Выгнаны патрыцый Кніга пра Міхася Стральцова

Выгнаны патрыцый

Кніга пра Міхася Стральцова
Выдавец: Лімарыус
Памер: 432с.
Мінск 2017
105.66 МБ
Нікому з калег-пісьменнікаў Міхась не зайздросціў, заўсёды шчыра вітаў любы малады талент і гэтак жа шчыра радаваўся поспехам старэйшых таварышаў па літаратурным цэху
і, вядома ж, хлопцаў-равеснікаў, якія ці не ўсе вельмі цанілі ягоную думку-меркаванне і ад душы ўсцешваліся ягонай цёплай, хай сабе трошкі і з прымешкам іроніі пахвалою, кшталту: «Аты, старычок, малайцом... Вераб’і лісцем зяблыні пасля першага шэраню... Сам Брыль можа пазайздросціць...»
Верасаеў пісаў пра Пушкіна: «Усё жыццё яго і ўсё шчасце былі ў творчасці. У паэтычную творчасць ён сыходзіў ад жыцця, якога не ўмеў тварыць і ў якім не ўмеў жыць. I гэтая творчая праца давала яму такое шчасце, перад якім непатрэбнай, MapHaft і смешнай выдавала ўсялякая слава». Гэта ж можна сказаць і пра Міхася Стральцова, прытым цот у цот, як ён любіў казаць. Шчасце ягонае таксама было выключна ў творчасці, а жыццё чамусьці яго часцей за ўсё абыходзіла бокам. Прынамсі, пестуном яго ён адназначна не быў
Памятаю вечарыну з нагоды ягонага 50-годдзя ў Доме літаратара. Гучала там надзвычай шмат цёплых, шчырых, сардэчных і, вядома ж,— як жа без іх? — пафасна-ўзнёслых слоў. Міхась быў на сцэне, прымаў кветкі і віншававанні. Але на твары ягоным асаблівае радасці не адбівалася. Быў Міша ўжо цяжка хворы...
Апошні раз я пабачыў яго недзе ў канцы чэрвеня (ці ў пачатку ліпеня) 1987 года каля Дома літаратара. Мы з жонкай ішлі туды абедаць. Міхась сядзеў на вялізным валуне паблізу ганка і, як заўжды, курыў. Мы з Марыяй Міхайлаўнай прыпыніліся, прывіталіся. Міхась гжэчна прыклаўся да рукі мае палавіны. Ён, няйначай, некага чакаў, бо пару разоў быццам азіраўся. Твар быў змарнелы, без ранейшае заўсёднае — у такіх выпадках, прынамсі — скупое ўсмешкі. А сустрэчы з намі быў, па ўсім, рады. Папытаў, як мы самі маемся, як вучацца нашы Максім і Міколка-паравоз (усе знаёмцы акурат гэтак звалі майго малодшага), пажартаваў, што Максіма, стрэўшы неяк на палымянска-лімаўскім калідоры, спачатку і не пазнаў: «Перарос, старычок, бацьку...»
На нешта сур’ёзнае гаворка так і не ўзбілася. Кідалася ў вочы, што хвароба яго не адпускае. Найперш гэта выдавалі вочы — ужо быццам не надта і стральцоўскія — жывыя, з хітрынкай,
з ледзь прыкметнай добрай усмешкай, a — згаслыя, сумнапаніклыя, трывожна-роспачлівыя. На жончыну заўвагу, што не трэба сядзець на камені нават летам, можна застудзіцца, Міхась усміхнуўся амаль як раней — хораша і светла — і сказаў: «Дзякую, Марыська», — і зноў у гжэчным паклоне цмокнуў яе ў руку.
На тым, бадай, і разышліся.
А зноў сустрэліся ўжо калі Міхась ляжаў у труне. I здарылася гэтак, што хавалі яго на Чыжоўскіх могілках 25 жніўня, акурат тым днём, калі маёй Марыі Міхайлаўне споўнілася сорак. Ён ужо нічога не мог ёй сказаць, сваёй амаль што хрэсніцы, бо гэта ж ці не ён першым назваў яе не пашпартнай Марыяй, a — Марысяй, кім яна жыла і жыве дасюль, калі пераваліла ўжо за шэсцьдзесят. А яна, гледзячы на яго прыгожы і амаль зусім малады (прынамсі, нязвычна памаладзелы) твар, ціха і несуцешна плакала: яна любіла Мішу...
Быў і ёсць (і будзе, калі будзе Беларусь) у нашай літаратуры адмысловы творца, выдатны майстар лірычнай і адначасова інтэлектуальнай прозы (адно «Смаленне вепрука» чаго вартае, яно «томов премнопзх тяжелей»), сапраўды акварэльны паэт, тонкі, удумлівы і ўніклівы, з надзвычайным адчуваннем слова і бездакорным мастацкім густам крытык, бадай што класік, што зусім не абвяргае, а толькі ўсё больш выразна і пераканаўча пацвярджае час, прамінулы з дня яго заўчаснага і такога балючага адыходу.
