Выгнаны патрыцый Кніга пра Міхася Стральцова

Выгнаны патрыцый

Кніга пра Міхася Стральцова
Выдавец: Лімарыус
Памер: 432с.
Мінск 2017
105.66 МБ
У 1974 годзе Міхась Стральцоў у «Бібліятэцы беларускай прозы» выдаў томік прозы, быццам падвёў рысу пад зробленым у гэтым жанры. У тым жа годзе пабачыла свет і першая яго паэтычная кніга «Ядлоўцавы куст», адметная не толькі майстэрствам, навізною формы, але і глыбокай філасафічнасцю,
нават у нечым гарэзлівасцю, але галоўным, стрыжнявым ужо ў першым зборніку быў засяроджаны роздум над чалавечым лёсам у сусвеце, у вечнасці, у вечным свеце прыроды. I за гэтым роздумам адчуваецца глыбокая самота і боль душы, які пакуль што стрымліваецца, прыглушваецца, але няўмольна прарываецца ў слове:
Згасаеш? Ну, згасай! Навошта варушыць Вуголле шэрае, каб іскрынку пабачыць?
Згасаеш — ну згасай! Хоць горка на душы, Хоць ведаю, што гэта ўрэшце значыць.
Ці ведаў тады пісьменнік, ці мог здагадацца, які будзе цяжкі яго шлях праз цэлыя гады дэпрэсіі, адзіноты, адчаю і безнадзейнасці да свайго «свету яснага»? Наўрад. Думаю пра той перыяд у жыцці Міхася Стральцова і ўсё болей пераконваюся ў тым, што той «зрыў», які з ім адбыўся, у многім быў народжаны адчуваннем, разуменнем, рэакцыяй на сваю незапатрабаванасць грамадствам у самым шырокім, сур’ёзным разуменні такіх паняццяў, як «запатрабаванасць» і «грамадства».
Гэтыя акалічнасці ў свой час прымусілі сказаць горкія радкі ў адрас свайго народа Багушэвіча, Багдановіча, Купалу. Таленавіты, адукаваны, інтэлектуальна багаты Міхась Стральцоўяк чалавек вельмі чуйны, не мог не адчуць, што па-сапраўднаму тое, што ён стварае і можа стварыць, патрэбна адносна невялікай колькасці людзей, але не ўсяму народу. Можа, таму і збянтэжылася, і была заблудзілаяго душа ў будзённых жыццёвых прыцемках. Міхась Стральцоў, які напісаў «Загадку Багдановіча», пакінуў нам сваю загадку.
Памятаю, як ён, пазначаны не толькі сівізной, але і глыбокімі маршчынамі і шрамамі на твары, слядамі перажытых болю і пакут, вярнуўся да актыўнай творчасці. Мы курылі з ім у кабінеце ў «ЛіМе», куды ён прынёс падборку вершаў. Я прапанаваў прыйсці на работу ў газету загадчыкам аддзела. Міхась Лявонавіч удзячна кіўнуў галавою, сказаў, што падумае. Разумею, што газетны тлум, «маладзёвы» калектыў «ЛіМа» не зусім імпанавалі яму, каму хацелася засяроджанасці, бліжэйшай
далучанасці да літаратурнай работы. I таму ён згадзіўся пайсці ў «Нёман» літработнікам...
Апошняя сустрэча здарылася ў мяне з Міхасём Стральцовым у фае Дома літаратара. Была яна мімалётная, як здараецца ва ўсіх нас, занятых сваімі будзённымі клопатамі. Некалькі дзяжурных слоў: «Як жывеш? Як здаровы?» — «Так, нічога...» Прыкладна такая гаворка, але голас далёка не бадзёры, а нейкі задумёны, і позірк, звернуты ў самога сябе. Пазней даведаўся, што Міхась ужо здагадваўся пра сваю хваробу, якая гучала, як прысуд...
Напісанае Міхасём Стральцовым, магчыма, умесціцца ў два томікі. Але гэта будуць залатыя томікі, пазначаныя знакам Майстра, якому Богам быў дадзены сапраўдны талент. Пераконваюся ў гэтым яшчэ раз, перачытваючы напісанае Міхасём Стральцовым. He адважваюся называцца яго сябрам, ды гэта і няўдзячная справа — набівацца ў сябры да тых, каго ўжо не стала на свеце.
У свой час Міхась Стральцоў кнігу свайго выбранага назваў «На ўспамін аб радасці». I я пішу гэтыя радкі, згадваючы калі не пра сяброўства, то пра блізкае знаёмства з Міхасём Стральцовым з адчуваннем журботнай памяці аб радасці за тое, што лёс калісьці хоць ненадоўга зводзіў нашы жыццёвыя сцяжыны.
