Выгнаны патрыцый Кніга пра Міхася Стральцова

Выгнаны патрыцый

Кніга пра Міхася Стральцова
Выдавец: Лімарыус
Памер: 432с.
Мінск 2017
105.66 МБ
з аўтарамі часопіса «Маладосць». Ён не навязваўся са сваімі «меркамі», нават кансультуючы самых зялёных пачаткоўцаў. Ён быццам бы раіўся з аўтарам, дапытваўся яго думкі... Стральцоўская школа не падразала крылы. Яна натхняла і абнадзейвала — не крыклівай, а спагадлівай мудрасцю... I ўласнай яго творчасцю...
Размаўляючы з ценямі вялікіх, звяраючы з імі сваё слова, Міхась Стральцоў набліжаўся да іх узроўню. Дастаткова прыгадань класічныя «Смаленне вепрука», «Сена на асфальце»...
Што тычыцца «Смалення вепрука», то мушу прызнацца, вестку пра яго ўспрыняў я з недаверлівым чаканнем. Міхась, гэтакі эстэтычна-вытанчаны, — як жа ён управіцца ў слове з гэтай «раблезіянскай натурай», з «тэхналогіяй» уладжвання не штодзённа-будзённага сялянскага клопату... Аднак насцярожанасць была дачасная. Як выявілася, само смаленне вепрука сталася толькі «сігнальным знакам», зялёным промнем святлафора, каб даць, адкрыць шлях, па якім пойдзе здзяйсненне іншай — галоўнай — задачы: раскрыць характар чалавека, зазірнуць у таямніцы яго душы. А як жа з самім «працэсам» заяўленага «смалення»? А ён рухаецца сваім ходам, як бы «кропачнымі ўспышкамі», настойліва трымаючы ўвагу ў напружанні (ад экспазіцыі: «мне даўно хацелася напісаць адно апавяданне і назваць яго так: «Смаленне вепрука» — да фіналу: «такою парою пішу я эпітафію апавяданню, якое магло б называцца «Смаленне вепрука»), — гэтакі эфект «заваблівага чакання» і пранікнення ў глыбіні адной з’явы праз выкарыстанне — у якасці «рабочага інструмента» — з’явы другой...
I, нарэшце, час «адкрыць карты»: гэтым разам я пакарыстаўся стральцоўскай методыкай, так бы мовіць, практычна праходзіў майстар-клас Міхася Стральцова. Эцюд мой ствараўся «спосабам ядлоўцу» накшталт спосабу «смалення вепрука»...
Ядлоўцавы куст... Нагадаю: гэта ўсё пра яго — пра Міхася Стральцова. А што тады сена на асфальце?
А гэта ўсё пра нас, учарашніх вяскоўцаў у горадзе. Сена — паняцце не адзінкавае, зборнае: гэта — мы...
Ніна Шклярава
Азірніся!
Агонь кастра не патушыць, Штоз Каралішчавіч палае...
Ніна Мацяш
Божа! Што ў цябе за звычка развітвацца: унурыцца і нават не азіраецца.
Я ўсё гляджу табе ўслед. Азірніся!
Міхась Стральцоў
Азірнулася, але Міхася ўжо не было...
Пазнаёміліся мы ў Каралішчавічах. Разам з ім на семінар творчай моладзі (1967 год) завіталі таксама Генадзь Бураўкін і мой зямляк Анатоль Грачанікаў. Там жа, нарэшце, сустрэлася з нашымі класікамі: Іванам Шамякіным, Андрэем Макаёнкам, Іванам Мележам. Анатоль Вярцінскі быў нашым куратарам. Ён жа кіраваў і праграмай семінара. Яму ўдалося зрабіць асноўнае: згуртаваць нас, дапамагчы нам адчуцца адной сям’ёй, запаліць у душы кожнага свечку дабразычлівасці, напоўніць істоту натхненнем так, што яно аберагала нас ад рознай брыдоты ўсё жыццё, як добры анёлак. I вось цяпер, азірнуўшыся праз гады, хочацца ўспомніць пра кожнага. I пра тых, каго ўжо з намі няма...
Днём праводзілася літаратурная вучоба: чытанні, семінары, конкурсы. Вечарам — паходы на прыроду, у лес. Снежань месяц, зямля прыцярушана лёгкімі сняжынкамі... Гучаць вершы ўперамешку са смехам, віскам: нехта знайшоў куст каліны! Міхасю трапілася на вочы арабіна. Карацей, усё здавалася цікавым, незвычайным і вартым увагі...
I Стральцоў, і Грачанікаў, і Бураўкін, і Вярцінскі уяўляліся нам недасягальна таленавітымі і ў той жа час — сваімі, а не чужакамі. Мы ўсе былі людзьмі аднаго раду і роду...
