Выгнаны патрыцый Кніга пра Міхася Стральцова

Выгнаны патрыцый

Кніга пра Міхася Стральцова
Выдавец: Лімарыус
Памер: 432с.
Мінск 2017
105.66 МБ
У нечым знакавым сталася для мяне і пахаванне Міхася Стральцова. Менавіта ў дзень развітання з ім Генадзь Бураўкін
і Рыгор Барадулін узялі з мяне слова, што я ўсё зраблю, каб часопіс «Крыніца», пра стварэнне якога ўжо ўсе ведалі, не патрапіў, як яны казалі, «у чужыя рукі». Тады даволі багата было ахвочых узначаліць новае выданне, і мне не надта хацелася лезці ў кагал... Барадулін сказаў: «Лічы, што з намі Міхась, і мы ўтрох пастанавілі: трэба!» Супраць трох не папрэш... Мы яшчэ пагаварылі, што ды як, і я згадзіўся: «Клясціся не буду, але паспрабую зрабіць так, як мы тут, над гэтай магілай, дамовіліся». He ўсё, канешне, удалося, але спадзяюся, што за «Крыніцу» Стральцоў на мяне не наракае. Зрэшты, спаткаемся — скажа.
3 цыкла «Знакі прыпынку»
* * *
Міхась Стральцоў задаваў, здаралася, зусім нечаканыя пытанні. Ну, да прыкладу: «Калі ты паэт, дак скажы, што такое кондак?..»
Пра кондак ніхто (у тым ліку я) нічога не ведаў. Але я дазнаўся з энцыклапедыі, што гэта такое, і калі ў бары Дома літаратара Міхась Лявонавіч запытаўся пра той кондак у Міколы Федзюковіча, я за таго адказаў.
«Кондак — жанр візантыйскай царкоўнай паэзіі, назва якога паходзіць, магчыма, ад грэцкага kontakion, што значыць кароткі, але больш верагодна — ад цюркскага kondgar, што можна перакласці як настаўленне на шлях ісціны» (з энцыклапедыі). Прыкладна так, як напісана ў энцыклапедыі, я і сказаў.
Уразіў мой энцыклапедычны адказ не столькі Стральцова, які ўхвальна кіўнуў: «Малайчына, што прачытаў, паэту трэба ведаць прафесію», — колькі Міколу. Ён хадзіў ад стала да стала і ўсім прапаноўваў наліць і выпіць за мяне, стоячы, бо такіх разумных, як я, ён не сустракаў і ўжо наўрад ці сустрэне, хоць сам скончыў Літаратурны інстытут. Аляксей Дудараў, з якім мы тады вельмі блізка сябравалі, амаль заўсёды і паўсюль бывалі разам, выпіць за мяне згадзіўся, але ўставаць, седзячы з Жэняй Янішчыц, не захацеў, спытаўшы: «А з чаго ты ўзяў,
што Някляў такі разумны?» Мікола пачаў тлумачыць яму, чаму: «Бо Някляеў ведае... ведае... бо ведае... бо...» — ніяк не мог ён, нахадзіўшыся ад стала да стала, успомніць, чаму я разумны, а Дудараў усё чакаў, не ўставаў, шклянка ўсё не налівалася, і Мікола скончыў знясілена: «Бо ты кондак!..»
«Не энцыклапедычна, але лагічна», — пачуўшы гэта і ціха засмяяўшыся, сказаў Стральцоў.
* * *
Сваю кнігу «Яшчэ і заўтра» Міхась Стральцоў некалі падпісаў пры мне: «Дарагому майму Леаніду Дранько-Майсюку з любасцю да ўдумлівага ягонага таленту». Перад тым на кнізе Стральцова «Ядлоўцавы куст», узятай з хатняй бібліятэкі Дранько-Майсюка, я прачытаў: «...з павагай да ягонай чалавечай удумнасці». Было гэта ў 1983-м, паўжыцця таму, ДранькоМайсюку споўнілася ўсяго 25, у яго толькі-толькі выйшаў першы зборнік вершаў «Вандроўнік», і я не стрываў, каб не спытаць Міхася Лявонавіча, ці не зашмат ён заўважыў удумнасці ў гэткім, кажучы слоўцам Лынькова, уюнашы, на што Стральцоў сказаў: «Пабачым...»
Прамінуў час, Леанід Дранько-Майсюк напісаў шмат кніг, бліскучых тэкстаў у вершах і прозе (чаго вартае хоць бы апавяданне «Анёлак і я», адно з лепшых ва ўсёй беларускай літаратуры), і аказалася, Міхась Стральцоў не памыляўся, вылучаючы ў таленце тады яшчэ зусім маладога паэта ягоную чалавечую ўдумнасць. Гэта значыць тое, з чаго ствараюцца не бурбалкі на вадзе, а ўсё глыбіннае, сапраўднае — у тым ліку сапраўдная літаратура.
