Выгнаны патрыцый
Кніга пра Міхася Стральцова
Выдавец: Лімарыус
Памер: 432с.
Мінск 2017
Засяроджаную роздумнасць характару Стральцова ведалі ўсе. Падчас і выкарыстоўвалі немітуслівасць і нетаропкасць
задуменца ягоныя ж сябры. Ляжаў у Бараўлянах. У Маскве, здаецца, літаратурныя шанавальніцы стральцоўскага таленту парупіліся падтрымаць — прапанавалі выдаць кнігу прозы і эсэістыкі. Сябры прыходзілі наведваць. Падзяліўся Міхась прыемнай весткай. I кінуліся сябры навыперадкі заняць гэтую пазіцыю ў маскоўскім выдавецкім плане, як на вайне. Перамог спрытнейшы і рухавісцейшы, бо хутка зрабіў расклейку. А Стральцоў да апошняга працаваў думкаю, багацеў душою: цікавіўся філасофскімі развагамі Розанава, перачытваў новае, паслязабароннае выданне «Столбцов» Мікалая Забалоцкага. Яму дачка прынесла паасобнік, папрасіў, каб і мне купіла, падарыў праз колькі дзён.
Сябры праяўляліся і пры апошнім развітанні. Можа, зашмат кажу пра сяброў. Але ж Міхась, думаю, і жыў сябрамі, і жыў для сяброў. Хвароба, як і смерць, былі раптоўныя. Жонка Алена Змітраўна з дачушкай Алесяй, пястункай Міхасёвай, засталіся без капейкі. I калі пачаў я збіраць нейкія грошы, адчуў цану сяброў нябожчыка. Пра актыўнага ўспаміншчыка не хачу казаць, а вось крытык і аж празаік, які сядзеў на шыі Стральцова ды прасіў уладзіць ягоныя «нетленкн» абавязкова ў маскоўскіх выданнях, артыстычна-нарцысіста сказаў, што пры сабе мае нейкіх паўтара рубля. Прапанову прынесці грошы заўтра не пачуў. Адгукнуліся на гора Быкаў, Брыль, Адамовіч і на радасць (хоць на магільніку слова гэтае гучыць не зусім натуральна) шмат сяброў і проста знаёмых. Гэта да ўпамянёнага вышэй аднатомніка Алесь Адамовіч уночы пісаў прадмову, а раніцай ляцеў у Амерыку са сваім фільмам «Ідзі і глядзі». Пахаваны Міхась Стральцоў на Чыжоўскіх могілках, там жа, дзе ляжыць дужа малады сябра нашых маладых гадоў Сымон Блатун. I ніколі не бачыў я такіх выплаканых, да паветра, вачэй, як у жонкі Міхася Алены. I зноў непрыемна чытаць некаторыя ўспаміны, дзе кідаюцца камяні ў яе. Калі ўжо замінае чалавек, дык і жонка ягоная не такая. Народжаныя ў балоце без бузы не могуць.
Пішу пра сумнае, нават пра недарэчна брыдкае, а пад руку штурхаюць успаміны пра вясёлыя гады, пра сумесныя падарожжы, вандроўкі. Ездзілі ў Маскву на ўсесаюзную нараду ма-
ладых, на Гомельшчыну, з рэдакцыяй «Маладосці» ў шмат якія раёны Беларусі. Была і апошняя нашая паездка ў веснавую, яшчэ з плямкамі снегу, Вушачу.
А першае нашае падарожжа было ў 1957 годзе. Пра яго нагадаў мне Міхась у лісце з Палесся ад 15 лютага 1982 года, дзе ў прыватнасці пісаў: «Чулае слова ад цябе было мне асабліва дарагім, бо нібы другі раз пасля мышанскай эпапеі (памятаеш тое лета вайсковых збораў на Мазыршчыне?) злучыла нас — праз добрае слова і шчырае сяброўскае пачуццё — і вось я прыгадваю і патаемны наш начны паход у паляшуцкую вёску, і начоўку ў палатцы, і начную ці перадранішнюю трывогу з выпадку гэтага, і тваё дзяжурства на «Насцінай кухні», і тое, як чыталі мы з табою Фета, абмяркоўваючы прыроду ягонага вобраза, і, і... як падумаеш, чаго толькі ні пракацілася на «палянах» нашых вачэй... Трывога тады была сапраўды вялікая, бо я вырашыў пераначаваць у палатцы, дзе халадней і паветра досыць, а не ў душнай двух’яруснай казарме, таго не ведаючы, што гэта ледзь не ўцёкі.
