• Газеты, часопісы і г.д.
  • Выгнаны патрыцый Кніга пра Міхася Стральцова

    Выгнаны патрыцый

    Кніга пра Міхася Стральцова

    Выдавец: Лімарыус
    Памер: 432с.
    Мінск 2017
    105.66 МБ
    Маці вельмі радавалася прыезду сына, панаракала, што рэдка бывае ў роднай хаце. Але і парадавалася, што Міхась лагодны, добра апрануты. Мы прыехалі, зразумела, з падарункамі. Потым мне сястра расказвала, што калі мы з Міхасём пайшлі ў краму, мама зірнула нам услед у акно і сказала: «Як яны падходзяць адзін да аднаго!»
    Мы прабылі ў Сычыне тады, можа, з месяц. Стаяў цёплы верасень, бацька хадзіў у школу, ён быў дырэктарам і выкладаў некалькі прадметаў. Што мяне здзівіла, ён да кожнага ўрока старанна рыхтаваўся — пісаў планы-канспекты.
    Хадзілі на рэчку, дапамагалі бацькам у вясковай працы. Помню ідзем аднекуль, а нас даганяе дзед Ганчарык на возе. Маладзіцы, што ішлі разам з намі, папрасіліся на воз. А дзед: «Я лепш гарадскую падвязу, яна больш паглядная!» Але я да дзеда не села, бо мне было прыемна з Міхасём ісці.
    *
    У 1986 годзе ў Міхася выйшла кніга «Мой свеце ясны» з вельмі прыгожымі ілюстрацыямі. Аздабляў кнігу мастак Аляксандр Шэвераў, на жаль, я яго не ведала. Стральцоў любіў узяць кнігу ў рукі, часта яе пераглядваў, задаволена ўсміхаючыся. Нават папрасіў мяне адзін асобнік разабраць па старонках і зрабіць нешта накшталт паспарту, каб потым у рамках павесіць на сценку ў кабінеце. Там сапраўды вельмі прыгожыя ўсе малюнкі — і бусліныя крылы, і маладзік, і абрусы саматканыя.
    Увогуле, Міхась быў заўзятым чытачом, любіў купляць кнігі. Ён быў абыякавы да адзення, да іншых рэчаў не першай неабходнасці, але за кнігі ён мог аддаць апошні рубель. 3 усіх крамаў улюбёнымі ў яго былі кнігарні. Кніг у хаце заўсёды было многа. Чытаў ён адразу некалькі выданняў. Любіў гэта рабіць лежачы. Ляжыць на канапе з томам Блока, а тут жа, на падлозе разгорнуты Зошчанка, побач з ім Чэхаў. Антон Паўлавіч быў яго самым улюбёным пісьменнікам, ён яго перачытваў часцей за ўсіх. 3 беларускіх сучаснікаў вельмі любіў Брыля, Адамовіча, Барадуліна, быў у захапленні ад Максіма Гарэцкага. Чытаў, перачытваў, рабіў выпіскі,
    зачытваў іх мне. Я ўжо не кажу пра Багдановіча, якога ён проста абагаўляў.
    Калі Міхась жыў на Веры Харужай, у першай сям’і, у яго была вялікая бібліятэка. Сталася так, што з яе яму не алдалі ніводнай кніжкі. А ў мяне была свая няблага падабраная бібліятэка, што Міхася, помню, прыемна ўразіла. Потым мы разам дапаўнялі наш агульны кнігазбор. Ён і цяпер у мяне захаваўся, і я яго патроху пачынаю разбіраць і сістэматызаваць.
    *
    Калі Міхась пісаў, то не цярпеў, каб яму перашкаджалі. Але адначасова не любіў, каб мы з Алесяй сыходзілі з кватэры. Казаў: «Вы мне не замінаеце».
    Вельмі дзіўна выглядаў сам працэс пісання. Машынка стаяла ў кабінеце. Звычайна, я займалася сваімі справамі на кухні. I вось бачу, Міхась уподбежкі ляціць на кухню да акна, стаіць пры ім, паліць у фортку і думае. Раптам, не дапаліўшы цыгарэту, бяжыць у кабінет да машынкі, і я чую, як яна стракоча, як кулямёт. Гэта ён так артыкулы пісаў. А калі пісаў прозу, то таксама бегаў з кабінета на кухню, але пісаў ад рукі. Звычайна дома ён хадзіў у тоненькай кашульцы. I я бачыла, як у яго па спіне ішла палоска поту, быццам ён дровы сек. Проза яму цяжка давалася. Нават фізічна.