Да гэтага такая дэталь. Міхась Стральцоў, чалавек лёсу адзінотнага, нейкі час знаходзіўся амаль за кратамі — у Мазыры, у так званым лячэбна-працоўным прафілакторыі. А памёр ён ад раку. На памінках па ім я спытаўся ва ўсіх, хто прамаўляў пра яго, як яно водзіцца, усялякія пранікнёныя словы, сябе ўспамінаючы ўлюбёным ягоным сябрам: а хто з вас хоць аднойчы наведаў Стральцова ўтым прафілакторыі?.. Калі яму кепска было, калі ён ледзь не канаў...
Аказалася, што ніхто. Апроч Леаніда Дранько-Майсюка, які не называўся сябрам, але вазіў Стральцову ў той «прафілакторый» і тытунь, і хлеб, і кнігі...
Чалавечая ўдумнасць, аказваецца, дапамагае ствараць не толькі сапраўдную літатуру, але яшчэ і сапраўднага чалавека ў сабе, што складаней і цяжэй за ўсе астатнія стварэнні.
* * *
Аднойчы я прысутнічаў пры размове Янкі Брыля і Міхася Стральцова. Брыль даводзіў Стральцову, што ён, Стральцоў, не проста літаратар, што ён — ахоўнік літаратуры. Чысціні стылю, мовы. Сціплы Міхась Лявонавіч адказаў Брылю, што той зблытаў яго з сабой. На што Брыль заўважыў жартаўліва: «Нас немагчыма зблытаць, я вершаў не пішу. I пісаць не збіраюся».
У адрозненне ад празаіка Янкі Брыля, які не пісаў і не збіраўся пісаць вершы, паэт Міхаць Стральцоў лічыў (і пра гэта сказаў неяк), што кожнаму прыстойнаму паэту не зашкодзіла б кніга прыстойнай прозы. I напісаў такую кнігу, адно з апавяданняў якой, «Смаленне вепрука», стала ці не найлепшым у беларускай літаратуры.
Марына Наталіч
Позірк за небакрай...
3 Міхасём Стральцовым я блізка знаёмая не была. Так, чытала, чула — працуючы ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», што цікавы празаік, амаль яшчэ, здавалася, малады, водгукі і воклічы пра «Сена на асфальце» — сімвал яго пакалення, пра настальгічнае вясковае «Смаленне вепрука», кранальны і мудры «Адзін лапаць, адзін чунь».
Але ўпершыню пабачыла ў выдавецтве — зайшоў у пакой рэдакцыі чалавек, моцна вымучана-схуднелы, з амаль адсутным позіркам, ветліва прыцішана спытаўся знаёмую рэдактарку. I выйшаў.
He заспеўшая Стральцова Вера Сымонаўна Палтаран, загадчыца рэдакцыі крытыкі, добрага сэрца і ўвагі якой хапала на процьму пісьменнікаў і іншых разнастайных творцаў, яшчэ доўга ўздыхала, цяжка вохкала і шкадавала, што не сустрэлася з ім, не пагаварыла, не пачаставала чаем.
А неўзабаве прыйшла вестка, што Стральцоў змешчаны ў «мазырскі прафілакторый», і глухія разважанні — трэба ці не трэба, ці ўратуецца там. Да яго пісалі, нехта ездзіў наведваць, спадзяваліся на лепшае, чакалі вяртання. I Міхась Лявонавіч вярнуўся праз год. I прыйшоў да Веры Сымонаўны. Яе радасць, любоў, замілаванне былі амаль мацярынскімі. Адразу арганізавалі чай з зефірам. Міхась Лявонавіч быў ціхі, светлы, маўклівы, з нейкім нібы закінутым у сябе позіркам. Такім ён і застаўся ў зрокавай памяці па сённяшні дзень, быццам я бачыла яго твар намаляваным на палатне. Веры Сымонаўне дужа хацелася дапамагчы Міхасю з працаю. «А каб жа да нас у рэдакцыю! Паэт, празаік, крытык — і ваўсім выдатнейшы!» Ды вольных вакансій у выдавецтве не было.