У Стральцова быў своеасаблівы, чыста беларускі, магілёўскі нават гумар, пераплецены з лірычнасцю, як суровая нітка з ваўнянаю. На дне вачэй ягоных сонечна пераліваліся хітрынкі, прабіваючыся праз смугу смутку і душэўнага клопату. У тым жа лісце прыканцы далікатна годная просьба, сяброўская просьба з лёгкім пакепліваннем з мяне і з сябе: «Да цябе просьба: памажы давесці да ладу маю кніжку ў вас і, можа, возьмешся, калі захочаш, яе рэдагаваць. Там трэба дадаць друкаваных вершаў (у мяне нічога няма пад рукой): з «ЛіМа», здаецца, можна, можна з апошняй «палымянскай» падборкі, з вершаў, якія я пераслаў на перадрук Але Іванаўне. Дома ў мяне недзе ёсць недрукаваныя вершы, але дзе цяпер яны — эх, лепш не гаварыць. Але зразумей: я хачу, каб быў, аж і на мой ніякі-сякі ўзровень, болып-менш прыстойны зборнічак — тут ужо табе як рэдактару поўная воля, бо густу твайму я давяраю цалкам. Кажу гэта таму, што мы з табой часта і яшчэ гаварылі пра вершы і адзін другога разумелі. Выбірай на чатыры аркушы (не, 4,4 — для саліднасці): я не Цютчаў, аты не празаік, якТургенеў,
хоць і ён забаўляўся ў маладосці вершыкамі — можа, я і не акалечуся. Праўда. Памажы...». Зборнік Міхася Стральцова «Яшчэ і заўтра» выйшаў у «Бібліятэцы беларускай паэзіі».
Калі Міхась вярнуўся з Палесся, задумаў напісаць новую рэч. У часопісах анансавалася: «Конь гуляў на волі». Радок з вясёлай бяседнай песні. Бо Міхась Стральцоў любіў волю, не цярпеў ні хамута, ні цугляў, якімі яго хацеў ацішыць рэжым. У працу ўваходзіў цяжка. Ненавязліва стараўся я ўцягнуць сябра ў рабочы стан, просячы перакладаць што цікавага было ў «Братэрства». Пішу, што расцягвалі, расхоплівалі час Стральцова, а сам першы з тых злодзеяў. Колькі я натлуміў яму галаву сваімі вершамі, перакладамі, артыкуламі, просьбамі прадмоваў да іншых і да сябе таксама. Наіўна лічыў, што абуджаю смак да пісання, ды цяпер здаецца, што, можа, усё наадварот выходзіла. Дый адчуваў Міхась сваё расстанне. Ездзіў дадому выбіраць бульбу, а хутчэй за ўсё, паспець развітацца з бацькам.
Перад самым днём свайго пяцідзесяцігоддзя (нарадзіўся Міхась Стральцоў на Грамніцы — 14 лютага 1937 года) паехалі з тэлебачаннем у роднае гняздо. Па выгаленым лесе ехалі, як па Марсе. I лютаўскі Сычын сустрэў Міхася неяк маўкліва. Каля хаты радні адламаў сталічны госць галоднаму сабаку кавалак хлеба, кавалачак каўбасы, напханай невядома чым, але таўстой. Гэта з сабой прывёз зямляк закусь і колькі пляшак куплёнай. Пры слабым святле сельскай электралучыны вячэралі. Была маці, сястра, дачушка Алеся — прыехала з бацькам.
Нетутэйшы быў позірк у Міхася ў бацькавай хаце, расхрыстанай, расцягнутай, яшчэ з цэлымі шыбамі. He нахінуўся, не ўзяў ніякой драбязінкі. Ведаў, што ўжо ніколі не адчыніць гэтыя дзверы, у якіх ужо няма замка, не сядзе за стол, што рабрыўся крыгаю ў крыгаходзе агульнага бязладдзя, безгаспадароўства. I маўклівы выйшаў з бацькоўскай хаты. Рыжая шапка. Да каўняра караткаватай паддзёўкі прышыта таксама рыжая шкура аўчыны, каб зімовай апранаха здавалася. На галаве і на плячах агонь нябыту загараўся, каб спаліць. I прысак снегу засыпаўусё, што было...
I самая апошняя сустрэча з Міхасём Лявонавічам была самай кароткай. У Бараўлянах. Цяжка было гаварыць яму, стамляўся,
дагасаў. Але, самому сабе хлусячы, казаў, што з’ездзім яшчэ ў Вушачу, у Каралішчавічы, і адразу ж паправіўся — у «Іслач»... А мне і дагэтуль у натоўпе ўзнікае сябра. Забудуся. Узрушуся. Прыгледжуся — нечым падобны. Няйначай Тварэц Усявышні ўпадабаў такі вобраз, як самы дасканалы.