Анатоль Вярцінскі
Падарожжа да Міхася Стральцова
Мне б лепей у журбе, У думках і здалёку, У табе і пры табе Шукаць сабе палёгку.
Міхась Стральцоў
Сваю колішнюю, пяцідзесяцігадовай даўнасці, рэцэнзію на першую кнігу Міхася Стральцова «Блакітны вецер» я пачынаў, памятаю, з разгляду апавядання «Перад дарогай». Што па-
свойму сімвалічна, бо былі абодва прыкладна перад дарогай — літаратурнай. 3 невялікай розніцай ва ўзросце і творчым досведзе. Рэцэнзія ж (яна называлася «Ці існуе блакітны вецер?») была ўсяго адной з самых першых спробаў выступіць у якасці літаратурнага крытыка.
«Перад дарогай»... «На вакзале чакае аўтобус»... «На аўтобуснай станцыі»... «Падарожжа за горад»... Вершаваныя радкі: «Мне дарожанька, адпачын — табе», «I ўсё вяла, вяла дарога. To хмель на ёй, то дзераза...» Словам — дарога, падарожжа. Віртуальная, вобразна-паэтычная. Ды я хачу распавесці пра падарожжа сапраўднае, пра рэальную паездку на радзіму аўтара прыведзеных вышэй радкоў.
На гэты раз нас, а менавіта мяне і Міхася Шавыркіна, чакаў не нейкі «безыменны» аўтобус на вакзале, а чакаў настроены на дарожныладля пад’ездасвайгодоманаПартызанскім праспекце, што ў некалькіх кроках ад станцыі метро «Магілёўская», са сваім быстраходным, добра знаёмым нам «Міцубішы» Міхась Скобла. Ініцыятыва, кажуць, рэч адказная, нават каральная. Ён стаў галоўным ініцыятарам выдання выбраных твораў Стральцова ў знаным кніжным праекце «Беларускі кнігазбор», укладальнікам кнігі і аўтарам каментароў да яе. I вось цяпер лічыць сваім доўгам папулярызаваць выданне, ладзіць гэтак званыя прэзентацыі і ў выпадку, падобным на наш, самому сядаць за стырно ўжо ў літаральным сэнсе гэтых слоў.
Выпраўляліся ў даволі далёкую дарогу: ад мінскай станцыі метро «Магілёўская» да поўдня магілёўскага краю — раным-рана, а сёмай гадзіне. Міхась — кіроўца — з асобнікамі «Выбраных твораў», другі Міхась, былы шматгадовы рэдактар часопіса «Роднае слова» — з публікацыяй, прысвечанай творчасці М. Стральцова, а я — з дарагім для мяне томікам «Мой свеце ясны» (маўляў, пагартаем, асвяжым у памяці па дарозе). У Бялынічах робім невялікі прыпынак — і ў выніку да нас далучаецца нядаўна прыняты ў наш пісьменніцкі Саюз празаік і музыка, аўтар песняў на словы Стральцова Юры Несцярэнка. Вось такая, з такім «багажом», складвалася літгрупа, настроеная на адну агульную, стральцоўскую хвалю.
А ў самім Слаўгарадзе нас сустракаў блізкі зямляк Міхася Стральцова, заслужаны, вядомы на Магілёўшчыне грамадскі актывіст, аўтар некалькіх паэтычных зборнікаў Фелікс Шкірманкоў. Як колішні мясцовы кіраўнік, Фелікс Уладзіміравіч парупіўся наконт правядзення прэзентацыі. Адбывалася яна ва ўтульнай залі раённай бібліятэкі. Прайшла, як і трэба было чакаць, хораша, жыва. Мы гаварылі пра адметныя вартасці кнігі М. Стральцова, пра яго творчасць і жыццёвы шлях, які пачынаўся ў дваццаці вёрстах ад гарадка, чыталіся яго вершы і ці не ўпершыню тут гучалі песні на яго словы, гучаў выразна
Матыў лірычны, адмысловы У важкай думе ці журбе — Ён неабходны, каб на слове, Паэце, верылі табе.
