Выгнаны патрыцый
Кніга пра Міхася Стральцова
Выдавец: Лімарыус
Памер: 432с.
Мінск 2017
Аднойчы прыляцела да мяне юная шчабятлівая ластаўка з тэлеканала «Белсат». «А чаму ў беларускай літаратуры няма шэдэўраў сусветнага ўзроўню? А чаму яна ўся прыземлена-вясковая? А можаце назваць што-небудзь не горшае за... Гары Потэра?» I пачаў я той ластаўцы называць — усё стральцоўскае: «Смаленне вепрука», «Сена на асфальце», «Адзін лапаць, адзін чунь»... Бачу — крывіцца расчаравана, вёскай ёй ад тых загалоўкаў патыхае. А названыя творы — лірычна-філасофская проза самай высокай якасці, чытво на ўсе ўзросты. I ўвогуле, гэта той выпадак, пра які народная мудрасць трапна гаворыць: маелапці твае боты пераходзяць.
Як і кожнаму творцу, Міхасю Стральцову хацелася быць пачутым. У тым апошнім для яго 1987-м ён згаджаўся на ўсе выступы. У сталічным Доме літаратара прэзентаваліся «Мой свеце ясны» і кніга крытыкі «Пячатка майстра». А ўсяго за тры месяцы да смерці ў бараўлянскім шпіталі ён сустракаўся са сваімі чытачамі ў Гародні і Лідзе. I ў восеньскай журбе спрабаваў дапільнаваць імгненні жыццёвай весялосці...
Ужо са смяротнай лажніцы ён прашаптаў схіленаму над ім Янку Брылю: «Мне без вас нелыа». Сёння ўсім нам нельга абысціся без Міхася Стральцова, без яго паэтычнага і празаічнага «свету яснага».
Пішу гэтыя радкі, выконваючы дадзенае ў Слаўгарадзе абяцанне. 1 мне верыцца, што гэтая кніга камусьйі дапаможа ўбачыць Стральцова ў поўны рост. I з'явіцца з цягам часу і музейная экспазіцыя, і акадэмічны збор твораў, і вуліцы яго імя — у сталіцы і ў тым самым слаўным горадзе Слаўгарадзе, дзе пісьменніка неяк падазрона хутка дарэшты забылі.
Што праўда, сённяшняму чытачу ўбачыць Стральцова ў поўны рост пакуль няпроста. У друку хоць зрэдку, але працягваюць з’яўляцца невядомыя тэксты, эпісталярый пісьменніка апублікаваны пакуль толькі часткова. To бок, постаць Міхася Стральцова яшчэ далёкая ад кананічнай завершанасці. Пра якую завершанасць можна гаварыць, калі ўсяго гады тры таму быў знойдзены цэлы стральцоўскі архіў, пра існаванне якога не падазравалі і самыя дасведчаныя архіўныя пінкертоны.
He ведаў і я, хоць узяўся ўкладаць той самы, прэзентаваны ў Слаўгарадзе, «кнігазбораўскі» том Стральцова. Прызнаюся, я ледзь не паддаўся на ўгаворы літаратурных усяведаў, якія настойліва раілі проста ўзяць і адсканаваць выбранае 1987 года, а не бегаць па бібліятэках і архівах у пошуках новых тэкстаў. Маўляў, усё роўна нічога вартаснага не знойдзеш. Ды і архіва пасля Стральцова практычна не засталося — не захоўваў ён рукапісаў, не сартаваў па тэчках папяровай непатрэбшчыны. Вопіс яго асабістага фонду ў Беларускім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва танюткі, як вучнёўскі сшытак, ды і там нічога недрукаванага няма...
Выбранае з прадмовай Алеся Адамовіча я паціху сканаваў, патроху каментаваў, а сам думаў — буду апошнім лайдаком, калі не знайду ну хоць бы стральцоўскіх лістоў — эпісталярны раздзел у будучай кнізе адчайна пуставаў.
Дзе тыя лісты шукаць? Я прыехаў на вуліцу Прытыцкага, у дом № 6, падняўся на скрыпучым ліфце ў кватэру, дзе жыў Стральцоў.
Удава паэта Алена Дзмітрыеўна сустрэла мяне надзвычай гасцінна і — о дзіва! — ледзь не з парога абнадзеіла. Аказваецца, стральцоўскі архіў быў падзелены на дзве часткі — адна трапіла ва ўжо згаданы БДАМЛіМ, а другая ў свой час была вывезеная на захаванне ў надзейнае месца за кружной дарогай.