I раптам хлопец малады
3 абліччам Міхася Стральцова Расчырванелы ад хады Узнікне,
Быццам выпадкова.
I пацяплеюць халады.
Замлеюць каташкі марцова.
Дамы заселяць гарады, Як дамы Міхася Стральцова.
Праступяць праз траву сляды, Ад снегу абтрасецца слова.
Пайдуда Міхася Стральцова На шклянку думкі.
Як тады...
1994
Багдановіч нашага часу
У нас дома было такое вушацкае слова — дружбіст. 3 сябрамі, з дружбістамі мы заўсёды сыходзіліся неяк стыхійна. He тое што я выбіраў — вось з гэтым мне выгадна сябраваць. Выдатным маім сябрам быў Міхась Стральцоў — чалавек з тонкім густам, інтэлігент. Нават не ўяўляю, як можна было быць у савецкі час такім інтэлігентам, як Стральцоў! Бо інтэлігенцыя была, калі груба гаварыць, на ўзроўні парторга, а Стральцоў быў вяршыняй інтэлігентнасці, адукаванасці, начытанасці...
У характары любога крывіча трымаць усё ў сабе, сапраўдны крывіч да канца ніколі нічога не скажа. I сам будзе перажываць, але іншага вучыць, што не бяры да галавы, не перажывай! Я і сам так раблю, а пасля думаю: мне ж самому дрэнна! Але
няма з кім асабліва дзяліцца, так ужо выйшла. Тым больш калі памёр Васіль... Яшчэ раней былі Валодзя Караткевіч, Міхась Стральцоў... Цяпер я застаўся практычна адзін.
Для мяне Стральцоў быў і застаецца вяршыняй думкі, вяршыняй майстэрства. Гэта быў мой самы шчыры і адзіны дарадца, якога я проста даводзіў чытаннем сваіх вершаў. Ён быў дужа важным для мяне духоўным настаўнікам і рэдактарам. I канешне, самым шчырым, самым задушэўным сябрам. Калі яго не стала, зрабілася пуставата. Хоць, канешне, было з кім раіцца, але гэта было ўжо не тое.
Любы чалавек усё-ткі нараджаецца самотным. Іншая справа, што маладосць, сябры і нейкая мэта, якой хочаш дасягнуць, прыглушаюць самоту. Дарэчы, магчыма, і цяга да чаркі, таму што хочацца кампаніі, каб заглушыць тую самоту. I чым старэй, тым болып самотны. Але гэта нармальная з’ява. Ты павінен раіцца сам з сабой і пісаць, застаючыся сам-насам. Нельга ж пісаць на плошчы і для плошчы. Вось Маякоўскі пачаў пісаць для плошчы і гэтым сам сябе знішчыў. Самотны быў і Ясенін. Стральцоў — самы самотны з нашых.
Сапраўдны талент, ці унікальная асоба, ці геній — як хочаце называйце — адчувае, колькі часу яму адмерана... Вось тыя, хто акружаў, не ведалі, чаму ў Караткевіча была такая працавітасць. А ўсё таму, што сам ён ведаў, што яму мала часу засталося. Такі ж таленавіты быў Стральцоў, які зноў жа рана пайшоў... Ніхто вакол не здагадваецца, але сам гэты чалавек ведае, што лёсам яму менавіта такі час адведзены...
Зараз такі шумны час, і, мабыць, таму такія глыбінныя фігуры, як Панчанка, як Стральцоў быццам бы забываюцца. Але калі ўсё супакоіцца, калі ўсё стане на свае месцы, без Стральцова, канешне, не абыдуцца. Без яго нельга ўявіць гісторыю беларускай літаратуры, беларускай думкі. Проста ён, што называецца, не кідкі, ці, калі гаварыць сённяшняй мовай, не раскручаны, хоць фігура гэта ўнікальная — і як лірык, і як празаік, і як крытык. Недарэмна ён пісаў пра загадку Багдановіча, — Стральцоў і сам нейкім чынам як Багдановіч нашага часу...
Аншполь Кудравец За дальнім прычалам
Паміраў ён цяжка. Хаця яшчэ нядаўна, нейкі месяц назад, да аперацыі, калі мы — Янка Брыль, Волыа Іпатава, Віктар Карамазаў і я — прыехалі да яго ў Бараўляны, здавалася, усё павінна скончыцца добра. Так здавалася, так хацелася нам, так хацелася яму.