Але хутка Міхась Лявонавіч уладкаваўся ў часопіс «Неман». Памятаю бясконцыя хваляванні Рыгора Іванавіча Барадуліна: «Бягу да Мішэля! Трэба загрузіць працай! Каб працаваў, а там увойдзе ў смак і пачне пісаць!..» I бег, і нёс — то рукапіс на рэцэнзію, то вершы на пераклад. I сам часам пасмейваўся з сябе, што, можа, надакучыў ужо свайму сябру да гаркоты, але ж — «трэба, трэба раскатурхаць, падахвоціць, не пакідаць сам-насам і друкаваць з-пад рук, і выдаваць!». I чакаў, настойліва падштурхоўваючы, новай аповесці Міхася Лявонавіча — «Конь гуляў на волі», нават арганізавалі абвестку ў часопісе, што хутка чакаецца... Жаданае, на вялікі жаль, не спраўдзілася.
Гады праз два Рыгор Іванавіч па дабраце душэўнай сам занёс Стральцову мае вершы, а праз кароткі час: «Зайдзі да Міхася...» He памятаю, як, трапечучы, дабегла да «Немана», і адразу пабачыла Міхася Лявонавіча — на парозе невялічкага кабінета. Ён курыў, а потым, прабачаючыся, проста круціў цыгарэту ў пальцах — такі ж ціхі і быццам адсутны — і адначасова далікатна-
ўважлівы. Вершы ён не разбіраў, толькі зрабіў па памяці заўвагу пра «беларускі» націск у слове ды сказаў пра адкінуты вершык з радкамі «А над речкой белая берёза / Деревянным лебедем плывёт», што наследаваць хаця і Вазнясенскаму — не варта, трэба пісаць сваё. (Я нават пра сябе трошачкі ўзрадавалася, бо вершык быў напісаны на самым ранку 70-х студэнцкіх гадоў, калі пра Вазнясенскага грозна шумелі, а прачытаць, папраўдзе, і не было дзе.) «А падборачку дадзім... — сказаў Міхась Лявонавіч зусім будзённа, — і фота прынясіце... а зайдзіце да нашага фатографа, ён здыме».
Ад «замроенай» ціхасці Стральцова я сама нямела, і таксама толькі ціха падзякавала. «А ці не пагадзіліся б вы пісаць рэцэнзіі на якія кніжкі?» — раптам здзівіў мяне Міхась Лявонавіч. Але я і падумаць не магла, што здольная на падобную «творчасць», ды пэўна ведала, што гэтая справа не па мне.
У спякотным — балючым, жальным, жалосным — жніўні 1987 года Міхася Стральцова не стала.
У сярэдзіне 90-х, калі Рыгор Іванавіч пісаў свае «некананізаваныя» ўспаміны, я жыла ў шчаслівым прадчуванні даверанага мне рэдагавання зборніка «Аратай, які пасвіць аблокі», бо, працуючы побач, мы ўдосталь наслухаліся вясёла-хмельных гісторый пра дарагіх сэрцу паэта сяброў і «літаратурных» знаёмцаў — Уладзіміра Караткевіча, Яўгена Шабана, Генадзя Кляўко, пра Рыгора Бярозкіна і Антона Бялевіча, Піліпа Пестрака і Станіслава Шушкевіча, Петруся Броўку і Анатоля Вялюгіна, і... і...
Аднойчы я спытала Рыгора Іванавіча, а хто ж быў для яго самым-самым блізкім па жыцці сябрам? Ён не адказаў — выдыхнуў імгненна: «Міхась! Міхась Стральцоў!» Я нават трохі здзівілася — так шмат чула ад яго шчырых прыпамінаў пра Караткевіча. «Канешне, Валодзя... але ні з кім не было такіх духоўна блізкіх размоў, як з Міхасём...» Прыкладна так ён адказаў, і было абсалютна зразумела, што ніякае сяброўства не адмяняе іншых, але ёсць чалавек, назаўсёды паселены ў самым сэрцы, з якім звязана вельмі дарагое, глыбіннае і высокае, духоўнае — амаль безназоўнае...
Заўважаю, што ўвесь час спрабую злавіць, як мятліка за крылцы і «прышпіліць» словам такі незабыўны позірк Міхася Лявонцьевіча — прыхавана-засяроджаны і ў той жа момант адсутны. Сказаць «замроены» — але ж не, зусім не тое, не «ружова-блакітны», не летуценны, а хутчэй прыцішана-балючы, спакутавана-прасветлены. Ён глядзіць на цябе, а бачыць неба за табою — хмарна-сіняе, пераменлівае, бачыць недасяжную даль-глыбіню, такую неабходную яго душы і ў той жа час небяспечную. I бесперапынна намагаецца спазнаць сутнасць таго вялікага Невядомага. I гэты позірк, нават калі Стральцоў пасміхаецца, я ўгадваю на ўсіх ягоных фота.
I ўсё стала зразумелым, калі я ўзялася перачытваць том яго «Выбраных твораў», выдадзены у знакамітай ужо серыі «Беларускі кнігазбор» у 2015 годзе.