    Міхасю часта заказвалі рэцэнзіі, юбілейныя артыкулы. Ён іх з задавальненнем пісаў. Мог нават напісаць цэлы артыкул пра адно чатырохрадкоўе! Але калі той ці іншы твор быў яму не па гусце, ніхто ў свеце не мог прымусіць яго напісаць хоць бы радок. 3 гэтай нагоды прыгадваецца выпадак з рукапісам адной беларускай паэткі. Міхася папрасілі ў «Мастацкай літаратуры» напісаць унутрывыдавецкую рэцэнзію. I выдавецтва прыспешвала, і сама паэтка была дужа настойлівай, а ён — маўчаў, бо не мог крывіць душою! Я бачыла, як ён зноў і зноў перачытваў той рукапіс, спадзеючыся знайсці хоць бы адзін верш, на які адгукнулася б яго душа. Я адказвала патэлефоне, што яго няма, што ён спіць, што ён некуды выйшаў... На жаль, тая паэтка так і не дачакалася гэтак патрэбнага ёй водгуку ад Стральцова.
    *
    Былі перыяды, калі Міхась доўгі час не працаваў. Працадаўцы баяліся, што ён не зможа трымацца рэдакцыйнага графіку, сарвецца. Ён і сам не хацеў кагосьці падводзіць, дужа не напрошваўся. Стала працавала толькі я, і грошай, вядома ж, не хапала. Калі-нікалі перападалі ганарары за надрукаваныя творы, але калі Стральцоў прыходзіў іх атрымліваць, аказвалася, што ўсё забралі ў кошт доўгу па аліментах... Заставалася вучыцца жыць эканомна. Гатаваць я ўмела, праўда, у нас не было лецішча з агародам, які звычайна гараджанам дапамагаў выжываць. Хоць я і гарадскі чалавек, але ў нас заўсёды былі насушаныя і насоленыя грыбы, нагатаванае сочыва, настаўленыя кампоты.
    Неяк зайшоў да нас у госці саліст мінскай оперы Міша Галкоўскі са сваімі дзецьмі, яны з Міхасём сябравалі. Я выставіла на стол усё, што мелася ў хаце. Дзякуючы за пачастунак, Галкоўскі спытаўся: «У вас сёння такі абед! Хіба нейкае свята?» А Міхась пасміхнуўся: «Не, Міша, гэта ў нас грошай якраз няма!» — «А што ж бывае, калі ёсць?» — «О, тады ў нас «пір на ўвесь мір!»
    *
    Міхась не быў атэістам, але тое, што ён сын настаўніка і дырэктара школы, адыграла сваю ролю. Наколькі я памятаю, у бацькоўскай хаце ў Сычыне не было іконаў. Вялікі ўплыў на Міхася ў маленстве аказаў дзед Міхал Кузьміцкі — пра гэта мне расказвала маці. Водгалас гэтага сяброўства дзеда з унукам — у аповесці «Адзін лапаць, адзін чунь». Асабліва ўражвае там малітва дзеда — дзіўна, як яе прапусціла тагачасная цэнзура.
    Наўпрост пра Бога мы з Міхасём ніколі не размаўлялі. Але была ў нашым жыцці гісторыя, якая пра шмат што гаворыць. Міхась тады працаваў у рэдакцыі, быў сябрам афіцыйнага Саюза пісьменнікаў БССР, я працавала ў выдавецтве ЦК КП Б. Вядома ж, у той час мы баяліся хрысціць дзяцей. Наш маленькі сын памёр няхрышчаным. I калі нарадзілася Алеся, мы баяліся яе пахрысціць, бо ведалі, што пры цэрквах былі людзі, якія
    даносілі. А мая маці настойвала... I аднойчы я не вытрымала і дазволіла ёй пахрысціць унучку, але нікому пра гэта не казаць. I вось аднойчы раніцай выходнага дня яны разам недзе пайшлі. Вярнуўшыся, Алеся мне расказвала па-дзіцячы, што яны з бабуляй былі ў тэатры. Там усе — і дарослыя, і дзеці — лёталі высока-высока. Я слухала і думала, што яны, мабыць, у цырк хадзілі. А потым, кажа дачка, выйшаў дзед у вышытай сукенцы і напусціў дыму, а потым пачаў вадой пырскацца... Тады я зразумела, дзе яны былі, але Міхасю нічога не сказала.
    А калі Алесі споўнілася гадоў дзевяць, да нас прыехаў крытык Валянцін Аскоцкі з Масквы. Яны сядзелі і размаўлялі з Міхасём. 1 Валянцін чамусьці пачаў расказваць, што ў Маскве пайшла мода хрысціцца — і дарослыя хрысцяцца, і дзяцей пачалі хрысціць. А Міхась гаворыць: «А ў нас у Мінску ціха. Я і сам няхрышчаны, і малая наша». Тут я не вытрымала: «Ты, можа, і няхрышчаны*, а пра Алесю чаму так кажаш?» Ён зірнуў на мяне: «Хіба Марыя Іванаўна пастаралася?» Я пераказала яму Алесіну гісторыю з «тэатрам». < Ну Марыя Іванаўна, ну малайчына!» — толькі і сказаў Міхась.