Ува ўсіх у нас быў, ёсць і будзе (паўтару зноў услед за Караткевічам, тым больш, што Уладзімір Сымонавіч і Міхась Лявонавіч былі вельмі блізкія і па моцы талентаў, і па трагічнасці лёсаў) выдатны пісьменнік Міхась Стральцоў. Мне ж на схіле жыцця ўсцешна яшчэ і ад таго, што лёс падарыў шчаслівую долю спаткацца і пасябраваць з Міхасём Лявонавічам у незабыўныя гады юнацтва і маладосці, калі ён быў проста Мішам — аднакурснікам, сябрам.
Ніна Работа
«Гэй, дзень добры! Жыву!»
Маё знаёмства з Міхасём Стральцовым адбылося ў верасні 1961 года ў вестыбюлі студэнцкага інтэрната БДУ на вуліцы Свярдлова. Я выкладала беларускую мову і літаратуру ў Нацкай сярэдняй школе Крупскага раёна і кожную суботу прыязджала ў Мінск, бо не магла прывыкнуць да новага месцажыхарства, куды мяне накіравала на працу Міністэрства асветы.
У інтэрнат іншы раз наведваўся і Варлен Бечык. Ён другі год настаўнічаў у вёсцы Пліса Смалявіцкага раёна. У нас з ім былі сяброўскія адносіны з першага курса майго навучання ва ўніверсітэце. Тонкі знаўца паэзіі, Бечык адкрыў мне Сяргея Ясеніна і Валерыя Маракова, якіх у той час мала хто з выпускнікоў школы ведаў. Ён жа звярнуў маю ўвагу і на Міхася Стральцова, чыё імя было мне знаёма па публікацыях у «ЛіМе».
Ля стала, за якім сядзеў дзяжурны студэнт, стаяў малады чалавек крыху вышэй сярэдняга росту, з прыемнымі рысамі твару, цёмнавалосы, у кароткай асенняй куртцы, і ветліва ўсміхаўся Бечыку. Варлен пазнаёміў нас. Стральцова здзівіла, што я помню ўсе яго публікацыі за два гады. У нас нечакана атрымалася цікавая гутарка, нават дыскусія. Мы не раз пасля з гумарам успаміналі пра гэта.
У тую восень у маёй душы пасялілася радасць: я пазнаёмілася з чалавекам з роднаснай мне душой. Яго, як і мяне, цікавіла літаратура. У нас было многа агульнага. Мы закончылі адзін і той жа ўніверсітэт. Нам чыталі лекцыі адны і тыя ж выкладчыкі: Іван Гутараў, Янка Зазека, Міхась Ларчанка, Алег Лойка, Іван Навуменка, Давід Фактаровіч. 3 Міхасём Стральцовым на адным курсе вучыліся Таццяна Арлова, Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін, Сымон Блатун, Аляксандр Станюта. Некаторых з іх я ведала. Барадулін і Бураўкін ужо друкаваліся і выступалі перад студэнтамі з чытаннем сваіх вершаў. Мікола Гіль прыходзіў да нас у пакой да маёй аднакурсніцы Людмілы Зайцавай.
Мы з Міхасём сталі перапісвацца. Я помню адчуванне радасці, калі паштальёнка прыносіла мне ліст ад Стральцова.
Стыль яго лістоў зачароўваў. Напісаны яны былі на адным дыханні, шчыра і ўзнёсла. Калі ж я пісала Міхасю, то абдумвала кожнае слова. Было прыемна аднойчы пачуць: «Мне падабаюцца твае лісты — яны лаканічныя».
У студзені 1962 года выйшаў першы зборнік апавяданняў Стральцова «Блакітны вецер». Ён падараваў мне асобнік, чамусьці не надпісаўшы. Мне няёмка было прасіць аўтограф. Зборнік мяне ўзрушыў. Перажыванні героя Лагацкага былі мне зразумелымі: непрыкаянасць вясковага чалавека ў гарадскім асяроддзі. Мне думалася: маё дзяцінства прайшло ў вёсцы, студэнцкія гады — у горадзе, і вось зноў я ў вёсцы. Што мяне чакае ў будучыні? Трэба псіхалагічна рыхтавацца да пераменаў, а як?
Дырэктару школы не падабаліся мае паездкі ў Мінск. Пасля зімовых канікулаў расклад урокаў змянілі, забралі мой метадычны дзень. I скончыліся мае сустрэчы са Стральцовым. Але я сачыла за ягонымі публікацыямі.