Кожны наступны дзень я даймаў Алену Дзмітрыеўну тэлефоннымі званкамі — калі паедзем? Нарэшце, дамовіўшыся, мы адправіліся ў пошукавую экпедыцыю. У сучасным катэджным пасёлку адшукалі дом, сённяшнія насельнікі якога правялі мяне ў падвал і паказалі на скіданую ў адносным парадку гару старых рэчаў пад самую столь — шукайце тут. Перавязаныя стосы кніг, старое адзенне, посуд, елачная мішура, гаршкі з-пад вазонаў, абутак на ўсе сезоны, савецкія часопісы, дзіцячыя цацкі і напоўненыя нечым падазроным флаконы — я раскопваў тую падвальную джамалунгму з імпэтам салігорскага шахцёра, якога паабяцалі прэміяваць за вагон прадукцыі звыш нормы.
Час ад часу вылазячы наверх хапянуць свежага паветра, я адчуваў, што цярпенне жыхароў дому на сыходзе, мае лёгкія пра-
тэстуюць і вочы слепнуць. Але, гнаны невядомай сілай, зноў спускаўся ў паўцёмны падвал і ледзь не вобмацкам перабіраў невядома з якой мэтай знесеныя туды клункі, скрынкі і рознае рыззё.
Шуканае аказалася на самым дне. 3-пад пагрызенай мышамі дванаццацітомнай «йсторнн второй мнровой войны» я выцягнуў бліжэй да цьмянай лямпачкі прадаўгаватую скрыню і з трымценнем у сэрцы прачытаў зроблены фламастарам надпіс Архіў М. Стральцова...
На зваротнай дарозе ў Менск мне неадчэпна думалася пра знойдзеную скрыню, дзе магло быць што заўгодна, у тым ліку і рукапіс калісьці анансаванай у часопісе «Маладосць» аповесці «Конь гуляў на волі»...
Тою ноччу я не заснуў — раскладаў на падлозе змесціва скрыні (усё было ў ідэальным парадку) і не спяшаючыся ўчытваўся ў пажаўцелыя старонкі. Нечакана ў скрыні аказалася шмат лістоў — многія з іх трапілі ў «кнігазбораўскі» том. У тэчцы з перакладамі зверху ляжаў Мікеланджэла па-беларуску — перакладзены ў пачатку 70-х для італьянскай паэтычнай анталогіі, ён чамусьці туды не ўвайшоў. Знайшліся ў скрыні і жартоўныя вершы, адрасаваныя паэтам дачцэ і сябрам. У асобным канверце ляжалі фатаздымкі.
Почырк у Стральцова далёка не каліграфічны — некаторыя чарнавікі расчытаць тады не ўдалося. Пад адным скрэсленым рукапісам я звярнуў увагу на дату: 7.07.87. Паэт ужо ведаў пра свой дыягназ, меўся класціся ў бараўлянскую больніцу. Заставалася паўтара месяцы жыцця...
«У скверы гэтым лугавінка...» Далей ішлі зусім нечытэльныя, шматкроць закрэсленыя радкі. Цалкам удалося прачытаць толькі адну страфу ды заканчэнне: «Касіў за двух і жыў за двух!».
Накід верша, зроблены, да таго ж, алоўкам, у том выбранага, зразумела, не трапіў. Ды нешта мне рупіла ў тым нерасчытаным рукапісе. Я насіў яго з сабою, расказваў пра яго ўсім зацікаўленым і нават браў з сабой у Сычын — на радзіму паэта.
I Міхась Лявонавіч нада мной злітаваўся. Аднойчы ў зацішным БДАМЛіМе мне прынесьлі не тую справу. Замаўляў Сяднёва, а памылкова прынеслі Стральцова. Я машынальна зірнуў на дзясятак даследчыцкіх роспісаў на лісце карыстальніка і ледзь не здаў тую справу 36 з фонда 361 назад у сховішча.
Гартануўшы ўсё ж белы нататнік з вядомымі мне перакладамі, я нечакана ўбачыў белавы варыянт таго адшуканага ў падвале верша! Старонка мела нумар 37 — год нараджэння Стральцова... Так прыйшоў да чытача апошні стральцоўскі верш, верш-развітанне:
У скверы гэтым лугавінка Мне, што выпадкам, так сабе, Задобрыў думку успамінкам Аб даўняй ліпеньскай касьбе, — Такая радасць і аддуха, Такая горыч і журба!
Сядзі і ўласным сэрцам слухай, Як адступае ціха скруха, А з ёй — і гора, і бяда.
Няхай! Ды толькі дзе, мой хлопча, Падстрэшак той і дзе каса?
Другі ўжо нехта копы топча, Другі ў прыпар спачыну хоча, Другія там — не ты ўжо сам. Ах, божа мой! Чыёю верай Перада мной той даўні луг Паслаўся чыстаю паперай, Каб я радком пракосы мераў, Касіў за двух I жыў за двух!