    *
    Адна з няспраўджаных Міхасёвых задумак — аповесць «Конь гуляў на волі». Ён пра яе любіў са мной пагаварыць, кампазіцыйна тэкст быў гатовы, заставалася перанесці на паперу. Але ён усё нешта дадумваў, нават аднойчы папрасіў мяне запісаць з радыё падрабязны прагноз надвор’я — трэба было для аповесці. Я запісала, не вельмі цямячы, як той прагноз можна выкарыстаць. На жаль, свайго «каня вальналюбнага» ён так і не напісаў, хоць даў анонс у «Маладосці». Помніцца, я яго папракнула: «Як ты анансуеш аповесць, не маючы ні радка?» Ён адказаў: «Усё ў мяне ў галаве».
    *
    Калі ў нашай дачкі Алесі нарадзіўся сын, яна прыклала ўсе намаганні, каб ён атрымаў прозвішча Стральцоў. Сёння гэта
    Пазней ад свекрыві я даведалася, што Міхась усё ж быў пахрышчаны.
    ўжо падлетак, яму споўнілася чатырнаццаць гадоў. I хоць жыве ён далёка ад Беларусі, у Адэсе, але стараецца чытаць творы дзеда па-беларуску, просіць дасылаць яму беларускія кнігі. Мы часта падоўгу размаўляем з ім у скайпе, яго цікавяць і мінскія курсы «Мова-нанова», і новыя публікацыі пра дзеда, і фестываль «Вершы на асфальце». Мне здаецца, Міхасю было б надзвычай прыемна ведаць, што дзесьці на свеце жыве яго крывінка, прадаўжальнік роду — Мацвей Стральцоў.
    2016
    Віктар Карамазаў
    I прадчуванне, і лёс
    3 гадамі ўсё часцей не знаходзіш згоды са светам, з людзьмі, з самім сабою. Ну а хто, ну а што вызначае меру нязгоды? Ці не той самы свет? Ці не тыя самыя людзі? Ці не ты сам? I калі гэта так — дзе логіка?
    Свет, аднак, ратуецца тым, што вазе ёсць процівага, нязгодзе — згода.
    Я не адразу, пасля пэўнага роздуму, адкрываю сінюю, колеру жнівеньскай ночы, вокладку, але адразу пазнаю за ёю, адкрытаю, яшчэ з пахам друкарскай фарбы, блізкі голас:
    О роднае маё! Як доўга да цябе Ішоўя, кволы падарожнік.
    Чую... і бачу: бальшак, узараны дзвюма глыбокімі каляінамі, бярозавыя прысады, за старымі бярозамі — жыта з пажоўкласпалавелым коласам, за жытам — зялёныя чубы алешніку, адалей, за алешнікам, ваколіцу вёскі. I ўсё гэта не абы-якое, не абы-чыё, не безназоўнае, усё канкрэтнае, дзе ўсяму свая назва. Вёска — Сычын, бальшак — сычынскі, жыта — сычынскае. А за Сычынам — Сож, найпрыгажэйшы ў Дняпра сын.
    I ён, Міхась Стральцоў, канкрэтны сычынскі чалавек, пад бярозамі, сышоўшы з бальшака, каля жыта, не то разгублены. не то задумлівы, з жытнёвым коласам на далоні. Стаіць...
    За вёскаю, на адзіноце, Асеннім днём...
    He ілюстрацыю — гук шукаю ў паэтавай, любай ягонаму сэрцу, прасторы, агароджанай хоць бы і вокладкамі апошняй паэтычнай кнігі «Мой свеце ясны». Ён, адчуваю, можа дапамагчы зразумець разгубленасць, заякараную думкай, перад роднаю вёскай, у якой паэт не быў гадоў дзесяць, перад сустрэчаю з маці і бацькам, якіх так даўно не бачыў.
    Hi развітання, ні спаткання, А толькі вусцішнасць быцця: Нібы пра згубнае каханне Пяе няўцямнае дзіця.
    Дык вось ён... і яно: гук зямнога быцця, стан нематы і прадчування, аснова, ад якой няма збавення раскалыханай душы, дакладней — мелодыя родных дарог, палёў, лясоў, ваколіц, прысад, асацыяваная з мелодыяй прадчування. Яна, гэтая мелодыя, так сугучная з блокаўскай: «О, Русь моя! Жена моя! До болн нам ясен долгнй путь...», кіруе паэтам, затрымлівае ў глыбокім роздуме на сцяжыне да маці, бацькі, роднага парога, хоць тым самым і ствараецца пагроза кінуць цень на яго сыноўнюю вернасць. Пагроза ўзнікае і знікае. Бо ёсць талент, які перасцерагае ад кроку за пагранічную лінію, дзе, калі б не ён, было б цяжка апраўдацца нават нормамі паэзіі, паэтычнай душы, якія — паэзія і душа,— бывае, не лічацца і з нормамі людскасці. У тым і сакрэт, што ёсць дакладная мера рызыкі, якую дыктуе талент, хоць ён з-за сваёй прыроды як быццам і не пільнуе — не яго гэта прызванне — разумную меру. Ён жыве інтуіцыяй, а не разлікам. Тут — інтуіцыяй меры. Яе ўладай.