Неўзабаве ў маёй сям’і адбыўся разлад паміж «фізікам і лірыкам». У студзені 1970 года я пераехала ў Мінск і стала выкладаць у СШ № 111, дзе завучам працавала цудоўны педагог Надзея Аляксандраўна Куляшова — родная сястра Аркадзя Куляшова.
Аднойчы ля «Кнігарні пісьменніка» я сустрэла Варлена Бечыка. Загаварылі пра Куляшова (Варлен усё жыццё аналізаваў творчасць паэта; яго зацікавіла, што я працую з яго сястрой). Нечакана для мяне Бечык перавёў гутарку на Стральцова і паведаміў, што Міхась часова жыве ў студэнцкім інтэрнаце, што ў ягоным жыцці не ўсё ладзіцца... А на развітанне падзяліўся нумарам тэлефона.
Я пазваніла. Міхась мяне пазнаў. Я запрасіла яго да сябе ў госці на вуліцу Алтайскую, дзе здымала пакой у аднапавярховым шлакаблочным доме. Пазней па гэтым адрасе прыязджаў літфондаўскі доктар Нейфах да хворага Стральцова...
З’яўленне Стральцова ў мяне дома бачылася мне падзеяй. Я рыхтавалася да сустрэчы: абсталявала пакой стылёвай мэбляй, паставіла на кніжную паліцу кнігі пісьменнікаў, якія
маглі зацікавіць госця: Купалы, Коласа, Багдановіча, Пушкіна, Баратынскага, Грыгор’ева, Блока. Літаратурны густ Стральцова быў мне вядомы.
Падчас сустрэчы мы пілі каньяк з крышталёвых чарак, якія я адмыслова купіла. У той вечар ён прызнаўся: «Я пакінуў сваіх дзяцей». I замаркоціўся. Міхась быў зусім іншым, чым восем гадоў таму.
Я маўчала. Я не ведала, што сказаць. Ды і ці мела я права гаварыць? Міхась не любіў грубых умяшанняў у сваю душу, няўдала сказанага слова суцяшэння. У мяне ў самой заставаўся ў вёсцы сын. Чалавек не можа існаваць без радасці і маркоты. Для таго ён і нарадзіўся на свет, каб зведаць гэтыя пачуцці.
Ад мяне Міхась паехаў на працу. А вечарам прыехаў зноў. Чыталі вершы. Больш чытала я, а Стральцоў слухаў, зрэдку спыняючы мяне, каб зрабіць крытычную заўвагу, калі яму не падабаўся радок. Чыталі мы тады пераважна Блока. Любіў Міхась і Апалона Грыгор’ева (называў яго Апалончыкам).
У мяне быў кішэннага фармату зборнік вершаў Пушкіна. Міхась не выпускаў яго з рук, чытаў, перачытваў, нешта падкрэсліваў, нават рабіў праўкі — у адным з вершаў закрэсліў слова «народ» і напісаў «чернь». Гэты зборнік пазней я падаравала паэту і даследчыку літаратуры Міхасю Скоблу.
Стральцоў добра ведаў рускіх паэтаў Срэбнага веку. Блока ставіў вышэй за Ясеніна. Цікавіўся творчасцю Леаніда Андрэева. Хораша гаварыў пра Купалу, Коласа і Багдановіча, характарызуючы іх творчасць як тры «вымярэнні беларускай літаратуры».
Я запомніла Стральцова больш па-за побытам. Праўда, і ў побыце Міхась не выглядаў бездапаможным. Памятаю здзіўленне гаспадыні (Стральцоў называў яе «волоокой девой Афмной»), калі ён гатаваў у газавай пліце прыгожа нарэзаную кубікамі бульбу. Ён быў эстэт і любіў ва ўсім дасканаласць.
Аднастайнасць жыцця надакучвала Стральцову. Прага творчасці не стасавалася з умовамі, у якіх ён апынуўся. Аднойчы ён сказаў: «Я не магу належаць толькі адной жанчыне». Злаваўся на абставіны, што заміналі творчасці. «Пра што пісаць, і як пі-
саць, і дзе?» — гэта хвалявала яго. Мы ніколі не абмяркоўвалі падрабязнасцяў яго сямейнага жыцця. Ён у душу нікога не пускаў...
Пасля нашы сустрэчы зрабіліся выпадковымі — то каля «Кнігарні пісьменніка», то каля Дома літаратара. Мне пашчасціла прысутнічаць на яго юбілейнай вечарыне ў 1987 годзе — Міхась мяне асабіста запрасіў. Помніцца, вечарына закончылася, а ніхто не хацеў разыходзіцца. Здавалася — шмат што яшчэ наперадзе...