс, безумоўна, далучыўшы сюды і лепшае з лірыкі Стральцова-паэта, а для даследчыкаў беларускай літаратуры не застануцца незаўважанымі крытычныя работы Міхася Стральцова, і тыя, што пісаліся як жывы водгук пра літаратурны працэс, і звернутыя ў сваіх развагах да беларускай класікі, да яе вопыту і набыткаў.
Але і быў няпросты час у жыццёвым лёсе Міхася Стральцова проста жывога чалавека. Здарылася так, што давялося яму
сустракаць зіму з шэсцьдзясят дзявятага на сямідзясяты год у нас у інтэрнацкім пакоі на вуліцы Свярдлова. Пакоі па-свойму знакамітым хаця б тым, што там у час свайго аспіранцтва жылі Рыгор Семашкевіч і Яўген Лецка. Рыгор Семашкевіч ажаніўся, з’ехаў з жонкаю з інтэрната на прыватную кватэру, захаваўшы месцадля «зайца» Юркі Голуба, даякога падсуседзіцца давялося і мне. А потым прыйшлося пацясніцца і на месца для Міхася Стральцова, які на зіму застаўся без жытла. У яго тады балела нага, хадзіць было цяжка і даводзілася зімаваць зіму найбольш на ложку, сумаваць, пакуль наша студэнцкая кампанія збярэцца з горада ў пакой, і ў гэты час занатоўваць паэтычныя радкі. Сваіх вершаў ён нам не чытаў...
У тым нашым цесным студэнцкім жыцці ставала рознага, вясёлага і сумнага, тым болей, што камендантцы не надта падабаўся гэты маленькі інтэрнацік у адным пакоі, і была поўная пагроза ўсім «зайцам» аднойчы апынуцца на вуліцы. Але Рыгору Семашкевічу, які часам наязджаў у інтэрнат, удавалася ўстанавіць паразуменне і прадоўжыць наша існаванне ў тых сценах. Дык вось, у адзін з такіх трывожных часоў Міхась Лявонавіч, які заставаўся адзін і якому было сумна, адкрыўся для нас яшчэ адным бокам свайго таленту: ад суму над ложкам, на якім ён спаў, намаляваў недакуркам на сцяне заліхвацкага джэнтльмена ў каўбойскім капелюшы і з цыгараю ў зубах.
Вось такога «псавання інтэрнацкай маёмасці» камендантка магла не вытрымаць. Знайшоў выйсце зноў жа Рыгор Семашкевіч, які з недалёкай кнігарні, што на вуліцы Кірава, прынёс адмысловы плакат, на якім была намалявана рабочая рука з паходняй, а знізу красаваўся подпіс: «Ударнмку коммунпстнческого труда». Міхась Лявонавіч ацаніў гумар і тое, што гэтакі плакат не адважыцца зачапіць на сцяне ніякая камендантка. Так і перазімаваў пад ім...