Недзе гады праз два я сустрэла Міхася Стральцова ў выдавецтве, калі заносіла туды рукапіс сваёй першай кнігі. Вершы
яму глянуліся, ён тут жа, на маіх вачах, адрэдагаваў некалькі, чым вельмі мяне здзівіў: выпраўленыя радкі гучалі адназначна лепш, прытым не парушаўся аўтарскі почырк.
Потым я ўсім расказвала пра тую сутрэчу, а Вярцінскаму нават прызналася: «Вось бы мне такога рэдактара!» Але Вярцінскі сам згадзіўся паглядзець мой рукапіс... Ягоныя праўкі былі даволі слушнымі, але адрозніваліся ад стральцоўскіх. Гэта была праўка рэдактара, погляд збоку... А Міхась уносіў праўкі ў тэкст так, быццам сам яго напісаў, ягоны стыль зліваўся з аўтарскім стылем арганічна. Ён мог, напрыклад, замяніць слова, падабраўшы да яго такі сінонім, што радок раптоўна ажываў. Напрыклад, у маёй паэме «Пялёсткі» ёсць радкі:
Паштальён прынёс павестку ў хату, I забралі сына у салдаты.
Стральцоў замест «павесткі» ўпісаў слова «позва», і радок загучаў сапраўды па-беларуску: «Позву паштальён прынёс у хату...»
3 тае пары я стала больш пільна ставіцца да карыстанага слоўнікавага запасу, і цяпер у мяне ёсць цэлы слоўнічак рэдкіх слоўцаў, з якімі ахвотна дзялюся з чытачамі. Ён нават змешчаны асобна ў манаграфіі Алеся Бараноўскага пра маю творчасць «За прамень схаплюся і жыву».
Пазней я была запрошана на творчую вечарыну Міхася Стральцова, якая адбылася ў Доме літаратара ў Мінску. Пазнаёмілася з яго жонкай Ленай, мы сталі сяброўкамі. Аднойчы я прыехала да Стральцовых у госці з двума маладымі гомельскімі паэтамі — Ігарам Журбіным і Віктарам Кіенем. Затым і Міхась завітаў да нас у Гомель. Горад наш яму спадабаўся. Нават застаўся фатаздымак, дзе я, адораная увагай хлопцаў, сяджу на маленькім коніку — поні...
Неяк Міхась з жонкай Ленай і дачушкай Алесяй завіталі да нас з мужам у госці. Алеся з маёй Алёнай былі амаль равесніцамі. Так мы пасябравалі сем’ямі. Дарэчы, і Алеся, і яе маці з жаночай пяшчотай шчыравалі вакол Міхася. Гэта было і засталося ў характары Лены на ўсё жыццё: яе шчырасць,
прастата і дасціпнасць у адносінах. Калі надараліся нейкія непаразуменні, то Лена ўсё пераводзіла ў жарт, распавядала пра гэта з такім гумарам, што Міхась тут жа пачынаў усміхацца і гучна рагатаць ад усёй душы. Ён прызнаваў і цаніў гэты талент сваёй жонкі, ды і сам іншы раз умеў ёй падыграць, таму ў іх кампаніі было заўсёды проста і весела. Гасцінныя і дабразычлівыя, яны дзяліліся сваімі гаспадарчымі сакрэтамі.
Аднойчы падалі на сняданак звычайны супчык, у якім разбавілі чайную лыжачку гарчыцы. Ягоны смак помню і сёння і карыстаюся гэткай прыправай сама. Вось паспрабуйце — спадабаецца...
Надарылася неяк быць у Мінску на курсах павышэння кваліфікацыі. Я працавала на Гомельскім тэлебачанні — з лёгкай рукі Генадзя Бураўкіна, які ўзначальваў тады дзяржаўны Камітэт па тэлебачанні і радыё. На Беларускім тэлебачанні ў той час працавала і Вольга Іпатава — яшчэ адна каралішчавічанка, як усіх нас «ахрысціў» малады паэт Лёня Якубовіч. На курсах была адна асоба, такая прыгожая, танюсенькая, маладзенькая — проста Божы шэдэўрык, якім захапляліся нават жанчыны. Я і скажы пра гэта Міхасю па тэлефоне. Ён тут жа нечакана заявіўся са сваім сябрам Віктарам Карамазавым — паглядзець. Мне ў той час нездаровілася, а ўсе астатнія пайшлі на заняткі. Хлопцы нашу прыгажуню не засталі, але не засмуціліся. Карамазаў разаслаў на ложку сукенку прыгажуні, панчохі, паясочак пасярэдзіне... I давай з ёй «знаёміцца», кампліменты рассыпаць. Насмяшылі мяне хлопцы, нашумелі — і зніклі, як і з’явіліся, паабяцаўшы наведацца яшчэ.