Калі б ананімную раздрукоўку гэтага верша мне прыйшлося вылавіць у закарванай бутэльцы дзе-небудзь на неабжытай выспе пасярод акіяна, то і тады не ўзнікла б аніякіх сумневаў наконт аўтарства — столькі ў гэтых дваццаці
радках стральцоўскага дыхання, стральцоўскай гэтак зразумелай журбы!
Гэтая кніга — не парадны партрэт у залатой раме. Паэты не святыя, ім не патрэбныя салодкагалосыя акафісты і фіміям, ад якога кружацца галовы найперш у саміх кадзільшчыкаў. Паэт адбываецца ў Слове, тым самым умацоўваючы бяссмерце свайго народа. Бо адзінае і сапраўднае бяссмерце паэта і народа — у прамоўленым і захаваным Слове. Паколькі ўсё падлягае разбурэнню, апрача Слова.
Думаецца, Міхась Стральцоў усведамляў сваю адказную місію захавальніка кастальскай крыніцы Мовы і Паэзіі, упэўнена прамовіўшы на схіле XX стагоддзя: «Мой голас і ў веку наступным пачуецца». Гэты наступны век настаў. I голас гучыць — не прыглушаны далеччу часу.
Міхась Скобла
ПРЫ УРАЧЫСТЫМ СВЯТЛЕ ДНЯ Успаміны пра Міхася Стральцова
Ала Сямёнава
«Раніцай яснага мая...»
Фатаздымак (Міхась Стральцоў аддаў мне яго і іншыя здымкі пасля перадачы па тэлебачанні, дзе яны былі скарыстаныя), на якім малады, нават малы яшчэ, раскудлачаны Міхась, — заспеў нейкае гарэзлівае, імклівае імгненне. Нібыта бег ён з вясёлае гульні і на хвіліну спыніўся, задыхаўшыся: каб бегчы некуды зноў. Каб адчуць «шумліва-порсткі, роспачна-вясёлы» вецер, паслухаць «лапатлівых» вераб’ёў, падпільнаваць птушак на лясоўцы. Як герой ягонай аповесці «Адзін лапаць, адзін чунь». I, мабыць, як ён, быў у атопках пасляваеннай пары. I, верагодна, ягоны дзед Міхась, як дзед Міхалка з тае аповесці, прасіў пана Бога за ўнука: «Пашлі выпрабаванні яму па сіле». Дзеда з матчынага боку, Міхала Ігнатавіча Кузьміцкага, Міхась Стральцоў згадваў неяк у лісце: «Дзед памёр надта рана для ягоных год, але першапачатковым выхавацелем маім, калі гэта, вядома, можна было называць на той час і ў тых умовах выхаваннем, займаўся ён».
Дык прыехаў гэты хлопец — Міхась Стральцоў — у сталіцу парой, якую пазначаюць «хрушчоўскай адлігай». У сярэдзіне 50-х гадоў. У пару ашаламляльнага сацыяльна-грамадскага прарыву. Было вернута натуральнае права на ўспрыняцце сапраўднай, існуючай рэальнасці, а не фантомнага «сёння» дзеля светазарнага «заўтра». Праўда, неўзабаве нам паабяцалі, што мы будзем жыць пры камунізме. Аднак скептычнае наша пакаленне (рамантызм спакойна суседнічаў з самаіроніяй і скепсісам) успрыняло гэтую дэкларацыю як дэкларацыю — не больш. Затое мы займелі права на самавыяўленне. На сумнеў. «Нас вырастйл Сталнн...» — догма нашага дзяцінства была
абвержана, мы вярнуліся да натуральнай высновы, што гадавалі нас бацькі, больш маці (таты нашага пакалення ці не праз аднаго загінулі на вайне), бабкі, дзяды, цёткі. Дзіцячыя дамы... «Я другой такой страны не знаю, где так вольно дышнт человек...» — гэтая прыемная ілюзія таксама знікла пасля першых афіцыйных звестак пра рэпрэсіі. Неаспрэчнае веданне пра тое, што ў нас усё — самае лепшае, руйнавалася самой рэчаіснасцю. Нашы паркалёвыя «футболкі» пэўна не маглі канкураваць нават з немудрагелістымі світэрамі якога шатландскага вырабу — з’явіліся першыя пасылкі «адтуль», з-за кардону. Пачаў аказвацца «імпарт», слова, што даўно, мабыць, не было ў абыходку. Лаліта Торэс спявала з экранаў пра цудоўны горад Каімбру таксама не ўлахманах, а Ліз Тэйлар то і ўвогуле ў «Рапсодыі» не так выконвала ролю і грала на фартэпіяна (па ролі — яна піяністка), як дэманстравала сваю бездакорную постаць у недасягальна шыкоўных строях. Надавалі сацыяльнай самаўпэўненасці хіба што італьянскія неарэалісты — ваша галеча на нашу галечу: хто, так бы мовіць, перасягне.