Прэзентацыя мела своеасаблівы працяг. Вырашылі наведаць заадно родную вёску Стральцова, той самы Сычын, дзе ён нарадзіўся, рос, гадаваўся і які не забываў, па якім нязменна тужыў і ў душы, і разам з героямі сваіх твораў. Ехалі апетай ім у вершах дарогай. Палі, пералескі, лугавіны... «Святло той рэчанькі Галубы, якую прыгалубіў Сож»... Малая Каменка... Вялікая Каменка... He адразу знайшлі Сычын, давялося спыняцца і распытваць. Калі даехалі — не надта ўзрадаваліся. Бязлюдная вёска, ніводнай жывой душы. Некаторыя хаты — мала сказаць закінутыя — з выбітымі вокнамі і абваленымі стрэхамі і столямі. 3 цяжкасцю адшукалі на ўскрайку вёскі... не, не хату, не сядзібу, хата настаўніка Лявона Клімавіча Стральцова згарэла, — а ўсяго толькі зарослае хмызам і густой травой падвор’е з абгарэлымі шуламі. Малюнак, так бы мовіць, не для слабанервовых. Трымаліся, дзякуючы ўпартай неадступнасці М. Скоблы. I суцешыла крыху тое, што сустрэлі ўсё ж карэннага вяскоўца — сычынца і да таго ж стрыечнага брата Стральцова. Так, таго самага, Уладзіміра Громава, якому пісьменнік прысвяціў сваё апавяданне «Двое ў лесе». Пасядзелі з ім, адзінокім і хворым, на лаўцы каля яго хаты, пагутарылі, падаравалі братаву кнігу. «Ага, пачытаю» — сказаў на развітанне...
Няцяжка ўявіць, з якім пачуццём пакідалі мы «малую» радзіму Міхася Стральцова. 3 якім пачуццём, з якім настроем, з якімі думкамі. Выходзіць, — думалася, — нездарма ён аддаваў у сваіх творах столькі ўвагі тэме пакінутай вёскі, пакінутай бацькоўскай хаты, нездарма яго герой з нясцерпным болем вырашае, якім чынам памірыць у душы горад і вёску. Нібы прадбачыў аўтар, якім яно будзе, што атрымаецца з гэтага прымірэння наяве. Згадаўся амаль даслоўна ягоныліст, адрасаваны гомельскай паэтцы Ніне Шкляравай, — яна пазнаёміла мяне потым з лістом, — дзе ён пісаў, што вельмі хочацца дамоў, што «дом у нас адзін, той, што з калыскі». Яшчэ дадаваў гаркотныя словы, што наканаваную апошнюю часіну трэба сустракаць на тым парозе, «на які Бог усадзіў: няхай ужо адтуль і прымае». Дык вось яны, вынікі злавеснай змовы быцця з нябытам, — дзяліўся я ўжо ўслых роздумам са сваімі спадарожнікамі, — няма ні таго бацькоўскага дома, таго парога, ні той ранейшай вёскі, няма з намі і самога аўтара ліста, і аўтара кнігі, што пабачыла свет ужо без яго і выданню якой прысвячалася наша паездка.
Рэальная паездка, вядома ж, цесна спалучалася з падарожжам віртуальным, з духоўным падарожжам у прасторы і часе, у душы і памяці. Што і зразумела. Бо ён, Міхась Стральцоў, займаў сваё адметнае месца ў маёй біяграфіі.
Мы бачыліся, сустракаліся і супрацоўнічалі па трох наступных мінскіх адрасах: вуліца Захарава, 19 (рэдакцыя газеты «Літаратура і мастацтва»), вуліца Энгельса, 9 (Саюз пісьменнікаў, таго будынка ўжо не існуе) і вуліца Веры Харужай, 48 (пяціпавярховік, у якім разам атрымоўвалі кватэры і суседнічалі).
Вярнуўшыся (пасля вандраванняў з адной раённай газеты ў другую) у стольны Мінск, я стаў працаваць у рэдакцыі пісьменніцкага штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Туту адзін цудоўны дзень і адбылося маё знаёмства з пачынаючым празаікам Міхасём Стральцовым. Павітаўся з характэрнай для яго ўсмешкай, павіншаваў мяне з новай працай і паклаў на стол... не, не апавяданне, а рэцэнзію. He памятаю — на якую кнігу. Ды ўзяўся тут жа з цікавасцю чытаць і спыніўся на вызначэнні:
«талент — у чалавечнасці, без чалавечнасці нічога таленавітага не створыш».
Сцверджанне здалося мне занадта катэгарычным. Пра што я сказаў. Міхась памяркоўна выслухаў, ледзь было не пагадзіўся са мной. Ды ўсё ж стаў прыводзіць аргументы ў карысць свайго меркавання. Спакойна, ціхім голасам, але з глыбокай перакананасцю. Размова скончылася тым, што я ўхваліў рэцэнзію без якіх-небудзь значных правак, сэнсавых ці стылёвых.