Трэба зазначыць, што Міхась любіў жартаваць і ўмеў гаварыць жанчынам кампліменты, ды так, што адразу і не зразумееш, дзе жартам, а дзе ўсур’ёз. Аднойчы надпісаў мне сваю кнігу крытычных артыкулаў так:
Нікіцінай Ніне
I Шкляравай Ніне:
У тым я не вінен,
Што перад паненкай Упаў на каленкі.
Я шчыра здзівілася: «Нешта я не помню такога. Калі гэта ты кленчыў?» «Толькі што!» — адказаў Міхась і — гоцнуўся на калені!
Замацаваць дружбу не давялося. Мой муж паехаў на заробкі ў Расію ды там і застаўся. Было не да сяброў. Атрымала неяк пісьмо ад Лены, затым паштоўку ад самога Міхася, абодва спачувалі мне і перажывалі за наш з мужам развод...
Неўзабаве і я пераехала ў Расію: прымусіла сябе выйсці замуж. Сёння смешна, але тады я вельмі баялася застацца адна. Думала: закончыць дачка педвучэльню ў Гомелі, паступіць у Літаратурны інстытут у Маскве... Так яно і здарылася, але са сваім новым мужам, палкоўнікам, я разышлася праз тры гады... Калі мы з маёй Аленай Алешынай наведалі родную Беларусь, Міхася Стральцова ўжо не было... Распытвала мінскіх знаёмцаў пра Лену і пачула, што яна з’ехала за мяжу, не пакінуўшы адрасу.
Алена Стральцова сама знайшла мяне — аж у 2015 годзе, не ведаючы таго, што я стаю над прорвай. Маёй дачушцы якраз зрабілі аперацыю. Наперадзе чакала хіміятэрапія. Я паабяцала сяброўцы прыехаць, але прызналася ёй па тэлефоне пра сваё гора не адразу. Неўзабаве яна ізноў зазбіралася за мяжу. I адтуль цераз добрых знаёмых перадала грошы на лекі, падтрымлівае мяне і цяпер, вярнуўшыся на радзіму, хаця сама неаднойчы апыналася на бальнічным ложку. Але ж не скардзіцца на здароўе, любіць успамінаць пра мужа. Прызналася, што знайшла мяне, дзякуючы Міхасю, які запісаў мой тэлефон у нататніку.
Міхась Стральцоў быў шчырым сябрам і клапатлівым бацькам. Дачка Алеся вельмі яго любіла, шануе і цяпер.
Мяне ў жыццёвай цераспалосіцы заўсёды падтрымлівалі сябры, іх жывое слоўка. I сёння я адчуваю іх спачуванне і падтрымку — праз іх вершы, аповеды, лісты. Перачытваю Стральцова...
Мікола Гіль
Мой сябра Міша Стральцоў
«Няма таго, што раньш было...» Гэтае просценькае сцвярджэнне паэта, дзякуючы песеннай акрыленасці, нечакана стала вядомым і набыло ці не абагульняючы, усеагульны сэнс. Куды ні кінь вокам, аб чым ні падумай, што ні згадай — сапраўды, няма таго, што было раней. Самае ж жахлівае, што няма не толькі таго, але і тых — аднагодкаў, саслужыўцаў, знаёмцаў, дружбакоў, сяброў. Пагорнешся перабраць старыя паперы, пісьмы, фотакарткі — і зжахнешся: і гэтага ўжо няма, і таго, і гэнага... Уздыхнеш, паківаеш горка і няўцешна галавою — блізіцца і твая пара! — завяжаш матузкі распатрошанай папачкі і пакладзеш яе на ранейшае месца ў шуфлядку, каб праз нейкі час зноў дастаць у адказ на покліч так і несупакоенай душы. Мо не на покліч — на напамін. Аб тым, што мо ўсё ж варта было б сёе-тое запісаць-занатаваць. 3 таго, што помніцца [...].
На васямнаццатым годзе жыцця быў я наіўна-неразумным, агорнутым дашчэнту сумненнямі і няўцямнымі мроямі падлеткам. Хацелася, вядома, стаць студэнтам, але — не верылася, што такое можа здарыцца са мною папраўдзе. Адчуваў сябе нявартым статусу студэнта самога БДУ! Той хлапечы комплекс прыгнятаў і прыніжаў мяне страшэнна. Пэўна ж недзе ёсць сур’ёзныя, сапраўды здольныя і разумныя юнакі, цвёрдыя і вызначаныя ў сваіх намерах і жаданнях, вартыя быць студэнтамі ўніверсітэта, прытым — акурат творчага, не абы-якога! — аддзялення журналістыкі. А хто і што я? Кволыя і не надта важкія, а папросту легкаважкія на думкі і высновы школьныя крэмзы — вось і ўвесь мой набытак і заяўка на творчы патэнцыял.